Багдад
Багдад | |||||
араб. بغداد | |||||
| |||||
Дата заснаваньня: | 762[1] | ||||
Краіна: | Ірак | ||||
Мэр: | Мангаль Аль-Габубі[d] | ||||
Плошча: |
| ||||
Вышыня: | 34 м н. у. м. | ||||
Насельніцтва: | |||||
Часавы пас: | UTC+3 | ||||
летні час: | UTC+4 | ||||
Паштовы індэкс: | 10001–10090 | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 33°18′55″ пн. ш. 44°21′58″ у. д. / 33.31528° пн. ш. 44.36611° у. д.Каардынаты: 33°18′55″ пн. ш. 44°21′58″ у. д. / 33.31528° пн. ш. 44.36611° у. д. | ||||
Багдад | |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы | |||||
https://amanatbaghdad.gov.iq |
Багда́д (па-арабску: بغداد) — сталіца Іраку, адміністрацыйны цэнтар мухавазы Багдад. Насельніцтва Багдаду ў 2011 годзе складала каля 7 216 040 чалавек. Гэта самы вялікі горад у Іраку[3], другі па велічыні горад у арабскім сьвеце пасьля Каіру й другі па велічыні горад у Заходняй Азіі пасьля Тэгерану.
Разьмешчаны на беразе ракі Тыгр каля ўпадзеньня ракі Дыяла, горад быў заснаваны ў 762 годзе й стаў сталіцай халіфата Абасыдаў. Першапачатковая назва гораду — Мадынат ас-Салам («Горад Спакою») шырока не ўжывалася, і горад атрымаў сучасную назву ад разьмешчанай паблізу вёскі. На працягу кароткага часу ад ягонага стварэньня, Багдад ператварыўся ў значны культурны, камэрцыйны й інтэлектуальны цэнтар ісламскага сьвету. У дадатак да зьмяшчэньня тут некалькіх выбітных навуковых установаў, як то Дом Мудрасьці атрымаў горад рэпутацыю «Цэнтру навучаньня». На працягу Сярэднявечча, Багдад лічыўся самым буйным горадам у сьвеце з насельніцтвам у 1,2 мільёну чалавек[4]. Горад быў разбураны й спалены, калі знаходзіўся пад уладай Мангольскай імпэрыі ў 1258 годзе, у выніку чаго ён затрымаўся ў сваім разьвіцьці на некалькі стагодзьдзяў, пакутуючы ад шматлікіх эпідэміяў. З прызнаньнем Ірака як незалежнай дзяржавы (раней існаваў брытанскі мандат ў Мэсапатаміі) у 1938 годзе Багдад паступова аднавіў сваю вядомасьць як важны цэнтар арабскай культуры.
У сучасных умовах горад часьцяком сутыкаецца з сур’ёзнымі інфраструктурнымі пашкоджаньнямі, у апошні час з-за амэрыканскага ўварваньня ў Ірак у 2003 годзе й далейшую вайну, якая доўжылася да 2010 году. У горадзе досыць часта праходзяць тэрарыстычныя акты.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Невялікія паселішчы на тэрыторыі сучаснай ірацкай сталіцы, паводле сьведчаньняў гісторыкаў, існавалі ўжо ў XIX—XVIII стагодзьдзях да нашай эры. Багдад быў заснаваны на заходнім беразе ракі Тыгр 30 ліпеня 762 году[5]. Будаўніцтва гэтага гораду, першапачаткова сталіцы дзяржавы Абасыдаў, пачалося паводле распараджэньня халіфа Абу Джафар аль-Мансура. Першая назва, дадзенае гораду, ёсьць Мадына-эль-Мудавара, што ў перакладзе азначае «горад-кола» й зьвязана зь ягонай пляніроўкай, якая мае й па гэты дзень акруглую форму. Пасьля заканчэньня будаўніцтва заснавальнік гораду назваў яго «горадам сьвету», у арабскім варыянце — Мадына-эс-Салам. Аднак пасьля за ірацкай сталіцай замацавалася назва, якую яна носіць і да цяперашняга часу, яна перакладаецца са старажытнапэрсыдзкай прыкладна як «богам дадзены» альбо «божы дар».
У IX—X стагодзьдзях Багдад ператварыўся ў найбольш буйны культурны й эканамічны цэнтар Блізкага Ўсходу. Тут даволі хутка й пасьпяхова разьвіваліся рамесная вытворчасьць і гандаль зь іншымі краінамі. У Багдад паступалі розныя прадукты й дарагія тавары з Арабіі, Індыі й далёкіх эўрапейскіх дзяржаваў. У гістарычных дакумэнтах, складзеных арабскім навукоўцам Ібн Хардадбэгам напрыканцы канцы IX стагодзьдзя, згадваліся пра гандлёвыя сувязі гораду з купцамі ар-Русы. У пэрыяд панаваньня Абасыдаў Багдад зьяўляўся сталіцай Арабскага халіфату.
У горадзе квітнелі навука, мэдыцына, філязофія й адукацыя, асабліва з разьвіцьцём перакладніцкага руху, які запачаткаваўся за другім халіфам Абу Джафарам аль-Мансурам і расквітнеў за сёмым халіфам Абдулам аль-Мамунам[6]. У гэты час на арабскую мову перакладалася безьліч старажытнагрэцкіх працаў. Сапраўдным адукацыйным цэнтрам стаў Дом Мудрасьці[7], дзе мелася найвялікшая ў сьвеце бібліятэка сярэдзіны IX стагодзьдзя. У Багдадзе працавалі перакладчык Гунайн ібн Ісгак, матэматык Мухамад Аль-Харэзьмі й філёзаф Аль-Кіндзі[7]. У навуцы выкарыстоўвалася ня толькі арабская мова. У дадатак ня толькі арабы былі далучыная да навукі, але тут працавалі таксама пэрсы, сырыйскія хрысьціяне[8][46], нэстарыянцы, габрэі, арабы-хрысьціяне[9] ды прадстаўнікі іншых нацыянальнасьцяў і рэлігійных групаў[10]. Багдад таксама быў значным цэнтрам ісламскага рэлігійнага навучаньня. Гэтак Аль-Джагіз спрыяў фармаваньню тэалёгіі руху мутазылітаў, а Мугамэд Аль-Табары зрабіў унёсак у тлумачэньне карану[6]. Мяркуецца, што Багдад пэўны час быў найбуйнейшы горадам сьвету да 930-х гадоў, калі яго пераўзышла Кордава. Паводле ацэнак, верагодна, у горадзе налічвалася каля мільёну чалавек у той час. Дзея многіх казак з «Тысячы й адной ночы» адбываецца менавіта ў Багдадзе таго залатога веку.
Пасьля распаду дзяржавы Абасыдаў палітычная й адміністрацыйная роля гораду значна ўпала, аднак ягонае культурнае значэньне па-ранейшаму заставалася вельмі важным для ўсіх арабскіх краінаў. Багдад хутка набыў статус буйнога навуковага цэнтру: яшчэ на пачатку XIII стагодзьдзя тут адкрылася больш за 30 бібліятэкаў. У 945 годзе горад увайшоў у склад уладаньняў дынастыі Буідаў, з 1055 году Багдад знаходзіўся на тэрыторыі дзяржавы сэльджукаў, а ў 1258 годзе ў Багдад уварваліся мангольскія войскі, амаль цалкам разбурыўшыя яго.
У канцы XIV стагодзьдзя, а затым на пачатку XV стагодзьдзя Багдад падвергнуўся нашэсьцю войскаў Тамэрлана, у выніку чаго шматлікія гарадзкія пабудовы былі зьнішчаны, а каштоўнасьці разрабаваны[11]. У XVI стагодзьдзі Багдадам валодалі турэцкія, затым пэрсыдзкія войскі, а ў XVII стагодзьдзі горад зноў падвергнуўся нападу турак. У 1638 годзе Багдад быў далучаны да тэрыторыі Асманскай імпэрыі, у складзе якой знаходзіўся да 1917 году. У 1917 годзе ў горад уварваліся войскі Вялікабрытаніі й акупавалі ягоную тэрыторыю. У 1920 годзе ангельцы, дамогшыся эканамічнага панаваньня ў Іраку, абвесьцілі Багдад адміністрацыйным цэнтрам падмандатнай тэрыторыі, а ў 1921 годзе, пасьля прызнаньня сувэрэнітэту дзяржавы, Багдад стаў сталіцай каралеўства Ірак. У 1923 годзе ў горадзе быў створаны Ірацкі музэй, у якім разьмясьціліся галоўным чынам буйныя археалягічныя калекцыі — помнікі гісторыі й культуры Старажытнага Бабілёну й Асырыі, прадметы мастацтва, выяўленыя на тэрыторыі Парцянскага імпэрыі, дзяржавы Сасанідаў і іншыя каштоўныя рэчы.
У 1941 годзе ў становішчы проціборства паміж пранацысцкіх і прабрытанскіх сілаў у горадзе на кароткі час паўстаў вакуўм улады. У гэтай абстаноўцы адбыўся крывавы пагром, вядомы пад назвай Фархуд, падчас якога загінула ня менш за 175 габрэяў і былі спалены многія хаты. Пагром стаў ускоснай прычынай масавага выезду габрэяў з Іраку адразу ж пасьля вайны.
У 1940—1950 гадоў у горадзе шмат разоў праходзілі масавыя народныя выступы супраць імпэрыялістычнай дзяржаўнай палітыкі, мацаваўся нацыянальна-вызваленчы рух, да якога далучыліся тысячы жыхароў сталіцы. Самыя шматлікія народныя хваляваньні мелі месца ў Багдадзе ў 1948, 1949, 1952 і 1954 гадох. Рэвалюцыйныя падзеі, якія разьвярнуліся ў Іраку ў сярэдзіне 1950-х гадох, прывялі да скасаваньня манархічнай улады й стварэньня ў ліпені 1958 году незалежнай Ірацкай Рэспублікі, сталіцай якой быў абвешчаны Багдад. У канцы 1960-х — на пачатку 1970-х гадох у горадзе была праведзена нацыяналізацыя ўсіх прамысловых прадпрыемстваў, за выключэньнем нафтавых. У 1980—1990-х гадох у выніку ваенных канфліктаў у Пэрсыдзкай затоцы (спачатку паміж Іракам і Іранам, а пасьля паміж Іракам і Кувэйтам) гаспадарча-эканамічная дзейнасьць у сталіцы была ўскладнена.
XXI стагодзьдзе
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 2002 годзе ўзьнікла пагроза ўварваньня ў Ірак войскаў ЗША, таму ірацкія ўлады далі дазвол на праверку міжнароднай камісіяй наяўнасьці зброі масавага паражэньня на тэрыторыі Іраку. Намаганьні міжнароднай дыпляматыі былі накіраваныя на тое, каб не дапусьціць пачатку ваенных дзеяньняў паміж ЗША і Іракам, бо за мірнае ўрэгуляваньне канфлікту выступалі Расейская Фэдэрацыя, Кітай, Нямеччына, Францыя, Аўстралія й іншыя краіны, аднак у сакавіку 2003 году амэрыканскія й брытанскія войскі прыступілі да бамбардзіроўцы ірацкіх тэрыторыяў, а ў красавіку таго ж году Багдад быў заняты пяхотнымі й танкавымі часткамі армій ЗША, пасьля ў горад увайшлі часткі й некаторых іншых краінаў.
Паводле паведамленьняў міжнароднай прэсы ў акупаванай ірацкай сталіцы панавалі анархія й беспрацоўе, мяшчане часьцяком баяліся пакідаць сваё жыльлё, а многія пазбавіліся прытулку ў выніку авіяцыйных бамбардзіровак. У траўні 2003 году ў горадзе адбылася буйная маніфэстацыя мусульман-шыітаў, накіраваная супраць дзеяньняў ЗША й іхных хаўрусьнікаў у Іраке. У цяперашні час у сталіцы, як і ўва ўсім Іраке, праводзяцца меры па аднаўленьні разбуранай сталіцы, і горад паступова забудоўваецца зноўку.
Геаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Горад месьціцца на велізарнай раўніне, разрэзанай ракой Тыгр. Гэтая рака падзяляе Багдада напалову. Усходняя частка мае назву Рызафа, у той час як заходняя палова вядомая як Карх. Гарадзкі рэльеф практычна цалкам пляскаты і нізінны, часам складаецца алювіем праз пэрыядычна вялікія паводкі, якія часам здараюцца на рацэ.
Клімат
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Горад разьмешчаны на шырокай раўніне, якая падзяляецца напалову ракой Тыгр, усходняя частка называецца Рыфіса, а заходняя вядома як Карх. Зямля, на якой месьціцца горад, амаль цалкам зьяляецца плоскай і нізіннай, алювіяльнага паходжаньня ў сувязі з пэрыядычнымі буйнымі паводкамі, якія адбываюцца на рацэ. Натуральная расьліннасьць прадстаўлена ў асноўным тамарыксам, фінікавай пальмай, а ў прыбярэжнай зоне — саланчаковай травой, чаротам, трысьнягом, вярбой. Ля берагоў ракі Тыгр будуюць гнёзды вадаплаўныя птушкі, у прыватнасьці качкі, чаплі, пэліканы, гусі, у рачных водах водзяцца прамысловыя рыбы, як то карп, сом і іншыя. У навакольлях сталіцы сустракаюцца дробныя грызуны й вараны, а таксама шмат шкодных вусякоў, асабліва маскітаў і камароў, якія зьяўляюцца пераносчыкамі малярыі.
Багдад мае гібрыдны пустэльны клімат, таму можа быць клясыфікаваны як засушлівы й субтрапічны, і зьяўляецца, з пункту гледжаньня максымальнай тэмпэратуры, адным з самых гарачых гарадоў у сьвеце. Улетку з чэрвеня па жнівень, сярэдняя максымальная тэмпэратура дасягае + 44 °C у суправаджэньні з палючым сонцам: ападкі амаль цалкам невядомыя ў гэты час году. Тэмпэратуры вышэй за + 50 °C у цені зусім не нечуваны, і нават ноччу тэмпэратура летам рэдка бывае ніжэйшай за + 24 °C. З-за таго, што вільготнасьць вельмі нізкая (звычайна да 10%) і з-за аддаленасьці ад Багдаду балоцістай Пэрсыдзкай затоцы, назіраюцца пыльныя буры з пустэльні ў бок захаду, што зьяўляецца нармальнай зьявай на працягу лета. Зіма мяккая, і часьцяком суправаджаецца цёплымі днямі й зьменлівымі начамі. Са сьнежня па люты, Багдад мае максымальную сярэднюю тэмпэратура ў памеры ад + 15,5 да + 18,5 °C, аднак і максымумы вышэйшыя за + 21 °C амаль не сустракаюцца. Нізкія тэмпэратуры могуць быць даволі халоднымі. Мінімальная сярэдняя тэмпэратура ў студзені складае + 3,8 °C, але мінімумы ніжэй за нуль могуць назірацца некалькі разоў на год.
Гадавая колькасьць ападкаў, практычна толькі ў пэрыяд зь лістапада па сакавік, у сярэднім складае каля 120 мм, але можа дасягаць 575 мм, ці наадварот быць ніжэйшай да 23 мм 11 студзеня 2008 году, невялікі сьнег упаў на Багдад у першы раз за часы назіраньня за надвор’ем[12].
Кліматычныя зьвесткі для Багдаду | |||||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Паказьнік | Сту | Лют | Сак | Кра | Тра | Чэр | Ліп | Жні | Вер | Кас | Ліс | Сьн | Год |
Абсалютны максымум t, °C | 23 | 28 | 31 | 37 | 43 | 48 | 50 | 47 | 47 | 40 | 32 | 24 | 50 |
Сярэдні максымум t, °C | 14 | 17 | 22 | 28 | 35 | 40 | 43 | 42 | 39 | 32 | 23 | 16 | 30 |
Сярэдняя t, °C | 8 | 12 | 16 | 22 | 27 | 32 | 34 | 33 | 30 | 24 | 16 | 11 | 22 |
Сярэдні мінімум t, °C | 3 | 6 | 10 | 15 | 20 | 23 | 25 | 23 | 21 | 15 | 8 | 5 | 15 |
Абсалютны мінімум t, °C | −3 | −3 | −1 | 6 | 10 | 17 | 16 | 17 | 12 | 3 | −2 | −3 | −3 |
Норма ападкаў, мм | 26 | 28 | 28 | 17 | 7 | 0 | 0 | 0 | 0 | 3 | 21 | 26 | 156 |
Вільготнасьць, % | 71 | 61 | 53 | 43 | 30 | 21 | 22 | 22 | 26 | 34 | 54 | 71 | 42 |
Крыніца: Weatherbase |
Адміністрацыйны падзел
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Горад падзяляецца на 89 афіцыйных раёнаў і 9 акругаў. Гэтае афіцыйнае падразьдзяленьне служыла толькі дзеля разьмеркаваньня пастаўкі камунальных паслугаў, але да 2003 году ніводны з раёнаў ня меў палітычных функцыяў. З красавіка 2003 году ЗША й падкантрольная ёй часовая адміністрацыя пачалі працэс стварэньня новых функцыяў для іх. Працэс першапачаткова была арыентаваны на правядзеньне выбараў у рады раёнаў гораду.
Часовы ўрад склікаў шэраг сустрэчаў у кожным раёне, каб растлумачыць, што ёсьць такое мясцовае самакіраваньне й як праходзіць працэс выбараў і сходаў. Пасьля некалькіх пасяджэньняў былі вылучаны кандыдаты на мясцовыя выбары, якія пасьля выбараў склалі раённыя органы самакіраваньня. Пасьля гэтага, кожная раённая рада вылучыла прадстаўнікоў дзеля ўтварэньня акружных органаў, у залежнасьці ад адсотка насельніцтва раёну, а тыя ў сваю чаргу абралі 37 сябраў багдадзкай гарадзкой рады. Гэтая трохузроўневая сыстэма мясцовага самакіраваньня зьвязвае жыхароў Багдаду з цэнтральным ўрадам праз сваіх прадстаўнікоў ад раёну, а тыя ў сваю чаргу, праз прадстаўнікоў у гарадзкім савеце.
Той жа самы працэс быў выкарыстаны для атрыманьня рэпрэзэнтатыўных радаў для іншых суполак у правінцыі Багдад за межамі самога гораду. Там, мясцовыя рады былі абраныя ў 20 раёнах і гэтыя рады абралі сваіх прадстаўнікоў для працы ў 6 раённых радаў. Як і ў горадзе, раённыя рады абралі сваіх прадстаўнікоў зь ліку сваіх чальцоў у склад багдадзкай абласной рады.
Насельніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Колькасьць насельніцтва Багдада да пачатку ваенных дзеяньняў з ЗША ў 2003 годзе складала звыш 5,1 млн чалавек. Аднак у выніку гібелі часткі жыхароў гораду, а таксама эміграцыі багдадцаў у іншыя гарады краіны й па-за ейныя межы, колькасьць гарадзкога насельніцтва значна зьменшылася, дакладных дадзеных на цяперашні момант няма. Нацыянальны склад насельніцтва гораду прадстаўлены ў асноўным арабамі (75%), а таксама курдамі, туркамі, асырыйцамі, армянамі, габрэямі, ірацкімі туркмэнамі й іншымі. Дзяржаўнай мовай зьяўляецца арабская, шырокае распаўсюджваньне мае й курдзкая мова, якая атрымала статус афіцыйнай. Сярод вернікаў Багдада пераважаюць мусульмане шыіцкага і суніцкага кірункаў (звыш 90%), маецца нязначная частка прыхільнікаў хрысьціянства й юдэйства.
Культура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Багдад заўсёды гуляў важную ролю ў арабскім культурным жыцьці й быў домам вядомых пісьменьнікаў, музыкаў і мастакоў. Вядомыя арабскія паэты й сьпевакі, як то Нізар Кабані, Ум Кульсум, Файруз, Салах аль-Хамдані, Ільхам аль-Мадфаі й іншыя пісалі выдатныя вершы й сьпявалі для Багдаду. У горадзе размаўляюць на дыялекце арабскай мовы, які сёньня адрозьніваецца ад іншых буйных гарадзкіх цэнтраў у Іраку й мае функцыі больш характэрная для качавых арабскіх дыялектаў. Цалкам магчыма, што гэта было выклікана засяленьнем гораду сельскімі жыхарамі пасьля некалькіх разбурэньняў і вынішчэньняў у позьнім сярэднявеччы.
Грамадзкія ўстановы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Некаторыя з важных культурных установаў у горадзе ўключаюць у сябе:
- Ірацкі нацыянальны аркестар, рэпетыцыі й выступленьні якога былі на некаторы час перапынены падчас другой вайны ў Пэрсыдзкім заліве, але з тых часоў вярнуліся ў нармальнае рэчышча.
- Нацыянальны тэатар Іраку — тэатар быў разрабаваны падчас уварваньня ў 2003 годзе ў Ірак, але робяцца намаганьні па аднаўленьні тэатру.
Жыцьцё тэатру ў горадзе атрымала новы імпульс у 1990-х, калі санкцыі ААН абмежавалі імпарт замежных фільмаў. 30 кінатэатраў, як паведамлялася, былі ператвораныя ў тэатры, якія прадстаўлялі шырокі спэктар камэдыяў і драматычных пастановак[13]. Культурныя ўстановы ўключаюць у сябе акадэміі музыкі, інстытут выяўленчых мастацтваў і школу музыкі й балету Багдаду. Багдад таксама зьяўляецца домам для шэрагу музэяў, у якіх разьмешчаны артэфакты й рэліквіі старажытных цывілізацыяў, многія зь якіх былі скрадзеныя, а музэі разрабаваныя, падчас шырокага хаосу адразу пасьля таго, як амэрыканскія войскі ўвайшлі ў горад.
Гарады-сябры
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в Багдад (рас.) // Большая Советская Энциклопедия, том 4: Атоллы — Барщина — 1926. — Т. 4. — С. 302—303.
- ^ https://cosit.gov.iq/documents/population/projection/projection2015-2018.pdf
- ^ «Cities and urban areas in Iraq with population over 100,000». Mongabay.com
- ^ George Modelski, «World Cities: −3000 to 2000», Washington, D.C.: FAROS 2000, 2003. ISBN 978-0-9676230-1-6
- ^ Times History of the World. London: Times Books. 2000.
- ^ а б Gordon, M.S. (2006). Baghdad. In Meri, J.W. ed. «Medieval Islamic Civilization: An Encyclopedia». New York: Routledge.
- ^ а б «When Baghdad was centre of the scientific world». The Guardian.
- ^ Yarshater, E., ed. (1983). «The Cambridge History of Iran». — doi:10.1017/chol9780521200929. ISBN 978-1-139-05494-2.
- ^ Ohlig, Karl-Heinz (2013). «Early Islam — The hidden origins of Islam: new research into its early history». Prometheus Books. — С. 32. — ISBN 978-1-61614-825-6.
- ^ Pormann, Peter E. (2007). «Medieval Islamic medicine». Washington, D.C.: Georgetown University Press. — ISBN 978-1-58901-160-1.
- ^ Ian Frazier, «Annals of history: Invaders: Destroying Baghdad», The New Yorker 25 April 2005. p.5
- ^ «Afp.google.com, First snow for 100 years falls on Baghdad». Afp.google.com.
- ^ «In Baghdad, Art Thrives As War Hovers». Commondreams.org.