Перайсці да зместу

I з’езд КП(б)Б

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Шыльда аб стварэнні БССР у Смаленску

Першы з’езд КП(б)Б, VI Паўночна-Заходняя абласная канферэнцыя РКП(б). Адбыўся 3031 снежня 1918 года ў Смаленску.

Перадгісторыя

[правіць | правіць зыходнік]

Рашэнне аб правядзенні абласной канферэнцыі прынята 2 снежня 1918 г. на пасяджэнні Паўночна-Заходняга абласнога камітэта РКП(б). За скліканне выказаліся Віцебскі, Магілёўскі і Рослаўльскі, супраць — Смаленскі, Бельскі і Аршанскі раённыя камітэты РКП(б). Канферэнцыя была прызначана на 27 снежня 1918 г., зацверджаны прыкладны парадак дня, устаноўлена норма прадстаўніцтва (1 дэлегат ад 50 членаў партыі, падраённыя арганізацыі, якія не мелі 50 членаў, накіроўвалі па 1 дэлегату). Падрыхтоўка асноўных дакументаў да канферэнцыі вялася ў ЦК РКП(б) і Народным камісарыяце па справах нацыянальнасцей РСФСР пад кіраўніцтвам І. Сталіна. Актыўны ўдзел у гэтай рабоце прымалі супрацоўнікі Беларускага нацыянальнага камісарыята (Белнацкома), Беларускіх секцый РКП(б) І. Лагун, А. Р. Чарвякоў, З. Жылуновіч (Ц. Гартны) і інш.

Асноўнымі былі пытанні аб стварэнні Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі, беларускай дзяржаўнасці і дзяржаўных межах. Многія кіраўнікі Віцебскай, Мінскай і іншых партыйных арганізацый не прымалі ідэі стварэння самастойнай беларускай дзяржавы. У снежні 1918 г. на старонках газеты «Известия» і «Правда» абмяркоўваліся пытанні аб саюзе Літвы і Беларусі «для барацьбы з літоўска-беларускай буржуазіяй» і барацьбы супраць Польшчы. Канчаткова пытанні для разгляду на канферэнцыі вырашаны 27 снежня 1918 г., падрыхтаваны Дырэктыва Народнага камісарыята па справах нацыянальнасцей РСФСР, якая вызначала асноўныя прынцыпы партыйна-дзяржаўнага будаўніцтва Беларусі, а таксама Маніфест Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі. Хаця некаторыя кіраўнікі Паўночна-Заходняга абласнога камітэта РКП(б) і Аблвыкамзаха не падзялялі ідэі стварэння КП(б)Б і абвяшчэння Беларусі Сацыялістычнай Савецкай Рабоча-Сялянскай Рэспублікай, яны падпарадкаваліся указанням ЦК РКП(б). 27 снежня 1918 г. І. Сталін накіраваў у Мінск тэлеграму прадстаўніку СНК РСФСР Гопнеру, у якой адзначаў, што «пытанне не выкліча на канферэнцыі ніякіх спрэчак, бо канферэнцыя будзе мець справу з рашэннем ЦК партыі».

Прадстаўніцтва на з’ездзе

[правіць | правіць зыходнік]

Стэнаграфічнай справаздачы аб канферэнцыі няма. Смаленскі і Мінскі варыянты «Пратакола I з’езда Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі», пазнейшыя выданні гэтага дакумента, звесткі перыядычнага друку таго часу ў шэрагу выпадкаў падаюць супярэчлівыя звесткі. Так, у афіцыйных выданнях сцвярджаецца, што 206 дэлегатаў (175 з рашаючым і 31 з дарадчым голасам) прадстаўлялі 17 771 камуніста ад партыйных арганізацый Віцебскай, Магілёўскай, Мінскай, Смаленскай губерняў, а таксама ад беларускіх партыйных арганізацый Віленскай і Чарнігаўскай губерняў. У спісах дэлегатаў значацца 173 дэлегаты з рашаючым і 30 з дарадчым голасам ад 112 партыйных арганізацый, якія налічвалі 17 295 членаў партыі. Дакладчык ад мандатнай камісіі Арлоў абвясціў на з’ездзе аб прысутнасці 187 дэлегатаў (162 з рашаючым і 25 з дарадчым голасам). Ад Смаленскай губерні было прадстаўлена 58 партыйных арганізацый (6668 членаў партыі), Магілёўскай — адпаведна 20 (2178), Віцебскай — 12 (3555), Мінскай — 11 (2575), Віленскай — 6 (282), Чарнігаўскай — 5 (2037). Буйнейшымі партыйнымі арганізацыямі ў Магілёўскай губерні былі Мсціслаўская (350 членаў партыі), Клімавіцкая (200), Магілёўская (182), Аршанская, Быхаўская, Жлобінская (па 150), у Мінскай губерні — Слуцкая (950), Уздзенская (700), Бабруйская (400), Самахвалавіцкая Мінскага павета (150), Замір’еўская Навагрудскага павета (80), у Віцебскай губерні — Невельская (1312), Гарадоцкая павятовая (900) і гарадская (156), Віцебская гарадская (500) і павятовая (300). У большасці гарадоў і паветаў цэнтральнай і заходняй частак Беларусі партыйных арганізацый не існавала або яны былі нешматлікія.

  • Бягучы момант (А. Ф. Мяснікоў)
  • даклад абласнога камітэта партыі (В. Г. Кнорын)
  • даклад аб становішчы на месцах (А. Ф. Мяснікоў)
  • даклад з месцаў ад раёнаў арганізацыйныя пытанні (Я. Ф. Пярно)
  • выбары
  • бягучыя справы

У прэзідыум былі абраны А. Ф. Мяснікоў (старшыня), Р. В. Пікель, І. І. Рэйнгольд, І. Я. Алібегаў, С. В. Іваноў, Р. П. Найдзёнкаў. Па прапанове А. Мяснікова была прынята рэзалюцыя «Аб назве канферэнцыі», канферэнцыя абвясціла сябе «I з’ездам Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларускай Рэспублікі» і накіравала ў ЦК РКП(б) тэлеграму з просьбай зацвердзіць гэта рашэнне.

З даклада А. Мяснікова аб бягучым моманце вынікала, што партыйнае кіраўніцтва ў Маскве і Смаленску разглядала стварэнне КП(б)Б і Беларускай Рэспублікі хутчэй як палітычны манёўр, а не як доўгатэрміновую перспектыўную палітыку. Адзначалася, што партыя трымае курс «на рэвалюцыю еўрапейскую, сусветную». У рэзалюцыі «Па бягучаму моманту» з гэтых пазіцый ацэньваліся падзеі ў Англіі, Францыі, Італіі. Выказвалася ўпэўненасць, што «Германія знаходзіцца напярэдадні новай рэвалюцыі». Камуністы і ўсе працоўныя заклікаліся да новых рэвалюцыйных баёў. Пры вызначэнні асноўных задач эканамічнай палітыкі ў рэзалюцыі былі падтрыманы прапановы А. Мяснікова аб стварэнні Савета народнай гаспадаркі, развіцці кааперацыі і прыстасаванні яе да рэальных умоў жыцця. Дапускалася існаванне прыватнай уласнасці ў бяднейшага і сярэдняга сялянства, аднак «селянін паступова павінен пранікнуцца ідэяй адмаўлення ад прыватнай уласнасці». Адзначалася, што прафсаюзам неабходна адкінуць старую цэхавую псіхалогію і «больш непакоіцца не аб ахове працы». У дакладзе В. Кнорына аб дзейнасці абласнога камітэта партыі адзначалася, што за 4 месяцы з часу правядзення V Паўночна-Заходняй абласной канферэнцыі РКП(б) (24 верасня 1918 г.) колькасць членаў партыі павялічылася ў 3,5 раза (з 5 тыс. да амаль 18 тыс.). Ён выказаўся за канцэнтрацыю «ўсёй рэвалюцыйнай партыйнай улады ў руках яе камітэтаў. Ад гэтага—бязмежная ўлада, поўная дыктатура Цэнтральнага Камітэта ва ўсерасійскім маштабе і такая ж дыктатура на месцах абласных камітэтаў. Пры такой пастаноўцы Саветы з’яўляюцца органамі дзяржаўнай улады, выконваюць прадвызначэнні партыі, якія праводзяць у жыццё тактычную лінію партыі». У дакументах з’езда падкрэслівалася, што Паўночна-Заходні абласны камітэт РКП(б) кантраляваў работу Надзвычайнай камісіі (ЧК), пастаянна займаўся пытаннямі ваеннай палітыкі, кіраваў дзейнасцю аддзелаў Аблвыкамзаха, рыхтаваў і накіроўваў правядзенне шматлікіх з’ездаў, аказваў дапамогу мясцовым партыйным і прафсаюзным арганізацыям, праводзіў расследаванні па надзвычайных палітычных падзеях, канфліктах і інш., займаўся агітацыяй і прапагандай сярод салдат германскай арміі, якія ад’язджалі на радзіму, рыхтаваў кадры для партыйнай работы, выдаваў газеты, брашуры, лістоўкі на нямецкай, венгерскай і інш. мовах. З абагульненнем паведамленняў з месцаў выступіў А. Мяснікоў. У прынятай рэзалюцыі «Аб становішчы на месцах» выказвалася неабходнасць «рашучым чынам выкараняць усялякія недысцыплінаваныя паступкі ў радах партыі». З’езд даручыў Цэнтральнаму бюро КП(б)Б стварыць вышэйшую партыйную інспекцыю «з мэтай непасрэднага нагляду і кантролю за дзейнасцю партыйных арганізацый і тэрміновай ліквідацыі тых ці іншых недахопаў у іх рабоце».

У дакладзе Я. Пярно па арганізацыйных пытаннях і спрэчках па дакладзе прызнавалася неабходным умацаванне кантролю з боку партыйных органаў за дзейнасцю партыйных устаноў і арганізацый, стварэнне ваенных фракцый у гарадах, дзе меліся буйныя гарнізоны. Адным з галоўных на з’ездзе было пытанне пра беларускую дзяржаўнасць. А. Мяснікоў унёс прапанову, якая была аформлена ў рэзалюцыю аб абвяшчэнні Заходняй камуны «самастойнай Савецкай Рэспублікай Беларусі». Акрамя гэтай назвы ў дакументах з’езда і Маніфесце Часовага рэвалюцыйнага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі сустракаюцца назвы «Беларуская сацыялістычная савецкая рэспубліка», «Сацыялістычная савецкая працоўная рэспубліка Беларусі», «Савецкая Беларуская Рэспубліка», «Беларуская савецкая незалежная рэспубліка». З дакладам аб граніцах Беларускай рэспублікі выступіў Р. Найдзёнкаў. На аснове распрацаваных Камісіяй (створана перад з’ездам) прапаноў была прынята пастанова «Аб граніцах Беларусі». Адзначалася, што асноўным ядром Беларускай Рэспублікі лічацца Мінская, Смаленская, Магілёўская, Віцебская і Гродзенская губерні з часткамі прылеглых да іх этнічных мясцовасцей суседніх губерняў, населеных пераважна беларусамі. Такімі прызнаваліся часткі Новааляксандраўскага павета Ковенскай, Свянцянскага і Ашмянскага паветаў Віленскай, Аўгустоўскі павет Сувалкаўскай, Суражскі, Мглінскі, Старадубскі і Навазыбкаўскі паветы Чарнігаўскай губерняў. Са складу Смаленскай губерні выключаліся Гжацкі, Сычэўскі, Вяземскі і Юхнаўскі паветы, са складу Віцебскай губерні — частка Дзвінскага, Рэжыцкага і Люцынскага паветы. У адпаведнасці з гэтым з’ездам вызначыў адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел рэспублікі на 7 раёнаў — Мінскі, Смаленскі, Віцебскі, Магілёўскі, Гомельскі, Гродзенскі, Баранавіцкі, якія падзяліліся на 54 падраёны. Згодна з такім падзелам павінны былі стварацца райкомы (губпарткомы) і падрайкомы (павятовыя камітэты) КП(б)Б.

У тэлеграме I з’езда за подпісамі членаў прэзідыума, накіраванай у СНК РСФСР, адзначалася, што «канферэнцыя лічыць неабходным аб’явіць самастойную сацыялістычную рэспубліку Беларусі з тэрыторый Гродзенскай, Магілёўскай, Віцебскай і Смаленскай губерняў», «Першы з’езд Камуністычнай партыі Беларусі просіць Савет Народных Камісараў пацвердзіць дадзенае яго рашэнне, аб чым аб’явіць працоўным усяго свету». Былі накіраваны тэлеграмы на адрас ЦК РКП(б) і СНК РСФСР з просьбай зацвердзіць рашэнні з’езда. З’езд зацвердзіў «Палажэнне аб партыйных арганізацыях», у якім давалася схема арганізацый ЦБ КП(б)Б, райкомы (губпарткомы), падрайкомы (валасныя камітэты), ячэйкі (валасныя і сельскія). Вызначаліся функцыі і абавязкі кожнай з гэтых структур, іх склад і парадак работы. Палажэнне змяшчала «Інструкцыю для работы раённага і падраённага камітэтаў», вызначала асноўныя кірункі агітацыі і прапаганды, адносіны да Саветаў, сродкі партыі і абавязкі камуністаў. Быў прыняты зварот «Да рабочых, батракоў, сялян і салдат Чырвонай Арміі Беларускай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі» з заклікамі змагацца за ўмацаванне камуністычнай улады і перамогу рэвалюцыі ва ўсім свеце.

З’езд абраў ЦБ КП(б)Б, у якое ўвайшлі 15 чал.: І. Я. Алібегаў, А. А. Андрэеў, З. Жылуновіч (Ц. Гартны), С. В. Іваноў, М. І. Калмановіч, В. Г. Кнорын (сакратар), І. В. Лагун, А. Ф. Мяснікоў, Р. П. Найдзёнкаў, Р. В. Пікель, Я. Ф. Пярно, І. І. Рэйнгольд, У. С. Селязнёў, В. З. Собалеў, В. І. Яркін.

  • Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК / Институт истории партии при ЦК КПБ—филиал Института марксизма-ленинизма при ЦК КПСС. Т. 1: 1918—1927. — Мн: Беларусь, 1983. — 526, [1] с. — С. 11—27.
  • Кушнер, В. Першы з’езд КП(б)Б / Васіль Кушнер // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. / Беларуская Энцыклапедыя; Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. Т. 5: М—Пуд / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелЭн, 1999. — 590 с. — С. 479—481. — ISBN 985-11-0141-9.
  • Пратакол І з’езда Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі / Інстытут гісторыі партыі і Кастрычніцкай рэвалюцыі пры ЦК КП(б)Б; падрыхтаваў да друку Ю. Майзель; пад рэдакцыяй С. Агурскага і М. Леўкова. — Менск [Мінск]: Партвыдавецтва, 1934. — 82, [2] с.
  • Хроника важнейших событий истории Коммунистической партии Белоруссии / Институт истории партии при ЦК КПБ—филиал Института марксизма-ленинизма при ЦК КПСС. Ч. 1: (1883—1918 гг.) / [составители: К. Н. Станкевич, Ф. А. Зеленовский]. — Мн.: Госиздат БССР, 1962. — 456, [2] с.