Хроніка літоўская і жамойцкая
Хроніка літоўская і жамойцкая | |
---|---|
Кройника литовская и жмойтская | |
| |
Жанр | рукапіс |
Мова арыгінала | старабеларуская |
Дата напісання | XVII стагоддзе |
«Хро́ніка літо́ўская і жамо́йцкая» (старабел.: Кройника литовская и жмойтская) — помнік беларуска-літоўскага летапісання, створаны ў XVII стагоддзі, з'яўляецца часткай «Вялікае хронікі»[1], што апавядае пра сусветную гісторыю да канца XVI стагоддзя.
Рукапіс быў выяўлены Віктарам Буганавым у Аддзеле рукапісных кніг Дзяржаўнага архіву Цюменскай вобласці, у сувязі з чым атрымаў назву Табольскага. Аналагічным Табольскаму з'яўляецца Ленінградскі спіс, знойдзены Мікалаем Улашчыкам у Аддзеле рукапісаў Дзяржаўнай Публічнай бібліятэкі імя Салтыкова-Шчадрына ў Ленінградзе. Вядомыя яшчэ два спісы летапісу: Краснаярскі, які захоўваецца ў Аддзеле рукапісаў Расійскай нацыянальнай бібліятэкі ў Санкт-Пецярбургу і ўяўляе сабой копію Табольскага, і Кракаўскі, выяўлены ў 1970 Яраславам Шчапавым у Аддзеле рукапісаў Бібліятэкі Польскай Акадэміі навук у Кракаве.
Напісаная «Кроніка» старабеларускай мовай, паводле зместу набліжаная да «Хронікі Быхаўца» і асабліва да «Хронікі польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсёй Русі» Мацея Стрыйкоўскага — асноўнай крыніцы для стварэння «Кронікі». Апісвае падзеі ў Вялікам Княстве Літоўскім пачынаючы ад легендарных часінаў (уцёкаў Палемона з Рыму) і сканчаючы абраннем на прастол Жыгімонта III. У «Кроніку» таксама ўстаўленая аповесць пра Кулікоўскую бітву, прычым гэтая ўстаўка чыста механічная.
Створаны летапіс, імаверна, на поўдні сучаснае Беларусі (магчыма, у Слуцку) асобай, набліжанай да роду Радзівілаў («Кроніка» надае ім шмат увагі і ўслаўляе іх род).
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Зноскі
- ↑ Рукапіс азагалоўлены «Летопис, то есть кройника великая з розных многих кройникаров диалектом руским написана, а найпервей о створеню от бога о днех шестих»
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Улащик Н. Н. «Литовская и Жмойтская хроника» и её отношение к хронике Быховца и М. Стрыйковскому // Славяне и Русь. — М.: Наука, 1968. — С. 357—366.
- Улащик Н. Н. Предисловие. «Кройника литовская и жмойтская» // Полное собрание русских летописей. — М.: Наука, 1975. — Т. 32. — С. 5—8.
- Хроника литовская и жмойтская // Полное собрание русских летописей. — М.: Наука, 1975. — Т. 32. — С. 16—127.
- Чамярыцкі В. Хроніка Літоўская і Жамойцкая // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 721. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.