Літаратура55

Платон Станкевіч — запомніце гэтае імя. Магчыма, нарадзіўся новы пісьменнік

Часопіс «Апостраф» — альтэр эга «Дзеяслова» — адкрыў новае імя і падсвяціў некалькі вядомых, расказвае Зося Лугавая.

Увосень 2024 года выйшаў першы нумар альманаха «Апостраф», які стаў пераемнікам «Дзеяслова». Апошні спыніў сваё існаванне пры канцы 2023 года — унутры Беларусі недзяржаўных літаратурных часопісаў, такім чынам, больш не засталося. 

«Апостраф», нараджэнне якога заняло, такім чынам, год — крэўны брат «Дзеяслова». Усё там тое самае — нават дызайн. Па-ранейшаму ёсць нават анкета пісьменніка напрыканцы і рубрыка «Дэбют». 

І з тэкстаў, што ўвайшлі ў першы нумар, найбольш уразілі дэбютныя творы Платона Станкевіча, якія ўпэўнена пачуваюцца сярод мэтраў. 

Станкевіч — зусім малады, 2006 года нараджэння, аўтар, які стаў пераможцам конкурсу да 100-годдзя Быкава.

Узнагародай было выданне кнігі — зборніка апавяданняў «Незваротнае», у якім разам з іншымі змешчаныя і тыя тры апавяданні, што трапілі і ў «Апостраф».

Гэтыя тэксты розняцца тэмай, але аб’ядноўвае іх атмасфера — трывожна-таямнічая, а часам і вусцішная. Фіналы — хутчэй драматычныя з прысмакам недасказанасці, — заахвочваюць дапамагчы аўтару і дадумаць дэталі. Першае апавяданне — замалёўка з жыцця двух маладых людзей, паміж якімі адчуваецца штосьці ці то непачатае, ці то незавершанае. Два іншыя тэксты — больш складаныя, бо і героі старэйшыя, і сюжэты больш пакручастыя. Асабліва апавяданне «Рыбалоў», якое пачынаецца інтрыгай, набывае фантастычныя рысы, а напрыканцы ўжо выглядае плодам уяўлення героя, моракам у ягонай галаве.

Месцамі яшчэ адчуваецца юнацкая схематычнасць, але агулам у Платона Станкевіча атрымліваюцца і сюжэты, і саспэнс.

«Мая прафесія даволі спецыфічная. З-за яе некаторыя называюць мяне вар’ятам. Родныя жонка і сын пакінулі мяне, бо думалі гэтаксама. Можа… можа яно і праўда, але я лічу, што мая прафесія карысная для грамадства. Ужо больш за тры гады я займаюся гэтай справай: за ўвесь час у мяне сабралася васямнаццаць трафеяў, вы можаце іх убачыць на сцяне ў маёй гасцёўні. Яны — сапраўднае ўпрыгожванне для цёмнай, змрочнай халупы, цяпер ужо халасцяцкай…»

Але «Апостраф» такі «Дзеяслоў»: проза Станкевіча свежая, новая, але на вокладцы яго няма: не па чыне пакуль, салабон! Там Быкаў, Кудасава, Дранько-Майсюк. Класікі, мэтры. Але ж які фармалізм!

Нашы словы пра Платона Станкевіча ў загалоўку, што «нарадзіўся новы пісьменнік» — гэта пакуль аванс, вядома. Пісьменнік народзіцца, калі народзіць раман ці кінасцэнар — карціну жыцця. Але што адкрыўся новы талент — то адназначна. 

У нумары «Апострафа» ўвогуле ёсць над чым завіснуць.

Падборка кароткіх тэкстаў Уладзіміра Сцяпана пад неамбітнай назвай «Успамін…» — універсальныя замалёўкі, якія чытаюцца з прыемнасцю і салодкай тугой. Пра бабулю, што жыве адна ў вясковай хаце і эканоміць дровы, з запасам насечаныя ўнукам. Пра вясковую кабету, якая несла пеўня да суседа, каб галаву адсек, але сусед раптоўна трапіў у бальніцу, дзе і памёр, а певень застаўся жывы і дагэтуль хадзіў па двары. Пра аднавяскоўку Вальку, што просіць гарэлкі за сабраныя ягады і абяцае, як памрэ, перакінуцца ў зязюлю і доўга-доўга налічваць добрым людзям гады… Далікатна-пранізлівыя, але не слязлівыя, прыгожыя, але не штучна ўпрыгожаныя, зацемкі. 

Мінск, заснежаная вуліца Камсамольская, настаўніца-пенсіянерка ідзе па калядныя паштоўкі. Каля школы, у якой яна вучылася і пасля 50 гадоў працавала (і калі вы з Мінска, то дакладна хадзілі паўз гэтую школу не раз) у левае плячо ёй прылятае снежка. За вечаровай гарбатай з дачкой Вольга Андрэеўна прыгадвае сваю падлеткавую закаханасць і тое, як хлопец кінуў у яе снежку акурат на тым жа месцы:

«— Закіпеў… Табе ў белы кубак?

— У белы… Снегу тады было, як сёння… І сонца такое ж, і снег мяккі…

— Мёд будзеш, мама?

— Я нос задрала, прайшла побач з ім, гмыкнула, а ён нахіліўся і снег хапае… Я засмяялася і пабегла… Азірнулася, а снежка ляціць…

— І што?

— Сёння прыляцела.

— Ох, мама-мама».

І апавяданні Валера Гапеева. Першае, «Дзень пахавання», — гэта падманлівая завязка, сапраўдная інтрыга, крыху фарсу. І ўсё гэта на фоне дэкарацый беларускага райцэнтра. Тое, што спачатку выглядае як тыповая беларуская правінцыйная фантасмагорыя, у выніку акажацца не зусім тым, чаго чакаеш. 

«Я вырашыў з’ездзіць у блізкі адсюль райцэнтр, каб купіць прадуктаў яшчэ на астатнія дні, пра што і паведаміў гаспадыні.

— А давайце заўтра! Сёння ж ёсць што паесці. Ды і пасля абеду там няма чаго рабіць. А заўтра кіраўніка гарадской адміністрацыі хаваем, кірмаш будзе — усё самае свежае фермеры прывязуць!

Я крыху здзівіўся сувязі пахавання і кірмашу, але кіўнуў згодна. 

— Вось і добра! — узрадавалася гаспадыня, і няхітра папрасіла: — Можа, вы мяне з сяброўкамі возьмеце? Нам на конкурсе прыпевак выступаць, трое нас, а аўтобус упрытык прыходзіць, баімся спазніцца…»

Другое апавяданне «Святло ў вакне» мае падназву, якой цалкам адпавядае: плынь. У ім святло ў акне дома насупраць, якое аўтар назірае позна ўначы, нараджае ланцужок успамінаў. Дакладна так, як і адбываецца ў нашых галовах. Адно чапляецца за другое, і ўспамін пра маленькую дачку праз адну дэталь перацякае ва ўспаміны пра ўласнае дзяцінства, школу, настаўніцу, у якую былі закаханыя ўсе хлопцы, а потым ўзнікае школьны сябар, яго няпросты лёс і выпадковая сустрэча, а за ім — не менш пакручасты лёс яшчэ адной знаёмай. Пры канцы апавядання становіцца зразумелай гэтая паслядоўнасць, але насамрэч ужо не так істотна, чаму і ў чыім акне гарыць святло. Бо вакол кожнага з нас тое самае: жыццё чапляецца за жыццё, эпізод за эпізод, дэталь за дэталь. Плынь. І мы ў ёй. 

І адзначу падборку апавяданняў Алега Дашкевіча, названую па апошнім з іх — «Пякельнае лета». Але першае — «Руды гаманец» — кранае мацней. 

Выпадковае знаёмства праз амаль згублены кашалёк падчас вяртання з Польшчы ў Беларусь і толькі лёгкі дотык да чужой жыццёвай драмы. Драму можна дадумаць самім, гэта проста. Але дотык да яе выйшаў такі далікатны, што ўнутры застаецца нейкае цёплае воблака, якое і грэе, і цісне ў грудзях. Пасля яго хочацца абняць таго выпадковага, хто трапіўся побач. Бо заўсёды знойдзецца, аб чым паплакаць і чаму паспачуваць.

«Твар яе спачатку заставаўся такі ж сцяты й бледны, але паступова трошкі паружавеў і таргануўся, вочы пашырыліся.

— Бо-ожа мой, — прамовіла яна, расцягваючы словы. — Бо-ожа мой… — Пасля была паўза, далей яна працягнула: але гэта не я. Вы памыліліся. Не я знайшла ваш кашалёк і не я вам яго вяртала. Вы памыліліся. З абдымкамі таксама, але… Бо-ожа мой, божа мой…»

Выдавецтва анасавала выхад другога нумара «Апострафа».

Каментары5

  • :/
    07.01.2025
    "Пісьменнік народзіцца, калі народзіць раман ці кінасцэнар — карціну жыцця."
    што за крытэр такі дзіўны? а калі ўсё жыццё піша цудоўныя апавяданні... а калі казкі... гэта што - не пісьменнік?
  • бабруйчанін
    07.01.2025
    Трапна Дарэчы Мабыць нехта нешта пачытае свае ..
  • Нераман
    08.01.2025
    :/, сапраўды, Зося пастаралася стаць у позу. Паводле ейнага крытэру, і Чэхаў зь ягонымі аповедамі, аповесьцямі і п'ескамі да пісьменьніка яшчэ не дацягнуў...

Вы не паверыце, кім аказаўся «выпадковы» баяніст на вакзале, які спяваў пра Лукашэнку14

Вы не паверыце, кім аказаўся «выпадковы» баяніст на вакзале, які спяваў пра Лукашэнку

Усе навіны →
Усе навіны

Мітрапаліт Веніямін таксама прыйшоў галасаваць датэрмінова16

Венгрыя і Славакія адмаўляюцца падпісваць супольную заяву Еўрасаюза адносна выбараў у Беларусі17

У Магілёве паставілі эксперыментальныя святлафоры, якія свецяцца белым

У Мінску выявілі ўцечку газападобнага азоту1

Генсак НАТА: Лінія фронту рухаецца ў няправільным кірунку6

«Я павінен пазваніць нашаму куратару». Як завозілі мігрантаў у Беларусь — цікавыя дэталі з перахопленых тэлефонных размоў7

Адступаючы, УСУ падарвалі дарожную развязку паміж Пакроўскам і Канстанцінаўкай ВІДЭА

У Мінску прадаецца кватэра з вельмі дзіўнымі дзвярыма на кухню5

Карпенка паведаміў пра 15 беларусаў, якія вярнуліся з-за мяжы, каб прагаласаваць6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Вы не паверыце, кім аказаўся «выпадковы» баяніст на вакзале, які спяваў пра Лукашэнку14

Вы не паверыце, кім аказаўся «выпадковы» баяніст на вакзале, які спяваў пра Лукашэнку

Галоўнае
Усе навіны →