Digital Intelligence Team дзеліцца падрабязнасцямі аб новым медцэнтры, распрацаваным Белдзяржпраектам для супрацоўнікаў КДБ.
Як сведчаць дакументы, атрыманыя ад BELPOL, будаўніцтва медцэнтра было запланавана на тэрыторыі, якая належыць Вайскова-медыцынскаму ўпраўленню КДБ РБ (па вуліцы Макаёнка, 13 у Мінску), і пачалося ў красавіку 2024 года. Завяршыць праект планавалася да снежня таго ж года.
Афіцыйная мэта новай медустановы — павышэнне якасці аказання медыцынскай дапамогі для супрацоўнікаў і ветэранаў КДБ, а таксама іх сем'яў. Фінансаванне праекта ажыццяўляецца за кошт «спонсарскіх сродкаў».
Агульны кошт будынка склаў 31,66 млн рублёў (9,67 млн даляраў), а абсталяванне цэнтра абышлося яшчэ ў 20,86 млн рублёў (6,38 млн даляраў), і гэта без уліку мэблі.
Коратка пра абсталяванне клінікі:
- гардэроб аўтаматычны для наведвальнікаў,
- ахова,
- працэдурная МРТ,
- працэдурная КТ,
- працэдурная мамаграфіі,
- працэдурная РК,
- кабінет ЭКГ,
- 2 кабінеты ўльтрагукавой дыягностыкі,
- кабінет электранейраміяграфіі (ЭНМГ — сучасны метад абследавання, які накіраваны на вызначэнне стану нервовай сістэмы і скарачальнай здольнасці цягліц),
- пакой экстранай дапамогі,
- 3 пакоі адпачынку і канферэнц-зала,
- каля 4 дзясяткаў кандыцыянераў (на 3 паверхі),
- відэаназіранне (31 відэакамеры на аб'екце).
То-бок, цэнтр будзе забяспечваць шырокі спектр дыягнастычных даследаванняў: ад ультрагукавой дыягностыкі да сучасных працэдур МРТ і ЭНМГ.
А што па абстаноўцы?
Унутры наведвальнікаў сустракае абстаноўка, якая хутчэй нагадвае раскошны гатэль, чым медыцынскую ўстанову.
Крэслы і канапы ад нятаннага брэнда Sofa Club Avalon. Кошт аднаго такога крэсла дасягае 2 400 даляраў, хоць некаторыя з іх можна набыць «выгадна і па зніжцы» прыкладна за 1 300 даляраў. Гэты элемент інтэр'еру падкрэслівае: клініка ствараецца не проста для аказання медыцынскіх паслуг, а для стварэння эксклюзіўных умоў для абраных.
Абсталяванне клінікі: тэхналогіі на мільёны
Клініка абсталявана па апошнім слове тэхнікі, з выкарыстаннем сучасных і дарагіх рашэнняў. Толькі медыцынскае абсталяванне абышлося ў 6,38 мільёна даляраў. Вось толькі некаторыя з ключавых пазіцый:
МРТ-апарат Ingenia Elition X на 3 Тл — коштам $3,89 млн — гэта адзін з самых сучасных апаратаў для магнітна-рэзананснай тамаграфіі.
КТ-сканер Incisive CT за €900 000 (без уліку ПДВ і размытнёўкі).
Ультрагукавы апарат Affiniti 70 — адзін камплект каштуе €130 000 (без размытнёўкі і ПДВ).
Апарат рэнтгенаўскі мамаграфічны «Мамаэксперт» — 590 000 руб (~$180 000)
Падазроныя закупкі: хто стаіць за пастаўкамі абсталявання?
Пастаўшчыком дарагога медыцынскага абсталявання (КТ-сканер Incisive CT, ультрагукавы апарат Affiniti 70 і МРТ-апарат Ingenia Elition X) для клінікі выступіла кампанія MED S & P AS (Эстонія), звязаная з нейкім Дзмітрыем Крыленковым, 1991 г. н. Асаблівую цікавасць выклікае кошт галоўнага набыцця — апарата МРТ Ingenia Elition X.
Першапачаткова кошт гэтага абсталявання ў пастаўшчыка складала 3 000 000 еўра. Аднак пасля ўсіх працэдур, уключаючы ПДВ і размытнёўку, канчатковы кошт вырас да 12 744 800 беларускіх рублёў, што эквівалентна прыкладна 3,89 млн даляраў ЗША. Для параўнання, у вольным продажы ён каштуе прыкладна 1,3 млн даляраў ЗША. Розніца практычна ў 3 разы выклікае пытанні.
Увагу таксама прыцягвае закупка рэнтгенаўскага мамаграфічнага апарата, кошт якога склаў 590 000 бел. рублёў. Пастаўшчыком выступіла кампанія «АДВІН Смарт Фэктары», але дэталі выклікаюць пытанні. На электронным аўкцыёне, дзе была размешчана гэтая закупка, даныя аб пастаўшчыку, яго краіне, месцазнаходжанне і УНП аказаліся ўтоенымі. Гэта выклікае пэўныя сумневы ў празрыстасці працэсу.
Больш падрабязна расследаванне можа пачытаць тут.
Каментары