Перайсці да зместу

Нарач (возера)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Нарач
На возеры Нарач
На возеры Нарач
Морфаметрыя
Вышыня над узроўнем мора 161 м[1]
Даўжыня 12,8 км
Шырыня 9,8 км
Плошча 79,6 км²
Аб’ём 0,71 км³
Даўжыня берагавой лініі 41 км
Найбольшая глыбіня 24,8 м
Сярэдняя глыбіня 8,9 м
Гідралогія
Тып мінералізацыі сярэднемінералізаванае
Празрыстасць да 7,3 м
Басейн
Плошча вадазбору 279 км²
Выцякаюць рака Нарач
Размяшчэнне
Размяшчэнне Мядзельскі раён
Краіна
Нарач (Беларусь)
Нарач
Нарач
Нарач (Мінская вобласць)
Нарач
Нарач
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

На́рач — найбуйнейшае возера Беларусі. Знаходзіцца ў Мядзельскім раёне. Плошча возера — 79,6 км², глыбіня да 24,8 м, даўжыня 12,8 км, шырыня да 9,8 км.

Ляжыць у басейне ракі Нарач (выцякае з возера), за 4 км на захад ад г. Мядзел, паміж вёскамі Чараўкі, Пасынкі, Мікольцы, Гатавічы, Занарач. Уваходзіць у Нарачанскую групу азёр.

Назва Нарач балцка-літоўскага паходжання, яе ўтвараюць дзве асновы Nar- i Ak-.

Поўны гідранімічны аналаг на тэрыторыі Літвы — назва возера Nar-akys. Таксама корань Nar- у літоўскіх гідронімах Narantis, Narasa, Nar-upis[2]. На ўсходзе старабалцкай тэрыторыі корань Nar- у рачной назве Нара на Верхнім Павоччы[3].

Корань Nar- (Ner-) звязаны з літоўскім nerti «ныраць», naras «нырок (у ваду)», далей да індаеўрапейскага *ner- «ныраць, пагружацца; прытулак, логвішча, нара»[4]. Гэты корань нясе семантыку глыбіні.

Корань Ak- звязаны з лат. aka «калодзеж», літ. aka(s) «палонка ў лёдзе», лат. akata «вір у рацэ; вочка ў балоце; палонка ў лёдзе». Такая семантыка развілася са значэння «вока» (індаеўрапейскае *ok(e)s-)[5]: вока > палонка, калодзеж, бачажына > вада, рака.

У двухасноўных гідронімах тыпу Нарач ці Свіслач[6] ak- займае тую ж другую пазіцыю, якую ў іншых выпадках займаюць балцкае up- / ap- (літ. upė, пруск. ape «рака»)[7] або яцвяжскае -da (ад яцвяжскага *udā «вада, рака»)[8], як у гідронімах Жукопа або Ясельда.

Схілы катлавіны на поўначы і паўночным усходзе вышынёй 45-50 м, утвораны адгор’ямі Свянцянскіх град. На поўдні да возера прымыкае больш нізкая Паўднёва-Нарачанская града. Берагі пераважна нізкія, пясчаныя, месцамі стромкія і абразійныя, вышынёй 2-11 м, на паўднёвым усходзе забалочаныя, тарфяныя. Трапляюцца невялікія берагавыя валы, утвораныя прыбойнай дзейнасцю хваль і пасоўваннем ледзянога покрыва. Каля паўночна-ўсходняга берага востраў плошчай 6,2 га, які з-за сваёй надзвычайнай маляўнічасці і пражывання на ім рэдкіх звяроў і птушак, гнездавання ахоўнага віду (крахаль вялікі) аб’яўлены помнікам прыроды. Да паўднёва-ўсходняга берага прымыкае гідралагічны заказнік Чарэмшыцы, на паўночным створаны біялагічныя заказнікі Някасецкі і Пасынкі.

Рэльеф дна

Дно возера адносна роўнае, на ўсходзе больш складанай будовы, трапляюцца прыўзнятыя амаль да паверхні ўчасткі (мяліны). Прыбярэжная водмель пясчаная, часткова заіленая, каля стромкіх берагоў шмат галькі і валуноў. Глыбакаводная частка дна выслана сапрапелем, глініста-пясчанымі адкладамі. Паўвостраў Наносы (заканчваецца касой) падзяляе возера на паўночна-заходні Малы плёс (глыбіні да 18 м) і паўднёва-ўсходні Вялікі плёс (глыбіня да 24,8 м на так званых Гатаўскіх ямах каля ўсходняга берага, насупраць в. Гатавічы).

Ваганні ўзроўню на працягу года да 70 см. Лёд трымаецца з 1-й дэкады снежня, таўшчыня 50-60 см, у асобныя гады да 80 см, да 1-й дэкады красавіка. У некаторыя гады паўднёва-ўсходні плёс замярзае толькі ў студзені. У зацяжныя вёсны ледзяныя палі захоўваюцца да канца красавіка, а ледзяныя таросы каля берагоў — да мая. Вясной водная маса добра перамешваецца да дна, тэмпература вады на найболыных глыбінях 10-12 °C. Сярэднямесячная тэмпература паверхневых слаёў вады ў кастрычніку 8,7 °C, у ліпені 18,9 °C. На працягу года вада добра насычана кіслародам.

У возера ўпадаюць 17 ручаёў (найбольшыя Неслуч, Купскі, Антанізбергскі, Сіманаўскі, Чараўкоўскі, Слоўта) і кароткая рака-пратока Скема з возера Мястра.

У воднай флоры 48 відаў уласна водных раслін, у т.л. 38 кветкавых, 8 водарасцей. Найбольш зарос Малы плёс, у паўночна-ўсходняй частцы якога шырыня паласы расліннасці да 2 км (у Вялікім плёсе 50-350 м). Характэрна хвалепрыбойная паласа без расліннасці (ад урэзу вады да глыбіні 1,5-2 м у Малым плёсе і 3,5-4 м у Вялікім плёсе). Надводная расліннасць (трыснёг, чарот) займае нязначную (менш за 3 %) плошчу возера, пашырана ўчасткамі да глыбіні 1,5-2 м. Падводнай расліннасцю, сярод якой пераважаюць харавыя водарасці, выслана каля 15 км² плошчы дна (пашырана да глыбіні 7,5 м).

У іхтыяфауне налічваецца 25 відаў рыб, прамысловае значэнне маюць акунь, плотка, шчупак, вугор, верхаводка, лінь, мянтуз, гусцяра і інш. Возера вызначаецца багаццем вадаплаўных птушак; адзначаны гняздоўі лебедзя-шыпуна, малой крачкі, скапы, малой паганкі, якія занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь.

Нарач з’яўляецца адзіным возерам у краіне, заражаным цэркарыёзам, што звязана з спадзістым спускам у ваду, калі ад берага да глыбіні вялікая адлегласць. У такіх умовах прыбярэжная вада добра выграваецца, што правакуе актывізацыю мікраарганізмаў. Таксама іх развіццю спрыяе разрастанне воднай расліннасці[9].

Спрыяльныя кліматычныя ўмовы, лясы паблізу возера, маляўнічыя краявіды абумовілі стварэнне вакол возера курорта Нарач. Тут дзейнічаюць санаторыі, дамы адпачынку, дзіцячыя лагеры, турбазы. На беразе возера размешчаны курортны пасёлак Нарач.

Возера Нарач і яго ваколіцы ўваходзяць у Нарачанскі нацыянальны парк.

Нарачанская кулгрында[be-tarask], званая ў народзе Чортавай грэбляй, паміж вёскай Наносы і Мядзелам, брукаваная шчыльна пакладзенымі камянямі, знаходзілася на глыбіні прыкладна 125 см ад паверхні вады, узвышалася над дном возера прыкладна на 160 см і мела ў даўжыню каля 1 км; у шырыню забяспечвала прастору для праезду чатырох запрэжаных коней адначасова.

У 1921—1939 гады возера Нарач знаходзілася на тэрыторыі Польшчы і было самым вялікім возерам гэтай краіны. Улетку 1935 года адбылося Нарачанскае выступленне рыбакоў.

  1. GeoNames — 2005. Праверана 9 ліпеня 2017.
  2. A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. Vilnius, 1981. С. 223.
  3. В. Н. Топоров. Древняя Москва в балтийской перспективе // Балто-славянские исследования 1981. Москва, 1982. С. 36.
  4. J. Pokorny. Indogermanisches etymologisches Wörterbuch. Bern / München 1959 / 1969. C. 766.
  5. J. Pokorny. Indogermanisches etymologisches Wörterbuch. Bern / München 1959 / 1969. C. 775—777.
  6. В. Н. Топоров, О. Н. Трубачев. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. Москва, 1962. С. 207.
  7. В. Н. Топоров, О. Н. Трубачев. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. Москва, 1962. С. 170—171.
  8. K. Būga. Jotvingių žemės upių vardų galūnė -da. // Tauta ir žodis. — 1923. — Т. 1. — С. 100.
  9. Naviny.by. Купацца ў Нарачы можна, але лепш асцярожна
  • Блакітная кніга Беларусі : Энцыклапедыя / рэдкал.: Н. А. Дзісько і інш. — Мн.: БелЭн, 1994. — 415 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-133-1.
  • На́рач // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 515. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
  • Блакітны скарб Беларусі: Рэкі, азеры, вадасховішчы/ Маст.: Ю. А. Тарэеў, У. І. Цярэнцьеў — Мн.: БелЭн, 2007.
  • Акудовіч Ю. Зачараванне Нарачы // Голас Радзімы. — 1997. — № 28-37.
  • Якая рыба вадзілася ў Нарачы ў 1929 годзе// Рэгіянальная газета. — № 23. — 6 чэрвеня 2014 г.