Поўны збор рускіх летапісаў
«По́ўны збор ру́скіх ле́тапісаў» (ПЗРЛ, руск.: «Полное собрание русских летописей», ПСРЛ) — шматтомнае выданне помнікаў летапісання ўсходніх славян.
Выдаваўся з 1841 Археаграфічнай камісіяй у Пецярбургу, з 1922 АН СССР. Да 1921 выдадзена 24 тамы, усяго выйшла 43 тамы (апошні 43 том ў 2004 годзе).
Тэксты публікуюцца на мове арыгінала; змяшчаюцца не толькі асобныя летапісныя помнікі, але і іх рэдакцыі з розначытаннямі па іншых спісах і з палеаграфічна-тэксталагічным каментарыем.
Беларускія і беларуска-літоўскія летапісы і хронікі змешчаны ў 17-м (1907), 32-м (1975) і 35-м (1980) тамах.
У 17-м томе апублікаваны летапісныя помнікі паводле 20 спісаў, у т. л. «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх», «Пахвала Вітаўту», Беларуска-літоўскі летапіс 1446, «Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага» і Хроніка Быхаўца, змешчаны і іншыя гісторыка-літаратурныя матэрыялы, звязаныя з гэтымі творамі сваім паходжаннем.
У 32-м томе (укладальнік і рэдактар тома Мікалай Улашчык) змешчаны Хроніка Быхаўца і творы, якія раней не друкаваліся ў гэтым выданні: «Хроніка літоўская і жамойцкая», Баркулабаўскі летапіс і Віцебскі летапіс.
У 35-м томе (таксама падрыхтаваў Мікалай Улашчык) надрукаваны агульнадзяржаўныя беларуска-літоўскія летапісы і хронікі 15—16 ст. паводле 12 спісаў, Валынскі кароткі летапіс, упершыню ўведзена ў шырокі навуковы ўжытак Магілёўская хроніка (тэкст падрыхтаваў В. Чамярыцкі).
У 38-м томе (1989) упершыню ў гэтай серыі надрукаваны Радзівілаўскі летапіс.
У некаторых іншых тамах змешчаны помнікі старажытнарускага летапісання, якія непасрэдна датычаць гісторыі беларускага народа: летапіс Аўрамкі (т. 16, 1889), Іпацьеўскі летапіс (т. 2, 1962), Лаўрэнцьеўскі летапіс (т. 1, 1962) і іншыя.
На аснове матэрыялаў, змешчаных у розных тамах ПЗРЛ, падрыхтавана асобнае выданне летапісных помнікаў у перакладзе на сучасную беларускую мову — «Беларускія летапісы і хронікі» (1997).
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Поўны збор рускіх летапісаў // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 12: Палікрат — Праметэй / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2001. — Т. 12. С. 520—521.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1999. — 592 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0141-9. — С. 552.