Афганістан
| |||||
Гімн: «ملی سرود» | |||||
Афіцыйныя мовы | пушту, дары | ||||
Сталіца | Кабул | ||||
Найбуйнейшыя гарады | Кабул, Кандагар, Мазары-Шарыф, Герат, Джэлалабад | ||||
Форма кіравання | Ісламская рэспубліка (дэ-юрэ) Ісламскі эмірат (дэ-факта) | ||||
Прэзідэнт/Эмір Кіраўнік пераходнага ўраду |
вакантна; Амрула Салех[заўв 1][1][2] Ахмад Джалалі | ||||
Дзярж. рэлігія | Іслам (сунізм) | ||||
Плошча • Усяго |
41-я ў свеце 652.864 км² | ||||
Насельніцтва • Ацэнка (2020) • Перапіс (1979) • Шчыльнасць |
38.822.848 чал. 15,5 млн чал. 43,5 чал./км² (150-я) | ||||
ВУП (ППЗ) • Разам (2021) • На душу насельніцтва |
$83,370 млрд $2.474 (167-ы) | ||||
ВУП (намінал) • Разам (2014) • На душу насельніцтва |
$21,747 млрд $695 | ||||
ІРЧП (2013) | ▬0,511 (нізкі) (169-ы) | ||||
Этнахаронім | Афганцы | ||||
Валюта | Афгані (Afs, AFN) | ||||
Інтэрнэт-дамены | .af, افغانستان. | ||||
Код ISO (Alpha-2) | AF | ||||
Код ISO (Alpha-3) | AFG | ||||
Код МАК | AFG | ||||
Тэлефонны код | +93 | ||||
Часавыя паясы | UTC+04:30 і Asia/Kabul[d][3] |
Афганіста́н (пушту: افغانستان, дары: افغانستان) — дзяржава на Сярэднім Усходзе.
Мяжуе з Туркменістанам, Узбекістанам і Таджыкістанам на поўначы, Іранам на захадзе, Кітаем на паўночным усходзе, з Пакістанам на поўдні і паўднёвым усходзе.
Плошча тэрыторыі 652,2 тыс. км². Працягласць межаў складае 5421 км. Выхаду да мора не мае.
Афганістан мае магутны цывілізацыйны падмурак — гісторыя краіны сягае на шмат тысячагоддзяў у мінулае. У рэлігійна-цывілізацыйным ракурсе ў ёй можна выдзеліць чатыры значныя перыяды: зараастрыйскі, эліністычны, будысцкі, мусульманскі. У ХІХ стагоддзі Афганістан апынуўся на мяжы расійскай і брытанскай сфер інтарэсаў, але трывалай калоніяй ніводнай з гэтых дзяржаў так і не стаў. У 1919 годзе Афганістан канчаткова пазбыўся замежных уплываў і ператварыўся ў цалкам незалежную манархію. Перыяд з 1979 года стаў найтрагічнейшым у гісторыі краіны і адзначыўся савецкай акупацыяй, міжусобнай вайной, таталітарным фундаменталісцкім рэжымам талібаў. У 2001 годзе ў час амерыканскага ўварвання ісламістаў адхілілі ад улады. 15 жніўня 2021 года талібы ўзялі сталічны Кабул, скінулі праамерыканскі ўрад і абвясцілі пра стварэнне Ісламскага Эмірата Афганістан.
Адміністрацыйна Афганістан падзяляецца на 34 правінцыі і 366 паветаў. Сталіца — Кабул. Афганістан з’яўляецца членам Арганізацыі ісламскага супрацоўніцтва, рэгіянальнай арганізацыі СААРК (South Asian Association for Regional Cooperation), Руху недалучэння, Групы 77.
Для насельніцтва Афганістана характэрны вельмі высокія тэмпы росту. Шматнацыянальная краіна, у этнічным складзе пераважаюць пуштуны і таджыкі, афіцыйныя мовы — пушту і дары адпаведна. 99 % насельніцтва вызнаюць іслам: 74-89 % — суніты і 9-25 % — шыіты. Тры чвэрці афганцаў жывуць у сельскай мясцовасці. Буйныя гарады: Кабул, Кандагар, Мазары-Шарыф, Герат, Джэлалабад.
Найбяднейшая краіна Азіі, адна з найгорш развітых краін свету. У Афганістане адны з найвышэйшых у свеце паказчыкі ўзроўню тэрарызму, дзіцячай смяротнасці, беднасці, насельніцтва, якое галадае. Індэкс чалавечага развіцця, хоць у 2013—2019 гадах і вырас на 50 тысячных, так і не скрануўся са 169 месца[4]. Грашовая адзінка: афгані, афіцыйны курс трымаецца ў межах 78 афгані за 1 долар ЗША (май 2021).
Нацыянальнае свята адзначаецца 19 жніўня — Дзень аднаўлення незалежнасці (з 1919). Новы год у Афганістане пачынаецца 21 сакавіка. Выхадны дзень — пятніца.
Этымалогія
[правіць | правіць зыходнік]Першая частка назвы — «афган», гэта персідскае слова, што перакладаецца як «маўчанне» ці «бязмоўе»; з цюркскіх моў слова «ауган» («афган») перакладаецца як «які пайшоў, які схаваўся». Экзонім, або вонкавая назва народа — так сярод цюркаў зваліся ўсе замежныя жыхары. Гэта таксама альтэрнатыўная назва пуштунаў — найбуйнейшай этнічнай групы ў краіне. Сапраўды, тэрыторыя Афганістана цяжкадаступная і зручная для плямёнаў, якія па тых ці іншых прычынах сышлі ці перасяліліся ў горы і захоўвалі сваю незалежнасць ад рознага роду заваёўнікаў Цэнтральнай Азіі. Апошняя частка назвы, суфікс «-істан», узыходзіць да індаеўрапейскага кораня «*stā-» («стаяць») і на персідскай мове азначае «месца, краіна». У сучаснай персідскай мове суфікс «-істан» (перс.: ستان) ужываецца для ўтварэння тапонімаў — геаграфічных назваў месцаў пражывання плямёнаў, народаў і розных этнічных груп.
Тэрмін «афганцы» ў якасці назвы народа выкарыстоўваецца, па меншай меры, пачынаючы з ісламскага перыяду. На думку шэрагу навукоўцаў, слова «афганскі» з’яўляецца ўпершыню ў гісторыі ў 982 годзе; тады пад ім разумеліся афганцы розных плямёнаў, якія жылі на заходняй мяжы гор уздоўж ракі Інд[5].
Мараканскі падарожнік Ібн Батута, які наведаў Кабул у 1333 годзе, піша:
Мы падарожнічалі па Кабуле, некалі вялізным горадзе, на месцы якога цяпер пражывае племя персаў, што называюць сябе афганцамі Nancy Hatch Dupree - The Story of Kabul (Mongols)
|
У «Encyclopaedia Iranica»[6] сказана:
З этналагічнага пункту гледжання, «афганскі» — тэрмін, якім на персідскай мове Афганістана называюць пуштунаў. Гэты тэрмін распаўсюджваюцца ўсё больш і за межамі Афганістана, паколькі пуштунскі племянны саюз на сёння з’яўляецца найбольш значным у гэтай краіне, колькасна і палітычна.
Акрамя таго, яна тлумачыць:
Пад назвай «Avagānā» гэтая этнічная група ўпершыню згадваецца індыйскім астраномам Varāha Mihira ў пачатку VI стагоддзя нашай эры ў яго працы «Brihat-samhita».
Гэтая інфармацыя падмацоўваецца і традыцыйнай пуштунскай літаратурай, напрыклад, у працах паэта XVII стагоддзя Хушаль-хана Хатака[7], які пісаў па-пуштунску:
Арабы ведаюць гэта, і ведаюць рымляне: афганцы — гэта пуштуны, пуштуны — гэта афганцы! |
Тэрмін «Афганістан» згадаў у сваіх успамінах імператар Бабур у XVI стагоддзі: у той час гэтае слова азначала землі на поўдзень ад Кабула, дзе ў асноўным і пражываюць пуштуны[8].
Таксама сэр Монсцюарт Элфінстан, які ўзначаліў брытанскую дыпламатычную місію ў Афганістане ў 1808 годзе, у сваёй кнізе «Account of the Kingdom of Cabul and its Dependencies in Persia and India» пісаў, што самі афганцы вераць у тое, што яны з’яўляюцца нашчадкамі яўрэйскага роду, які бярэ свой пачатак ад трэцяга сына Іосіфа Афгана. Зрэшты, тамсама Элфінстан піша аб непацверджанасці гэтай версіі.
Да XIX стагоддзя назва выкарыстоўвалася толькі для традыцыйных зямель пуштунаў, тым часам уся дзяржава ў цэлым была вядома як Кабульскае каралеўства[9]. У іншых частках краіны ў пэўныя перыяды гісторыі існавалі незалежныя дзяржавы, такія як Каралеўства Балхе ў канцы XVIII і ў пачатку XIX стагоддзя[10].
Нарэшце, з пашырэннем і цэнтралізацыяй улады ў краіне, афганскія кіраўнікі прынялі назву «Афганістан» для ўсяго каралеўства. «Афганістан» у якасці назвы дзяржавы згадваецца ў 1857 годзе Фрыдрыхам Энгельсам[11], назва стала афіцыйнай, калі краіна была прызнана сусветнай супольнасцю ў 1919 годзе, пасля атрымання поўнай незалежнасці ад Вялікабрытаніі, і была зацверджана ў гэтай якасці ў Канстытуцыі Афганістана 1923 года[12].
Геаграфія
[правіць | правіць зыходнік]Афганістан — зямля гор, якія займаюць каля 4/5 ягонай плошчы. З паўночнага ўсходу — ад высозных Паміра і Каракарума — на паўднёвы захад цягнуцца хрыбты Гіндукуша з найвышэйшым пунктам краіны, гарой Нашак (7 452 м). На ўсходзе велічныя хрыбты падзеленыя ўрадлівымі далінамі, на захад горы робяцца ніцымі і сухімі, паступова пераходзячы ў Іранскае нагор’е і далей у плато Рэгістана і раўніну ўпадзіны Сістан. Поўнач краіны займае Бактрыйская нізіна з самім нізкім пунктам краіны на беразе Амудар’і ў правінцыі Джаўзджан (258 м). Крайні паўночны ўсход — зямля гор-асілкаў — адрозніваецца высокай сейсмічнасцю: землетрасенні адбываюцца тут незайздросна часта — у 1998, 2002 і 2010 яны забралі дзясяткі, сотні і тысячы чалавечых жыццяў у правінцыі Бадахшан.
Геаграфічнае становішча
[правіць | правіць зыходнік]Афганістан — унутрыкантынентальная дзяржава. Геаграфічна яго адносяць як да Паўднёвай, гэтак і да Цэнтральнай Азіі, за важнасць геаграфічнага становішча на скрыжаванні шляхоў паэтычна называючы «сэрцам» гэтай часткі свету. Пра тое выдатна сказаў пакістанскі паэт Мухамад Ікбал: «Азія — цела з вады і зямлі, а сэрца яе ў Афганістане. Разлад у сэрцы — разлад ва ўсёй Азіі, згода на сэрцы — спакой ва ўсёй Азіі». Плошча «сэрца» каля 652 тыс. км² — крыху болей за Украіну.
Даўжыня межаў Афганістана складае 5 529 км:
- Кітай — 76 км; мяжу з Кітаем Афганістан займеў у 1895 годзе, калі ў выніку афгана-рускай дамовы да тэрыторыі краіны быў прырошчаны буферны Ваханскі калідор; дэмаркавана гэтая высакагорная мяжа была ў 1964 годзе;
- Іран — 936 км;
- Пакістан — 2 430 км; частка афгана-пакістанскай мяжы прыпадае на рэгіён Гілгіт-Балтыстан, на які прэтэндуе Індыя;
- Таджыкістан — 1 206 км;
- Туркменістан — 744 км;
- Узбекістан — 137 км.
Розніца ў часе паміж Мінскам і Кабулам складае 2:30 у зімовы час і 1:30 у летні час (напрыклад, калі ў Мінску 12:00, у Кабуле 14:30 у зімовы час).
Прырода
[правіць | правіць зыходнік]Прырода Афганістана горная і суровая, раўнінныя толькі крайняя поўнач і паўднёвы захад. Клімат умераны і субтрапічны, пераважна горны, адрозніваецца вялікай разнастайнасцю. Рэкі належаць да бяссцёкавых басейнаў Амудар’і (поўнач) і Гільменда (паўднёвы захад), а таксама да басейна Індыйскага акіяна (захад). Флора і фаўна вельмі разнастайныя, хоць лясоў амаль што не засталося.
Клімат разнастайны, высока ў гарах тэмпература студзеня складае −15 °C, а ў ліпені рэдка ўзнімаецца вышэй за 0 °C. Узімку Памір і Гіндукуш апранаюць сапраўдны снежны кажух. Лета найцяплейшае ў пустынных абшарах упадзіны Сістан, даліне Амудар’і і Джэлалабадскай катлавіне (паўсюль сярэдняя тэмпература ліпеня вышэй за +30 °C). У гарах на наветраных схілах выпадае больш за 1 500 мм ападкаў, на большай частцы краіны — 400—600 мм, у пустынях — 200 мм. Упадзіна Сістан — адзін з найзасушлівейшых рэгіёнаў Азіі.
Рэкі поўначы Афганістана належаць да басейна Амудар’і, таму іх гаспадарчае выкарыстанне ў адроджаным Афганістане можа балюча адбіцца на і без таго хворай экалогіі краін Сярэдняй Азіі. Рэкі паўднёвага захаду належаць да басейна ўнутранага сцёку: яны жывяцца ў хрыбтах Гіндукуша расталым увесну снегам і дажджамі і сцякаюць у катлавіну Сістан, дзе ўтвараюць азёры або губляюцца ў балотах і пясках. Найбуйнейшая з гэтых рэчак — Гільменд. Рэкі ўсходу нясуць ваду ў Інд, памерамі і вядомасцю сярод іх вылучаецца Кабул. Свае водныя рэсурсы на сённяшні дзень Афганістан выкарыстоўвае слаба, ірыгацыйныя сістэмы патрабуюць рэканструкцыі.
Горны рэльеф і засушлівы клімат прадвызначылі тое, што большая частка Афганістана занята малапрадукцыйнымі землямі: пяскамі, камяністымі паверхнямі, горнымі і паўпустыннымі пашамі. Урадлівыя і шчыльна населеныя толькі рачныя даліны. Сельскагаспадарчыя землі займаюць каля 12 % плошчы; лясы — толькі каля 3 %. Пераважна хваёвыя лясы з елкамі і лістоўніцамі растуць у асноўным на паўночным усходзе на вышынях ад 2000 да 3000 метраў, найбольшай лясістасцю адрозніваецца правінцыя Нурыстан[13]. Упадзіна Сістан і Рэгістан занятыя паўпустынямі і пустынямі. Бактрыйская нізіна пакрытая пераважна стэпамі.
Жывёльны свет Афганістана багаты і адрозніваецца па рэгіёнах. У гарах усходу жывуць мядзведзь, снежны барс, памірскі горны баран; Бактрыйская нізіна славіца мноствам птушак, з млекакормячых тут маюцца вожыкі, грызуны сямейства гоферавых і шакалы; на поўдні і паўднёвым захадзе сустракаюцца газелі, дзікі, мангусты, а вось гепардаў больш няма. Да эндэмічных відаў адносяцца афганская палятуха і афганскі снежны ўюрок.
Справа аховы прыроды ў Афганістане яшчэ не выведзена на належны ўзровень. Тым не менш, маюцца тры нацыянальныя паркі: Вахан, Нурыстан і Бандзі-Амір. Апошні да савецкага ўварвання быў вельмі папулярны сярод турыстаў.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Слядам чалавека на тэрыторыі сучаснага Афганістана сама меней 50 тысяч гадоў. Да аселага ладу жыцця на афганскай зямлі людзі перайшлі каля 9 тысяч гадоў таму. Паступова тут паўсталі Бактрыйска-Маргіянская (яе паўднёвая ўскраіна), Гільмендская і Індская (паўночная ўскраіна) цывілізацыі. Наступная міграцыя індаарыйцаў прывяла да новага цывілізацыйнага ўздыму, і ў канцы ІІ — першай палове І тыс. да н.э. Афганістан з’яўляўся ўсходняй ускраінай зараастрыйскага свету.
У VI стагоддзі да н.э. рэгіён становіцца правінцыяй персідскай імперыі Ахеменідаў. Праз два стагоддзі сюды прыходзіць Аляксандр Македонскі і, пабраўшыся шлюбам з бактрыйкай Раксанай, распачынае Кабульскую (фактычна, Індыйскую) кампанію. У спадчыну ад македонцаў застаецца Грэка-Бактрыйскае царства — усходні фарпост элінізму. Заваёвы Маур’яў прывялі да пранікнення ў рэгіён будызму, што паступова ператварыўся ў пануючую рэлігію, і індуізму. На рубяжы тысячагоддзяў тут паўстала Кушанскае царства, у якім на працягу трох стагоддзяў поплеч квітнелі будызм, індуізм і хрысціянства.
У VII стагоддзі пачалося пранікненне ісламу з захаду. Апорнымі пунктамі для новай рэлігіі сталі гарады Герат і Зарандж, што кантраляваліся Сасанідамі. Цалкам тэрыторыя Афганістана была ісламізавана паміж ІХ і ХІІ стагоддзямі цягам кіравання дынастый Сафарыдыў, Саманідаў, Газневідаў і Гурыдаў. У высокім і познім Сярэднявеччы і ў пачатку Новага часу зямля Афганістана часткова ўваходзіла ў склад розных імперый: дзяржавы Харэзмшахаў, Дэлійскага султаната, імперыі Цімура, імперыі Вялікіх Маголаў, Сефевідскага Ірана.
Гісторыя Афганістана як згуртавання афганскіх плямёнаў пачынаецца ў 1707 годзе, калі пуштунскі правадыр Мір Вайс-хан Хатакі, заснавальнік дынастыі Хатакі, абвясціў незалежнасць ваколіц Кандагара ад Сефевідаў. Імперыя Хатакі дасягнула найвышэйшага ўздыму ў 1720-х, аднак у 1729 годзе яе войска было ўшчэнт разбіта, а ўсе заваёвы — страчаны. Першая цэнтралізаваная дзяржава на тэрыторыі сучаснага Афганістана са сталіцай зноў жа ў Кандагары была створана ў 1747 годзе палкаводцам іранскай арміі, пуштунам Ахмад-ханам, заснавальнікам дынастыі Дурані. У 1776 годзе Дурані перанеслі цэнтр сваёй дзяржавы ў Кабул, а горад Пешавар (сучасны Пакістан) стаў зімняй сталіцай.
Наступныя падзеі развіваліся на фоне разгорнутай у XIX стагоддзі барацьбы Англіі і Францыі за ўплыў у зоне Персідскага заліва, руху Расіі на поўдзень, захопу сікхамі Пенджаба і Сінда. У 1823 годзе быў захоплены сікхамі Пешавар. Сам жа Афганістан стаў буфернай зонай паміж Брытанскай Індыяй і Расійскім Туркестанам у геапалітычным суперніцтве, што атрымала назву «Вялікая гульня». Адной з галоўных падзей «Гульні» стаў захоп Афганістана брытанскімі войскамі падчас Першай афгана-брытанскай вайны (1839—1842). Аднак нязвыкла суровыя для індыйскіх карпусоў зімы і супраціў мясцовых плямёнаў змусілі падданых каралевы пакінуць непрыветныя горы.
У 1919 годзе ў выніку перавароту да ўлады ў Кабуле прыйшоў эмір Аманула-хан, які аб’яднаў канфліктуючыя групоўкі і ўзяў курс на сацыяльна-палітычныя і эканамічныя рэформы, каб ліквідаваць феадалізм. З 1933 па 1973 гады Афганістан з’яўляўся канстытуцыйнай манархіяй. 17 ліпеня 1973 года ў выніку перавароту, які ўзначальваў Мухамед Дауд, быў зрынуты кароль Махамад Захір Шах і абвешчана Рэспубліка Афганістан.
У красавіку 1978 года, пасля так званай «красавіцкай рэвалюцыі», да ўлады прыйшла Народна-дэмакратычная партыя Афганістана (НДПА). Краіна была абвешчана Дэмакратычнай Рэспублікай Афганістан (ДРА). Вышэйшым органам улады стаў Рэвалюцыйны савет, які ўзначаліў Нур Махамад Таракі. Дзеючая на той момант Канстытуцыя ад 14 лютага 1977 года была адменена. 16 верасня 1979 года Таракі быў адхілены ад улады яго найбліжэйшым паплечнікам Хафізулой Амінам, які перад гэтым займаў пасаду прэм’ер-міністра і міністра абароны Афганістана. Нягледзячы на просьбы кіраўніцтва СССР і асабіста Генеральнага сакратара ЦК КПСС Леаніда Брэжнева, 9 кастрычніка 1979 года Таракі быў забіты па загадзе Аміна (задушаны падушкамі).
25 снежня 1979 года па дамоўленасці з кіраўніком краіны Х. Амінам і з мэтай аказання падтрымкі ўраду НДПА ў Афганістан былі ўведзены савецкія войскі. Амін выказаў падзяку савецкаму кіраўніцтву. 27 снежня 1979 года савецкія спецгрупы штурму захапілі ўрадавую рэзідэнцыю ў Кабуле і забілі Аміна. Падчас бою загінулі больш як 200 афганскіх салдат і афіцэраў, два малалетнія сыны Аміна і чатырнаццаць савецкіх вайскоўцаў. Савецкія войскі знаходзіліся ў Афганістане да 1989 года. Значная частка афганскага народу паднялася на ўзброеную барацьбу з «абмежаваным кантынгентам» вялікага паўночнага суседа і мясцовымі фармаваннямі фактычна марыянетачнага прэзідэнта Наджыбулы, афганскія партызаны сталі вядомыя свету пад імем маджахедаў.
Пасля адыходу Саветаў непапулярны і варожы большасці афганцаў рэжым Наджыбулы хутка рухнуў, але міру гэта не прынесла. Учорашнія маджахеды развязалі крывавую грамадзянскую вайну, у выніку якой у 1996 годзе ўладу захапілі радыкальныя ісламісты з групоўкі «Талібан». Талібы — а кантралявалі яны тры чвэрці краіны — ператварылі Афганістан у таталітарны сярэднявечны халіфат і базу для міжнароднага тэрарызму. Сталіца краіны была перанесена ў населены пуштунамі Кандагар. Жыхары краіны былі пазбаўленыя элементарных грамадзянскіх правоў, найдрабнейшыя адхіленні ад норм шарыяту сурова караліся. Акрамя рэпрэсій супраць сваіх грамадзян, талібы праславіліся яшчэ і генацыдам культурным, найгнуснейшым актам якога стала знішчэнне статуй Буды ў Баміяне. У 2001 годзе да Паўночнага Альянсу — адзінай сілы, што супрацьстаяла рэжыму талібаў, — далучыліся абураныя тэрактамі 11 верасня ў Нью-Ёрку заходнія дзяржавы на чале з ЗША. На працягу наступнага года талібы былі выбіты з найбуйнейшых гарадоў, і з таго часу Афганістан паступова вяртаецца ў рэчышча нармальнага жыцця. Пачынаючы з 2002 года ў Афганістан было рэпатрыявана каля 5 мільёнаў чалавек.
У кастрычніку 2004 года адбыліся прэзідэнцкія выбары, па выніках якіх прэзідэнтам Афганістана стаў Хамід Карзай. У студзені 2004 года быў прыняты Асноўны закон Афганістана, у верасні 2005 года прайшлі выбары ў вышэйшы заканадаўчы орган — двухпалатную Нацыянальную Асамблею (парламент). У 2006 годзе парламент зацвердзіў міністраў у склад дзеючага ўрада, сфарміраванага Хамідам Карзаем пасля яго ўступлення на пасаду кіраўніка ІРА. Чарговыя прэзідэнцкія і парламенцкія выбары ў Афганістане прайшлі ў 2009 і 2010 гадах адпаведна. Карзай быў абраны на другі тэрмін. У 2014 прэзідэнтам стаў Ашраф Гані, а ў снежні таго ж года НАТА фармальна завяршыла антытэрарыстычную аперацыю, перадаўшы вайсковыя справы афганскаму ўраду.
У жніўні 2021 года ўладу ў краіне захапілі талібы.
Дзяржаўны лад
[правіць | правіць зыходнік]З 2021 года краіна мае назву Ісламскі Эмірат Афганістан. Улада належыць руху Талібан.
Адміністрацыйны падзел
[правіць | правіць зыходнік]Афганістан адміністрацыйна дзеліцца на 34 правінцыі. Яны дзеляцца на 398 раёнаў.
Насельніцтва
[правіць | правіць зыходнік]Колькасць насельніцтва Афганістана, паводле экспертных ацэнак ААН, складае прыблізна 38 мільёнаў чалавек. А вось паводле афганскай статыстыкі, на тэрыторыі краіны пражывае блізу 33 млн чалавек — падлічыць людзей у горнай краіне, падзеленай міжусобіцай, няпроста. У любым разе за пачатак ХХІ стагоддзя насельніцтва Афганістана павялічылася ўдвая, у тым ліку за кошт рэпатрыяцыі пяці мільнёнаў афганскіх бежанцаў, што дадалі дэмаграфічнаму выбуху яшчэ большай сілы. Хуткасць росту насельніцтва тут найвялікшая па-за межамі Афрыкі і адна з найвышэйшых у свеце. За першыя дзесяцігоддзі XXI стагоддзя яна скарацілася, у параўнанні з падзеннем у суседзяў па Азіі, зусім нязначна: ад 2,97 % у 2002 годзе да 2,35 % у 2021 [14]. Найважнейшым складнікам прыросту з’яўляецца вельмі высокая нараджальнасць (36 чалавек на 1000 у 2021 годзе)[14]. Смяротнасць таксама немалая (12,5 чал. на 1000), хоць і добра скарацілася ад талібскіх часоў, дзякуючы развіццю медыцыны. Насельніцтва краіны вельмі маладое: сёння сярэдняму афганцу каля 20 гадоў, а доля дзяцей і падлеткаў складае 40 %. Сярэдняя працягласць жыцця, што пры талібах была роўнай 42 гадам (адна з найніжэйшых у свеце), вырасла да 52 гадоў, але застаецца адной з найніжэйшых у свеце.
Трэба адзначыць, што каля 3 мільёнаў афганцаў дагэтуль туляюцца ў лагерах для бежанцаў у суседніх Пакістане і Іране, а шмат хто паспеў там нарадзіцца і вырасці. На працягу 1980-х — 2010-х Афганістан застаецца «найбуйнейшым пастаўшчыком» выгнаннікаў на дарогі свету.
У Афганістане пражывае больш за 20 народнасцей (пуштуны, таджыкі, узбекі, хазарэйцы, туркмены, кызылбашы і інш). Самая шматлікая этнічная група — пуштуны, прыблізна 48 % насельніцтва. Таджыкаў каля 22 %, узбекаў каля 9 %, блізу 7 % насельніцтва складаюць хазарэйцы. Маецца яшчэ дзесяць значных нацыянальных меншасцей, чые імёны пералічваюцца ў тэксце нацыянальнага гімна. Пуштунская большасць размаўляе на пушту, але гістарычна склалася, што функцыі лінгва франка выконвае дары — мова афганскіх таджыкаў і (у дыялектным выглядзе) хазарэйцаў, практычна ідэнтычная персідскай і таджыкскай мовам. Дары валодае 77 % насельніцтва, і білінгвізм у Афганістане —— звычайная справа. Статус рэгіянальных маюць узбекская, туркменская, белуджская і некаторыя іншыя мовы. З замежных моў найбольш пашыраны веды хіндзі і ўрду (дзякуючы вяртанню мігрантаў з Пакістана і папулярнасці балівудскіх фільмаў), а таксама англійскай і рускай моў, апошняя выкладалася ў школах у 1980-х.
Афганістан з’яўляецца монаканфесійнай краінай: 99 % вернікаў (а вераць тут амаль усе) — гэта мусульмане. Усе асноўныя этнічныя групы прытрымліваюцца суніцкага ісламу, хазарэйцы — шыіты. Увогуле звесткі аб колькасці шыітаў моцна розняцца і вар’іруюцца ад 9 да 25 % насельніцтва. Ад 30 000 да 150 000 індусаў і сікхаў жывуць у розных гарадах, але большая частка ў Джалалабадзе, Кабуле і Кандагары. Раней у Афганістане жылі іўдзеі, большасць з якіх пакінула краіну ў 1979 годзе пасля савецкай агрэсіі. Але прынамсі адзін яўрэй жыў у Афганістане да 2021 года — Заблон Сімінтаў , які працаваў вартаўніком у гэткай жа самотнай герацкай сінагозе. Колькасць хрысціян складае ад 500 да 8000 чалавек, яны церпяць пераслед і не маюць ніводнага дзеючага храма.
Шчыльнасць насельніцтва Афганістана перавысіла 50 чалавек на км², што для Паўднёвай Азіі зусім не густа. Доля гарадскога насельніцтва складае каля 26 %, менш у Азіі толькі ў Непале, Камбоджы і на Шры-Ланцы. Астатнія тры чвэрці афганцаў вядуць сельскі лад жыцця, у тым ліку 5 % — качавы. Адзіны горад-мільянер — Кабул (каля 4 млн чалавек); іншыя буйныя гарады: Герат, Кандагар, Мазары-Шарыф, Кундуз, Джалалабад — усе месцяцца ў перадгор’ях цэнтральнага горнага масіву, утвараючы нібыта кальцо.
Эканоміка
[правіць | правіць зыходнік]Афганістан — адна з найбольш эканамічна адсталых краін Еўразіі. ВУП у разліку на аднаго жыхара не перавышае трох тысяч долараў ЗША, што не калола б вочы ў Афрыцы, але ў Азіі бяднейшы толькі Емен. Між тым адныя толькі багацці афганскіх нетраў ацэньваюцца ў больш як трыльён долараў ЗША[15]. Большая частка эканамічна актыўнага насельніцтва краіны занятая ў сельскай гаспадарцы, малаэфектыўнай і напалову натуральнай. Прамысловасць прадстаўлена толькі ў вялікіх гарадах, узровень развіцця сферы паслуг таксама не адпавядае сусветным стандартам. Адсталасць Афганістана абумоўлена геаграфічнымі (складаны горны рэльеф разам з адсутнасцю выхаду да мора), палітычнымі (інтэрвенцыя, што перацякла ў бясконцую грамадзянскую вайну), і эканамічнымі (вялікая роля ценявога сектару, у тым ліку звязанага з вытворчасцю наркотыкаў) фактарамі.
Нацыянальная эканоміка Афганістана практычна поўнасцю залежыць ад замежнай дапамогі, таму галоўным напрамкам знешнеэканамічнай дзейнасці Кабульскай адміністрацыі з’яўлялася прыцягненне ў эканоміку краіны міжнародных інвестыцый, фінансавай і эканамічнай дапамогі, якая здзяйснялася па каналах ААН, прамымі фінансавымі ўнёскамі ў бюджэт, а таксама вялікім лікам замежных няўрадавых арганізацый. Найбуйнейшымі донарамі з’яўляліся ЗША, Японія, Еўрасаюз, Германія, Сусветны Банк, Азіяцкі банк развіцця, іншыя краіны і міжнародныя арганізацыі. Афганскім кіраўніцтвам гарантавалася бяспека прадпрымальніцтва, заахвочванне, абарона і гарантыя прыватных інвестыцый, а таксама недатыкальнасць уласнасці.
Афганістан мае буйныя запасы медзі, прыроднага газу, золата, берылію, смарагдаў, каменнага вугалю і солі, але горназдабыўная прамысловасць развіта слаба праз кепскую геалагічную разведанасць і слабую асвоенасць тэрыторыі краіны, а яшчэ праз няздольнасць цэнтральнага ўраду кантраляваць ледзьве не палову дзяржаўнай тэрыторыі. Сярод галін апрацоўчай прамысловасці развіццё атрымалі лёгкая, харчовая, цэментная.
Асноўны від транспарту — аўтамабільны, зусім не таму, што ён добра развіты — ад часоў Захір Шаха дэградавалі і аўтадарогі; але таму, што з чыгуначным транспартам усё зусім кепска, а выхаду да мора і суднаходных рэк Афганістан не мае. Кабул мае інтэнсіўныя аўтамабільныя зносіны з Пакістанам, Герат — з Іранам. Гэтымі шляхамі ўцякалі з Афганістана і вярталіся на радзіму мільёны бежанцаў.
Традыцыйныя тавары экспарту: сухафрукты, бавоўна, дываны, каракуль. Асноўны імпарт: прамысловае абсталяванне, бытавая тэхніка, транспартныя сродкі, нафтапрадукты, харчаванне.
Адметная негатыўная рыса эканомікі апошніх гадоў — павелічэнне ценявога сектара (вытворчасць наркатычных сродкаў). Пасля ўварвання войскаў ЗША і НАТА вытворчасць наркотыкаў павялічылася ў некалькі разоў і працягвае расці. У Афганістане вырабляецца больш за 90 % опіума, які паступае на сусветны чорны рынак. Паводле падлікаў (2017) вырошчваннем опіумнага маку занята каля 400 тыс. афганскіх сялян[16]. Плошча опіумных плантацый складае ад 100 да 200 тыс. га. У штогадовым дакладзе ўпраўлення ААН па наркотыках і злачыннасці (UNODC), апублікаваным у канцы 2000-х, сцвярджалася, што «яшчэ ні адна краіна ў свеце, акрамя Кітая сярэдзіны XIX стагоддзя, не рабіла столькі наркотыкаў, колькі сучасны Афганістан». Паводле той жа крыніцы, экспарт апіятаў з Афганістана ацэньваўся лічбай у дыяпазоне ад 1,2 да 2,1 млрд $, што больш за афіцыйны экспарт краіны[17]. Пераважна на афганскай зямлі раскінуўся Залаты ветах — міжнародная тэрыторыя вырошчвання опіумнага маку, што таксама ўключае суседнія раёны Пакістана і Ірана і мае адпаведную форму.
Узброеныя сілы
[правіць | правіць зыходнік]Афіцыйная назва ўзброеных сіл Афганістана з 2021 года — Армія Ісламскага Эмірата.
Заўвагі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Самаабвешчаны.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Віцепрезидент Афганістану оголосив себе главою країни і закликав чинити опір талібам // Newsua
- ↑ Заява Амрулы Салеха ў сацыяльнай сетцы Twitter; Копія ў WaybackMachine
- ↑ а б в https://data.iana.org/time-zones/tzdb-2021e/asia
- ↑ http://hdr.undp.org/sites/default/files/hdr2020.pdf
- ↑ Morgenstierne, G. (1999). "AFGHĀN". Encyclopaedia of Islam (CD-ROM Edition v. 1.0 ed.). Leiden, The Netherlands: Koninklijke Brill NV.
- ↑ «Afghan» Архівавана 28 лютага 2009. (with ref. to «Afghanistan: iv. Ethnography») by Ch. M. Kieffer, Encyclopaedia Iranica Online Edition 2006.
- ↑ «Afghan Poetry Of The 17th Century: Selections from the Poems of Khushal Khan Khattak», extract from «Passion of the Afghan» by Khushal Khan Khattak; translated by C. Biddulph, London, 1890.
- ↑ «Transactions of the year 908» by Zāhir ud-Dīn Mohammad Bābur in Bāburnāma, translated by John Leyden, Oxford University Press, 1921.
- ↑ Elphinstone, M., «Account of the Kingdom of Cabul and its Dependencies in Persia and India», London, 1815; published by Longman, Hurst, Rees, Orme & Brown.
- ↑ E. Bowen, «A New & Accurate Map of Persia» in A Complete System Of Geography, Printed for W. Innys, R. Ware [etc.], London, 1747
- ↑ MECW Volume 18, p. 40; The New American Cyclopaedia — Vol. I, 1858
- ↑ Afghanistan’s Constitution of 1923 Архівавана 26 лютага 2015. under King Amanullah Khan (англ.)
- ↑ https://cropwatch.unl.edu/documents/Forests%20of%20Afghanistan.pdf
- ↑ а б https://www.cia.gov/the-world-factbook/countries/afghanistan/#people-and-society
- ↑ https://www.bloomberg.com/news/articles/2013-12-15/karzai-tells-investors-u-s-will-meet-his-security-pact-demands
- ↑ https://www.politifact.com/factchecks/2017/apr/04/ted-yoho/yoho-afghanistan-poppy-growth-way/
- ↑ https://www.unodc.org/documents/crop-monitoring/Afghanistan/20210217_report_with_cover_for_web_small.pdf