Перайсці да зместу

Бяроза (горад)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Горад
Бяроза
Від на старую частку горада
Від на старую частку горада
Герб Сцяг
Герб Сцяг
Краіна
Вобласць
Раён
Каардынаты
Першая згадка
Ранейшыя назвы
Бяроза-Картузская
Плошча
  • 43,3 км²
Вышыня цэнтра
150 м[1]
Насельніцтва
  • 28 376 чал. (1 студзеня 2024)[2]
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 1643
Паштовы індэкс
225210
Аўтамабільны код
1
СААТА
1208501000
Афіцыйны сайт
bereza.gov.by (руск.)
Бяроза на карце Беларусі ±
Бяроза (горад) (Беларусь)
Бяроза (горад)
Бяроза (горад) (Брэсцкая вобласць)
Бяроза (горад)

Бяро́за[3] (трансліт.: Biaroza; да 1940 г. Бяроза-Картузская, Картуз-Бяроза) — горад у Брэсцкай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Бярозаўскага раёна, на рацэ Ясельда. За 102 км ад Брэста, 6 км ад чыгуначнай станцыі Бяроза-Картузская на лініі Брэст — Баранавічы.

Вялікае Княства Літоўскае

[правіць | правіць зыходнік]

Упершыню згадваецца як вёска Слонімскага павета з 1477 года, калі Ян Гамшэй са сваёй жонкай Барбарай заснавалі тут касцёл Найсвяцейшай Тройцы. З 1521 года ў складзе Кобрынскага павета. У 1538 годзе касцёл перайшоў да новых гаспадароў, а менавіта: «Ян і Ганна Гамшэі са Здзітава са сваім сынам Станіславам, а таксама дзецьмі апошняга Марцінам, Паўлам, Янам, Юрам са сваімі жонкамі ў Бярозе, нашчадкамі Гамшэяў, у 1537 годзе на алтары бярозаўскага касцёла імянным запісам, замацаваным пячаткай…» «…Бярозу, плошчу з агароджай, поле Рыбака, карчму з арэнднай платай даравалі і запісалі…»

На мяжы XVXVI стагоддзяў Бяроза зрабілася асяродкам гандлю. Прывілей Жыгімонта Старога выдаў дазвол Мікалаю Гамшэю на правядзенне ў маёнтку штотыднёвых таргоў з пятніцы да суботы: «Біў нам чалом дваранін наш пан Мікалай Гамшэй у тым, каб, па-першае, дазволіць яму ў маёнтку бярозаўскім мець таргі ў пятніцу, згодна ліста яго бабкі нябожчыцы — пані Віштарт, і, па-другое, біў нам чалом, каб гэты торг у Бярозе прадоўжыць да суботы і зацвердзіць на вякі».

У пачатку XVII стагоддзя Ян Паўлавіч Гамшэй прадаў Бярозу канцлеру вялікаму літоўскаму Льву Сапегу. У 1614 годзе яе набыў харунжы Марцін Німіра «сам маёнтак з мястэчкам і ўсёй маёмасцю». Але знаходзілася Бяроза ў руках М. Німіра нядоўга: ён не вылучаўся стараннасцю і гаспадарлівасцю, і неўзабаве пасля набыцця пазычыў мястэчка тутэйшым яўрэям. Збанкрутаванага М. Німіру з цяжкага становішча выратаваў у 1617 годзе Леў Сапега. Канцлер выкупляў яго распіскі, якія аддавалі ў заклад Бярозу. «Маёмасць, — пішацца ў дакуменце, — належыць канцлеру і яму належаць прыбыткі, пакуль я [Німіра] не вярну яму 14 600 польскіх злотых». Марцін Німіра не знайшоў гэтай сумы, пасля чаго ўжо ў 1617 годзе суд у Брэсце зацвердзіў акт продажу мясціны «на вякі Льву Сапегу», а менавіта «маёнтак у Бярозе, землі, палі, само мястэчка Бярозу з усімі жыхарамі, з кірмашом, рэкі, азёры, млыны, бабровыя ўгоддзі на рацэ Ясельдзе» за 24 000 польскіх злотых.

Найперш, як перакананы каталік, Леў Сапега фундаваў у Бярозе касцёл. Неабходнасць заснавання новага касцёла абгрунтоўвалася тым, што з 1538 года мясцовы касцёл з навакольнымі землямі знаходзіўся ў руках кальвіністаў і заставаўся ў іх дзясяткі гадоў, бо калі ён зноў вярнуўся да каталікоў у 1600 годзе, то меў невялікі ўласны надзел і самастойна існаваць не мог. Леў Сапега дзеля выратавання ад банкруцтва касцёла ў 1620 годзе падараваў яму «ў вёсцы Левашкі чатыры валокі, Траяноўшчынай называемыя», якія паўторна былі замацаваны ў 1632 годзе. Акрамя заснавання новага касцёла, канцлер дазволіў мясцовым яўрэям у 1629 годзе збудаваць школу «ў гэтым мястэчку Бярозе, у якім, збудаваўшы школу, маглі б спакойна праводзіць свае набажэнствы».

Побач з яўрэйскім малітоўным домам і касцёлам у Бярозе існавала ўніяцкая царква. Першыя звесткі пра яе месцяцца ў дакуменце 1618 года, у якім апісваюцца межы зямель касцёла, а таксама ідзе гаворка пра землі «рускага папа з царквы».

Пасля смерці Льва Сапегі ў 1633 годзе Бяроза, згодна з тэстаментам, перайшла да яго старэйшага сына Яна Сапегі, маршалка Вялікага Княства Літоўскага, пасля смерці апошняга — да яго брата Казіміра Льва Сапегі.

Казімір Леў Сапега, малодшы з двух сыноў славутага канцлера, быў перакананаым каталіком, ён фундаваў шэраг касцёлаў і кляштараў, сярод якіх быў картузскі кляштар у Бярозе. Закладка першага нарожнага каменя з вялікай урачыстасцю адбылася ў 1648 годзе, дзе прысутнічалі сам заснавальнік, а таксама біскуп луцкі Андрэй Гембінскі і рымскі нунцый ксёндз Ян дэ Торэс.

Пераход бярозаўскага ўладання да картузаў быў надзвычайным момантам у гісторыі мястэчка, што перш за ўсё адлюстравалася ў падтрымцы новымі ўладальнікамі развіцця гандлю і рамёстваў. Асаблівую ўвагу надаваў кляштар дакладнасці вагаў на бярозаўскіх кірмашах. «Жадаем мець дакладнасць і справядлівасць у вагах, — піша ксёндз Хрысціян Бекерс, — таму спецыяльна за кошт кляштара накіроўваем хадака ў сталічні горад Вялікага Княства Літоўскага Вільню, каб прынёс інфармацыю… колькі гарнцаў уваходзіць у віленскую бочку, каб потым ён мог важыць у нашым мястэчку Бярозе згодна віленскіх мераў пры продажы і пакупцы збожжа, напояў, піва, мёду і г. д.». У кляштарнай хроніцы ад 1767 года сустракаецца павучэнне малазямельных сялян пра пажаданне займацца «гандлем або рамяством, адпавядаючым мясцовым умовам, напрыклад, вырабам скураў і гэтак далей».

У 1665 г. у Ружанах памёр, а ў бярозаўскім картэзінскім касцёле пахаваны вялікі гетман ВКЛ і віленскі ваявода Павал Ян Сапега

У 1679 годзе кляштар атрымаў ад караля і вялікага князя Яна Сабескага прывілей на кірмаш у свята Адшукання Святога Крыжа (паводле падання, кляштар заснавалі на месцы ў пушчы, дзе Леў Сапега знайшоў драўляны крыж у часе палявання), што спрыяла больш шырокім гандлёвым магчымасцям мястэчка. Акрамя кірмашу на Святую Тройцу, у Бярозе адбываліся таргі ў дзень праваслаўнага Прычашчэння. Старанні картузаў на паляпшэнне гаспадарчых спраў у Бярозе не здолелі прынесці вялікага выніку, мястэчка да сярэдзіны XIX стагоддзя было маленькім, небагатым населеным пунктам. Яно некалькі разоў гарэла, цярпела ад чумы.

У 1706 годзе тут адбылася сустрэча расійскага цара Пятра I з каралём польскім і вялікім князем літоўскім Аўгустам II. У Вялікую Паўночную вайну ў канцы красавіка 1706 года каля Бярозы адбылася сутычка паміж расійскім і шведскімі войскамі. Апошнія пасля пераходу Ясельды занялі мястэчка і кляштар, якіх спалілі і разрабавалі. Шведы захапілі некалькі манахаў з кляштара, за якіх потым плацілі выкуп.

Значэнне і статус Бярозы пад кіраўніцтвам картузаў не змянілася. Уладу ў мястэчку, згодна з загадам пракурора картузіі, выконваў кляштарны ўраднік.

Пад расійскай уладай

[правіць | правіць зыходнік]

У 1795 годзе ў выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай Бяроза апынулася ў складзе Расійскай імперыі, у Пружанскім павеце Слонімскай, з 1797 Літоўскай, з 1801 Гродзенскай губерні. У 1-й пал. XIX ст. у мястэчку праводзіліся 8 рэгулярных кірмашоў, дзейнічалі 2 гарбарныя і суконная мануфактуры, працавалі 36 крамаў.

Пасля здушэння вызваленчага паўстання (18301831) у 1832 годзе расійскія ўлады зачынілі кляштар картузаў за ўдзел манахаў у паўстаннях 1794 і 1831 гадоў. Інфраструктура кляштара, разам з мястэчкам, перайшла да Упраўлення Дзяржаўнай маёмасці Гродзенскай губерні. У перыяд 18601870-х гадоў паводле рашэння царскага ўрада значная частка будынкаў кляштара была разабрана. Цэгла пайшла на будову ваенных казармаў і праваслаўнай царквы ў Бярозе, медзяныя лісты з касцёла — у Гродна для даху праваслаўнай царквы.

Станам на 1833 у Бярозе было 200 драўляных будынкаў, на 1897 — 5 цагляных і 1070 драўляных, працавалі мужчынская і жаночая народныя вучылішча, фельчарскі пункт, аптэка. Хуткаму росту мястэчку паспрыяла пракладзеная ў 1871 годзе праз Бярозу Маскоўска-Брэсцкая чыгунка.

Як і ўся Беларусь, Бяроза з’яўлялася часткай «мяжы аселасці» і была заселена яўрэямі. У пачатку 30-х гадоў XX стагоддзя яўрэі складалі 53 % насельніцтва.

У Першую сусветную вайну ў 1916 годзе Бярозу занялі нямецкія войскі. У 1918 годзе мястэчка было абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі, потым — БССР.

14 лютага 1919 года Бярозу заняла польскае войска. У польска-савецкую вайну мястэчка двойчы рабілася месцам буйных бітваў. Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) яно апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі. У 1934 годзе ў мурах былых расійскіх кашараў была арганізавана вязніца для палітычных зняволеных — украінскіх нацыяналістаў з АУН і камуністаў. У лагеры, якім кіраваў паліцэйскі інспектар з Познані Ян Грэфнер, трымалася да 800 вязняў. 1 красавіка 1939 года да мястэчка далучылі населены пункт з гміны Сялец — вёску Навасёлкі[4].

У 1939 года ў складзе БССР. 15 студзеня 1940 годзе Бяроза стала цэнтрам новаўтворанага Бярозаўскага раёна і атрымала статус горада[5].

Перад наступам Германіі на СССР бальшавікі стварылі тут базу ваеннай авіяцыі. На ёй дыслакаваліся 97-ы, 121-ы, 125-ы, 130-ы хуткасныя, 162-і рэзервовы, 207-ы і 212-ы далёкабамбардзіровачныя авіяпалкі, падрыхтаваныя да нападу на Германію. Таксама ў горадзе дыслакавалася 205-я матарызаваная дывізія 14-га механізаванага корпуса.

22 чэрвеня 1941 года, у першы дзень вайны з СССР, Бярозу занялі нямецкія войскі. 205-я матарызаваная дывізія сіламі аднаго палка сумесна з іншымі часцямі 14-га механізаванага корпуса нанесла контрудар да р. Мухавец у раёне Кобрына, аднак да зыходу дня пад напорам нямецкага наступлення вымушана была адысці і заняць абарону на р. Ясельда. Ужо ў пачатку ліпеня былі праведзены карныя аперацыі супраць партыйнага і камсамольскага актыву, арганізатараў і членаў калгасаў, сем’яў камандзіраў і палітработнікаў РСЧА, якія не паспелі эвакуіравацца[6]:115.

У часы нямецкай акупацыі тут існавала яўрэйскае гета. Нацысты ў створаным імі лагеры смерці загубілі 7 тыс. чалавек. Дзейнічала патрыятычнае падполле. Жыхары Бярозы рознымі спосабамі дапамагалі падпольным і партызанскім рухам раёна. Так, кладаўшчыкі базы «Нарыхтзбожжа», размешчанай у раёне чыгуначнай станцыі Бяроза-Картузская, М. М. Галенка і П. М. Жабрун, недагружаючы вагоны са збожжам, здолелі сэканоміць у 1943 годзе і перадаць партызанскім атрадам імя Дзімітрава і М. Ф. Гастэлы больш за 50 тон збожжа[6]:120.

7 ліпеня 1944 года горад быў вызвалены ў ходзе Беларускай аперацыі 28-й арміяй 1-га Беларускага фронту.

Пасля вайны ў Бярозе была адноўлена авіябаза, у раёне збудаваная гідраэлектрастанцыя.

У 1987 годзе да горада далучана вёска Самойлавічы Бярозаўскага сельсавета[7].

У 1995 годзе каля горада беларускія сілы супрацьпаветранай абароны збілі паветраны шар з двума амерыканскімі аэранаўтамі — удзельнікамі міжнароднай авіярэгаты.

Тушонка Бярозаўскага мясакансервавага камбіната[ru]
  • Бярозаўскі філіял ААТ «Савушкін прадукт» (былы Бярозаўскі сыраробны камбінат) — перапрацоўка малака, акрамя кансервавання, вытворчасць сыроў, масла жывёльнага, натуральнамалочнай прадукцыі, марожанага і іншых харчовых прадуктаў;
  • ААТ «Бярозабудматэрыялы» — вытворчасць пліткі керамічнай;
  • ААТ «Бярозаўскі камбінат сілікатных вырабаў» (юрыдычны адрас знаходзіцца за межамі горада, у Бярозаўскім сельсавеце) — вытворчасць сценавых блокаў з ячэістага бетону і блокаў ячэістага бетону для перагародак будынкаў;
  • ААТ «Цеплапрыбор» — выпускае наступную прадукцыю: вентылятары, электрарадыятар «Ясельда», катлы ацяпляльныя, нестандартызаванае абсталяванне, камплектуючыя да СЗК-8, лініі сартавання цвёрдых бытавых адходаў, гандлёвыя павільёны, кантэйнеры для смецця — 11 м³, машынкі для рэзкі даху;
  • ААТ «Бярозаўскі маторарамонтны завод» — ажыццяўляе капітальны рамонт трактарна-камбайнавых рухавікоў, вузлоў і дэталяў, выраб новых дэталяў; выраб крапежных метызных вырабаў, запасных частак да трактароў, запасных частак да сельгасмашын;
  • ДУП «Бярозатара» — вытворчасць упакоўкі з лёгкіх металаў — вечка металічнай СКО-1058; СКО-1-82; ПТ-51;
  • ААТ «Бярозаўскі мясакансервавы камбінат»;
  • ААТ «Бярозаўскі камбікормавы завод»;
  • Гасцініца «Ясельда».
  • Дом паляўнічага «Смалярка»[16].

Інфраструктура

[правіць | правіць зыходнік]

У Бярозе працуюць 3 сярэднія, музычная і дзіцяча-юнацкая спартыўная школы, 7 дашкольных устаноў.

Медыцынскія паслугі падаюць бальніца і паліклініка.

Дзейнічаюць Бярозаўскі гісторыка-краязнаўчы музей, дом культуры, кінатэатр, 2 бібліятэкі.

Страчаная спадчына

[правіць | правіць зыходнік]
  • Касцёл (1933)
  • Сінагога (XIX ст.)
  • Царква (1618; грэка-каталіцкая)

Нематэрыяльная спадчына

[правіць | правіць зыходнік]

20 сакавіка 2023 года традыцыйнаму роспісу на шкле ў горадзе Бярозе, аграгарадку Спораве, аграгарадку Стрыгінь Бярозаўскага раёна і горадзе Пружаны, вёсцы Слабудка, вёсцы Новыя Засімавічы Пружанскага раёна быў нададзены статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі[17].

Вядомыя асобы

[правіць | правіць зыходнік]
  1. GeoNames — 2005. Праверана 9 ліпеня 2017.
  2. Численность населения на 1 января 2024 г. и среднегодовая численность населения за 2023 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типаБелстат, 2024.
  3. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2010.— 318 с. ISBN 978-985-458-198-9. (DJVU)
  4. Rozporządzenie Ministra Spraw Wewnętrznych z dnia 24 marca 1939 r. o zmianie granic miasta Berezy Kartuskiej w powiecie prużańskim, województwie poleskim, Dz. U. Nr 27, poz. 178 (польск.)
  5. а б Я. В. Сяленя. Бяроза // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1994. — 537 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0. С. 170.
  6. а б Память: историко-документальная хроника Березовского района / Белорусская Советская Энциклопедия; Редкол.: И. П. Шамякин (главный редактор) и др. — Минск: Издательство «Белорусская Советская Энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1987. — 438, [1] с.: ил., цв. ил., портр., карты.
  7. Рашэнні выканкома Брэсцкага абласнога Савета народных дэпутатаў ад 17 жніўня, 14 верасня, 16 лістапада 1987 г. і 18 студзеня 1988 г. // Збор законаў Беларускай ССР, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1988, № 9 (1923).
  8. Соркіна I. Мястэчкі Беларусі ў канцы XVIII — першай палове XIX ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. С. 414.
  9. Bereza-Kartuska // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom I: Aa — Dereneczna (польск.). — Warszawa, 1880. S. 140.
  10. Береза Картузька // Енциклопедія українознавства  (укр.). У 10-х томах. / Головний редактор Володимир Кубійович  (руск.). — Париж, Нью-Йорк: «Молоде життя  (укр.)»-«НТШ  (руск.)»; 1954—1989, 1993—2000.
  11. История // Березовский районный исполнительный комитет
  12. Берёза // Большая советская энциклопедия : ([в 30 т.]) / гл. ред. А. М. Прохоров. — 3-е изд.. — М. : Советская энциклопедия, 1969—1978. (руск.)
  13. Перепись населения — 2009. Брестская область (руск.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  14. Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2015 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (30 сакавіка 2016). Праверана 3 красавіка 2017.
  15. Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.
  16. Береза // к // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 648 с. — ISBN 978-985-11-0384-9.
  17. Традыцыйны роспіс па шкле і ткацтва «кажушком» атрымалі статус гісторыка-культурных каштоўнасцей. heritage.gov.by (9 снежня 2023).