Чырвоная Русь
Чырвоная Русь — традыцыйная назва некаторых славянскіх тэрыторый, пераважна Галічыны і Валыні, а таксама сучаснай Беларусі, у заходнееўрапейскіх крыніцах XVI—XIX стст.
Паняцце Чырвоная Русь пачалі ўжываць на Захадзе прыкладна адначасова з паняццем Чорная Русь, працяглы час яны канкурыравалі за «права» абазначаць адны і тыя ж тэрыторыі. На думку Вячаслава Насевіча, магчыма, «калісьці было адно супрацьпастаўленне (белы — чорны ці белы — чырвоны), якое затым расшчапілася на два». Магчыма, упершыню назва Чырвоная Русь з’явілася ў «Хроніцы Канстанцкага сабору» Ульрыха фон Рыхенталя ў 1420-я гады. Прычым, мяркуючы па аднясенні Смаленска да Чырвонай Русі, ён называлася частка Русі ў складзе Вялікага княства Літоўскага, — задоўга да таго, як яе пачалі трывала называць Белай Руссю. На карце Фра Маўра (1459) побач з Літвой паказана не Белая, а менавіта Чырвоная Русь — яна ахоплівала і Кіеў, і высунутая далёка на захад, у параўнанні з рэальнасцю, Разань. Паводле Яна Ласкага (1514), чырвоныя русіны «знаходзяцца ў складзе Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага». На глобусе 1535 года землі на поўдзень ад Жамойці названыя Plescovia Rubea («Чырвоная Пскоўшчына», то-бок Чырвоная Русь). На карце Вопеля 1566 года паўночны край Rote Reussen дасягае Слуцка і Капыля. Такім чынам, менавіта Чырвоная Русь была першай з «каляровых» назваў, якую на Захадзе свядома ўжывалі для абазначэння ў тым ліку тэрыторыі сучаснай Беларусі. Аднак ужо на Айхштэцкай карце 1491 года Rubea Russia паказана ў традыцыйным пазней значэнні «Галіцка-Валынская Русь».
У апісанні Сымона Старавольскага, польскага гісторыка і географа XVII ст., Чырвоная Русь ад поўдня межавала з Венгрыяй, Малдавіяй, Бесарабіяй, з поўначы — з Белай Руссю, якая ляжыць па-над рэкамі Стыр і Прыпяць, з захаду — з Малой Польшчай, з усходу — стэпамі Скіфіі і царствам Масковіі.
Пасля 1772 года ў Аўстрыйскай імперыі для гэтых зямель афіцыйна ўжывалася назва Галіцыя і Ладамерыя, але часам (у навуцы і публіцыстыцы) ужывалася і далей назва Чырвоная Русь.
Як і ў выпадку з Белай і Чорнай Руссю, стэрэатып з часам настолькі глыбока пранік у свядомасць гісторыкаў, што яны часта прыпісваюць ужыванне назвы крыніцам, дзе яна на праўдзе не сустракаецца.
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Белы, А. Хроніка «Белай Русі»: нарыс гісторыі адной геаграфічнай назвы Архівавана 26 верасня 2015. / А. Белы. — Мінск : Энцыклапедыкс, 2000. — 238 с. — ISBN 985-6599-12-1
- Гринблат М. Я. Белорусы. Очерки происхождения и этнической истории (руск.). — Мн.: Наука и техника, 1968. — 288 с.