Скончыў Келецкую духоўную семінарыю (1878), Пецярбургскую каталіцкую духоўную акадэмію (1882, выкладаў у ёй да 1908). У 1881 пасвячоны ў ксяндзы. У 1900 рэдагаваў Пецярбургскі рымска-каталіцкі калядар. 3 1908 тытулярны біскуп і суфраган магілёўскі. Член, у 1909-10 старшыня Рымска-Каталіцкай духоўнай калегіі ў Пецярбургу. Упершыню ажыццявіў візітацыю ў Сібір, на Сахалін (1908) і іншыя рэгіёны Расіі. Візітацыя Мінскай дыяцэзіі прыпынена царскімі ўладамі ў 1910, а сам Я. Цепляк пазбаўлены выканаўчых функцый у Духоўнай калегіі. У 1914-17 як генеральны вікарый кіраваў Магілёўскай архідыяцэзіяй, адначасова апостальскі адміністратар Мінскай дыяцэзіі. Спрыяў узнікненню ў Пецярбургу «Таварыства хрысціянскіх рабочых». Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 склаў мемарыял аб свабодзе касцёла, ствараў новыя парафіі. 3 29 красавіка 1919 тытулярны архібіскуп. Пасля арышту ў 1919 магілёўскага мітрапаліта Э. Ропа зноў кіраваў Магілёўскай архідыяцэзіяй.
За абарону правоў касцёла праследаваўся савецкімі ўладамі, быў арыштаваны і зняволены ў 1920 і 1922. На працэсе 21-25 сакавіка 1923 засуджаны да смяротнага пакарання, якое заменена на 10 гадоў зняволення. У 1924 дэпартаваны ў Латвію, адкуль выехаў у Польшчу, потым у Рым. Па даручэнні папы Пія XI ў кастрычніку 1925 выехаў у ЗША для візітацыі польскіх парафій. Там атрымаў паведамленне аб прызначэнні на віленскую мітраполію, але напярэдадні ўрачыстага прыняцця кафедры памёр.