Комплекс будынкаў БНТУ
Комплекс будынкаў Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта (былога Беларускага політэхнічнага інстытута) ў Мінску займае квартал, абмежаваны праспектам Незалежнасці, вуліцамі Якуба Коласа, Багдана Хмяльніцкага і Дарашэвіча. Ансамбль будынкаў былога політэхнічнага інстытута — твор архітэктуры класіцыстычнага напрамку[1]. Для архітэктуры гэтага буйнога вучэбнага гарадка характэрны такія рысы, як ансамблевы характар забудовы, манументальнасць і параднасць архітэктурнай кампазіцыі[2].
Комплекс будынкаў Беларускага нацыянальнага тэхнічнага універсітэта, які ўключае галоўны корпус (пр. Незалежнасці, 65), інтэрнат № 2 (пр. Незалежнасці, 67), вучэбны корпус № 18 (пр. Незалежнасці, 67/2), вучэбны корпус № 9 (вул. Якуба Коласа, 14), сталовая (вул. Якуба Коласа, 18), інтэрнат № 3 (пр. Незалежнасці, 63), інтэрнат № 4 (пр. Незалежнасці, 61), вучэбны корпус № 4 (пр. Незалежнасці, 59/1), жылы будынак рэктара (пр. Незалежнасці, 65), клуб (пр. Незалежнасці, 65), вучэбны корпус № 2 (пр. Незалежнасці, 65/2), вучэбны корпус № 13 (вул. Якуба Коласа, 22/2), вучэбны корпус № 14 (вул. Якуба Коласа, 22/3) і вучэбны корпус № 7 (вул. Якуба Коласа, 24), унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, як помнік рэспубліканскага значэння.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Будаўніцтва комплекса будынкаў Палітэхнікума[3] па Барысаўскім тракце пачалося ў 1930 годзе. Праект у стылі канструктывізму выканаў архітэктар Георгій Лаўроў[4].
Комплекс будынкаў складаўся з навучальнага корпуса (дом № 65) і корпуса інтэрната (№ 67 корпус 2)[4], якія былі пастаўлены далёка ад «чырвонай лініі» забудовы[1] і ўтваралі складаную структуру, пабудаваную на канструктывісцкіх прынцыпах разгалінаванага размяшчэння аб’ёмаў рознага функцыянальнага прызначэння. У аснове аб’ёмна-прасторавага рашэння пры складанай канфігурацыі агульнага плана выкарыстаны прыём кампазіцыйнага спалучэння рознавысокіх аб’ёмаў. Т-падобныя ў плане, яны арыентаваны адносна адзін аднаго такім чынам, што галоўны фасад навучальнага корпуса працягваецца направа «дваровымі фасадамі» будынка інтэрната, галоўны фасад якога накіраваны ўздоўж вул. Акадэмічнай перпендыкулярна да фасада галоўнага корпуса. Такая арганізацыя прасторы пры шматпланавым «рэльефе» фасадаў дазволіла стварыць выразную кампазіцыйную структуру. Пасля ў развіццё гэтай прасторавай арганізацыі на рагу вул. Акадэмічнай і Барысаўскага тракта (сёння пр. Незалежнасці) быў пабудаваны Г-падобны ў плане будынак інтэрната (№ 67 корпус 1), які стварыў у паўночна-ўсходняй частцы комплексу своеасаблівы бакавы курданёр[4].
Будынак галоўнага навучальнага корпуса меў асіметрычнае кампазіцыйна-прасторавае рашэнне. Структура яго ўтворана выступаючым аб’ёмам цэнтральнага ўваходу вышынёй у 1,5 паверхі, паднятага (з улікам рэльефу мясцовасці) на ўзровень верхняга краю аконных праёмаў першага паверху правага крыла будынка, і размешчаным злева ад яго вертыкальным аб’ёмам лесвічнай клеткі з традыцыйна-канструктывісцкім стужачным зашкленнем, а таксама выведзеным на другі план цэнтральным 4-павярховым аб’ёмам. Гэты кампазіцыйны вузел падкрэслены западаннем фасада правага аб’ёму будынка[4].
Паводле праекта, левая частка будынка ўяўляла сабой кампазіцыю з 2-павярховага аб’ёма з паўтарасветлавым верхнім паверхам актавай залы і тарцавым завяршэннем паўцыліндрычнай формы, да якога прылягае па фасаднай плоскасці аднапавярховы аб’ём з дахам-тэрасай[4]. У канструктывісцкай стылістыцы вырашана і кампазіцыйная структура будынка інтэрната, у прыватнасці яго дваровыя фасады, якія з’яўляюцца працягам фасада галоўнага навучальнага корпуса Характэрным у кампазіцыйным рашэнні фасадаў будынка інтэрната з’яўляюцца здвоеныя аконныя праёмы, якія захоўваюць такі ж, як і ў навучальным корпусе, малюнак рам . У тым жа ключы вырашаны дваровыя фасады галоўнага корпуса і інтэрната, якія ўтвараюць вялікі двор-курданёр. Галоўны фасад будынка інтэрната ў гэтай кампазіцыйнай структуры не ўдзельнічаў і ўяўляе самастойны аб’ект успрымання з боку вул. Акадэмічнай[4].
-
Першапачатковы праект Г. Лаўрова ў стылі канструктывізму
-
Першапачатковы праект Г. Лаўрова, бакавы фасад
-
Будаўніцтва інстытута ў 1931 годзе па праекце Лаўрова. Заўважныя некаторыя адрозненні ад праекта - правае крыло будынка цалкам чатырохпавярховае, а не ступеньчатае, як у праекце.
Будаўніцтва галоўнага навучальнага корпуса пачалося ў 1930 годзе. Да гэтага часу ў будынку інтэрната ўжо выконваліся ўнутраныя працы, і да 1 лістапада 1932 г. ён быў гатовы на 98 %. Узвядзенне галоўнага корпуса зацягнулася з прычыны арганізацыйных праблем, недастатковага фінансавання, дэфіцыту будматэрыялаў і абсталявання. Тым не менш да кастрычніка 1931 г. будынак «… ўзведзены цагляным мурам на ўсе паверхі, за выключэннем паўкруглай (левай) часткі, да стварэння якой прыступілі»[4].
У той час ён ужо быў накрыты дахам і зашклёны. Па праекце аздабленне сцен будынкаў меркавалася выканаць тынкоўкай цёмнага тону, але да гэтага справа не дайшла. Да 1934 года атынкавалі толькі аб’ём уваходнага блока галоўнага корпуса, але будынак інтэрната ўжо мела цёмную афарбоўку сцен. Галоўны навучальны корпус ужо Політэхнічнага інстытута быў здадзены ў эксплуатацыю ў няскончаным выглядзе да пачатку 1934 навучальнага года[4].
Цалкам будаўніцтва аб’екта па праекце архітэктара Георгія Лаўрова завершана не было, было прынята рашэнне аб перабудове яго пад новыя патрабаванні. Праект перабудовы будынка галоўнага навучальнага корпуса быў выкананы ў 1935—1936 гг. маладым архітэктарам Наталляй Макляцовай у стылістыцы постканструктывісцкай манументальнасці. Было не толькі часткова зменена функцыянальнае прызначэнне асобных памяшканняў і павялічаны аб’ём навучальных плошчаў левай часткі будынка, якая падверглася найбольшай перабудове, але зменена і першапачатковае архітэктурна-стылістычнае рашэнне цэнтральнай, уваходнай часткі будынка[4]. Галоўнаму корпусу нададзена сіметрычнае вырашэнне, воссю сіметрыі стаў цэнтральны кубічны аб’ём[1]. На гэта, верагодна, паўплывала і негатыўнае стаўленне да канструктывізму ў той час[4]. Гэта быў не першы выпадак, калі праект Лаўрова быў аддадзены на перапрацоўку іншым архітэктарам. Такое становішча спраў не магло доўга задавольваць архітэктара, і ў 1934 годзе Георгій Лаўроў пакінуў Менск[5].
-
Фасад і план галоўнага корпуса па праекце Н. Макляцовай.
-
Будаўніцтва інстытута ў 1935 годзе. Вонкавы выгляд будынка ўжо зменены, набыўшы сіметрыю і дэкор
-
1940
-
1941. На пярэднім плане пахаванні нямецкіх салдат
У час Вялікай Айчыннай вайны ў галоўным корпусе размяшчаўся лазарэт для савецкіх ваеннапалонных. Тут дзейнічала група падпольшчыкаў, якая перапраўляла ваеннапалонных у лясы.
Пасляваенны перыяд
[правіць | правіць зыходнік]Пасля Вялікай Айчыннай вайны разбураныя будынкі інстытута адноўлены. У галоўным корпусе ў 1946—1952 гадах па праекце архітэктараў Льва Рымінскага і Любові Усавай зменены вестыбюльная група памяшканняў, фасады. Цэнтральная частка будынка была ўпрыгожана порцікам[1]. У 1952—1956 гадах па праекце архітэктараў Сяргея Мусінскага і Георгія Сысоева ўзведзены 3 пяціпавярховыя карпусы інтэрнатаў[1].
У 1950—1980-я гады да галоўнага корпуса дабудаваны аб’ём бібліятэкі і спартыўны корпус (архітэктар Н. Шпігельман і інш.), паводле тыпавых праектаў пабудаваны навучальныя карпусы, сталовая па 500 месцаў[1].
Архітэктура
[правіць | правіць зыходнік]Будынак галоўнага корпуса пастаўлены далёка ад «чырвонай лініі» забудовы праспекта Незалежнасці, разам з іншымі будынкамі розных часоў утварае курданёр з шырокай параднай алеяй і скверамі па баках. Развітае ў глыбіню забудовы Ш-падобнае ў плане збудаванне падоўжана па фронту забудовы, мае цэнтральны і бакавыя рызаліты, якія выступаюць па галоўным фасадзе. Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя, як і дэкаратыўная апрацоўка фасадаў, значна зменена пры перабудовах, звязаных з расшырэннем і рэканструкцыяй будынка[1]. Галоўны ўваход аформлены шасцікалонным порцікам, пастаўленым на высокі цокаль і завершаны трохвугольным франтонам са скульптурнай эмблемай у цэнтры. Бакавыя крылы чляняцца гарызантальнай цягай, завяршаюцца ляпным фрызам і карнізам. Аконныя праёмы на ўзроўні трэцяга паверха аздоблены ліштвамі і сандрыкамі[2].
Узведзеныя ў 1950-я гг. па чырвонай лініі праспекта пяціпавярховыя карпусы інтэрнатаў пастаўлены сіметрычна да галоўнага корпуса і ўтвараюць парадны двор. У вырашэнні іх фасадаў выкарыстаны элементы класіцыстычнага дэкору[2].
Дабудаваны да галоўнага корпуса аб’ём бібліятэкі і спартыўны корпус, звязаныя з ім у адзіны архітэктурны ансамбль. Фасады будынкаў апрацаваны дэкаратыўнай тынкоўкай зеленаватага тону[2].
Паводле тыпавых праектаў пабудаваны вучэбныя карпусы і сталовая[2].
Комплекс будынкаў на Барысаўскім тракце
[правіць | правіць зыходнік]У 1982 годзе па праекце архітэктараў Ігара Есьмана і Віктара Анікіна па Ленінскім праспекце (цяпер праспект Незалежнасці), на скрыжаванні з кальцавой аўтамагістраллю пабудаваны 8-павярховы корпус — галоўны навучальна-лабараторны і інтэрнаты архітэктурнага і будаўнічага факультэтаў[1].
Размяшчэнне
[правіць | правіць зыходнік]№ | Выява | Назва | Адрас | Дата
ўзвядзення |
Архітэктары | Статус | |
---|---|---|---|---|---|---|---|
1 | Галоўны корпус | Навучальны корпус | пр. Незалежнасці, 65 | 1930-1933 | Георгій Лаўроў | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 712Г000197 | |
1936 (рэканструкцыя) | Наталля Макляцова | ||||||
1950 (рэканструкцыя) | Леў Рымінскі, Генадзь Баданаў, Любоў Усава | ||||||
2 | Бібліятэка
(корпус № 5) |
пр. Незалежнасці, 65 корпус 7 | 1960 | праект 1954: Кудрашоў і Мароз
дапрацоўка праекта 1956: М. Бакланаў і Л. Сабалеўскі 1960: Юрый Грыгор'еў, Любоў Усава |
|||
3 | Спартыўны комплекс | пр. Незалежнасці, 65 корпус 6 | 1973 | ||||
4 | Жылы будынак рэктара | пр. Незалежнасці, 65/4 | 1946 | ||||
5 | Выставачны павільён (клуб) | пр. Незалежнасці, 65/1 | 1947 | ||||
Навучальны корпус № 3 | пр. Незалежнасці, 65/3 | ||||||
6 | Корпус № 4 | пр. Незалежнасці, 59/1 | 1936 | Наталля Макляцова | |||
1946-1950 (рэканструкцыя) | Д. Герашчанка, Л. Усава, Г. Баданаў, А. Брэгман, Л. Рымінскі, І. Рудэнка | ||||||
7 | Корпус № 18 | пр. Незалежнасці, 67/2 | 1947 | ||||
8 | Навучальны корпус № 2 | пр. Незалежнасці, 65/2 | 1948 | ||||
Навучальны корпус № 7 | вул. Я.Коласа, 22 | 1961 | |||||
Навучальны корпус № 14 | вул. Я.Коласа, 22/3 | 1951 | |||||
Інтэрнат № 2 | пр. Незалежнасці, 67/1 | 1952 | С. Мусінскі, Г. Сысоеў, Шаўцоў, Мартынаў, І. Рудэнка, Д. Герашчанка, М. Дабужская | ||||
Інтэрнат № 3 | пр. Незалежнасці, 63 | 1952 | С. Мусінскі, Г. Сысоеў, Шаўцоў, Мартынаў, І. Рудэнка, Д. Герашчанка, М. Дабужская | ||||
Корпус № 13 | вул. Я.Коласа, 22/2 | 1953 | |||||
Інтэрнат № 4 | пр. Незалежнасці, 61 | 1954 | С. Мусінскі, Г. Сысоеў | ||||
Сталовая | вул. Я.Коласа, 18 | 1958 | |||||
Навучальна-вытворчы корпус № 9 | вул. Я.Коласа, 14 | 1962 | |||||
Зноскі
- ↑ а б в г д е ё ж 162. Комплекс будынкаў Беларускага політэхнічнага інстытута // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1988. — Мінск. — 333 с.: іл. — ISBN 5-85700-006-8.
- ↑ а б в г д Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь: [Даведнік] / склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. — Мн.: БЕЛТА, 2009. — 684 с. — 1 000 экз. — ISBN 978-985-6828-35-8.
- ↑ па праектна-будаўнічай і дзелавой дакументацыі да лета 1933 года аб’ект фігураваў пад назвай Палітэхнікум
- ↑ а б в г д е ё ж з і Юрий Жутяев. Первое здание БПИ: 1930-1935 гг. // «Архитектура и строительство». — 2016. — № 5.
- ↑ Полет пролетарской фантазии. Нереализованные архитектурные проекты БССР межвоенного времени Архівавана 19 студзеня 2021.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- 162. Комплекс будынкаў Беларускага політэхнічнага інстытута // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1988. — Мінск. — 333 с.: іл. — ISBN 5-85700-006-8.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх
- Комплекс будынкаў БНТУ на сайце «Архіварта»
- Гісторыка-культурныя каштоўнасці Рэспублікі Беларусь
- Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт
- Будынкі і збудаванні Мінска
- Будынкі і збудаванні Георгія Лаўрова
- Будынкі і збудаванні Наталлі Макляцовай
- Будынкі і збудаванні Любові Усавай
- Будынкі і збудаванні Льва Рымінскага
- Будынкі і збудаванні Сяргея Мусінскага
- Будынкі і збудаванні Георгія Сысоева
- Будынкі і збудаванні Нуты Шпігельмана
- Праспект Незалежнасці (Мінск)
- Вуліца Якуба Коласа (Мінск)