Рагвалод-Васіль Барысавіч
Рагвалод-Васіль Барысавіч | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
| |||||||
| |||||||
|
|||||||
Папярэднік | Васілька Святаславіч | ||||||
Пераемнік | Расціслаў Глебавіч | ||||||
|
|||||||
Папярэднік | Расціслаў Глебавіч | ||||||
Пераемнік | Усяслаў Васількавіч | ||||||
|
|||||||
Папярэднік | Глеб Расціславіч | ||||||
Пераемнік | Барыс Рагвалодавіч | ||||||
|
|||||||
Нараджэнне | 1110-я | ||||||
Смерць | не раней за 1171 | ||||||
Род | Рурыкавічы | ||||||
Бацька | Барыс Усяславіч | ||||||
Жонка | Ізяслаўна Рагвалодава[d][1] | ||||||
Дзеці | Глеб Рагвалодавіч і мерк. Барыс | ||||||
Веравызнанне | праваслаўе | ||||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Рагвалод Барысавіч, у хрышчэнні Васіль (1110-я — пасля 1171) — князь полацкі (1144—1151; 1159—1162), князь друцкі (1158 — пасля 1171).
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Сын полацкага князя Барыса Усяславіча, напэўна, старэйшы брат Івана і Звяніславы.
На думку Эдуарда Загарульскага, у 1128 годзе князь Барыс, напэўна, праз хваробу страціў дзеяздольнасць і стала пытанне пра ажыццяўленне ўлады ў Полацку. На гэта прэтэндаваў наступны паводле старшынства Усяславіч — князь Давыд, але палачане былі супраць, хацелі каб пры Барысе ўладарыў яго сын Рагвалод Барысавіч. Магчыма, паміж Давыдам і палачанамі з Рагвалодам адбываўся канфлікт. Напэўна, гэта і было «няпраўдай» Давыда праз якую вялікі князь кіеўскі Мсціслаў Уладзіміравіч арганізаваў вялікі паход у Полацкую зямлю, але пэўна яго мэты невядомы. Палачане «ўзялі» князя Рагвалода і пайшлі з ім да вялікага князя Мсціслава, атрымаць санкцыю на ўладаранне пры бацьку, што Мсціслаў і дазволіў. На думку Загарульскага, Рагвалод тады быў зусім малады, бо выступае не самастойна, а як аб’ект дзеянняў палачан.
Неўзабаве, на пачатку 1129 года, князь Барыс памёр і Давыд урэшце сеў на полацкім стальцы. Тым самым 1129 годам вялікі князь Мсціслаў збіраў паход супраць полаўцаў, заклікаў і полацкіх князёў, пагатоў новы полацкі князь Давыд даводзіўся яму сватам. Паводле Васіля Тацішчава, полацкія князі кпліва адмовіліся. Таксама, паводле Тацішчава, пакуль Мсціслаў ваяваў з полаўцамі, полацкія князі (магчыма Давыд і Рагвалод) ваявалі паміж сабою, а нейкія з іх і нападалі на ўладанні Мсціслававых родзічаў. Вярнуўшыся з паходу, Мсціслаў адправіў ваявод у Полацкую зямлю, яны захапілі многіх полацкіх князёў, у тым ліку Давыда і Рагвалода, і прывезлі іх у Кіеў. У 1130 годзе над Полацкімі Ізяславічамі адбыўся «суд рускіх князёў», паводле яго выраку разам з сем’ямі іх выслалі ў Візантыю.
Князь Рагвалод Барысавіч, напэўна, разам з братам Іванам, вярнуўся з Візантыі ў 1139 годзе, але на полацкім стальцы тым часам сядзеў яго стрыечны брат — Васілька Святаславіч. Нягледзячы на старшынство, Рагвалод, мусіць, атрымаў нейкі невялікі ўдзел. Толькі пасля смерці князя Васількі (пачатак 1144 года) Рагвалод стаў полацкім князем, а вясною 1144 года ажаніўся з дачкой вялікага князя кіеўскага Ізяслава Мсціславіча.
Княжыў да 1151 года, калі палачане схапілі яго і перадалі менскім князям, якія пасадзілі Рагвалода ў турму. На полацкі сталец сеў Расціслаў Глебавіч. Толькі ў 1158 годзе менскія князі, паводле Тацішчава, пад пагрозай Юрыя Даўгарукага вызвалілі Рагвалода, з Менску ён паехаў у Слуцк. У Слуцку, уладанні чарнігаўскіх князёў, быў не доўга, адтуль дручане запрасілі яго на княжанне ў Друцк выгнаўшы з горада Глеба Расціславіча. Рагвалод пагадзіўся і паехаў у Друцк, насустрач яму выехала 300 дручан на чаўнах. Выгнанне Глеба Расціславіча з Друцка выклікала вайну менскіх Глебавічаў з Рагвалодам — Глебавічы аблажылі Друцк, але штурмы былі беспаспяховыя, урэшце яны заключылі мір паводле якога пакідалі яму Друцк і дадавалі яшчэ нейкія воласці, а ён адмаўляўся для іх ад Полацка.
У 1159 годзе палачане змовіліся і выгналі з Полацка князя Расціслава Глебавіча і зноў паклікалі Рагвалода Барысавіча, прасілі дараваць ім за колішнюю выдачу менскім князям. Гэта прычынілася новаму канфлікту з Глебавічамі, Рагвалод правёў супраць іх некалькі ваенных кампаній, але не вельмі паспяховых — у апошняй (1162) быў разбіты Валадаром Глебавічам. Параза была цяжкая, загінула шмат палачан, Рагвалод не вярнуўся ў Полацк, а паехаў у Друцк. На полацкім стальцы пры падтрымцы смаленскіх князёў сеў Усяслаў Васількавіч.
Апошні раз Рагвалод-Васіль згадваецца надпісам на так званым «Рагвалодавым камяні» пад 1171 годам, магчыма, жыў і да 1180 года, калі князем у Друцку названы яго сын Глеб Рагвалодавіч.
Нашчадкі
[правіць | правіць зыходнік]- Барыс Рагвалодавіч (2-я палова 1140-х — пасля 1195)
- Глеб Рагвалодавіч (2-я палова 1140-х — пасля 1180)
- таксама дачкой часта называюць Еўфрасінню Рагвалодаўну (магчыма 1170-я — 1243), але храналагічна і акалічнасцямі біяграфіі яна наўрад ці можа быць дачкой князя Рагвалода-Васіля.
Некаторыя выданні называюць яго сынам таксама Расціслава Рагвалодавіча невядомых гадоў нараджэння і жыцця.[2]
Зноскі
- ↑ Данилевич В. Е. Очерк истории Полоцкой земли до конца XIV столетия — Киев: 1896. — С. 84. — 260 с.
- ↑ История родов русского дворянства: В 2 кн. / авт.-сост. П. Н. Петров. — СПб., 1886. (Переизд.: — М.: Современник; Лексика, 1991. — ISBN 5-270-01515-3)
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Алексеев, Л. В. Полоцкая земля: (очерки истории Северной Белоруссии) в IX—XIII вв. / Л. В. Алексеев; АН СССР, Ин-т археологии. — М.: Наука, 1966. — 295 с., 3 л. карт.: ил., карт. — С. 267—274.
- Загарульскі Э. М. Заходняя Русь: ІХ-ХІІІ ст.: Вучэб. дапам. — Мн., 1998. − 260 с.
- Штыхаў Г. Рагвалод Барысавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — 591 с.: іл. — С. 43. — ISBN 985-11-0214-8.