Limp Bizkit
Limp Bizkit | |
---|---|
| |
Асноўная інфармацыя | |
Жанры | ню-метал і рэпкор[d] |
Гады | 1995 — цяпер |
Краіны | |
Адкуль | Джэксанвіл |
Мова песень | англійская |
Лэйблы | Cash Money Records[d], Flip Records[d] і Interscope Records[d] |
Склад | |
Былыя ўдзельнікі |
Уэс Борланд Майк Сміт |
Звязаныя праекты |
Black Light Burns From First to Last Snot House of Pain Big Dumb Face When November Falls |
limpbizkit.com (англ.) | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
«Limp Bizkit» — амерыканскі альтэрнатыўны гурт. Разам з «Korn», «Limp Bizkit» лічыцца асноўным папулярызатарам свайго жанру.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Назва «Limp Bizkit» (літаральна «размяклае печыва») пайшла ад апісання стану наркатычнага ап'янення адным сябрам гурта. Гурт «Limp Bizkit» быў створаны ў 1995 годзе Дэрстам і кузенамі Рыверзам і Отам. Яны выступалі ў ваколіцах свайго роднага горада Джэксанвіл, Фларыда. У гэты час яны пазнаёміліся з рэп-гуртам «House of Pain», у якім тады іграў DJ Lethal. Хутка пасля распаду «House of Pain» DJ Lethal перайшоў у Limp Bizkit.
У 1996 годзе яны выпусцілі самотнік, які ўключаў песні як «Pollution» і «Sour». У 1997 годзе пабачыў свет першы паўнавартасны альбом — «Three Dollar Bill Y'all». Альбом не меў асаблівага поспеху, пакуль Limp Bizkit не пасябравалі з музыкамі з Korn. Шмат у чым дзякуючы Korn яны здолелі зладзіць прамоцыю свайго альбома, трапіць на MTV і «The Family Values Tour», гэтаксама як і на Ozzfest. Прарывам стаў кавер, які Limp Bizkit запісалі на гіт Джорджа Майкла «Faith».
Significant Other
[правіць | правіць зыходнік]У 1999 годзе Limp Bizkit выпусцілі другі свой альбом, «Significant Other». Іх першы самотнік адтуль — «Nookie» — стаў гітом.
Поспеху гэтага самотніка, аднак, спадарожнічаў першы скандал з удзелам Limp Bizkit. Паводле плотак, радыёстанцыям плацілі адмыслова за шматразовае стаўленне «Nookie» ў эфір, і гэта нібы стала прычынай поспеху песні. Некаторыя DJ сцвярджаюць, што Universal Music Group (бацькоўская кампанія «Interscope») плаціла 50 долараў складальнікам «play list'оў» за кожны пройгрыш «Nookie» ў эфіры. Limp Bizkit і Interscope рашуча адмаўлялі праўдзівасць гэтай гісторыі.
Больш буйны скандал грымнуў ўлетку 1999 года, калі Limp Bizkit выступалі на фестывалі «Woodstock '99». Падчас іх выступу фанаты пачалі малаціць дэкарацыі. Былі паведамленні аб шматлікіх згвалтаваннях падчас выступу гурта. Беспарадкі нарасталі пад канец выступу. Некаторыя сведкі сцвярджалі, што справакаваў выбух гвалту спявак Фрэд Дэрст, той адмаўляў, што яго выказванні ў той дзень правакавалі гвалт. Пазней на гэту тэму быў зняты кліп да самотніка «Rearranged», у якім гурт падвяргаецца суду і кары за беспарадкі на Woodstock.
Канфлікты вакол калектыву хутка пачалі зацьмяваць іхнюю музыку. У той самы год Фрэд Дэрст быў увязаны ў разборкі з Трэнтам Рэзнарам з гурта «Nine Inch Nails» і з гуртам «Slipknot». Marilyn Manson і Трэнт Рэзнар абсмяялі сярод іншых і Фрэда Дэрста ў кліпе «Nine Inch Nails» на песню «Starfuckers, Inc.».
Рэзнар пазней заяўляў, што «Limp Bizkit — лайно, і ўсе гэта ведаюць». Фрэд Дэрст папярэдзіў Рэзнара, каб ён быў асцярожны, бо Дэрст меў добрыя сувязі ў Interscope records (Рэзнар таксама запісваўся на Interscope records); гэты каментарый выклікаў шмат шуму. Дэрста абвінавачвалі ва ўжыванні мафіёзных метадаў вядзення бізнесу. Крытыка ўзмацнілася пасля таго, як менеджар гурта «Taproot» апублікаваў пагрозу, якую Дэрст пакінуў у паведамленні на аўтаадказчыку. Фрэд апраўдваўся, што яго няправільна зразумелі і што яго словы не насілі пагрозы ці негатыўнага адцення. Між тым, спявак пазней меў вельмі жорсткія разборы і з салістам Creed Скотам Стапам.
Гурт зноў завяз у скандалах у 2001 годзе падчас турне па Аўстраліі на рок-фестывалі «Big Day Out». На канцэрце ў Сіднеі, маладая дзяўчына Джэсіка Міхалік была заціснута да смерці натоўпам фанатаў перад сцэнай. Гаварылася, што Дэрст завёў натоўп і не здолеў яго зноў супакоіць.
Chocolate Starfish and the Hot Dog Flavored Water
[правіць | правіць зыходнік]У 2000 годзе пабачыў свет альбом «Chocolate Starfish and the Hot Dog Flavored Water» («Шакаладная марская зорка і вада з-пад хот-догаў»). Першыя два самотнікі «My Generation» і «Rollin’» выйшлі адначасова. Дэрст планаваў такім чынам стварыць ажыятаж вакол альбома, і не памыліўся, бо абодва самотнікі сталі гітамі. Рэмікс на «Rollin’» сумесна з Method Man, Redman і DMX быў папулярны ў клубах. Ужо ў першы тыдзень было прададзена 1 055 256 асобнікаў альбома, рэкордны паказчык для альбома рок-гурта. Усяго было прададзена звыш за 7 мільёнаў копій.
Гурт падтрымаў новы альбом сваім турне пад назвай «Back to Basics». Падчас выступаў музыкантаў аддзяляў ад гледачоў толькі металічны плот. Акрамя таго, канцэрты спансаваліся Napster і таму былі бясплатныя.
У 2001 годзе Limp Bizkit пачаў трашчаць па швах. Борланд усё болей іграў ва ўласным праекце «Big Dumb Face» і ў інтэрв'ю выказваў незадаволенасць Limp Bizkit. Ён стаміўся ад сталых скандалаў і, акрамя таго, не жадаў сварыцца з Рэзнарам, якога вельмі паважаў. Да лета 2001 года ён пакінуў Limp Bizkit. У інтэрв'ю MTV ён сказаў, што Limp Bizkit — «распродажны гурт», а Фрэд Дэрст — эгацэнтрыст.
Гэта расцэньвалася як смяротны ўдар: Борланд часта лічыўся крэатыўным пачаткам у калектыве, у тым ліку дзякуючы яго эклектычнасці.
Пасля зыходу Борланда, Limp Bizkit пачалі шукаць новага гітарыста. Тысячы спадзяванцаў выстраіліся ў чэргі да музычных крамаў і гуказапісваючых кампаній, каб атрымаць шанец трапіць на праслухоўванне. Limp Bizkit абвінавачваўся ў тым, што прымушаў кандыдатаў перадаваць гурту аўтарскія правы на цікавыя гітарныя партыі, якія яны выконвалі на праслухванні. 7 сакавіка 2003 года Limp Bizkit упершыню выступілі з напрацаваным за два гады матэрыялам на Wrestling-шоу. Акрамя таго, Limp Bizkit падалі заяву на ўдзел у шэрагу жывых канцэртаў, нягледзячы на адсутнасць гітарыста. 26 сакавіка Дэрст апублікаваў на афіцыйным сайце: «Мы граем на Wrestlemania ў наступныя выхадныя. На гітарах будзе Head з Korn і Майк Сміт з SNOT. Мы ўжо папрацавалі з Майкам, ён у парадку». Праз два дні Фрэд пацвердзіў, што Майк Сміт афіцыйна прыняты ў калектыў гітарыстам.
Сміт удзельнічаў разам з гуртам у шэрагу тураў, удзельнічаў у запісе як мінімум пяці песень з Results May Vary. Дэрст, Рыверз і гукавы інжынер з мянушкай Элвіс таксама гралі на гітарах на запісе.
Results May Vary
[правіць | правіць зыходнік]Альбом Results May Vary («Вынікі могуць адрознівацца») выйшаў у кастрычніку 2003 года. Хаця альбом не быў такім паспяховым, як папярэднія, ён атрымаў залатую грамату ў Злучаных Штатах, заняў трэцяе месца ў гіт-парадзе «Billboard Magazine». Водгукі крытыкаў былі рознымі, гучалі меркаванні, што альбому «бракуе формы і кірунку»[2]. Кавер на песню «The Who» «Behind Blue Eyes» меў добры поспех у радыйных гіт-парадах, аднак больш самотнікаў не выходзіла з-за таго, што Майк Сміт пакінуў гурт. Лічыцца, што болей самотнікаў з альбома выходзіць не будзе, бо ў гурт вярнуўся Уэс Борланд.
Вяртанне Борланда
[правіць | правіць зыходнік]У ліпені 2004 года па інтэрнэце пачалі хадзіць чуткі аб тым, што Майк Сміт пакінуў Limp Bizkit і што Уэс Борланд удзельнічаў у рэпетыцыях гурту. 8 ліпеня theprp.com афіцыйна паведамілі, што Уэс удзельнічае ў запісах гурту ў Лондане, хаця інфармацыя да 13 жніўня 2004 года так і не была пацверджана.
Афіцыйнай заявы ад гурта не паступала, але раптоўна знік web-сайт Limp Bizkit, замест якога з'явілася старонка з фотаздымкамі гурта. На іх адсутнічаў Сміт, але быў Борланд, іграючы з гуртам на рэпетыцыі, з пазначанай датай. З таго часу 13-га кожнага месяца з'яўляліся новыя здымкі з Борландам, іграючым у складзе гурту.
15 жніўня, праз два дні пасля публікацыі фотаздымкаў з Борландам, Фрэд Дэрст у эксклюзіўным інтэрв'ю thearmpit.net абвясціў аб зыходзе з гурта Майка Сміта: «Мы вельмі задаволеныя тым, што Майк зышоў. Мы такія людзі, якія трымаюцца свайго калектыву і нашых інстынктаў, і кожны момант дзейнічаем па інтуіцыі. Майк быў не тым чалавекам. Нам было весела іграць з ім, яле мы заўсёды ведалі ўнутры, што духам ён быў не там, дзе трэба».
Сучаснасць
[правіць | правіць зыходнік]Звесткі ў артыкуле або некаторых яго раздзелах састарэлі |
Павярнуўшыся да свайго класічнага складу, у 2005 гурт запісаў міні-альбом «The Unquestionable Truth (Part 1)». Limp Bizkit прынцыпова адмовіліся суправаджаць выхад гэтага рэлізу якімі-будзь відамі раскруткі, рэкламы ці інтэрв'ю.
Пры канцы 2005 года па патрабаванні рэкард-лэйбла выйшла зборнік гітоў «Greatest Hitz».
У пачатку 2006 года канчаткова пасварыўшыся з Фрэдам Дэрстам з гурта ізноў сыходзіць Уэс Борланд. Пасля гэтага ўсялякая дзейнасць групы спынілася. Фрэд Дэрст у цяперашні момант займаецца ўласнай рэжысёрскай кар'ерай (зняў фільм «The Education of Charlie Banks»), Уэс Борланд удзельнічае ва ўласным праекце пад назвай «Black Light Burns» і ўжо выпусціў дэбютны альбом «Cruel Melody». Джон Ота з'яўляецца бубначом у новым праекце пад назвай «Stereochemix». DJ Lethal гуляе з новым хіп-хоп гуртам «La Coka Nostra». Сэм Рыверз займаецца гульнёй на бас-гітары ў розных гуртах, а таксама прадзюсаваннем.
На дадзены момант гурт фармальна існуе, бо афіцыйна не распадаўся, але прыкмет жыцця практычна не падае. Фрэд часам адпісваецца на сваім блогу MySpace, але нічога пэўнага. Часам з'яўляюцца фатаграфіі яго працы ў студыі. Але з яго словаў зразумела, што ён жадае працаваць і выпусціць альбом, але толькі з гітарыстам Уэсам Борландам.
Дыскаграфія
[правіць | правіць зыходнік]- «Three Dollar Bill Y'All», 1997 альбом #22 US
- «Counterfeit», 1997 самотнік
- «Sour» 1997 самотнік
- «Faith», 1998 самотнік
- «Pollution», 1998 самотнік
- «Significant Other», 1999 альбом #1 US, #10 UK
- «Nookie», 1999 самотнік
- «N 2 Gether Now», 1999 самотнік
- «Re-Arranged», 2000 самотнік
- «Break Stuff», 2000 самотнік
- «Chocolate Starfish And The Hotdog Flavored Water», 2000 альбом #1 US, #1 UK
- «Take A Look Around», 2000 самотнік #3 UK
- «My Generation», 2000 самотнік #15 UK
- «Rollin», 2001 самотнік #1 UK
- «My Way», 2001 самотнік #6 UK
- «Getcha Groove On», 2002 самотнік
- «Boiler», 2002 самотнік #18 UK
- «New Old Songs» (альбом рэміксаў), 2001 альбом #26 US
- «Results May Vary», 2003 альбом #3 US, #7 UK
- «Eat You Alive», 2003 самотнік #10 UK
- «Behind Blue Eyes», 2003 самотнік #18 UK
- «Let Me Down», 2004 самотнік
- «Almost Over», 2004 самотнік
- «The Truth», 2005 самотнік
- «The Unquestionable Truth (Part 1)», 2005 альбом
- «Home Sweet Home/Bittersweet Symphony», 2005 самотнік
- «Greatest Hits», 2005 альбом
- «Gold Cobra» (2011)
- «Still Sucks» (2021)
Зноскі
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Limp Bizkit
- limpbizkit.com — афіцыйны сайт (англ.)
- Найбуйнейшы фан-сайт «Limp Bizkit» Архівавана 11 чэрвеня 2010. (англ.)