Вілейка
Горад
Вілейка
| ||||||||||||||||||||||||||||||||
Віле́йка[3] (трансліт.: Viliejka) — горад у Мінскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Вілейскага раёна, на рацэ Вілія. За 103 км на паўночны захад ад Мінска. Чыгуначная станцыя на лініі Маладзечна — Полацк. Вузел аўтамабільных дарог на Маладзечна, Смаргонь, Мядзел, Докшыцы, Плешчаніцы.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Лічыцца, што Вілейка з’явілася каля пяці стагоддзяў таму, аднак археалагічныя знаходкі сведчаць аб тым, што людзі заснавалі пастаяннае паселішча недалёка ад сённяшніх межаў Вілейкі нашмат раней гэтай даты. Першыя людзі на тэрыторыі сучаснага Вілейскага раёна з’явіліся прыкладна ў IX тысячагоддзі да нашай эры. Недалёка ад вёсак Сосенка і Асташкава знойдзеныя стаянкі старажытных людзей і крэмневыя прылады працы, па якіх ўзрост знойдзеных стаянак адносяць да VII—V тысячагоддзяў да нашай эры. Пазнейшыя археалагічныя помнікі, якія адносяцца да эпохі неаліту (IV—II тысячагоддзі да нашай эры), выяўленыя каля вёсак Камена, Кастыкі, Куранец, Нароча (Нарач), Рабунь і некаторых іншых.
У X—XIII стагоддзях тэрыторыя сучаснай Вілейшчыны ўваходзіла ў склад Полацкага княства, а з XIV па XVII стагоддзі — у Вялікае Княства Літоўскае. У гэты перыяд паселішча насіла назву Стары Куранец.
Мястэчка ўзнікла на землях велікакняжацкага маёнтка Куранец. Упершыню Куранец разам з возерам Нарач і ракой Нарачанкай узгадваецца ў лацінамоўнай грамаце вялікага князя Жыгімонта Кейстутавіча віленскаму катэдральнаму касцёлу Святога Станіслава ад 2 лютага 1436 года («districtum Kureniecz», «lacu Norocz», «flavium Norocz»)[4].
З 1599 года мястэчка, цэнтр староства Ашмянскага павета Вялікага Княства Літоўскага.
У 1727 годзе кароль польскі і вялікі князь літоўскі Аўгуст Моцны даў прывілей на штотыднёвыя таргі ў Вілейцы па нядзелях і на 3 кірмашы на год.
У Расійскай імперыі
[правіць | правіць зыходнік]З 1793 года, пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай, Вілейка ўваходзіць у склад Расійскай імперыі. На вядомых картах Вілейкі XVIII стагоддзя відаць, што паселішча размяшчалася на працягу больш за кіламетр па беразе Віліі ўздоўж адзінай вуліцы з невялікай плошчай ля месца ўпадзення ў Вілію яе прытоку Пляснянкі. Тады ж, у канцы XVIII стагоддзя, 3 мая (па старым стылі) 1795 года, Вілейка стала павятовым горадам — цэнтрам Вілейскага павета Мінскай, а пазней (з 1843 года) — Віленскай губерні.
22 студзеня (па старым стылі) 1796 года зацверджаны герб Вілейкі: чырвонае поле шчыта перасякае выява ракі з суднам і залатым коласам. Ад першапачатковага малюнка гэтага герба да нашага часу ў некалькі змененым выглядзе захавалася толькі ніжняя частка (у верхняй адлюстроўваўся герб Мінскай губерні, які ў 1845 годзе быў заменены на герб Віленскай губерні, а пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года быў адменены).
Асноўнымі заняткамі жыхароў горада з’яўляліся земляробства і рачное суднаходства. Па Віліі і далей па Нёмане ў Еўропу вывозілі дрэва, лён, пяньку, збожжа, воск. Штогод у горадзе праводзіліся 4 гандлёвыя кірмашы, аб’ёмы гандлю пачалі спадаць толькі ў канцы XIX стагоддзя.
У канцы XVIII стагоддзя тэрыторыя Вілейкі ў плане нагадвала трохвугольнік. Адметных будынкаў і ўмацаванняў не было. Вялікія страты гораду прычынілі пажар 1810 года і руска-французская вайна 1812 года. Пасля вайны 1812 года пачалася буйная рэканструкцыя горада. На працягу стагоддзя цалкам была заменена старая забудова. Многія будынкі сённяшняй Вілейкі былі закладзены ў канцы XIX — пачатку XX стагоддзяў.
У час нацыянальна-вызваленчага паўстання 1830—1831 гадоў у горадзе з 8 красавіка па 1 верасня 1831 года дзейнічаў паўстанцкі камітэт на чале з Радзішэўскім. Паўстанне задушана царскім войскам пад камандаваннем Саф’янава. У час паўстання 1863—1864 гадоў у павеце дзейнічаў паўстанцкі атрад Вінцэнта Козела-Паклеўскага (разбіты ў сутычцы пад Уладыкамі).
У сярэдзіне XIX стагоддзя ў Вілейцы быў маёнтак з палацам; у 1860 годзе — 2 турмы, царква, 3 малітоўныя дамы, 3 капліцы, шпіталь, бровар, 14 крам, 272 дамы, у 1861 годзе — 2931 жыхар, у 1880 годзе — 3450 жыхароў, у 1897 годзе — 3560 жыхароў (з іх 40,9 % пісьменных; роднай мовай паказвалі: беларускую — 1871, яўрэйскую — 1326, рускую — 217, польскую — 109[5]), 2 навучальныя ўстановы, шпіталь. Горад быў забудаваны пераважна драўлянымі аднапавярховымі дамамі, вуліцы падзялялі горад на кварталы.
Водныя грузаперавозкі па рацэ ў XX стагоддзі замяніліся значнымі па велічыні плынямі грузаў і пасажыраў праз Вілейскую станцыю чыгункі (У 1904 годзе праз Вілейку пракладзеная чыгунка). У рэвалюцыю 1905—1907 гадоў у горадзе дзейнічалі рэвалюцыйна-сялянскі камітэт, сацыял-дэмакратычная група.
У час Першай сусветнай вайны ў верасні 1915 года Вілейка была акупаваная германскай арміяй, аднак неўзабаве вызвалена рускай арміяй падчас цяжкага бою. Баі ў 1915—1916 гадах за Вілейку былі самымі жорсткімі і кровапралітнымі падчас Нарачанскай аперацыі. У гонар вызвалення горада ў 1916 годзе быў названы новы пяхотны полк рускай арміі — 748-ы Вілейскі. У Вілейцы дыслацыраваўся корпус расійскай 10-й арміі Заходняга фронту.
Найноўшая гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]8 (21) лістапада 1917 года ў Вілейцы ўсталяваная савецкая ўлада, створаны ваенны рэвалюцыйны камітэт. У лютым 1918 года акупіравана Германіяй. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай тэрыторыя абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 8 снежня 1918 года занята чырвонаармейцамі 2-й акругі пагранічнай аховы. З 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай I з’езда КП(б)Б у складзе БССР, з 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР. З ліпеня 1919 года пад акупацыяй Польшчы. 10 ліпеня 1920 года занята ненадоўга Чырвонай Арміяй. 31 ліпеня 1920 года ўключана ў склад БССР. Ізноў занята польскімі войскамі ў кастрычніку 1920 года.
Паводле Рыжскага мірнага дагавора (1921) адышла да Польшчы, была цэнтрам Вілейскага павета Навагрудскага, потым Віленскага ваяводстваў. Цэнтр вясковай гміны Вілейка, якая 11 чэрвеня 1929 года перайменаваная ў гміну Каловічы[6]. Горад Вілейка таксама ўтвараў аднайменную гарадскую гміну[7].
У Вілейцы дзейнічалі падпольныя арганізацыі КПЗБ, КСЗМБ, Беларускай сялянска-работніцкай грамады (26 жніўня 1926 года ў Вілейцы адбыўся павятовы з’езд БСРГ), Таварыства беларускай школы (павятовы з’езд адбыўся 13 мая 1928 года). У рабоце з’ездаў удзельнчалі Рыгор Шырма, Аляксандр Уласаў. Адным з кіраўнікоў грамадска-дэмакратычнага руху на Вілейшчыне быў Флягонт Валынец. У Беларускім народным доме вялася палітычна-асветная работа, пры ім існаваў драматычны тэатр (кіраўнік А. І. Каляда). Спектаклі ставіліся ў будынку пажарнай аховы (цяпер галоўны будынак Вілейскага краязнаўчага музея на плошчы Свабоды).
У горадзе размяшчалася камандаванне палка Корпусу аховы памежжа «Вілейка», база гарнізону брыгады КАП «Вілейка» (Brygada KOP «Wilejka») і аднайменнага батальёна. Вілейская турма была адна з найбуйнейшых, тут трымалі і палітзняволеных. У ёй адбывалі пакаранне паэты-рэвалюцыянеры Максім Танк, Ганна Новік.
Увосень 1939 года Вілейка увайшла ў склад Беларускай ССР. Дзейнічала часовая павятовая ўправа, з 4 снежня 1939 года цэнтр Вілейскай вобласці. Выдавалася абласная «Сялянская газета», у рэдакцыі якой у 1939—1941 гадах працавалі Максім Танк, Міхась Машара, Наталля Арсеннева, Ежы Путрамант, Мікола Шыла.
У пачатку Вялікай Айчыннай вайны, 25 чэрвеня 1941 года Вілейка захоплена войскамі гітлераўскай Германіі. Напярэдадні сотні зняволеных Вілейскай турмы былі этапіраваныя ўглыб тэрыторыі СССР.
Быў ўсталяваны жорсткі акупацыйны рэжым. Забіта і закатавана больш за 6 тыс. чалавек (пераважна закатавалі іх у турме і расстралялі ў гета) і амаль цалкам знішчаны горад. Вялікія страты гарнізону ў Вілейцы ў час бою 31 кастрычніка — 1 лістапада 1943 г. нанесла 1-я антыфашысцкая партызанская брыгада (Вілейскі бой).
2 ліпеня 1944 года 35-я гвардзейская танкавая брыгада, якой камандаваў Герой Савецкага Саюза Азі Асланаў, вызваліла Вілейку.
20 верасня 1944 года Вілейская вобласць была перайменаваная ў Маладзечанскую вобласць, адміністрацыйны цэнтр вобласці перанесены ў Маладзечна. З чэрвеня 1946 года — цэнтр раёна, са студзеня 1960 года — у складзе Мінскай вобласці.
З 1991 года Вілейка — у складзе Рэспублікі Беларусь. У 2013 годзе ў межы горада ўключаныя некаторыя вуліцы вёскі Порса[8].
-
Вялікая сінагога
-
Царква Марыі Егіпецкай. 1901 г.
-
Удалечыні касцёл і царква
-
У цэнтры горада, злева былы касцёл кармелітак
Насельніцтва
[правіць | правіць зыходнік]- XVIII стагоддзе: 1765 год — 126 чал.[9]; 1797 год — 310 чал.[10]
- XIX стагоддзе: 1801 год — 241 чал.[11]; 1841 год — 1 369 чал.[11]; 1861 год — 2 931 чал.[12]; 1880 год — 3 450 чал.[12]; 1897 год — 3 560 чал.[12]
- XX стагоддзе: 1907 год — 4 060 чал.[13]; 1921 год — 3 417 чал.; 1939 год — 7,5 тыс. чал.[12]; 1945 год — 3 353 чал.[14]; 1959 год — 8,2 тыс. чал.[12]; 1965 год — 10,8 тыс. чал.[12]; 1970 год — 12,2 тыс. чал.[12]; 1989 год — 25,0 тыс. чал.[12]; 1993 год — 29,1 тыс. чал.[12]; 1995 год — 29,8 тыс. чал.[15]
- XXI стагоддзе: 2006 год — 29,1 тыс. чал.; 2007 год — 28,8 тыс. чал.; 2009 год — 26 906 чал.[16]; 2009 год — 26 836 чал. (перапіс)[17]; 2010 год — 26 833 чал.[16]; 2011 год — 26 736 чал.[16]; 2012 год — 26 797 чал.[18]; 2013 год — 26 874 чал.[19]; 2014 год — 26 942 чал.[20]; 2015 год — 26 890 чал.[21]; 2016 год — 26 831 чал.[22]; 2017 год — 26 751 чал.[23]
Эканоміка
[правіць | правіць зыходнік]Прадпрыемствы машынабудаўнічай, дрэваапрацоўчай, будаўнічых матэрыялаў, лёгкай і харчовай прамысловасці. Гасцініца «Вілія». На беразе Вілейскага вадасховішча зона адпачынку рэспубліканскага значэння «Вілейка». Вілейская ГЭС.
- ААТ «Зеніт — БелОМА» — вытворца фотатэхнікі, аптычных прыцэлаў для стралковай зброі, прыбораў назірання, вагавымяральнай тэхнікі. Уваходзіць у склад ААТ «Беларускае оптыка-механічнае аб’яднанне»
За 10 км ад горада размешчаны 43-і вузел сувязі ВМФ Расіі.
СМІ
[правіць | правіць зыходнік]- «Рэгіянальная газета»
- «Шлях перамогі». У савецкія часы — орган партыйных і савецкіх улад, сёння — газета Вілейскага раённага выканаўчага камітэта.
Культура
[правіць | правіць зыходнік]- У 1936—1940 гадах у Вілейцы жыў і працаваў мастак-авангардыст Уладзіслаў Страмінскі.
- Вілейскі краязнаўчы музей.
- Выставачная зала імя Нікадзіма Сілівановіча (пры краязнаўчым музеі).
- Народны тэатр гарадскога Дома культуры.
- Народны ансамбль гітарыстаў «Адэліта»[24].
- Народны калектыў аўтарскай песні «Элегія».
Культурныя ініцыятывы
[правіць | правіць зыходнік]- У 2004 і 2012 гадах горад быў месцам правядзення фестывалю «Адна зямля»[25][26].
- 4—5 ліпеня 2015 года ў райцэнтры ўпершыню прайшоў рыцарскі фэст «Гонару Продкаў 2015»[27].
Славутасці
[правіць | правіць зыходнік]- Царква ў імя святой прападобнай Марыі Егіпецкай (1865)
- Вілейскі Крыжаўзвядзенскі касцёл (1913)
- Царква Свяціцеля Ціхана (1997)
- Царква Пакрова Прасвятой Багародзіцы (2015)
- Капліца 2000-годдзя хрысціянства
- Брама-капліца ў гонар загінулых воінаў Першай сусветнай вайны[28] (2015)
- Будынкі гімназіі, турмы, шпіталя (XIX — пачатак XX стагоддзяў)
- Жылыя дамы (XIX — пачатак XX стагоддзяў)
Помнікі, мемарыялы
[правіць | правіць зыходнік]- Помнік землякам, якія загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны, плошча Свабоды.
- Помнік Азі Асланаву, Двойчы Герою Савецкага Саюза, вул. Савецкая.
- Помнік экспедыцыі графа Тышкевіча, вул. 17 Верасня[29].
- Помнік Уладзіміру Леніну на Цэнтральнай плошчы.
- Мемарыял «Памяці зніклых вёсак», прыгарад, пры шашы Вілейка-Ушачы[30].
- Мемарыяльны камень ахвярам Вілейскай турмы, на Лясных могілках, пры аб’язной дарозе[31].
- Мемарыяльныя крыжы на месцы меркаванага расстрэлу Расціслава Лапіцкага — члена антысавецкага падполля, урочышча Красны Беражок ля Вілейкі[32].
Страчаная спадчына
[правіць | правіць зыходнік]Турысцкія маршруты
[правіць | правіць зыходнік]Распрацаваныя і дзейнічаюць некалькі турысцкіх маршрутаў па наваколлях Вілейкі[34].
Штогод, пачынаючы ад 2007 года, з Вілейскага раёна бярэ старт і праходзіць праз Вілейку водная экспедыцыя «Шляхам Тышкевіча». Першая экспедыцыя «Шляхам Тышкевіча» прайшла ў 2007 годзе. Яе прымеркавалі да 150-годдзя вядомага падарожжа па Віліі краязнаўцы графа Канстанціна Тышкевіча. Вандроўнікі прайшлі па слядах экспедыцыі графа Тышкевіча ад вытокаў Віліі да зліцця з Нёманам[35]. Арганізатарамі і ўдзельнікамі першай воднай экспедыцыі сталі літоўскія і беларускія навукоўцы, краязнаўцы і турысты. Сёння яна набывае больш папулярызатарскі і турыстычны характар і заканчваецца на тэрыторыі Беларусі[36].
Галерэя
[правіць | правіць зыходнік]-
Царква святой Марыі Егіпецкай -
Касцёл Узвіжання Святога Крыжа -
Былая турма -
Бальнічны будынак
Вядомыя асобы
[правіць | правіць зыходнік]- Наталля Арсеннева — беларуская паэтэса.
- Эва Марыя Астроўская (1938—2012) — польская пісьменніца і журналістка[37].
- Леанід Аўдзей (1929—1977) — хірург, доктар медыцынскіх навук, прафесар[38].
- Флягонт Валынец (1879—1937) — беларускі палітык, публіцыст
- Павел Валынцэвіч (1875—1962) — фотамастак, святар.[39].
- Міхаіл Казінец — беларускі дырыжор, народны артыст Беларусі (1987).
- Мікалай Фаміч Красінскі — беларускі тэатральны дзеяч.
- Мікіта Крыўцоў — беларускі футбольны фанат, загінулы ўдзельнік пратэсту пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.
- Расціслаў Лапіцкі — удзельнік беларускага антысавецкага падполля[40].
- Аляксандр Янавіч Любанскі (1863—1932) — арганізатар сельскагаспадарчай і прамысловай вытворчасці, мецэнат, філантроп
- Аляксандр Манцэвіч — журналіст і выдавец[41].
- Эдуард Мацюшонак — беларускі мастак.
- Ганна Новік — беларуская паэтэса, дзеяч падпольнага беларускага руху ў Польшчы (1914—1997)[42][43][44][45].
- Анатоль Рогач — беларускі краязнаўца, даследчык гісторыі Беларускага Павілля.[46]
- Леапольд Родзевіч — (1895—1938) — беларускі драматург, тэатральны і нацыянальны дзеяч. Скончыў (1909) у Вілейцы гарадское вучылішча.
- Уладзіслаў Страмінскі — мастак-авангардыст, стваральнік унізму.
- Аляксандр Уласаў — беларускі грамадска-палітычны дзеяч, публіцыст, эканаміст.
- Кандрат Церах — апошні міністр гандлю СССР (1986—1991).
- Алесь Шут ([952—2019) — беларускі палітык і грамадскі дзеяч, дэпутат Вярхоўнага Савета БССР 12-га склікання ад Лагойшчыны. Член Беларускага Народнага Фронту «Адраджэнне».
Гарады-пабрацімы
[правіць | правіць зыходнік]- Мажайск, Расія
- Вілмар, Мінесота, ЗША
- Пераяслаў, Украіна
- Астара, Азербайджан
- Уязд, Польшча
- Валдай, Расія
- Обергаўзен, Германія
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Заўвагі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ GeoNames — 2005. Праверана 9 ліпеня 2017.
- ↑ Численность населения на 1 января 2024 г. и среднегодовая численность населения за 2023 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типа — Белстат, 2024.
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU)
- ↑ «Акты Литовской Метрики». — Т.1. — Варшава, 1896. — С.5
- ↑ Демоскоп Weekly — Приложение. Справочник статистических показателей
- ↑ Obwieszczenie Ministra Spraw Wewnętrznych // Monitor Polski — 1929 г. — нумар 132 — пазіцыя 325
- ↑ Skorowidz miejscowości Rzeczypospolitej Polskiej — Tom VII — Część II — Ziemia Wileńska — Powiaty: Brasław, Duniłowicze, Brasław i Wilejka, Główny Urząd Statystyczny Rzeczypospolitej Polskiej, Warszawa 1923
- ↑ Вілейскі раён. На 2 сельсаветы меней. Горад вырас за лік Порсы. Падрабязнасці Архівавана 20 кастрычніка 2013. // Рэгіянальная газета
- ↑ Пазднякоў В. Вілейка // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — С. 408. — 688 с. — ISBN 985-11-0314-4 (т. 1), ISBN 985-11-0315-2. С. 408
- ↑ Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 8: Мінская вобласць, кн. 1 / рэдкал.: Т. У. Бялова (дырэктар) і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2010. С. 561.
- ↑ а б Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 8: Мінская вобласць, кн. 1 / рэдкал.: Т. У. Бялова (дырэктар) і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2010. С. 562.
- ↑ а б в г д е ё ж з Вілейка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1994. — 537 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0. С. 267.
- ↑ Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 8: Мінская вобласць, кн. 1 / рэдкал.: Т. У. Бялова (дырэктар) і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2010. С. 563.
- ↑ Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 8: Мінская вобласць, кн. 1 / рэдкал.: Т. У. Бялова (дырэктар) і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2010. С. 564.
- ↑ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 4: Варанецкі — Гальфстрым / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1997. — Т. 4. С. 158.
- ↑ а б в Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2011 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2010 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (1 красавіка 2011). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ Перепись населения — 2009. Минская область (руск.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ↑ Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2012 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2011 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (3 красавіка 2012). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2013 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2012 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (3 красавіка 2013). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2014 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2013 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (1 красавіка 2014). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2015 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2014 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (31 сакавіка 2015). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2015 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (30 сакавіка 2016). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ На канцэрце вілейскага ансабля гітарыстаў «Адэліта» не было свабодных месц Архівавана 4 сакавіка 2016. // «Рэгіянальная газета»
- ↑ «Адна зямля» збірае сяброў //«Рэгіянальная газета», 23 ліпеня 2004 г., № 30 (481)
- ↑ Гран-пры «Адной зямлі» ўзяў маладзечанец Артур Міхайлаў, вучань Пятра Ялфімава Архівавана 13 лістапада 2013.//«Рэгіянальная газета»
- ↑ Змаганні рыцараў і народныя спевы. У Вілейцы ўпершыню прайшоў фэст «Гонару Продкаў 2015» (Фота) Архівавана 8 ліпеня 2015.//«Рэгіянальная газета»
- ↑ Браму-капліцу ў гонар загінулых воінаў Першай сусветнай адкрылі ў Вілейцы. Будавалі яе ўсёй грамадой (Фота) Архівавана 5 красавіка 2016. // «Рэгіянальная газета»
- ↑ Рака часу // «Звязда»
- ↑ Памяці зніклых вёсак Архівавана 21 верасня 2016.//«Рэгіянальная газета»
- ↑ Тайны муроў Вілейскай турмы Архівавана 7 лістапада 2017. // «Рэгіянальная газета»
- ↑ Ушанавалі памяць Расціслава Лапіцкага Архівавана 21 верасня 2016.//«Рэгіянальная газета»
- ↑ ГІСТОРЫЯ ЦАРКВА УСЯЧЭННЯ ГАЛАВЫ ІААНА ПРАДЦЕЧЫ
- ↑ Убачыць касцёл, пабудаваны за залатую табакерку, і абняць адзін з самых вялікіх камянёў Вілейшчыны. Маршрут «Па даўгінаўскіх ваколіцах» Архівавана 11 ліпеня 2015. // Рэгіянальная газета
- ↑ У ліпені ізноў праплывуць «Шляхам Тышкевіча». Экспедыцыя стартуе з Вілейкі Архівавана 11 ліпеня 2015. // Рэгіянальная газета
- ↑ У сплаве «Шляхам Тышкевіча» бярэ ўдзел 77-гадовы турыст Архівавана 11 ліпеня 2015. // Рэгіянальная газета
- ↑ Эва Астроўская: пісьменніца, якая не баялася жыцця Архівавана 5 сакавіка 2016. // Рэгіянальная газета
- ↑ Авдей Леонид Викентьевич // Сайт Беларускага дзяржаўнага медуніверсітэта
- ↑ Павел Валынцэвіч Архівавана 13 лістапада 2013. // Рэгіянальная газета
- ↑ Міхась Чарняўскі: Расціслаў Лапіцкі — з кагорты невядомых герояў //«Рэгіянальная газета», 25 ліпеня 1997 г., № 13 (258), стар. 3
- ↑ «Рэгіянальная газета» Архівавана 18 мая 2013.
- ↑ «Новік Ганна, біяграфія»
- ↑ «Восеньскі роздум Ганны Новік» Архівавана 5 сакавіка 2016.
- ↑ «З любоўю да людзей» Архівавана 5 сакавіка 2016.
- ↑ «Рэгіянальная газета», № 12 (465), 12 сакавіка 2004
- ↑ Рогач Анатоль Архівавана 18 чэрвеня 2015. // «Рэгіянальная газета»
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1994. — 537 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0.
- Вилейка // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 648 с. — ISBN 978-985-11-0384-9.
- Prochwicz Jerzy, «Walki oddziałów KOP na obszarach północno-wschodniej Polski»// Białoruskie Zeszyty Historyczne № 13, Białystok 2000.
- Prochwicz Jerzy, Konstankiewicz Andrzej, Rutkiewicz Jan «Korpus Ochrony Pogranicza 1924—1939», wyd. Barwa i Broń, Warszawa 2003.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Вілейка
- Геаграфічныя звесткі па тэме Вілейка на OpenStreetMap
- Афіцыйны сайт Вілейскага райвыканкама Архівавана 8 ліпеня 2014.
- Сайт Вілейка-Info
- Вілейка — vialejka.info Архівавана 24 мая 2013.
- «Рэгіянальная газета» он-лайн Архівавана 18 верасня 2020.
- Вілейка на Radzima.org
- Вілейка на сайце Глобус Беларусі (руск.)