У Гомелі падлетак прынёс у школу нож, каб забіць аднакласнікаў, якія з яго здзекаваліся
Ад імя дзяўчыны ў яго папрасілі інтымныя здымкі, а пасля скінулі ў чат класа.
«Нашай Ніве» стала вядома пра жахлівы інцыдэнт у адной з гомельскіх школ, што адбыўся напрыканцы 2021 года. 14-гадовы школьнік, якога цкавалі аднакласнікі, не вытрымаў і прынёс на ўрокі нож. Толькі выпадковасць выратавала ад трагедыі.
14-гадовы школьнік пазнаёміўся ў сацсетках з дзяўчынай. Хутка ў іх завязалася рамантычная перапіска, і дзяўчына папрасіла хлопца даслаць свае інтымныя здымкі. Нягледзячы на ваганні, ён усё ж такі зрабіў гэта.
Ужо на наступны дзень фота было апублікавана ў чаце класа, дзе яго пачалі абражаць аднакласнікі. Высветлілася, што ніякай дзяўчыны насамрэч не існуе. Адзін са школьнікаў вырашыў паздзекавацца і стварыў фэйкавы акаўнт, з якога і вёў перапіску, у тым ліку для атрымання аголеных фота.
Не вытрымаўшы працяглых знявагаў, пакрыўджаны падлетак вырашыў забіць тых, хто яго абражае. Для гэтага ён прынёс у школу нож.
Толькі тое, што хлопец прагаварыўся пра свае планы, выратавала ад трагедыі. Адзін са школьнікаў паведаміў пра нож настаўніку, той забраў яго. І справу на ўзроўні школы спадзяваліся замяць.
Аднак зацкаваны падлетак пачаў хадзіць да псіхолага. І той, даведаўшыся пра інцыдэнт з нажом, быў вымушаны па законе паведаміць у міліцыю.
Супраць падлетка завялі крымінальную справу — замах на забойства (ч.1 арт. 139 КК, ад 6 да 15 год зняволення), крымінальная адказнасць за гэта наступае акурат з 14 год. Аднак разабраўшыся, праваахоўнікі прыйшлі да высновы, што сапраўднага матыву на забойства ў падлетка не было, а таму спынілі крымінальны пераслед.
Школьніка паставілі на ўлік у камісію па справах непаўналетніх. Дырэктара школы, завуча, псіхолага, сацыяльнага педагога і класнага кіраўніка прыцягнулі да дысцыплінарнай адказнасці за тое, што яны не прадухілілі інцыдэнт, у прыватнасці, недастаткова добра маніторылі сацыяльныя старонкі вучняў.
Тыя ж, хто здзекаваўся са школьніка, фактычна выйшлі сухімі з вады — у Беларусі няма адказнасці непасрэдна за булінг, а адказнасць за распаўсюд парнаграфіі (да гэтага прыраўноўваюць перасылку і публікацыю інтымных фота) наступае толькі з 16 гадоў.
Каментары
Вучыцеся на памылках другіх!!!