Барбадас і Панама забяруць свае сцягі ў больш чым 100 танкераў ценявога флоту Пуціна
Да санкцый вядучых заходніх краін супраць Расіі сталі далучацца невялікія, але ўплывовыя ў свеце марскога суднаходства дзяржавы. Яны маюць намер забраць свае сцягі ў дзясяткаў танкераў, якія перавозяць расійскую нафту, піша The Moscow News.
Суднавы рэестр Барбадаса паведаміў, што да канца студзеня запатрабуе ад 46 судоў зняць свой сцяг, бо яны апынуліся пад санкцыямі Вялікабрытаніі, паведамляе Bloomberg. Рэестр вядзецца ў Лондане, і, па словах яго генеральнага дырэктара Джавані Чынілья, у Барбадасе санкцыі супраць Расіі не дзейнічаюць, але ён трымаецца правіл Вялікабрытаніі праз добрыя адносіны паміж дзвюма дзяржавамі.
Пры гэтым Барбадас не будзе здымаць свой сцяг з танкераў, якія трапілі пад санкцыі ЗША, калі яны не знаходзяцца пад санкцыямі Вялікабрытаніі. Але з 46 суднаў, якія трапілі пад забарону, 14 таксама знаходзяцца пад амерыканскімі абмежаваннямі.
Марское ўпраўленне Панамы нядаўна паведаміла, што пачынае выключэнне з суднавага рэестра 68 судоў, якія трапілі пад санкцыі ЗША. Такое рашэнне было прынята пасля таго, як у канцы мінулага года Панама прыняла правіла аб прытрымліванні санкцый ЗША, Еўрасаюза, Вялікабрытаніі і ААН. Тады ж яна адабрала свой сцяг у чатырох ЗПГ-танкераў, якія належалі сінгапурскім кампаніям і былі звязаныя з праектам «Арктык ЗПГ 2», супраць якога ўвялі санкцыі ЗША.
Барбадас лічыцца адной з самых аўтарытэтных дзяржаў свету, якія даюць рэгістрацыю для суднаў. Краіны, якія дазваляюць плаваць пад сваім сцягам, граюць ключавую ролю ў забеспячэнні стандартаў бяспекі на моры.
Праз санкцыі расійскім караблям усё часцей даводзіцца перарэгістроўвацца ў аддаленых юрысдыкцыях і мяняць уладальнікаў, каб іх было складана адсачыць. Згодна з марской базай даных Equasis, некаторыя судны, выключаныя з рэестра Барбадоса, ужо зарэгістраваліся ў іншых краінах, уключаючы такія афрыканскія дзяржавы, як Танзанія і Сан-Тамэ і Прынсіпі.
Хоць большасць, калі не ўсе судны знаходзяць новыя месцы для рэгістрацыі, патрэба для іх пастаянна хавацца павялічвае выдаткі, ускладняе лагістыку і пазбаўляе караблі якасных паслуг.
Каментары