Біёка
Біёка | |
---|---|
ісп. Bioko | |
Характарыстыкі | |
Плошча | 2 017 км² |
Насельніцтва | 260 000 чал. |
Шчыльнасць насельніцтва | 128,9 чал./км² |
Размяшчэнне | |
3°30′ пн. ш. 8°42′ у. д.HGЯO | |
Акваторыя | Гвінейскі заліў |
Краіна | |
Раён | Паўночны Біёка і Паўночны Біёка і Паўднёвы Біёка |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Біё́ка (Bioko; да 1973 г. — Ферна́нда-По, у 1973—1979 гг. — Масі́яс-Нге́ма-Біё́га) — вулканічны востраў у заліве Біяфра (састаўная частка Гвінейскага заліва) Атлантычнага акіяна, самы буйны з астравоў, якія належаць Экватарыяльнай Гвінеі; на ім размешчана сталіца гэтай дзяржавы — горад Малаба. Востраў падзелены на 2 правінцыі — Паўночны Біёка і Паўднёвы Біёка. Насельніцтва — 260 тыс. чал. (2001 г.).
Прырода
[правіць | правіць зыходнік]Востраў Біёка размешчаны на шэльфе Заходняй Афрыкі, аддалены ад узбярэжжа Камеруна ўсяго на 32 км. Даўжыня 70 км, шырыня 30 км, плошча 2017 км². Узнік пры зліцці некалькіх старажытных вулканічных конусаў вышынёй да 3011,4 м (гара Піка-Басіле, найвышэйшы пункт усёй краіны).
Мяркуюць, што ў мінулым ён быў часткай Афрыканскага мацерыка, аднак адасобіўся прыкладна 100 — 20 тыс. гадоў таму.
Клімат экватарыяльны, вільготны: ападкаў да 2500 (2000—4000[1]) мм у год. На востраве густая рачная сетка[1].
Флора і фаўна вострава пераважна блізкія да афрыканскіх, аднак маюцца эндэмікі. Усяго налічваецца 1200 відаў раслін, 43 віды рыб, 33 віды амфібій, 52 віды рэптылій, 143 віды птушак і 65 відаў сысуноў. Найбольшую цікавасць уяўляюць эндэмічныя віды папараці, птушак, а таксама чарапахі, антылопы, пітоны, малпы і г. д. Да пачатку ХХ ст. на востраве меліся дзікія буйвалы.
Для абароны прыроды вострава былі створаны 2 запаведныя зоны.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Да прыходу еўрапейцаў востраў насялялі карэнныя жыхары бубі афрыканскага паходжання. Яны называлі сваю радзіму Отча (Otcho).
У 1471 г. востраў быў адкрыты партугальскім мараплаўцам Фернанда По і названы ім Фармоза-Флора (літаральна «прыгожая кветка»). Пазней географы далі яму назву Фернанда-По (Fernando Pó) у гонар першаадкрывальніка. Падчас кампаніі па змене еўрапейскіх геаграфічных назваў на афрыканскія востраў у 1973 годзе быў пераназваны ў Масіяс-Нгема-Біёга (Macias Nguema Bijogo) у гонар першага прэзідэнта Экватарыяльнай Гвінеі Масіяса Нгемы, пасля звяржэння якога быў пераназваны ў Біёка (у 1979).
Партугальцамі на востраве былі створаны плантацыі цукровага трыснягу, на якіх працавалі негры-рабы. У выніку іх бегства з плантацый і караблёў, што заходзілі на Біёка, у горнай мясцовасці ўзніклі паселішчы свабодных неграў. Адносіны паміж імі і еўрапейскімі каланістамі мелі варожы характар. У выніку падзення коштаў на цукар у Еўропе калонія на востраве была часова закінута. У 1642—1648 гг. галандская Ост-Індская кампанія без дазволу Партугаліі ўтрымоўвала на Біёка свае гандлёвыя базы.
У 1778 г. востраў быў перададзены ў валоданне Іспаніі ў абмен на тэрытарыяльныя саступкі ў Паўднёвай Амерыцы. Аднак у 1780 г. іспанцы фактычна пакінулі Біёка, а ў XIX ст. заключылі дагавор з Вялікабрытаніяй, паводле якога на ім маглі спыняцца брытанскія караблі, што змагаліся з гандлем рабамі. Брытанцы заснавалі на ўзбярэжжы паселішча Порт-Кларэнс (сучасны горад Малаба), які заставаўся ў 1827—1855 гг. галоўнай базай іх флота ў Гвінейскім заліве.
У 1843 г. іспанцы зноў вярнуліся на востраў. Для папаўнення калоніі насельніцтвам яны заахвочвалі іміграцыю з Кубы і іншых сваіх калоній, а таксама зняволеных з самой Іспаніі. Былі створаны плантацыі алейнай пальмы і какава. Але ў 1920-х гг. Ліга Нацый даследавала становішча на Біёка і прыйшла да высновы, што іспанскія адміністрацыя і плантатары злоўжываюць паднявольнай працай.
З 1968 г. востраў у складзе Экватарыяльнай Гвінеі.
Эканоміка і транспарт
[правіць | правіць зыходнік]Перапрацоўка нафты. Вытворчасць какава. Вырошчванне арахісу, какавы, маніёку і інш.[1] Галоўны порт — Малаба. На востраве маецца кальцавая аўтамабільная дарога даўжынёй 160 км[1].
Насельніцтва
[правіць | правіць зыходнік]Насельніцтва вострава ў 1977 годзе складала 81,3 тыс.[1] чал., у 2001 — 260 тыс. чалавек.
Этнічны склад даволі складаны. Большасць фарміруюць карэнныя жыхары бубі (58 %) і фернандынас (12 %). Бубі традыцыйна займаюць узгорыстыя цэнтральныя раёны, хаця ў апошнія дзесяцігоддзі многія з іх пераехалі жыць у гарады.
Фернандынас — нашчадкі афрыканскіх рабоў і часткова еўрапейцаў (партугальцаў, галандцаў, іспанцаў, англічан), якія размаўляюць на некалькіх крэольскіх дыялектах іспанскай, французскай і англійскай моў. З іх складу вылучаецца група крыа, якая насяляе раён вакол Малаба і паходзіць ад вызваленых у XIX ст. рабоў. У адрозненне ад іншых фернандынас, крыа памятаюць аб сваёй гістарычнай радзіме ў Заходняй Афрыцы і захоўваюць многія афрыканскія рысы культуры.
Астатнія жыхары Біёка — мігранты або іх нашчадкі з Афрыкі, еўрапейцы і азіяты.
Зноскі
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Географический энциклопедический словарь: Географические названия / Гл. ред. А. Ф. Трёшников; Ред. колл.: Э. Б. Алаев, П. М. Алампиев, А. Г. Воронов и др. — М.: Сов. энциклопедия, 1983.
- Африка: энциклопедический справочник. Т. 1. А—К / Гл. ред. А. Громыко. Ред. колл. В. М. Власов, Н. И. Гаврилов и др. — М.: Советская энциклопедия, 1986. — С. 351. — 672 с. с илл. (руск.)
- Масиас-Нгема-Бийого (руск.) — артыкул з Вялікай савецкай энцыклапедыі
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Фотаздымкі (англ.)
- Выкарыстанне PRUNUS AFRICANA на Біёка Архівавана 7 верасня 2012. (англ.)
- Праграма захавання біялагічнай разнастайнасці на Біёка (англ.)
- Геалогія Архівавана 5 жніўня 2012. (англ.)
- Прыматы Біёка Архівавана 19 ліпеня 2008. (англ.)