Стары замак (Гродна)
Замак | |
Стары замак | |
---|---|
| |
53°40′37″ пн. ш. 23°49′23″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Гродна | вул. Замкавая, 21 |
Архітэктурны стыль | Готыка, рэнесанс |
Архітэктар | Юзаф Ройтэн |
Першае згадванне | 1127 |
Дата заснавання | Канец X — пачатак XI ст. |
Будаўніцтва | XI—XIX стагоддзі |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 411Г000003 |
Стан | Добры: захаваўся палац, уязны мост, рэшткі сцен XII ст., рэшткі Ніжняй і Верхняй царквы |
Сайт | museum-grodno.by |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Стары́ за́мак у Гро́дне, за́мак Бато́рыя — адзін з найстаражытнейшых помнікаў архітэктуры ў Беларусі, комплекс абарончых збудаванняў, культавых і свецкіх будынкаў XI—XIX стагоддзяў[1][2] . Размешчаны ў гістарычным цэнтры Гродна па адрасе: вуліца Замкавая, 21.
Стары замак з’яўляецца адзіным (за выключэннем размешчанага на суседнім пагорку Новага замка) захаваным каралеўскім замкам на землях Беларусі. Доўгі час замак быў рэзідэнцыяй вялікіх князёў літоўскіх і каралёў польскіх і такім чынам адыгрываў важную ролю ў жыцці чатырох сучасных народаў: беларускага, літоўскага, польскага і ўкраінскага. У часы сярэднявечча гродзенскі стары замак стаяў у авангардзе барацьбы ўсходнееўрапейскіх народаў з Тэўтонскім ордэнам, набыўшы з часам славу легендарнага. «Замак Гартэн», як яго называлі прускія храністы, атрымаў сярод еўрапейскага рыцарства славу непрыступнай цвярдыні, паход на якую лічыўся справай гонару кожнага тэўтона[3] . Усяго з канца XIII і да пачатку XV стагоддзяў Гродна і яго замкі вытрымалі каля дваццаці нападаў крыжакоў[4] .
Замак размешчаны на высокім і стромкім узгорку на правым беразе Нёмана пры ўпадзенні ў яго рэчкі Гараднічанкі. Пачаў будавацца ў часы Старажытнарускай дзяржавы. Замак неаднаразова руйнаваўся, аднаўляўся і перабудоўваўся. У яго планіроўцы і архітэктуры выяўляюцца напластаванні многіх стагоддзяў. Тапаграфія мясцовасці вызначыла абрыс плану замка, блізкага да трохвугольніка. Працягласць замкавых сцен дасягала амаль 300 м пры сярэдняй таўшчыні каля 3 м. Сцены мелі неаднолькавую вышыню і завяршаліся зубцамі. Ад горада замак аддзяляўся ярам і глыбокім ровам[5]. З гістарычных дакументаў вядомы не менш як шэсць яго розных варыянтаў.
У пачатку XII стагоддзя стаў княжацкай рэзідэнцыяй Гарадзенскага княства. Тут былі ўзведзены княжацкі церам, Ніжняя царква, Верхняя царква, іншыя жылыя і гаспадарчыя пабудовы[1]. У гэты час у замку была пабудавана мураваная сцяна з плінфы, аналагаў якой не было сярод іншых усходнееўрапейскіх збудаванняў[6] .
Да нашых дзён захаваліся палац, фрагменты абарончых сцен, руіны Ніжняй і Верхняй цэркваў, княжацкіх пакояў, мост і замчышча. Самымі вядомымі ўладальнікамі замка былі вялікі князь Вітаўт і кароль Рэчы Паспалітай Стэфан Баторый, а таксама славуты абаронца замка Давыд Гарадзенскі.
Цяпер у замку размяшчаецца Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей. Традыцыйна ўвесь комплекс збудаванняў на Замкавай гары захаваў назву Стары замак[1].
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Летапісныя згадванні пра Горадзен. Загадка месцазнаходжання летапіснага Горадна
[правіць | правіць зыходнік]6636 (1127 г.)… Того же лета посла князь Мстиславъ с братьею своею многы кривичи четырьми путьми: Вячеслава ис Турова, Андрея из Володимеря, а Всеволодка из Городна… Іпацьеўскі летапіс, 1127 г., першая летапісная згадка пра Гродна
|
Нараджэнне Гродна — самая сапраўдная таямніца, якая доўгі час выклікала спрэчкі археолагаў. Не захавалася падрабязных летапісных звестак, легенд ці паданняў пра ўзнікненне Гродна. Толькі археалагічныя знаходкі дазваляюць рабіць высновы аб тым, што ўяўляў сабой горад Горадзен у XII стагоддзі, але не высвятляюць пытанне аб назве горада. У 1127 годзе паселішча ўпершыню згадваецца як Горадзен[7] .
Першая згадка ў летапісах пра гарадзенскіх князёў адносіцца да 1116 года: «Тем же лете Володимер (Манамах) отда дщерь сваю Огафью за Всеволодка». Усевалад, сын Давыда Ігаравіча, гэтак жа як і Агаф’я, быў праўнукам Яраслава Мудрага. Гарадзенскае княства знаходзілася ў арбіце палітыкі кіеўскіх князёў. У знакамітым паходзе на Полацк, арганізаваным кіеўскім князем Мсціславам Уладзіміравічам у 1127 годзе, калі ўдар на Полацкую зямлю планавалася зрабіць адначасова з чатырох бакоў («четырьми путьми»), згадваецца і «Всеволодко из Городна»; гарадзенскія сілы названы пры гэтым на трэцім месцы пасля Уладзіміра-Валынскага і Турава. Такім чынам, у той час Горадня ўжо існавала, і Гарадзенскае княства ўяўляла сабой значную ваенна-феадальную адзінку. Пацвярджэннем таму можа служыць факт, што ў XII ст. на невялікай плошчы Старога замка знаходзілася сем вуліц-маставых, каменны княжы церам, а перад ім сцяна з плінфы, аналаг якой можна было знайсці хіба што ў Кіеве[8] . Але звесткі летапісаў урыўкавыя і няпоўныя і не даюць поўнага ўяўлення аб месцазнаходжанні горада. Відаць, таму і распачалася спрэчка паміж гісторыкамі ў XIX — пачатку XX ст. аб тым, калі і дзе ўзнік летапісны Горадзен.
Пісьмовыя крыніцы летапісаў пра пачатковы перыяд жыцця гэтага горада… настолькі сціплыя і малазразумелыя, што здаўна ў літаратуры, якая абапіралася толькі на гэтыя дадзеныя, не было яснага ўяўлення нават аб месцазнаходжанні самога горада, дзе ўладарылі „гродзенскія“ князі… Мікалай Варонін, расійскі савецкі археолаг
|
Большасць даследчыкаў сцвярджала, што горад, аб якім паведамляюць летапісы, — гэта Гродна над Нёманам. Такой думкі прытрымліваліся даследчыкі В. Антаневіч, П. Сямёнаў, П. Баброўскі, З. Глогер. Падзяляў яе і Я. Арлоўскі, які на IX археалагічным з’ездзе ў Вільні прысвяціў гэтай тэме свой даклад.
Але існавала і другая група вучоных — М. Карамзін, С. Салаўёў, Н. Барсаў, якія лічылі, што вялікая аддаленасць нёманскай Горадні ад найважнейшых старажытнарускіх палітычных цэнтраў не дазваляе злучаць з ёй паведамленні летапісаў, а таму атаясамлівалі летапіснае Гродна з мястэчкам Гарадно, што знаходзіцца ў цяперашнім Столінскім раёне Брэсцкай вобласці — славутым цэнтры народнага ганчарства. Пазней да такога пункту гледжання далучыліся польскія даследчыкі Ю. Ядкоўскі і Г. Лаўмянскі[9] .
Некаторыя гісторыкі (М. І. Ермаловіч і інш.) летапісныя дадзеныя XII ст. адносілі да пінскай Гародні, а звесткі XIII ст. злучалі з Гародняй нёманскай. У пытанні пра месцазнаходжанне горада пасля XIII ст. сярод даследчыкаў рознагалоссяў не было.
Аднак з-за абмежаванасці пісьмовых крыніц ні адзін з бакоў не змог прывесці пераканаўчых довадаў на карысць сваёй пазіцыі. Відавочна, што гэтае пытанне магло быць канчаткова вырашана толькі пры дапамозе археалагічных даследаванняў абодвух населеных пунктаў.
Археалагічныя раскопкі, археалагічныя назіранні, праведзеныя ў Гродне над Нёманам, сведчаць пра існаванне на гэтым месцы горада ў XI ст., у той жа час у «пінскім» Гарадне такі старажытны культурны пласт не прасочваецца[10].
Узнікненне пасялення на Замкавай гары
[правіць | правіць зыходнік]Зручны для пабудовы паселішча ўчастак берагавога плато быў асвоены старажытным чалавекам яшчэ ў эпоху неаліту (7—4-е тыс. да н.э.). Аб гэтым сведчаць каменныя сякеры і рэшткі штрыхаванай керамікі эпохі ранняга жалезнага веку, якая датуюцца рубяжом нашай эры, а таксама нешматлікія кавалкі грубаляпнога посуду VI—VIII стст.[3] .
Да канца I тысячагоддзя, калі славяне пачалі засяляць Панямонне, тут жылі балцкія плямёны. У ходзе каланізацыі славяне будавалі абарончыя паселішчы-крэпасці[11] . Першая хваля славянскай каланізацыі ў Панямонні прыпадае на другую палову X стагоддзя, а вядомы гродзенскі гісторык Я. Ф. Арлоўскі, абапіраючыся на летапісныя звесткі, пісаў, што кіеўскія князі неаднаразова заходзілі ў Горадзенскую вобласць у X—XI стагоддзях, і называў магчымыя даты — 983, 1038, 1040, 1044 гады[12]. Традыцыйна лічыцца, што паселішча на беразе Нёмана ўзнікла ўжо ў канцы X — пачатку XI ст.[3][13] , аднак некаторыя даследчыкі лічаць, што яно ўзнікла ў другой палове — канцы XI стагоддзя[14][15] .
Першапачаткова яно ўяўляла сабою прыродную пляцоўку, штучна ўмацаваную з паўночнага боку ровам і невысокім валам, які апаясваў усю пляцоўку. Па вяршыні вала па перыметры паселішча быў збудаваны частакол[7] . Паверхня пляцоўкі першапачатковага паселішча мела чашападобную форму, з прагінам у цэнтры. Забудова спачатку размяшчалася хаатычна, па ўсім дзядзінцы. Пазней абазначылася ўязная вуліца, якая выводзіла на невялікую плошчу ў цэнтры паселішча. Ад яе на захад, поўнач і ўсход адыходзілі кароткія правулкі. Не выключана, што на плошчы першапачаткова стаяў драўляны праваслаўны храм, які пазней саступіў месца мураванаму храму XII ст. — Ніжняй царкве[3] .
Паселішча назвалі Горадзен[13] . Трапіць на гарадзішча можна было з усходняга боку праз браму, да якой праз глыбокі яр быў перакінуты драўляны мост. Мяркуецца, што браму дадаткова абаранялі вежы. Тэрыторыя гарадзішча была хаатычна забудавана невялікімі драўлянымі хатамі, побач знаходзіліся гаспадарчыя пабудовы: стайні, свірны, хлявы. Адзіная вуліца, якая ішла ад брамы да цэнтра паселішча, заканчвалася невялікай плошчай, выбрукаванай камянямі. Рэшткі гэтай брукаванкі былі знойдзены падчас археалагічных раскопак. Таксама былі знойдзены зброя, упрыгожанні, кавалкі слюды, якая выкарыстоўвалася ў якасці аконнага шкла, і іншыя рэчы, якія сведчаць, што асноўную частку насельніцтва гарадзішча складалі заможныя людзі — княжацкія дружыннікі. Акрамя дружыны, тут жылі людзі, якія яе абслугоўвалі, у асноўным рамеснікі[7] . Паселішча праіснавала нядоўга і загінула падчас пажару, які ўзнік, хутчэй за ўсё, падчас адной з варожых навал. Аплаўленыя кавалкі шкла, слюды і металу сведчаць, што пажар быў моцны і ахапіў усё паселішча, выпаліўшы яго ўшчэнт[11] .
Аднаўленне пасялення
[правіць | правіць зыходнік]Сярод тагачасных дрымучых лясоў і пушчаў Панямоння летапісны горад Горадзен глядзеўся як незвычайны яркі аазіс, дзе на яго ўзбярэжным таржышчы біла ключом заможнае эканамічнае жыццё, дзе суровы быт змякчаўся атмасферай высокой духоўнай культуры, дзе стаялі небывалай красы чатыры храмы (а можа і больш) і непрыступны мураваны замак. Міхась Ткачоў, беларускі археолаг
|
Паселішча адыгрывала значную ролю ў стратэгічных планах славянскіх князёў як крэпасць на балцка-славянскім памежжы, і таму пасля пажару жыццё ў ім не спынілася, а, наадварот, набыло большы размах[4] . Рэшткі папялішча былі засыпаны, а паверхня пляцоўкі зруйнавана. Так утварыўся першы пласт зямлі, які адпавядае першапачатковаму паселішчу другой паловы XI стагоддзя. Над ім ляжыць наступны пласт, багаты знаходкамі XII—XIII стагоддзяў. Таўшчыня яго дасягае трох метраў, што сведчыць аб інтэнсіўным будаўніцтве, якое ішло на пляцоўцы Старога замка.
Пасля пажараў у першую чаргу былі адноўлены абарончыя ўмацаванні[7] . Умацаваны дзядзінец быў пабудаваны на месцы паселішча XI ст. і стаў умацаваным цэнтрам старажытнай Горадні. Па краях замкавага пагорка быў узведзены шырокі (да 15 м) і высокі абарончы вал з пяску, культурнага слоя і суглінку. У сярэдзіне для трываласці былі закладзены дубовыя і сасновыя бярвёны, а вонкавы схіл выкладзены камянямі. Па версе вала замест ранейшага вастраколу пабудавалі драўляныя сцены-гародні з баявой галерэяй, па вуглах сцен і ў самых небяспечных месцах абароны былі пастаўлены вежы[11] . Ад узвышша з боку поля замак аддзяляў глыбокі яр. Паступова адбудавалі дамы і гаспадарчыя пабудовы[16].
Ужо ў канцы XII ст. Горадна вылучаецца сярод іншых гарадоў Панямоння, што адбілася і на яго планіроўцы[4] . Планіроўка паселішча вызначылася на доўгія гады, забудова стала больш шчыльнай. Найбольш інтэнсіўнае будаўніцтва на тэрыторыі замка ішло ў XII — пачатку XIII ст., забудова аднаўлялася кожныя 6—8 гадоў. Цэнтральная частка замкавага двара мела драўляную жылую забудову, якая захоўвала сваю планіроўку на працягу XII—XVII стагоддзяў[17].
Асноўная вуліца шырынёй 2 метры, вымашчаная часанымі дошкамі, ішла ад уязной брамы да плошчы, на якой, верагодна, знаходзілася драўляная царква. Уздоўж вуліцы і адыходзячых ад яе завулкаў стаялі невялікія агароджаныя двары, якія належалі рамеснікам і чэлядзі[7] . Сярэднія памеры горадзенскіх жылых пабудоў XI—XIV ст. складалі 12—16 м², шырыня вуліц — 2—3,2 м[17]. Кожны двор меў драўляную хату (памерам прыкладна 4x4 м) з глінабітнаю печкаю і некалькі гаспадарчых пабудоў[7] . Дамы зрубнай канструкцыі былі ў большасці аднапакаёвыя, але сустракаліся двух- і нават трохпакаёвыя дамы. Археолагі заўважылі, што, у адрозненне ад іншых гарадоў, у Гродне дамы ставілі не на зямлю, а на падмуркі з камянёў ці на ўкапаныя ў зямлю драўляныя палі. Падлога насцілалася з колатых драўляных дошак, у кутку знаходзілася печка-каменка[11] . На тэрыторыі замка знаходзілася і некалькі сядзіб, якія складаліся з двух-пяці жылых і гаспадарчых пабудоў; магчыма, сярод іх былі і двухпавярховыя. Сядзібы агароджваліся частаколам з плах, двары, як і вулічная маставая, высцілаліся дошкамі[15] .
Аналіз шматлікіх знаходак рэшткаў керамічнага посуду дае ўяўленне аб этнічным складзе насельніцтва горада і сведчыць, што, акрамя дрыгавічоў і валынян, насельнікамі Горадна з’яўляліся прадстаўнікі заходнеславянскіх плямён[11] .
Абмежаваная абарончымі збудаваннямі, плошча гарадзішча не давала магчымасці паселішчу расці. Будаўніцтва перакінулася на супрацьлеглае ўзвышша, якое цяпер называецца Новым замкам, дзе сяліліся рамеснікі і гандляры[7] .
Пасяленне хутка развівалася і ўжо ў XII ст. мела моцныя драўляна-земляныя ўмацаванні. На паўночным схіле пагорка вучоныя знайшлі руіны мураванай сцяны даўжынёй каля 12 м, складзенай з цэглы-плінфы. Некалі яе даўжыня дасягала 45 метраў, шырыня — 1,5 м, а вышыня — не менш за 5 м. Рэшткі другой цаглянай сцяны былі выяўлены ва ўсходняй частцы дзядзінца. Падобныя драўляна-каменныя абарончыя збудаванні, якія датуюцца XII ст., на беларускіх землях больш нідзе не сустракаюцца[15][9] . У спалучэнні з 30-метровай стромай гары і водамі Нёмана старадаўні Горадзен быў амаль непрыступны[13] .
У пачатку XII ст. крэпасць ператварылася ў княжацкую рэзідэнцыю (замак), сталіцу ўдзельнага княства. На беразе Нёмана быў пабудаваны двухпавярховы княжацкі хорам, у цэнтры замка ўзведзена вялікая багата аздобленая Ніжняя царква, якія значна ўзвышаліся над сціплай драўлянай забудовай[9] . Тэрыторыя вакол царквы забудоўвалася драўлянымі будынкамі. Месцазнаходжанне царквы вызначала напрамак вуліц: адна праходзіла з поўначы на поўдзень, другая — з захаду на ўсход. Уязная брама знаходзілася ва ўсходняй частцы замка[16].
Сярод асноўных заняткаў жыхароў паселішча было ворыўнае земляробства і жывёлагадоўля. Значнае месца займалі паляванне і рыбалоўства, пры гэтым паляванне ў сваім значэнні не саступала жывёлагадоўлі. Рамяство на першапачатковым паселішчы прадстаўлена толькі вырабамі ганчароў і кавалёў, яго развіццё пачалося толькі з узнікненнем горада, калі ў ім пачалі сяліцца шматлікія рамеснікі і гандляры[11] .
Замак падчас барацьбы з Галіцка-Валынскім княствам. Уваходжанне ў склад ВКЛ
[правіць | правіць зыходнік]Да сярэдзіны XIII стагоддзя горад разам з замкам паступова развіваўся, яго абыходзілі стараной ваенныя ліхалецці. Так, большасць даследчыкаў сыходзяцца на тым, што Гродна пазбегла лёсу іншых старажытнарускіх гарадоў, якія загінулі падчас татара-мангольскага нашэсця. Прынамсі, факт знішчэння горада татарамі не знаходзіць археалагічнага пацверджання. Гродзенскае княства хоць і мела памежнае становішча і знаходзілася ў цесных сувязях з мясцовымі балцкімі плямёнамі, аднак і гэтыя адносіны мелі пераважна характар мірнага суіснавання[4] .
Становішча карэнным чынам змянілася ў сярэдзіне XIII стагоддзя, калі для замка і горада настаў час суровых выпрабаванняў. На працягу амаль дваццаці гадоў горад уяўляў сабой арэну ваенных дзеянняў. Пасля смерці ў 1241 годзе апошняга гарадзенскага князя Юрыя Глебавіча, унука Усевалада Давыдавіча, горад стаў аб’ектам жорсткай барацьбы паміж галіцка-валынскімі і літоўскімі князямі. 3 сярэдзіны 1240-х гадоў намаганнямі Міндоўга і Эрдзівіла Горадзен увайшоў у склад Вялікага Княства Літоўскага. У 1253 годзе Даніла Раманавіч, князь галіцкі, захапіў горад пад сваю ўладу, але ненадоўга, бо ўжо ў 1259 годзе яму прыйшлося ваяваць за яго зноў. Пасля смерці Данііла Раманавіча ў 1264 г. Горадзен перайшоў да яго сына Шварна Данілавіча. Пасля смерці Шварна Уладзімір Васількавіч валынскі не змог утрымаць Горадзен, і ў 1270 г. ён перайшоў у рукі літоўскага князя Трайдзеня, які, як мяркуецца, да гэтага быў горадзенскім князем.
Каб умацаваць сваё становішча, Трайдзень пасяліў у Горадне і Слоніме прусаў, якія збеглі ад крыжакоў[7] .
У 1274 годзе Трайдзень разам з гарадзенскай дружынай напаў на Драгічын-Надбужскі, які належаў галіцка-валынскаму князю Льву Данілавічу, захапіў горад і «избиша вся и мала и до велика». Напад гарадзенцаў выклікаў жорсткую помсту князя Льва Данілавіча. У яго канфлікт з Трайдзенем былі ўцягнуты амаль усе суседнія княствы. Галіцкі князь звярнуўся за дапамогай да татарскага хана Менгуцімера, «прося себе помочи у него на Литвоу». Даўшы Льву войска на чале з ваяводам Ягурчынам, Менгуцімер адначасова прымусіў ісці на «Літву» залежных ад яго бранскага і смаленскага князёў. Да гэтага саюзу далучыліся пінская і тураўская дружыны. Руска-татарскі паход 1274 быў цяжкім ударам для Горадна, але ён не дасягнуў канчатковай мэты з-за сварак і адсутнасці адзінства ў стане саюзнікаў.
Пруси же и Бартеве, выехавше из города, удариша на не ночь и избиша е все, а другие изомаша и в город ведоша… Іпацьеўскі летапіс пра падзеі 1277 г.
|
У 1277 г. на горад зноў напала галіцка-валынскае войска на чале з князямі Мсціславам, Юрыем і Уладзімірам, але і на гэты раз іх напаткала няўдача. Перабежчык паведаміў гарадзенцам аб бязладдзі ў варожым войску, і яны направілі на яго дружыну прусаў. Прусы адных пабілі, другіх узялі ў палон. На наступны дзень паўднёварускія князі штурмавалі Горадзен. Як паведамляе летапіс, абаронцы горада «аки мертва стояша на забролях города». Такога адпору нападаючыя не чакалі і сталі прасіць міру, «како города им не имати», ды зышлі прэч: «городу не вспеша ничего же тако возвратит а во свояси»[3] . Лічыцца, што з гэтага часу Горадзен канчаткова ўвайшоў у склад ВКЛ[7] .
Выгляд замка ў другой палове XIII — пачатку XV стагоддзя. Далейшае развіццё паселішча
[правіць | правіць зыходнік]Дзядзінец па-ранейшаму меў драўляныя сцены-горадні, па версе ішла баявая галерэя, прыкрытая брустверам-забаролам. Захаваліся яшчэ і мураваныя сцены XII ст. Асноўнай кропкай абароны стала мураваная вежа-стоўп. Яна знаходзілася побач з брамай дзядзінца і выступала за лінію сцяны. Такое зручнае месцазнаходжанне давала магчымасць абаронцам трымаць пад абстрэлам мост, браму і частку прылягаючай да брамы сцяны.
На гэты час прыходзіцца заняпад у эканамічным развіцці паселішча. Бесперапынныя войны, пастаянная пагроза знішчэння не спрыялі развіццю горада. Археалагічныя раскопкі на Старым замку выявілі трохметровы культурны слой, які ўтварыўся за адзначаны час. Ён бедны на знаходкі. Асноўную іх частку складае зброя, пераважна наканечнікі стрэл. Знаходак, якія б сведчылі аб стане рамяства, настолькі мала, што многія даследчыкі гавораць аб замаруджванні ці нават аб спыненні развіцця горада ў гэты перыяд. У гэты час у належным стане падтрымліваліся толькі гарадскія ўмацаванні, ніякага адмысловага будаўніцтва не вялося[7] .
У 1312 годзе горадзенскім кашталянам стаў князь Давыд Даўмонтавіч, які здолеў абараніць горад ад крыжацкіх навал. Атрымаўшы доўгачаканы перадых у бесперапынных бойках з крыжакамі, гарадзенцы пачалі адбудоўваць свой горад і замак[7] . Менавіта ў гэты час, у XIV ст., на руінах згарэлай у 1183 годзе Ніжняй царквы пабудаваны невялікі квадратны ў плане храм з адной апсідай — Гродзенская Верхняя царква[16].
Як сведчыць Іпацьеўскі летапіс, у другой палове XIII ст. замак меў рубленыя сцены з бярвёнаў з прыкрытымі брустверамі баявымі пляцоўкамі[16].
Столп бо камен высок стоя перед вороты города, и бяху в нем заперлися Прузи, и не бысть им мимо онъ пойти к городу, побивахуць бо со столпа того; и тако приступиша к нему и взяша и, страх же велик и ужасть паде на городе, и быша аки мертвее стояще на заборолех города, о взятьи столпа, зане то бысть упование их. Іпацьеўскі летапіс пра падзеі 1277 г.
|
У гэты ж час у замку была ўзведзена магутная каменная вежа-данжон (верагодна, тыпу бергфрыд[15] ), вельмі падобная на Камянецкі слуп. Верагодна, што вежу-стоўп у Горадне пабудавалі валынскія майстры. Упершыню вежа ўзгадваецца ў пісьмовых крыніцах у 1277 годзе пры апісанні паходу галіцка-валынскіх князёў на Горадзен. Летапісец паведамляе, што «стоўп» стаяў перад уездам у замак, перад самымі варотамі. Вежа-данжон прастаяла да XVI ст., пасля чаго была разабрана[13] . Досыць цікавай уяўляецца праблема размяшчэння ў сістэме замкавых умацаванняў Горадзенскага «стаўпа». Большасць даследчыкаў лічыць, што ён знаходзіўся на пляцоўцы Старога замка, непадалёк ад увахода і ў структуры сцен, — там, дзе паказана высокая круглая вежа на гравюры Цюнта канца XVI ст. Аднак, уважліва прааналізаваўшы паведамленне Іпацьеўскага летапісу за 1277 год, польскія даследчыкі Ю. Вайцяхоўскі і С. Александровіч, а таксама іх беларускія калегі Ю. Заяц і М. Макараў прыйшлі да высновы, што «стоўп» мог размяшчацца на суседнім пагорку Ніжняга замка і быў злучаны з брамай Старога замка мостам. Такое размяшчэнне вежы стварала магчымасць поўнага кантролю над уваходам у замак, аднак яе захоп не азначаў падзення ўсяго «града», як гэта і апісана ў летапісе[18]. Прыкладна такога ж меркавання прытрымліваўся М. Варонін, які лічыў, што мураваная вежа знаходзілася не літаральна перад замкавай брамай, а побач з ёй, выступаючы за лінію абарончых умацаванняў так, што з вежы можна было абараніць і сцены, і замкавую браму. Даследчык выказаў слушную думку аб тым, што «стоўп» XIII ст. быў уключаны ў склад больш позняга мураванага замка Вітаўта з высокай круглай вежай, якая стаяла на павароце ўсходняй сцяны замка і моцна выступала ўперад[9] .
У той жа час за межамі горада ўзнікае так званы «акольны горад» — гандлёва-рамесны пасад, які па плошчы быў ужо большы за дзядзінец і які ўжо ў XIV ст. згадваецца пад назвай «Ніжні замак»[13] . У XIV ст. на руінах згарэлай у 1183 г. Ніжняй царквы пабудаваны невялікі квадратны ў плане храм з адной апсідай — Гродзенская Верхняя царква[16].
Замак падчас барацьбы з крыжацкай навалай. Давыд Гарадзенскі
[правіць | правіць зыходнік]У XIII—XIV стст. Горадзенскія ўмацаванні лічыліся ключом да Панямоння, авалодаць замкамі імкнуліся крыжакі[6] . Гэты ключ не толькі замыкаў водны і сухапутны шлях у глыб краю, але і ахоўваў заможны горад, які быў значным гандлёва-рамесным, рэлігійным і культурным цэнтрам вялізнага краю зямель усходняга славянства[13] . Крэпасць над Нёманам з яе выгоднай стратэгічнай пазіцыяй была галоўнай перашкодай на шляху ўсходняй экспансіі нямецкага ордэна, а сам горад — важнай эканамічнай базай у барацьбе Вялікага Княства Літоўскага з крыжакамі: тут знаходзіліся асноўныя склады правіянту і амуніцыі. Кожны паход супраць нямецкіх рыцараў пачынаўся з Горадні, у тым ліку і на Грунвальд у ліпені 1410 года[8] . Фармальнаю нагодаю для паходаў сталі язычнікі-прусы, якія схаваліся тут[4] .
Год нападу | Кіраўнікі аблогі і колькасць нападаючых | Вынік |
1284 | Конрад Цірнберг, магістр Тэўтонскага ордэна | Захоплены з-за здрады абаронцаў |
1296 | Зігфрыд Райберг, камандор з Бальгі | Замак выстаяў, разрабаваны ваколіцы |
1296 | Генрых Зуцверт | Замак выстаяў, нападаючыя панеслі вялікія страты |
1305 | Конрад Ліхтэнхаген, камендант Брандэнбурга, комтур | Замак выстаяў, конніца Гедзіміна адкінула ворага |
1306 | Альберт Гагель, 400 воінаў | Беспаспяховы набег |
1306 | Эбергард Варнемберг, камандор Кенігсберга, 100 ордэнскіх братоў і 6000 коннікаў | Беспаспяховы набег |
1311 | комтур Ота фон Берген, 5 рыцараў і 400 коннікаў | Няўдалы, войска Гедзіміна разграміла захопнікаў |
1314 | Генрых фон Плоцке, магістр Кенігсберга, каля 5000 коннікаў | Замак выстаяў, конніца Гедзіміна адкінула ворага |
1328 | Вернер Арсялен, гросмайстар Тэўтонскага ордэна, 60 рыцараў і 300 ратнікаў | Замак спалены, жыхары заплацілі кантрыбуцыю |
1362 | Генінг Шындэкопф, магістр Тэўтонскага ордэна | Няўдалы набег, захопнікі разбіты пры пераправе цераз Нёман |
1364 | нямецкі граф фон Ханаў з Лівоніі | Замак выстаяў, ваколіцы спалены |
1373 | ??? | Замак выстаяў |
1375 | Альберт фон Заксан, прэфект Ратэнбурга | Замак выстаяў |
1377 | Тэадорых фон Эльнер | Замак выстаяў |
1379 | Крыжакі-аўстрыйцы, каля 2000 ваяроў | Замак выстаяў |
1390 | Ягайла, польскі кароль | Замак здаўся пасля 50-дзённай аблогі |
1393 | Тэўтонскі ордэн | Замак узяты і спалены |
1402 | Тэўтонскі ордэн | Замак выстаяў, ваколіцы спалены |
Першае сутыкненне з крыжакамі адбылося ў XIII ст. і стала для абаронцаў Горадна адначасова і трагічным, і павучальным. У 1284 годзе войска магістра Тэўтонскага ордэна Конрада Цірнберга ўзяла горад у аблогу. Крыжакам не ўдалося штурмам узяць замак, гараджане рашуча адбівалі ўсе навалы. Захопнікі завалодалі горадам толькі пасля здрады прусаў Скомунда і яго брата[11] , якія раней жылі ў Прусіі, спалілі горад і разбурылі ўмацаванні.
Замак быў хутка адноўлены і ўжо ўзімку 1296 года зноў абложаны Тэўтонскім ордэнам на чале з камендантам Бальгі Зігфрыдам Райбергам. Нягледзячы на тое, што вораг узяў сам горад і разбурыў яго, гэтак жа як і наваколлі, уласна замак крыжакі не ўзялі, а сам Райберг, відаць, загінуў пад сценамі замка.
Паход крыжакі паўтарылі праз некалькі месяцаў на чале з камендантам Бальгі Зуцвертам. Рыцары сустрэлі такое моцнае супраціўленне абаронцаў замка, што вымушаны былі бясслаўна вярнуцца дадому[13] .
Зімой 1305 года адбылася чарговая аблога. Два дні абараняліся гарадзенцы, пакуль не прыйшла дапамога. У 1306 годзе крыжакі ізноў з’явіліся пад сценамі замка, і ў гэты раз гродзенскія ваяры паспяхова змагаліся з імі, крыжакі змаглі заняць толькі пасад. Яшчэ два напады ордэнцаў у 1311 і 1314 гадах аказаліся няўдалымі для іх[15] : нягледзячы на тое, што велічыня войска даходзіла да 6000 чалавек, ім так і не ўдалося захапіць замак.
У той цяжкі для Горадзеншчыны час вялізную ролю ў абароне Горадна і ўсяго Панямоння адыгрываў кашталян горадзенскага замка князь Давыд. Давыд праславіўся як мужны абаронца Горадна, граза прускіх, лівонскіх, дацкіх і нямецкіх рыцараў. Нягледзячы на тое, што Давыд быў праваслаўным, вялікі князь Гедзімін выдаў за яго сваю дачку — прыгажуню Біруту. Ваенны талент Давыда быў такі моцны, што Гедзімін аказваў Давыду перавагу перад сваімі братамі і сынамі ў ваенных справах з суседнімі землямі.
У пачатку 1324 года ў Вялікі пост вялікае войска крыжакоў тайна напала на радавую сядзібу Давыда Верцялішкі, ушчэнт спаліла яе і забіла ўсіх жыхароў. У адказ на гэта злачынства князь зрабіў паход у Мазовію і разбіў вялікае войска праціўніка. А ў 1326 годзе ён з 1200 вершнікамі і з саюзным атрадам палякаў здзейсніў спусташальны паход на Брандэнбург. Як кінжал увайшло гэтае войска ў самае сэрца Германіі, дайшоўшы да Франкфурта-на-Одэры. Не могучы супрацьстаяць войску Давыда, крыжакі падкупілі польскага рыцара Андрэя Госта, які здрадніцкім ударам у спіну забіў палкаводца ў ягоным шатры. Пакуль быў жывы Давыд Гарадзенскі, крыжакі Прускага ордэна не адважваліся нападаць на Горадзен. Са смерцю князя скончылася паласа адноснага спакою ў жыцці гарадзенцаў[13] .
У пачатку восені 1328 года вялікае войска крыжакоў на чале з гросмайстрам Тэўтонскага ордэна з атрадам колькасцю 60 рыцараў і 300 простых ратнікаў падышло да сцен Горадна[11] . Большая частка войска крыжакоў схавалася на подступах да замка, а каля 400 чалавек пачалі рабаваць прадмесці, пасля чаго адышлі. Жыхары горада, вырашыўшы, што крыжакі адышлі дадому, выйшлі з умацаванняў. У гэты час захопнікі з засады кінуліся на горад, захапілі замак, разрабавалі яго і спалілі, а жыхары заплацілі вялікую кантрыбуцыю.
Жыццё ў Горадне наладзілася толькі ў сярэдзіне XIV ст. Так, у 1356 годзе жыхары Горадна ўдзельнічалі ў ваенным паходзе ў прускую правінцыю Альтэнштадт і ўзялі ў аблогу горад Гутэнштадт, а на пачатку лета галоўны маршалак Прускага ордэна Генінг Шындэкопф з вялікім войскам накіраваўся ў Горадна. Рыцары спрабавалі пераправіцца цераз Нёман, але ў гэты час іх атакавалі гараджане. Страты ворага, відаць, былі даволі вялікімі, бо кіраўнікі паходу адмовіліся ад аблогі Горадна.
У 1364 годзе ўдачы пад сценамі Горадзенскага замка шукаў ужо Лівонскі ордэн, пад сцягі нямецкага графа фон Ханаў сабралася каля 40 князёў з розных краін Еўропы. Англійскія рыцары пераправіліся цераз Ла-Манш, каб пад сцягам заступніка ўсіх рыцараў св. Георгія пашукаць удачы пад непрыступным замкам, вядомым усёй рыцарскай Еўропе. Аднак удача ад крыжакоў адвярнулася, замак застаўся няскораным, усю злобу крыжакі спагналі на наваколлях Горадна (паводле іншых звестак, гарадзенскі князь Патрык выйшаў насустрач захопнікам з харугвамі і крыжамі, каб паказаць, што перад імі хрысціянскі горад, і тым самым выратаваў Горадна[4] ). Лівонскі храніст зазначыў, што ваяры «бязлітасна знішчылі наваколлі Горадна, забраўшы шмат людзей у няволю». Крыжакі паўтарылі паход у жніўні 1373 года.
У 1375 годзе войска прэфекта Ратэнбурга герцага Альберта фон Заксена сустрэла жорсткі адпор жыхароў Горадна. Галоўнымі абаронцамі горада і замка былі простыя жыхары. Удача была на баку абаронцаў, большасць захопнікаў была забіта ці паранена, сам герцаг трапіў у палон, астатнія збеглі з поля бою. Аднак ужо ў 1377 годзе, а пасля і ў 1379 годзе прускія крыжакі пры падтрымцы 2000 аўстрыйскіх і іншых еўрапейскіх рыцараў зноў з’яўляліся пад сценамі Горадна[13] .
Новы этап у жыцці замка пачынаецца ў часы валадарства Вітаўта, які стаў гарадзенскім князем у 1376 годзе. Горадзен быў спадчынным уладаннем князя. Пасля таго, як у 1386 годзе яго стрыечны брат Ягайла стаў польскім каралём, Вітаўт стаў прэтэндаваць на велікакняжацкі сталец у Вільні. Паміж братамі пачалася зацятая міжусобная барацьба, адным з эпізодаў якой стала аблога гарадзенскага гарнізона ў 1390 годзе.
Замак, якім валодаў Вітаўт, спазнаў 50-дзённую аблогу з боку войскаў Ягайлы. Напачатку пасля шматразовых штурмаў паў Ніжні замак. У гэты час Вітаўт у саюзе з крыжакамі спрабаваў дапамагчы абаронцам замка з уласназробленых умацаванняў на супрацьлеглым боку Нёмана, якія ён назваў Новы Горадзен. Цераз раку быў працягнуты жалезны цэп, на якім умацавалі чаўны і такім чынам зрабілі мост. Па ім з замка вынеслі параненых, а таксама ўвялі падмацаванні ў замак. Такі стан спраў не задавальняў Ягайлу, які загадаў вышэй па цячэнні пасекчы тоўстыя дрэвы, звязаць іх у плот і пусціць па рацэ. Такі імправізаваны таран зваліў мост, становішча абаронцаў замка пагоршылася, і на 50-ы дзень аблогі замак здаўся[8] . Вядомы гісторык Ян Длугаш паведамляе, што ў 1390 годзе ў штурме Старога замка бралі ўдзел бамбарды, балісты і ўжываўся розны ваенны рыштунак[9] .
Каб заручыцца падтрымкай гарадзенцаў, Ягайла ў 1391 годзе дае гораду першы прывілей на самакіраванне па Літоўскім праве і ўзмацняе гарнізон крэпасці атрадам польскіх ваяроў. Але калі ў тым жа годзе Вітаўт разам з саюзнымі крыжакамі на чале з Конрадам Валенродам[4] падышоў да горада, гарадзенскія ваяры зачынілі польскіх салдат у вежы і здалі крэпасць. За дапамогу ў барацьбе з Ягайлам Вітаўт дазваляе крыжакам пабудаваць у сваіх уладаннях тры замкі: Нойгартэн, Метэнбург і Рытэнсведэр[11] .
Саюз Вітаўта з крыжакамі быў нядоўгім, пасля падпісання Востраўскага пагаднення 1392 года ён аб’яднаўся з Ягайлам супраць агульнага ворага — Прускага ордэна. У адказ ордэн арганізаваў у 1393 годзе паход вялікага рыцарскага войска на Горадна. Пасля трохдзённага штурму замак быў захоплены і зруйнаваны. Але ўжо праз некалькі год замак паўстаў з попелу[13] .
У Гродне захаваўся тапанімічны напамін пра тагачасныя напады — вёска Падкрыжакі, якая нядаўна ўвайшла ў межы горада[11] .
Замак Вітаўта
[правіць | правіць зыходнік]У 1398 годзе здарыўся моцны начны пажар у драўляным замку, у якім ледзь не загінуў сам Вітаўт разам з сям’ёй[13] . Паводле паданняў, Вітаўт разам з жонкай паспеў выскачыць з ахопленага агнём будынка дзякуючы прыручанай малпе[19]. Але палац і іншыя пабудовы згарэлі ўшчэнт[7] .
Пасля было вырашана больш не будаваць драўляныя збудаванні, на месцы дзядзінца паўстаў моцны каменны замак. Для свайго часу замак быў выключна моцным абарончым, першакласным умацаваннем. У ім гарманічна спалучаліся прыродныя ўмацаванні, на якіх быў пастаўлены моцны комплекс каменных умацаванняў, за якімі падчас небяспекі хаваліся гараджане і навакольнае насельніцтва[13] . Згарэўшыя рэшткі старога замка разабралі, часткова скінулі ўніз, а на іх месцы пабудавалі новыя мураваныя сцены. Падмуркі з вялікіх камянёў на росчыне заклалі на глыбіню аднаго метра, яны былі зроблены з вялізных валуноў, перакладзеных радамі вялікапамернай цэглы. На думку Я. Вайцяхоўскага , муроўка сцен замка блізкая да муроў прыбалтыйскіх, а дакладней, літоўскіх замкаў[6] . Гісторык архітэктуры У. Чантурыя параўноўвае муроўку замка ў Гродне з муроўкай сцен пскоўскага і гдоўскага крамлёў, звязваючы падабенства з тым, што замак, верагодна, узводзілі калажане, якіх князь Вітаўт узяў у палон пры паходзе на Пскоў[20].
Магутныя сцены трохметровай таўшчыні былі зроблены з каменю і вялікапамернай цэглы і дасягалі вышыні 6—8 метраў[7] . Звернутая да Нёмана сцяна была 120 м у даўжыню, сцяна з боку Гараднічанкі — 90 м, сцяна з боку горада складалася з двух участкаў — 24 і 46 м.
Замак меў пяць веж, у тым ліку вежу-браму, круглую ў аснове вежу-слуп і яшчэ тры квадратныя ў аснове вежы памерам 12x12 м[13] . Вежа-брама з турмой пад ёй мела пад’ёмны мост цераз сухі роў, які аддзяляў яе ад гарадскога пасада — Гродзенскага ніжняга замка. У верхняй частцы вежы знаходзіліся навісаючыя байніцы-абламы, за зубцамі — баявая пляцоўка[17].
Другая вежа знаходзілася на беразе Нёмана, 3-я — на мысе Гараднічанкі, 4-я — у паўночна-ўсходнім куце, пятай вежай замка быў, напэўна, «стоўп»[16]. Нервюры і партал гатычнай вежы на мысе замка насупраць Каложы былі выкладзены з профільнай цэглы, якую знайшлі падчас раскопак. Пры пабудове замкавых муроў, акрамя палявых камянёў, выкарыстоўвалася вялікапамерная цэгла-пальчатка, сярэднія памеры якой роўныя 27—28x13—12x8—8,5 см[9] .
У лінію абароны ўваходзіў новы каменны палац Вітаўта, які меў памеры 45x15 метраў. 50-метровы сухі роў аддзяляў замак ад горада і Ніжняга замка, умацаванні апошняга таксама былі каменнымі. Рэшткі гэтых умацаванняў, пабудаваных у XIV—XV стст., яшчэ бачны на гравюры Гродна 1568 г.[13]
Мураваны палац Вітаўта быў пабудаваны паміж круглай і паўночна-усходняй вежамі. Двухпавярховы будынак быў прыстасаваны да абароны. Сцяна, звернутая ў бок горада, мела вузкія вокны-байніцы[7] . Магутныя контрфорсы ўмацоўвалі сцены і вежы. Уся архітэктура замка, які стаў прадстаўнічай княжацкай рэзідэнцыяй, мела гатычныя рысы[15] . У другой палове XV — пачатку XVI ст. спічастыя гатычныя дахі замкавага палаца аздабляла зялёная паліваная вільчаковая дахоўка з вялікім дэкаратыўным шыпам[9] .
Палац князя прымыкаў і злучаўся з уязной вежай праз другі паверх, з другога паверха палаца меўся пераход таксама да брамнай вежы[6] . Да абарончых сцен прымыкалі гаспадарчыя пабудовы. Так, да абарончых сцен з боку абедзвюх рэк — Нёмана і Гараднічанкі прымыкалі каменныя казематы, якія мелі рознае ваенна-гаспадарчае прызначэнне. Гатычны каземат, падмуркі якога былі знойдзены ў раскопе ў 1985 годзе, быў пабудаваны на рэштках сцяны XII ст. Ад яго захаваліся пяты скляпенняў і спаленая драўляная падлога, каземат разбурыўся падчас вялікага пажару ў XVI ст. Двор перад княжацкім палацам і брамай быў забрукаваны[9] .
Будоўля замка скончылася прыкладна ў 1400 годзе[4] , а ўжо ў 1402 і 1403 гадах зноў адбудаваны замак зведаў апошнія крыжацкія аблогі. Але захопнікі нават не спакусіліся яго штурмаваць, абмежаваўшыся толькі рабаваннем ваколіц[7] .
Палац Вітаўта быў амаль цалкам разабраны пасля пабудовы палаца Баторыя, толькі ў двух месцах часткі яго ўключылі ў новы палац, збудаваны паводле тагачасных навамодных архітэктурных павеваў. Ад яго засталася толькі паўночная сцяна даўжынёй 9,7 м і вышынёй 2 м[2] , з тарца паўночнай сцяны палаца Вітаўта захавалася частка гатычнай вежы і невялікага акна, з паўднёвага тарца відаць пераход да брамнай вежы. Археолагі расчысцілі ніжнія часткі сцен палаца Вітаўта, і яшчэ ў 1950-я гады наведвальнікам музея паказвалі гэтыя муры ў падвалах будынка. Аднак у «часы застою» (1970-я гады) малакваліфікаванае кіраўніцтва музея не цаніла гэтыя руіны — сутарэнні палаца былі прыстасаваны пад распранальню для наведвальнікаў, пры гэтым частка помніка была непапраўна пашкоджана[6] .
Замак пасля бітвы над Грунвальдам. Кароль Казімір і каралевіч Казімір
[правіць | правіць зыходнік]Пасля грунвальдскай бітвы (1410), у якой удзельнічала і гарадзенская харугва, для горада пачалося мірнае жыццё. З ворагам, які больш за стагоддзе раздзіраў Беларускае Панямонне, было скончана. Аднак умацаванні замка яшчэ падтрымліваліся ў належным стане, для гэтага гараджане неслі так званую «гарадавую працу». Яны даглядалі не толькі за станам гродзенскіх умацаванняў, але і на 60 дзён накіроўваліся на працы па рамонце іншых замкаў, у тым ліку і Віленскага. У сваю чаргу, на працы па ўмацаванню гродзенскай цвярдыні прыцягваліся жыхары іншых гарадоў, як, напрыклад, Ваўкавыска.
Пасля атрымання Гораднам Магдэбургскага права ў ім была ўведзена гарадская ваенная арганізацыя з падзелам на дзясяткі і сотні, з уласнымі баявымі сцягамі і гербам. У замку знаходзілася вялікая колькасць зброі, а ў 1540—1541 гг. замкавую артылерыю абслугоўвалі дванаццаць пушкароў. Увогуле, у XV—XVI стст. з-за геаграфічнага становішча Гродна, які знаходзіўся ў глыбіні краіны, патрэба ва ўмацаваннях паступова змяншалася[13] .
Таму ў XV ст. пасля разгрому крыжакоў, а таксама ў сувязі з развіццём ваенна-інжынернай справы (удасканаленні, якія адбыліся ў галіне тактыкі аблогі і выклікалі ўвядзенне ў шырокі ўжытак агнястрэльнай зброі) Стары замак пачаў губляць сваё стратэгічнае значэнне, ператвараючыся ў велікакняжацкую рэзідэнцыю, а потым і ў месца правядзення пасяджэнняў гарадскіх і гродскіх судоў Гродзенскага павета, а таксама захоўвання актавых кніг гэтых устаноў[21] .
Жыццё ў замках і горадзе ў гэты перыяд стабілізавалася. Неаднаразова тут адбываліся перамовы, сустрэчы вялікага князя Вітаўта і караля Уладзіслава II Ягайлы: так, яны тут разам святкавалі ў 1414 годзе Каляды і вяселле Вітаўта з Юльянай у 1416 годзе[11] .
Часта бываў у гродзенскіх замках пераемнік Вітаўта Свідрыгайла, потым Жыгімонт Кейстутавіч. З 1440 года замак перайшоў ва ўладанне вялікага князя Казіміра Ягайлавіча, у якім ён прымаў пасольства з Кракава, якое прывезла яму польскую каралеўскую карону. Вялікі князь літоўскі і кароль польскі Казімір Ягайлавіч часта спыняўся ў Гродне на адпачынак у час паляванняў і вандровак. Свой апошні дзень 6 чэрвеня 1492 года ён сустрэў таксама ў Гродне, у пабудаваным насупраць Старога замка так званым Каралеўскім доме[15] . У тым жа годзе гарадзенскі сойм абраў чарговага князя — Аляксандра[3] .
З Гродзенскім замкам звязана жыццё і смерць каралевіча Казіміра, сына вялікага князя літоўскага і караля польскага Казіміра Ягайлавіча. Ён быў вядомы сваёй набожнасцю, і часта, прыходзячы да касцёла ўначы і заспеўшы вароты зачыненымі, ён клаўся перад імі на зямлю, раскінуўшы рукі крыжам, і маліўся да раніцы. Памёр малады каралевіч Казімір у замку ў Гародні 4 сакавіка 1484 года, пазней яго цела было перавезена ў Вільню і пахавана ў адмыслова пабудаванай капліцы ў кафедральным саборы. Падчас перапахавання высветлілася, што мошчы Казіміра нятленныя. У 1602 годзе ён быў кананізаваны каталіцкай царквой і з таго часу лічыцца нябесным заступнікам Вялікага Княства Літоўскага і цяперашняй Літвы[8] .
Перабудова замка падчас панавання С. Баторыя. Выгляд замка
[правіць | правіць зыходнік]Бадай што самым вядомым уладальнікам замка з’яўляецца кароль Рэчы Паспалітай Стэфан Баторый, які, не жадаючы залежаць ад прыдворных інтрыг у Кракаве і Вільні, ператварыў Гародню ў сваю галоўную рэзідэнцыю. Перад каралём стаяла ў той час важная задача — вызваліць усходнія землі Вялікага Княства Літоўскага ад войскаў Івана Грознага. Каб быць бліжэй да тэатра ваенных дзеянняў, з 1579 г. кароль фактычна пераносіць у Гародню сталіцу дзяржавы і ваенную стаўку. Стэфан Баторый знаходзіў тут супакой і адзіноту, пасля сваіх пераможных паходаў праводзіў час у паляўнічых забавах, прымаў замежных паслоў, тут жа склікаў Раду Сената Рэчы Паспалітай[8] .
Яго вялікасць польскі кароль мае ў гэтым гарадку Гродне свой дом, які загадаў узвесці зусім нанова. I хоць той яшчэ не даведзены да канца, кароль тут многа спыняецца, бо мае добрую магчымасць паляваць. Да гэтага ў яго каралеўскай вялікасці асаблівае жаданне і ахвота, так што нярэдка на працягу 8 дзён не вяртаецца ў горад… Самуэль Кіхель, нямецкі падарожнік
|
Такім чынам, у 1576—1586 гг. Гродзенскі замак стаў галоўнай і любімай рэзідэнцыяй караля Стэфана Баторыя[3] .
Натуральна, стары, парадкам струхлелы замак вялікага князя Вітаўта ўжо не падыходзіў для караля з яго шматлікай світай і меў патрэбу ў карэннай перабудове. У адпаведнасці з найноўшымі архітэктурнымі павевамі Стэфан Баторый ператварыў Стары замак у пышную каралеўскую рэзідэнцыю, якая нагадвала сваім аздабленнем італьянскае палацца[8] .
Замак быў перабудаваны цягам 1580-х гадоў у стылі нямецкага маньерызму архітэктарам Юзафам Ройтэнам[22]. Паводле версіі дырэктара гродзенскага гісторыка-краязнаўчага музея Ю. Кітуркі, замак быў перабудаваны архітэктарам Санці Гучы[9] .
Ініцыятарам перабудовы сваёй рэзідэнцыі быў сам кароль, Стэфан Баторый, які ператварыў Гродна ў фактычную сталіцу Рэчы Паспалітай. Пры ім пачалася перабудова верхняга Замка, пасля якой замак страціў суровыя, аскетычныя гатычныя рысы, пазбавіўшыся шэрагу старых пабудоў і веж. Знікае праезжая вежа, вежа-данжон XIII ст., палац Вітаўта[13] .
На месцы канюшняў замка Вітаўта па праекце архітэктара Ройтэна пабудаваны двухпавярховы маньерыстычны палац, які нагадваў у плане выцягнуты ў даўжыню і трохі перакошаны прамавугольнік памерамі 21x60 м. Палац быў увенчаны дэкаратыўным абарончым атыкам, упрыгожаны аркамі з фігурнымі завяршэннямі і тонкай аздобай акон[16].
Адзіная выява палаца Стэфана Баторыя на гравюры Тамаша Макоўскага датуецца 1600 годам. Будынак меў высокі двухсхільны дах і быў накрыты чырвонай чарапіцай. У цэнтры галоўнага фасада знаходзілася парадная лесвіца, двух’ярусны рызаліт з аркадамі, якая вяла на другі паверх у каралеўскія пакоі. Астатнія ўваходы былі вельмі сціплыя. Уваход на першы паверх быў побач з параднай лесвіцай, а на трэці — у паўночным тарцы[23] . Балюстрада была каменнай, а часткова — жалезнай. Фасад з боку горада ўпрыгожвалі эркеры: 6 па баках — шасцігранныя, з шасцю вокнамі і купалападобнымі дахамі, а ў цэнтры — прамавугольны эркер з чатырма вокнамі. Фасады і франтоны аздабляла двухколернае сграфіта. Такое аздабленне стваралася дзякуючы двухслойнай тынкоўцы. Яе ніжні слой нанасіўся растворам цёмна-шэрага колеру, верхні — белага. Пасля верхні тонкі слой прадрапваўся да ніжняга. Калі меркаваць па захаваўшыхся дробных фрагментах, то сграфіта ўяўляла сабой раслінны арнамент у выглядзе фестонаў, гірлянд з асобнымі выявамі: галава льва, геральдычныя матывы. Апошнія ўпрыгожвалі і браму. У аблямоўцы акон і дзвярэй малюнак сграфіта ствараў вакол архітэктурных дэталей умоўныя рамы, парталы, а каля эркераў — дэкаратыўныя паясы. Вокны мелі каменнае аздабленне ў выглядзе тонкіх ліштваў з раслінным арнаментам. Каменная разьба ўпрыгожвала таксама эркеры і парталы дзвярэй[15] .
Першы паверх палаца меў скляпеністыя перакрыцці, тут знаходзілася канцылярыя, архіў, скарбніца, кладоўка і вартоўня[16]. Усяго на першым паверсе было дзесяць памяшканняў[4] . З параднага квадратнага ў плане вестыбюля левыя дзверы вялі ў вялікую залу з сямю вокнамі і скляпеннямі на двух васьмігранных слупах (зараз яны ўключаныя ў перагародкі). Усходні слуп пастаўлены на падмурку сцяны Вітаўта, заходні абапіраецца на ўласны падмурак. Дзверы з вестыбюля насупраць увахода вялі ў прамавугольнае памяшканне з двума вокнамі, дзе, мяркуючы па вопісе 1653 года, захоўвалася сталовае срэбра. Памяшканне ў выглядзе няправільнай трапецыі каля службовай лесвіцы (з боку Гараднічанкі) адводзілася для архіва. Такая форма пакоя атрымалася ў выніку ўключэння часткі палаца Вітаўта ў баторыеўскі палац. На антрэсолях тут было памяшканне для вартаўнікоў. Астатнія пакоі ніжняга паверха прызначаліся для гаспадарчых і ваенных патрэб. Кардэгардыя каля ўезда была пабудаваная пазней (упамянутая толькі ў інвентары 1680 года), і гарнізон пакуль размяшчаўся ў памяшканнях побач з ім[6] .
Сцены першага паверха былі атынкаваныя, падлога складалася з керамічных плітак. Дзверы былі дубовыя, а некаторыя нават з жалеза, пафарбаваныя ў чорны ці зялёны колер, што надавала памяшканням рысы паважнасці і строгасці. У цэнтры першага паверха палаца знаходзіліся квадратныя сені. Толькі з іх можна было трапіць у ізаляваны ад іншых памяшканняў невялікі пакой з двума вокнамі ў бок горада, які выконваў ролю скарбніцы. Найбольш цікавай была вялікая скляпеністая зала ў паўночна-заходняй частцы палаца. Яе скляпенні трымаліся на васьмігранных калонах. Зала мела сем акон, з якіх тры выходзілі на надворак, а чатыры былі ў сцяне з боку горада[15] .
Другі паверх займалі каралеўскія пакоі — памяшканні з высокімі разнымі і ляпнымі, мураванымі альбо керамічнымі (з паліваных рознакаляровых плітак) падлогамі, кафлянымі печамі і дэкаратыўнымі каменнымі парталамі[17]. На другім паверсе, згодна з інвентаром 1653 года, было 14 пакояў: сені, зала сталовая, пакой з боку двара, невялікая пярэдняя, пакой з боку горада з эркерам, пакой «бакавы», другі пакой «бакавы», трэці пакой «бакавы» з выхадам у сярэдні эркер, чацвёрты «бакавы» пакой, пакой з боку горада, пакой «убок ад надворка», памяшканне для целаахоўнікаў, пакой «таксама ад надворка», з якога дзверы вялі ў сені і на парадную лесвіцу[4] . Апошняй у інвентары пазначана каралеўская спальня, кутні пакой з усходу, які меў выхад у эркер. Усе памяшканні аб’ядноўваліся ў тыповую палацавую анфіладу[15] .
Гэта былі багата аздобленыя вялікія памяшканні з высокімі столямі. Сцены былі аблямаваны паліраваным гіпсам. Каменны разны дэкор быў дапоўнены сграфітаваным роспісам з расліннымі міфалагічнымі матывамі[17]. Столі ўпрыгожвала разьба ці ляпніна. Асабліва адметным было скляпенне ў сталовай зале «з ружамі і кукламі залацістымі», аналагічнае скляпенню пасольскай залы на Вавелі. Дзверы разныя і паліхромныя, часцей за ўсё з мармуровымі парталамі. Падлога была выкладзена мармурам ці рознакаляровымі паліванымі керамічнымі пліткамі. Выразным акцэнтам у аздабленні пакояў былі каміны і печы. Апошнія аблямоўваліся зялёнай паліванай ці вельмі дарагой паліхромнай рэльефнай кафляй.
У атыку знаходзіліся памяшканні трэцяга паверха, якія асвятляліся невялікімі вокнамі. Сюды можна было трапіць толькі па пакручастай лесвіцы ў паўночным тарцы палаца. Наогул неабходна адзначыць, што ўнутранай сувязі паміж паверхамі не было, кожны з іх меў асобныя ўваходы[15] .
Я. Вайцэхоўскаму ўдалося рэканструяваць і вонкавыя фасады пабудовы Баторыя. Яны не былі сіметрычнымі: цэнтрам кампазіцыі з боку горада быў алькеж. Цэнтрам кампазіцыі дваровага фасада з’яўляўся рызаліт у яго сярэдняй частцы, але ён быў значна пасунуты ў бок брамы. У цэлым прапорцыі і ўпрыгожанні вокнаў фасада былі характэрнымі для эпохі Рэнесансу, прычым вокны ніжняга паверха ўпрыгожанняў не мелі (у адрозненне ад верхніх, за якімі былі каралеўскія пакоі). Куты палаца былі ўзмоцнены контрфорсамі, а на ўзроўні другога паверха — счасаны пад вуглом 45 градусаў. Да счасанай часткі прыстаўляўся алькеж васьміграннай формы. Яго восем арачных вокнаў падкрэсліваліся контурным арнаментам разьбы па каменю. Увесь будынак завяршаў высокі рэнесансны атык, дакладней, ступеньчаты франтон. У сваім першапачатковым выглядзе палац, несумненна, выглядаў вельмі паважна, паказваючы магутнасць і веліч караля[6] .
Да паўночнага крыла палаца прымыкаў выцягнуты ўздоўж замкавай сцяны будынак з сенцамі пасярэдзіне (пакоі «дворнага»). Далей знаходзіўся кухонны блок. Уздоўж заходняй сцяны размяшчаліся складскія памяшканні са скляпеннямі на арачных падмурках. Над імі знаходзіліся парадныя пакоі, якія пры дапамозе крытай галерэі злучаліся з каралеўскай лазняй. Усе збудаванні замкавага комплексу мелі атынкаваныя і пабеленыя сцены і дахі, пакрытыя пляскатай чырвонай дахоўкай[17].
Уезд на палацавы падворак быў размешчаны крыху на ўсход ад ранейшай уязной вежы Верхняга замка[15] . Брама мела вялікую арку-праезд і высокае надбрамнае памяшканне (у якім, як мяркуецца, знаходзілася капліца) з трыма вялікімі вокнамі, аздобленымі каменнымі ліштвамі. Тут былі мармуровыя падлогі і шыкоўны камін. Дах быў зроблены ў выглядзе вялікага купала, накрытага меддзю. Ад брамы да Новага замка вёў каменны мост з 16 вежачкамі і пад’ёмным звяном каля самой брамы[9] .
Да вежы з боку Нёмана, што засталася ад часоў Вітаўта, прымыкала каралеўская лазня. Над ёй знаходзілася «алебастравая зала» — улюбёнае месца адпачынку караля з цудоўным краявідам на Нёман і наваколле. Праз некаторы час залу ўпрыгожылі мармурам, але яна захавала сваю ранейшую назву.
Палац, аднак, не страціў свайго абарончага прызначэння, што падкрэслівалася тоўстымі вонкавымі сценамі і цеснай сувяззю яго планіроўкі з іншымі замкавымі збудаваннямі: вежамі, уязной брамай з пад’ёмным мостам. Сцены на першым паверсе мелі таўшчыню ад 2 да 2,35 м, на другім — 1,6 м. Нават таўшчыня ўнутраных сцен палаца на першым паверсе вагалася ад 1,1 да 2 м, на другім — ад 0,45 да 1,3 м[15] .
Замкавыя сцены часоў Стэфана Баторыя былі складзены ў тэхніцы мяшанай муроўкі, калі рады камянёў выраўніваліся суцэльнымі радамі цэглы, прычым умацоўваліся яны як каменнымі, так і цаглянымі клінамі. Пры будаўніцтве выкарыстоўвалі цэглу двух колераў (чырвоная і жоўтая, даволі дрэнна абпаленая).
Усе збудаванні замкавага комплексу мелі атынкаваныя і пабеленыя сцены і дахі, накрытыя пляскатай чырвонай дахоўкай.
Як і ў ранейшыя часы, большую частку замкавага двара займалі драўляныя гаспадарчыя пабудовы і дамы замкавай чэлядзі. Некаторыя з іх падыходзілі да самага ганка палаца[9] .
Паступова Верхні замак усё часцей называюць Старым, і гэтую назву з цягам часу пачынаюць ужываць і ў дакументах[15] .
Дзейнасць С. Баторыя. Загадка смерці манарха
[правіць | правіць зыходнік]У пабудаваным замку С. Баторый веў шырокую палітычную дзейнасць. Налічваюць да дзесяці прыездаў Стэфана Баторыя ў горад. У 1580 годзе кароль наведаў Гродна двойчы[11] . У 1581 годзе С. Баторый прымаў паслоў Івана Грознага, а ў 1584 годзе — пасла англійскай каралевы Елізаветы I Герберта. У 1582 годзе кароль сабраў у замку раду сената Рэчы Паспалітай, каб разгледзець прэтэнзіі шляхты. Кароль вырашыў тут справу жыхароў Рыгі, якія не прынялі Грыгарыянскі каляндар, а таксама справы Гданьска[3] .
Нарэшце, 2 лістапада 1585 г. Стэфан Баторый прыбыў у Горадзен на доўгі час: афіцыйна — каб кіраваць упрыгожаннем замка, а фактычна — каб рыхтаваць тут новую вайну супраць Маскоўскай дзяржавы. У жніўні 1586 г. Баторый прымаў у Горадне пасольства рускага цара Фёдара, на люты 1587 г. рыхтаваў вальны сойм Рэчы Паспалітай, ад якога чакаў падтрымкі сваёй задумы[11] .
Тут, у Гародні, 12 снежня 1586 года Стэфан Баторый памёр. Як паведаміў яго асабісты лекар Сімон Сымоніус, хутчэй за ўсё, Баторый памёр ад запалення лёгкіх[3] .
Калі ў 1586 годзе кароль знаходзіўся ў Гродне, паміж днямі 25 лістапада і 8 снежня стаялі моцныя маразы, цяжкія нават для тых, хто нарадзіўся ў гэтай краіне. Нягледзячы на такое надвор’е, кароль штодня раніцай адпраўляўся на ловы (звяроў), не апрануўшыся як след. У дзень 2 снежня, калі быў халодны і моцны вецер… выправіўся кароль яшчэ перад усходам сонца на дзікоў у лес кундзінскі, за пяць ці шэсць міль ад Гродна. Нягледзячы на боль, ён паляваў яшчэ два дні… Сімон Сімоніус з Лукі, лекар С. Баторыя
|
Усеагульнае ўяўленне пра Баторыя як пра чалавека жалезнага здароўя аказалася міфам: кароль з маладосці меў на назе незагойную гнойную рану, у спадчыну ад бацькі яму дасталася эпілепсія. Пра сапраўдны стан здароўя караля ведала толькі яго бліжэйшае акружэнне, на паляваннях і войнах ён вёў сябе так, нібыта хваробы яго не турбуюць.
Дні з 25 лістапада па 7—8 снежня 1586 г. (паводле новага календара) былі на Гарадзеншчыне выключна марознымі, ветранымі, імглістымі, нават мясцовыя жыхары цяжка пераносілі такое надвор’е. Але, нягледзячы на надвор’е, кароль увесь час праводзіў на паляванні. 4 снежня кароль вярнуўся з палявання хворы, з ціскам у грудзях і прыступамі задышкі, аднак ужо 7 снежня, не звярнуўшы ўвагі на перасцярогі медыка, зноў сеў на каня і паехаў у Фару Вітаўта на набажэнства. Наступныя дні яго арганізм змагаўся са смерцю. Паміж прыдворнымі медыкамі Міколам Бучэла з Падуі і Сімонам Сімоніем з Лукі не было аднадумства ні адносна дыягназу, ні метадаў лячэння. Перыядычныя прыступы з сутаргамі і стратай прытомнасці адзін з іх прыпісваў астме, другі — эпілепсіі. Баторый захоўваў надзею на выздараўленне, але 12 снежня 1586 года а шостай гадзіне вечара яго не стала.
Назаўтра паведамленне пра смерць караля, нягледзячы на тое, што гэта ўтойвалі, разышлося па горадзе. З усіх бакоў горада пачалі збягацца да каралеўскай рэзідэнцыі людзі, настойліва дапытваючыся пра праўдзівасць навіны. Вестка хутка разнеслася па Рэчы Паспалітай і па Еўропе і ўсюды выклікала шок.
Завязалася спрэчка аб прычынах смерці Стэфана Баторыя. Прыдворных лекараў абвінавачвалі не толькі ў нядбайным лячэнні, але нават у атручванні караля. Сімоній і Мікола Бучэла пачалі ўскладаць адзін на другога віну за няправільнае лячэнне караля, іх палеміка расцягнулася на 3 гады. Апісанне хваробы Баторыя вылілася ў 1000 старонак друкаванага тэксту, якія, аднак, не высвятлялі прычыны смерці манарха. Каб высветліць ісціну, 14 снежня цела нябожчыка анатаміравалі. Гэта было першае анатаміраванне на тэрыторыі Ўсходняй Еўропы. Ускрыццё рабіў гарадзенскі цырульнік Ян Зігуліс.
Цела Баторыя паўтара гады спачывала ў Фары Вітаўта, дзе ён завяшчаў сябе пахаваць. Але потым, насуперак яго запавету, было вырашана перапахаваць караля ў Кракаве. 29 красавіка гродзенцы развіталіся з целам манарха, ва ўрачыстым перапахаванні рэшткаў Баторыя ўдзельнічала вялікая колькасць польскіх і ліцвінскіх паноў-радцаў і ўраднікаў, высокае духавенства. 23 мая 1588 года ў Кракаве адбылося ўрачыстае перапахаванне[11] .
Замак у XVII стагоддзі. Соймы Рэчы Паспалітай. Рэстаўрацыя замка
[правіць | правіць зыходнік]Наступныя каралі Рэчы Паспалітай з дынастыі Вазаў ужо не надавалі Гродну такога значэння, хаця Уладзіслаў IV неаднаразова бываў у сваёй гродзенскай рэзідэнцыі.
У XVII ст. замак пачынае губляць абарончую ролю, у ім знаходзіліся галоўныя каралеўскія службы. У арсенале замка па стане на 1641 год захоўваліся даспехі на 600 чалавек, некалькі соцень мушкетаў і шпаг.
Цяжкі лёс выпаў гродзенскаму замку ў сярэдзіне XVII ст. Вайна з Масковіяй дайшла да Гродна толькі ў 1655 годзе, усё насельніцтва горада змагло загадзя эвакуіравацца ўглыб Польшчы. 22 чэрвеня горад без перашкод захапілі войскі рускага ваяводы Я. К. Чаркаскага. У спусцелым і струхлелым замку былі праведзены абнаўленчыя работы[13] .
У канцы ваенных дзеянняў адзіным востравам, у якім бараніўся расійскі гарнізон, заставаўся замак. Толькі ў сакавіку 1661 года мясцовая шляхта на чале з маршалкам Гарадзенскага павета Крыштафам Бухавецкім прымусіла ворага пакінуць замак. Як сведчаць крыніцы, Бухавецкі, «застаўшы выбраным палкоўнікам на патрэбы Гродзенскага павета […] да ахаплення вераломнага непрыяцеля, што застаўся ў фартыфікацы гарадзенскай […] тую фартэцу ад непрыяцеля адбіў»[21] .
Нягледзячы на тое, што падчас вайны замак быў спустошаны і значна пашкоджаны, у 1673 годзе пры каралі Міхале Карыбуце Вішнявецкім на Варшаўскім сойме было прынята рашэнне аб правядзенні кожнага трэцяга генеральнага сойма Рэчы Паспалітай у Гродне. Пасяджэнні планавалася праводзіць у Старым замку, і таму паўстала пытанне аб тэрміновым аднаўленні каралеўскай рэзідэнцыі для патрэб сойма[15] .
На сойме 1676 года было вырашана прызначыць «на рэстаўрацыю замка Гродзенскага, для ранейшага саймавання канстытуцыяй 1673 г. суму злотых трыццаць тысяч з падаткаў экстраардынарных, на цяперашнім сойме прынятых». Аднаўленчыя работы, між тым, зацягнуліся, што было адзначана на чарговым сойме, які быў скліканы ў Варшаве ў 1677 годзе[21] .
Рамонтна-будаўнічыя работы адбываліся на працягу пяці гадоў адбудавання пад кіраўніцтвам вялікага канцлера літоўскага і старосты гарадзенскага К. Паца. Па некаторых звестках, менавіта ў гэты час каля замкавай сцяны з боку Нёмана быў узведзены будынак, які прызначаўся для пасяджэнняў сойма і меў дзве залы — Пасольскую і Сенатарскую. Вядома, што гэтыя залы ўпрыгожвала ляпніна, галоўнай тэматыкай якой было ўхваленне рыцарскага саслоўя ў Пасольскай зале і рэспубліканскіх прынцыпаў дзяржаўнага ладу Рэчы Паспалітай — у Сенатарскай. Сенатарская зала праз галерэі і вежу-браму злучалася з каралеўскім палацам.
У палацы, уладаром якога ў той час быў Ян III Сабескі, адбыліся значныя змены ў бок спрашчэння[15] .
Перабудовы, праведзеныя Пацам у замку, закранулі і палац, галоўным чынам яго фасады. Былі знішчаны кутнія эркеры, аконныя праёмы пазбаўлены каменных аблямаванняў, якія замяніў ляпны барочны дэкор. На дваровым фасадзе замест рызаліту з лесвіцай была зроблена шырокая аднапралётная лесвіца барочнага тыпу, адноўлены скляпенні галерэі і падоўжаны будынак дворнага. У інтэр’еры галоўная ўвага надавалася парадным пакоям, асабліва аўдыенц-зале. Усё будаўніцтва вялося з жоўтай цэглы, сярэднія памеры якой роўныя 29x12x6 см. Будынкі замка былі зноў накрыты тонкай пляскатай дахоўкай[9] . Першы гарадзенскі сойм пачаў свае пасяджэнні ў снежні 1678 г., яго маршалкам быў Францішак Сапега, літоўскі канюшы. На гэтым сойме было зацверджана Андросаўскае перамір’е з Расіяй. Чарговы сойм праходзіў у 1688 г. У хуткім часе адбылася нейкая значная катастрофа, якая вымусіла весці ў замку аднаўленчыя работы, а ў 1692 годзе трэці і апошні раз паслы і сенатары сабраліся на сойм у сценах Старога замка. Ужо ў час пасяджэнняў гэтых соймаў паслы часта скардзіліся на цеснату Старога замка і іншыя нязручнасці. Паступова ўзнікла думка аб узвядзенні новага палаца, які быў бы дастаткова велічным як каралеўская рэзідэнцыя і зручным для правядзення соймаў[15] .
Значную частку замка працягвала займаць драўляная забудова. З інвентару 1650 года вынікае, што найбольш шчыльна тэрыторыя замка забудавана ў цэнтральнай і заходняй частцы двара, тады як астатнюю частку Замкавай гары займаў каралеўскі палац. Спалучэнне шыкоўнай палацавай архітэктуры з простай забудовай прывяло А. Краўцэвіча да высновы, што маленькія драўляныя дамкі належалі замкавым рамеснікам і чэлядзі, пра што сведчаць і шматлікія знаходкі ў культурным пласце сядзіб XVI—XVII стст. У інвентары таксама адзначаецца, што ў асобных жытлах былі печы з зялёнапаліванай кафлі. Сядзібы аддзяляліся адна ад другой агароджай, што добра пацвярджае археалагічны матэрыял. Інвентар удакладняе і прызначэнне некаторых драўляных пабудоў: тут у XVII ст. існавалі кухні, ядальні, архіў, арсенал, мерніца, лазня, стайня, а таксама свірны[9] .
Замак у XVIII стагоддзі. Заняпад замка
[правіць | правіць зыходнік]У 1705 годзе ў Старым замку адбывалася знакамітая сустрэча Пятра I з каралём Аўгустам II і ўзнік саюз двух манархаў супраць Карла XII[6] .
Падчас Паўночнай вайны Гродна стаў арэнай баявых дзеянняў. У верасні 1705 года стаў цэнтрам скаплення войскаў караля Аўгуста II і саюзнага яму расійскага цара Пятра I. Горад апынуўся ў частковай блакадзе войскаў шведскага караля Карла XII. У замку, як і ў цэлым у горадзе, былі тэрмінова адноўлены ўсе ўмацаванні. Але штурм не адбыўся. У сакавіку 1706 года рускія войскі раптоўна пакінулі Гродна, патапіўшы пры ўцёках у Нёмане порах, ядры і пушкі. Дарэчы, некалькі з тых пушак было выцягнута з Нёмана падчас гідралагічных прац на рацэ ў 1970 гадах, дзве з іх красуюцца ля ўвахода ў музей[13] .
Падчас ваенных дзеянняў замак быў моцна пашкоджаны. Паводле тагачасных сведчанняў, жаўнеры Пятра I знішчылі актавыя кнігі Гродзенскага гродскага суда, якія захоўваліся ў замку, а ў 1708 годзе замак быў настолькі моцна разбураны шведамі, што выкарыстоўваць яго для соймаў было зусім немагчыма[4] . Па назіраннях англійскага пасланніка ў Расіі Чарлза Вітварта, у 1706 годзе Стары замак выглядаў як «стос смецця». Безнадзейны стан замка засведчаны ў інвентары Гродзенскай эканоміі 1712 года. У гэтым жа годзе гарадзенская шляхта на сваім сойміку даволі жвава і клапатліва абмяркоўвала пытанне грунтоўнай выправы разбуранага замка, настойваючы на тым, каб «Рэч Паспалітая да рэстаўрацыі онага […] абмеркаваць мела ласку». Доўгі час намеры аднаўлення замка не маглі дачакацца ажыццяўлення, застаючыся толькі на словах ці, у лепшым выпадку, на паперы.
Надзеі на адраджэнне Старога замка былі канчаткова пахаваны ў 30-я гады XVIII ст., калі на каралеўскім двары Аўгуста II выспеў і пачаў ажыццяўляцца замысел пабудовы новага каралеўскага палаца. У сувязі з гэтым Старому замку надавалася роля другараднай пабудовы, якую планавалася перабудаваць пад памяшканні для прыдворных. Згодна з рашэннем Аўгуста III (1746), у мэтах правядзення шляхецкіх судоў Гродзенскага павета на замку меркавалася ўзвесці «два пакоі для канцылярыі, трэці на суды гродскія і земскія, чацвёрты на дэпазіт кніг»[21] .
Такія абставіны ўрэшце прыводзілі да таго, што замак усё больш разбураўся. У 1729 годзе яго будынкі з боку Нёмана абваліліся ў раку, а ў 1735 годзе вялікія страты нанёс буйны пажар[15] .
У 1740—1750-х гадах комплекс Старога замка канчаткова страціў сваё становішча як каралеўскай рэзідэнцыі і быў перабудаваны саксонскімі архітэктарамі Пёпельманам і Кнобелем . Планіроўка палаца карэнна змянілася. Усе палацавыя флігелі былі перабудаваны з ужываннем фахверкавых сцен. У інтэр’ерах печы рабіліся з гладкай распісной кафлі[9] . Падчас рамонту былі разабраны атык і шчыпец, дах зрабілі чатырохсхільным і накрылі яго хвалістай чарапіцай. Вокны паменшылі, што дазволіла аздобіць фасады пілястрамі з барочнымі картушамі. Вонкавая лесвіца была заменена на ўнутраную. У выніку ўсіх перабудоў замак набыў больш кампактны выгляд. Пасля рамонту ў Старым замку размясцілі розныя службы і частку світы караля[15] .
У 1752 г. падарожнік Вільгельм Шлемюлер засведчыў у сваім соймавым дзённіку аб занядбаным замкавым комплексе наступнае: «Стары каралеўскі замак на ўзвышшы над Нёманам размешчаны і глыбокім валам абнесены […] частка з боку города цэлая і ў добрым стане двухузроўневая. Рэшта фактычна зруйнаваная».
У часы панавання Станіслава Аўгуста ў Старым замку праходзілі пасяджэнні Скарбовай камісіі ВКЛ. Славуты падарожнік Вільям Кокс , які наведаў Гародню ў 1778 г., апісаў замкавыя пабудовы наступным чынам: «Стары замак, які звычайна займалі каралі падчас соймавых нарад, стаіць на пясчаным узгорку, які ўзносіцца строма над ракой і стварае частку яе берага, ён усё яшчэ абнесены руінамі старадаўніх валоў. На супрацьлеглым баку ўзгорка стаіць новы каралеўскі палац, пабудаваны Аўгустам III»[21] .
Замак у XIX стагоддзі. У складзе ваеннага ведамства
[правіць | правіць зыходнік]Пасля Трэцяга падзелу і скасавання незалежнасці Рэчы Паспалітай замак быў перададзены расійскаму ваеннаму ведамству, якому належаў на працягу больш чым 120 гадоў[23] .
На працягу ўсяго XIX ст. і першых дзесяцігоддзяў XX ст. замак знаходзіўся ў веданні рускіх, нямецкіх і польскіх ваенных улад. У часы Расійскай імперыі тут быў афіцэрскі сход, казарма, ваенны шпіталь, склады. У 1863—1864 гг. замак выкарыстоўваўся таксама як часовы астрог для ўдзельнікаў паўстання. Яшчэ каля 1880 г. над брамай замка знаходзіўся герб Стэфана Баторыя, які пасля быў зняты рускай ваеннай адміністрацыяй[4] .
У XIX ст. адбылося далейшае спрашчэнне замкавага комплексу. Зніклі флігелі з боку ракі Гараднічанкі. На нёманскім участку сцяны быў пабудаваны корпус казармы, ад якой ішоў брук пляца[9] . Аздабленне фасадаў самога палаца было знішчана, дах пакрыты жалезам. Фасады палаца страцілі свой дэкор, і сцены сталі чыстымі. Над цэнтральнай часткай палаца надбудавалі трэці паверх, што дазволіла стварыць двухсвятловыя залы[15] .
Замак у XX стагоддзі. Адкрыццё музея. Археалагічныя даследаванні
[правіць | правіць зыходнік]За XX стагоддзе аблічча Старога замка змянілася нязначна. У 1920-я гады тут знаходзіліся: інфекцыйная бальніца, афіцэрскае казіно, лазня (якая размяшчалася на першым паверсе, з-за чаго вада напаўняла скляпенні), пральня і г.д. Толькі з пераносам музея ў замак пачынаюцца работы па яго адбудове і ўпарадкаванні навакольнай тэрыторыі[4] .
У 1920—1930-х гадах польскімі ўладамі была праведзена рэстаўрацыя, на тэрыторыі замка быў у 1930 годзе адкрыты Гродзенскі дзяржаўны музей — цяпер Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей. Таксама былі праведзены некаторыя работы па кансервацыі і рэстаўрацыі розных элементаў замкавага комплексу XIV—XVI стст[9] .
Стары Замак пацярпеў падчас вераснёўскіх баёў 1939 года не вельмі значна, хаця менавіта ў замку абараняліся апошнія часткі гродзенскіх гімназістаў і паліцыі[4] .
У гады вайны Старому замку больш пашчасціла, і ён нязначна пацярпеў ад ваенных падзей. У другой палове 1940-х гг. працягваліся археалагічныя даследаванні, актыўна ствараліся экспазіцыі музея, якія пасля неаднаразова перабудоўваліся з улікам новых навуковых дадзеных[15] .
Ніжняя царква
[правіць | правіць зыходнік]Рэшткі царквы знойдзены падчас земляных работ 1932—1933 гг., якімі кіраваў Ю. Ядкоўскі. Ён выявіў заходнюю і паўднёвую сцены храма. Над выяўленымі помнікамі архітэктуры быў зроблен драўляны павільён. У 1949 г. на раскопках Ніжняй царквы працаваў М. Варонін[9] . Лічыцца, што царква была пабудавана каля 1116 ці ў 1128—1141 гадах[2] .
Каменны саборны храм быў узведзены на поўнач ад палаца ў цэнтры дзядзінца. Па рэштках сцен, якія ў асобных месцах дасягаюць вышыні 3,5 м, можна меркаваць, што храм быў невялікіх памераў (18,4x11,7 м), шасцістаўповы, трохнефавы. Усходняя частка цэнтральнага нефа мела вялікую паўкруглую апсіду. Дзве другія апсіды схаваны ў тоўшчы сцен бакавых нефаў. Фасады царквы былі багата аздоблены, намнога багацей за княжацкі палац[15] . Гэта быў прыгожы будынак для свайго часу. У прыватнасці, захаваўся ўнікальны дывановы набор у цэнтральным нефе. Падлога царквы была выкладзена жоўтымі, зялёнымі і карычневымі пліткамі, якія размяшчаліся ў шахматным парадку[2] . Каляровы «дыван» тонка кантраставаў са светла-ружовай вымасткай астатняй часткі храма. Такія падлогі — рэдкая знаходка археолагаў, падобную падлогу з выявай паўлінаў мае толькі Дабравешчанскі сабор XII ст. у Чарнігаве[6] .
Маёлікавы дыван падкупальнай часткі падлогі па прыгажосці і складанасці пакуль не ведае сабе роўных у помніках іншых абласцей XII ст. М.М. Варонін, расійскі савецкі археолаг
|
Пасля пажару 1183 г. Ніжняя царква была разбурана, але яе рэшткі захаваліся да нашага часу. Пазней яе сцены служылі своеасаблівай агароджай замкавых могілак. Верагодна, у другой палове XIII ст. на яе месцы была ўзведзена замкавая капліца, сёння вядомая як Верхняя царква[15] .
Верхняя царква
[правіць | правіць зыходнік]Выяўлена ў 1933 годзе падчас раскопак Ю. Ядкоўскім. Аднак у працэсе даследавання не вялася фіксацыя раскопак і не звярталася ўвага на стратыграфію, у выніку чаго помнік быў цалкам пазбаўлены археалагічнага асяроддзя[9] .
Мяркуецца, што царква з’явілася на месцы Ніжняй царквы ў канцы XIV — пачатку XV ст. Гэта быў невялікі, квадратны ў плане (8,8x8,8 м) храм з адной моцна выступаючай апсідай. Квадратны план — характэрная рыса ўсходнеславянскіх помнікаў, падобныя маленькія капэлы Заходняй Еўропы маюць прамавугольныя формы. Скошаныя куты — своеасаблівасць гродзенскага помніка[6] .
Муравалі храм з двух відаў цэглы: тонкай, падобнай да плінфы, і тоўстай брусковай. Сярэдзіну тоўшчы сцен запоўнілі каменнем. Як і ва ўсіх тагачасных пабудовах, сцены царквы не былі атынкаванымі. У храме захаваліся рэшткі крыжовага ў плане слупа, а таксама яшчэ двух слупоў, якія аддзялялі апсіду ад асноўнага аб’ёму. Падлога была выкладзена з цэглы. Пасля перабудовы ў канцы XIV ст. над капліцай надбудавалі высокі гатычны дах, пакрылі чырвонай чарапіцай[15] . Верхняя царква была разабрана падчас будаўнічых работ у апошняй чвэрці XVI ст.[15] На сённяшні дзень захаваліся ўсходняя палова сцен, частка паўночнай сцяны з паўночна-заходнім вуглом, унутраны слуп. З 1939 года яны зберагаюцца ў асобным павільёне[2] .
Княжацкі церам (хорам)
[правіць | правіць зыходнік]Рэшткі гэтай пабудовы былі раскапаны Ю. Ядкоўскім у 1932—1933 гг. на паўднёвай частцы гарадзенскага дзядзінца. Ад яе засталася толькі паўночная частка. Сцяна будынка даўжынёй 9,72 м захавалася на вышыню да 2 м, пасярэдзіне — дзвярны праём шырынёй 1,63 м[9] .
Двухпавярховы палац быў пабудаваны ў паўднёвай частцы дзядзінца, у самай непрыступнай частцы замка[6] . Старажытныя майстры злажылі яго з плітняковай плінфы, фасады ўпрыгожылі гарызантальнымі радамі амаль неапрацаваных вялізных камянёў. На першым паверсе было два памяшканні — вялікае ў заходняй частцы будынка і малое. Сцены вялікага памяшкання былі аздоблены нішамі, перакрытымі аркамі. Падлога другога паверха была пакладзена на драўляных бэльках і выкладзена маёлікавымі пліткамі[11] . Дах быў пакрыты свінцовымі лістамі. У канцы XIV ст. палац увайшоў у склад мураванага замка і пачаў выконваць абарончыя функцыі. Падчас перабудоў у XVI ст. яго разабралі, і да нашых дзён дайшлі толькі рэшткі паўночнай часткі, якія захаваліся на вышыню да 2 метраў[15] .
Нягледзячы на тое, што Ю. Ядкоўскі і іншыя даследчыкі 30-х гадоў XX стагоддзя лічылі вышэйназваную пабудову княжацкім палацам, М. Варонін сцвярджаў, што дадзены будынак — рэшткі абарончай вежы. Гэтае меркаванне было аспрэчана ў выніку даследаванняў П. Рапапорта і А. Трусава ў 1981 годзе, якія прывялі доказы адносна грамадскага прызначэння гэтай пабудовы і выказалі думку, што абарончую функцыю гэты будынак мог выконваць у канцы XIV—XV ст., калі ўвайшоў у склад мураванага замка, збудаванага Вітаўтам[9] .
Мураваныя сцены XII стагоддзя
[правіць | правіць зыходнік]Упершыню рэшткі адной з каменных сцен, складзенай з плінфы (кавалак даўжынёй каля 4,5 м і вышынёй каля 1,8 м), знойдзены З. Дурчэўскім у 1937 г. на самым мысе Замкавай гары. У 1949 г. старажытны мур умацаваў бетонным засценкам М. Варонін, які выказаў меркаванне, што гэта рэшткі каменнай абарончай вежы драўлянага гарадзенскага дзядзінца. Вывучэнне помніка было прадоўжана ў 1981 г. Цалкам рэшткі каменных муроў вывучаны А. Трусавым у 1985—1986 і ў 1988[9] гг.
Сцяна не мае аналагаў ва ўсходнеславянскай архітэктуры. Узведзеная ў XII ст. на грэбені абарончага вала, яна, такім чынам, мела не толькі абарончы характар, але і была ў пэўнай ступені дэкаратыўным элементам[6] .
Ацалелая частка мураванай сцяны на паўночным схіле Замкавай гары захавалася прыкладна на даўжыню каля 12 м, аднак працягласць першапачатковага мура была значна большай. У 1988 годзе развал гэтай сцяны з плінфы быў прасочаны на 20—22 м. Такім чынам, агульная даўжыня цаглянага мура ў паўночнай частцы дзядзінца магла дасягаць 42—45 м. У першую чаргу сцяна служыла ўмацаваннем, акрамя таго, яна пэўным чынам аздабляла замак, бо істотна вылучалася на фоне драўлянай замкавай забудовы. Муроўка сцяны захавалася на вышыню каля 0,6 м. Яна практычна не мае падмурка і ўзведзена на тонкай праслойцы будаўнічага друзу[9] .
Уязны мост
[правіць | правіць зыходнік]Пад’ёмны мост існаваў з самага заснавання замка і злучаў Верхні і Ніжні замкі. У XVII ст. пад’ёмны мост быў заменены на пастаянны — мураваны[2] , аднак не выключана, што падчас перабудовы замка ў XVI ст. мост быў ужо мураваны[21] .
На цяперашні момант арачны мост, які злучае Стары замак з вуліцай Замкавай, з’яўляецца адным з самых старых у Беларусі. Мост пабудаваны ў другой палове XVII ст. замест драўлянага[24], першы капітальны рамонт зроблены ў першай палове XIX ст., рэканструяваны ў 2004—2005[4] гг.
Адзін з самых ранніх дакументаў, у якім пазначаны мост праз сухі роў Старога замка, — гравюра Цюндта 1568—1572 гадоў, на якой намаляваны драўляны мост. Разам з перабудовай Старога замка ў другой палове XVI стагоддзя па загадзе Стэфана Баторыя быў збудаваны новы мост. Была ўмацавана гара Старога замка і перакінуты вялікі драўляны пад’ёмны мост на пяці каменных апорах, які заканчваўся брамай, з левага боку брамы знаходзілася турма. Падчас земляных работ 1937 года адмыслоўцы выявілі апоры, якія захаваліся з часоў С. Баторыя. У інвентары 1680 года гаворыцца, што мост быў абарончым збудаваннем з парэнчамі, на якіх размяшчалася 16 вежак-байніц. У 1670 г. драўлянае збудаванне моста замянілі каменным, а праз 70 гадоў з яго зніклі байніцы, і ён перастаў насіць абарончы характар. Мост апісаны ў дзённіку нямецкага вандроўніка XVIII ст.: «Горад сярэдняй велічыні, уезд з-за крутасці гор вельмі дрэнны. Вуліцы забруджаны. На гары ля Нёмана размешчаны стары каралеўскі замак, падпяразаны глыбокім ровам. Уезд праз мост, абапёрты на аркі надзвычайнай вышыні».
У XIX стагоддзі мост двойчы рамантаваўся. Праекты капітальнага рамонту і каштарысы зацвердзіла Рада Міністэрства шляхоў зносін, нагляд за працаю вёў міністэрскі інжынер паручнік Арнольд. Да нашых часоў захаваўся часопіс нагляду за капрамонтам з пералікам усіх выкананых работ. Праект прадугледжваў разломку цагляных збораў, парэнчаў і маставой. У 1852 годзе мост ізноў прыйшлося аднаўляць, бо з-за моцных маразоў пашкодзілася тынкоўка, а з парапетаў выкралі ліставое жалеза[25].
Апошняя рэканструкцыя прайшла ў 2004—2005 гг. і выклікала шмат крытыкі з боку грамадства. Рамонтныя работы праводзілся па-валюнтарысцку, а за невыкананне тэрмінаў рэканструкцыі тагачасны губернатар У. Саўчанка на месцы працы «звальняў» прараба, які кіраваў работамі. Плітку ўкладвалі глыбокай восенню 2004 года на намоклы пясок, разаграваючы яго газавай гарэлкай. Тады ж былі закладзены адтуліны для сцёку вільгаці на апорах моста[26].
Даўжыня моста — каля 30 метраў. Мае 3 пралёты, 2 слупы.
Археалагічныя даследаванні замка. Гродзенская школа дойлідства
[правіць | правіць зыходнік]Першым археолагам Гродна можна назваць Ігната Кульчынскага (1707—1747?), гродзенскага архімандрыта, настаяцеля базыльянскага манастыра, які хоць і не праводзіў археалагічных раскопак, але ў сваіх даследаваннях карыстаўся археалагічнымі метадамі. І. Кульчынскі першы датаваў Барысаглебскую царкву XII стагоддзем, параўнаўшы цэглу-плінфу, з якой зроблена царква, з аналагічным матэрыялам полацкага Сафійскага сабора[3] .
Археалагічныя раскопкі замка праводзілі Ю. Ядкоўскі (1932-34), З. Дурчэўскі (1937-39), М. М. Варонін (1949), М. А. Ткачоў і Я. Г. Звяруга (1971), А. А. Трусаў (1977, 1981, 1985—1988)[17].
Ю. Ядкоўскі праводзіў асноўныя раскопкі ў 1931—1933 гг., аднак неўзабаве Ю. Ядкоўскага абвінавацілі ў парушэнні методыкі археалагічных даследаванняў, а менавіта — у адсутнасці належнай фіксацыі раскопак, няўвагі да стратыграфіі, і адхілілі ад кіраўніцтва работамі. Тым не менш, ён паспеў апублікаваць грунтоўны артыкул «Сярэдневяковае Гродна ў святле археалагічных раскопак у Старым каралеўскім замку ў Гродне ў 1932—1933 гг.» (Варшава, 1934). Асноўныя яго меркаванні аб мураваных пабудовах XII ст. лічацца слушнымі і цяпер.
У 1937—1939 гг. і да самага пачатку Другой сусветнай вайны даследаваннямі на Старым замку кіраваў варшаўскі археолаг З. Дурчэўскі, які паспеў распрацаваць стратыграфію культурнага пласта Старога замка. Падчас вайны калекцыя старажытных рэчаў, сабраная пры раскопках, была часткова разрабавана і звезена. Пасля вайны археолагі муж і жонка У. Галубовіч і Г. Цэгак-Галубовіч упарадкавалі калекцыю і напісалі працу «Новыя матэрыялы па гісторыі Гродна ў раннефеадальную гісторыю», якая, аднак, не была апублікавана.
Новыя буйныя раскопкі на Старым замку правяла экспедыцыя пад кіраўніцтвам вядомага расійскага даследчыка М. М. Вароніна ў 1949 годзе. Вынікам гэтага даследавання стала грунтоўная манаграфія М. М. Вароніна «Древнее Гродно», у якой дэталёва разгледжана пачатковая гісторыя горада на фоне гісторыі ўсяго рэгіёна, матэрыяльная культура старажытных гарадзенцаў. Асобны раздзел прысвечан помнікам мураванага дойлідства XII ст.
На падставе археалагічных даследаванняў М. У. Малеўскай удалося рэканструяваць рознакаляровы малюнак падлогі Ніжняй царквы, выкладзенай з маёлікавых плітак жоўтага, карычневага і зялёнага колераў. Нягледзячы на вялікую цікавасць да археалогіі Гродна, выкліканую адкрыццямі 1930-х гадоў, даследаванні горада прыпыніліся[3] .
Даследаванні Старога замка працягнуліся праз 22 гады ў 1971 г. У 1971 г. М. А. Ткачоў (Гродна) праводзіў шурфоўку на Старым замку, у 1977 г. А. А. Трусаў (Мінск) праводзіў шурфоўку на Старым замку; у 1981 г. А. А. Трусаў (Мінск) і П. А. Рапапорт (Ленінград) праводзілі шурфоўку на Старым замку, у 1985—1986 гг. А. А. Трусаў (Мінск) і М. А. Ткачоў (Гродна) праводзілі раскопкі на Старым замку; у 1987—1988 гг. А. А. Трусаў працягваў даследаванні на Старым замку. Усяго з 1971 года да канца 1988 года раскапана на Старым замку каля 1040 м²[3] .
Вывучэнне помнікаў мураванай архітэктуры, адкрытых на Старым замку, прывяло даследчыкаў да высновы аб існаванні асобнай гродзенскай архітэктурнай школы XII ст.[3]
Рэстаўрацыя
[правіць | правіць зыходнік]Па словах Андрэя Вашкевіча, загадчыка аддзела найноўшай гісторыі Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея, Стары замак ніколі не меў завершанага выгляду. Яго неаднаразова аднаўлялі і рэканструявалі, таму яго архітэктура ўтрымлівае ў сабе стылі некалькіх эпох[27].
Пытанне пра рэканструкцыю замка ўпершыню паўстала толькі ў сярэдзіне 1920-х гг., калі ў 1927 годзе польскія салдаты пакінулі замак. У 1928 г. ваеннае Замкавае «кіраванне» пачало падрыхтоўку да яго рэстаўрацыі, аднак на працягу наступных гадоў Міністэрства грамадскіх работ нязменна адмаўляла ў субсідыяванні работ. У 1933 г. па ініцыятыве беластоцкага ваяводы і пад патранатам прэзідэнта Польшчы І. Масціцкага, а таксама маршала Ю. Пілсудскага створаны Ваяводскі камітэт па ўвекавечанні памяці караля Стэфана Баторыя ў Гродне, мэтай дзейнасці камітэта стаў збор сродкаў на адраджэнне Старога замка і кансервацыю замкавага ўзгорка. Аднаўленне замка павінна было ісці згодна з планам рэканструкцыі прафесара Я. Вайцяхоўскага. Аднак да пачатку Другой сусветнай вайны паспелі правесці толькі некаторыя кансервацыйныя работы, а таксама маштабныя археалагічныя раскопкі.
Пасля вайны ў канцы 1940 — пачатку 1950-х гг. быў зроблены рамонт фасадаў замка. Нягледзячы на тое, што ў замку праводзіліся археалагічныя даследаванні, у сур’ёзныя рэстаўрацыйныя праекты гэта не вылілася. Новая савецкая ўлада не імкнулася папулярызаваць «варожую» феадальную спадчыну, якая да таго ж мела нацыянальнае адценне[28]. Апошні раз у XX стагоддзі замак рамантавалі ў 50-я гады, і доўгі час адзінага замыслу рэстаўрацыі комплексу выпрацаваць не ўдавалася[29].
У канцы 1980-х — пачатку 1990-х гадоў былі знойдзены сродкі для распрацоўкі праекта рэстаўрацыі Старога Замка. Былі праведзены даследаванні з удзелам археолагаў і архітэктараў, вынікам якіх стала выдадзеная ў 1993 г. калектыўная манаграфія «Стары Замак у Гродне», а таксама макет абноўленага замка[30]. Архітэктар Уладзімір Бачкоў, навуковы кіраўнік праекта рэстаўрацыі «Гроднаграмадзянпраект» з 1985 г., распрацаваў наступную схему рэканструкцыі: XII стагоддзе — гатычная эпоха Вітаўта, XVI стагоддзе — Рэнесанс Стэфана Баторыя. Аднак ад гатычнай ідэі адмовіліся, і засталася толькі рэнесансная[31]. У канцы 1994 г. эскізны праект рэстаўрацыі быў гатовы, але затым у 1996 годзе фінансаванне прац па падрыхтоўцы будаўнічай дакументацыі было спынена. Нарэшце ў сярэдзіне 2007 г. праект У. Бачкова перадалі для выканання інстытуту «Гроднаграмадзянпраект»[28]. А 6 студзеня 2012 г. Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь зацвердзіў Дзяржаўную праграму «Замкі Беларусі» на 2012—2018 гады[32], згодна з якой на фінансаванне работ па рэстаўрацыі Старога замка выдзяляць 37,2 млрд рублёў[33].
Згодна з праектам У. Бачкова, аднаўляць замак мяркуецца наступным чынам: палову, разам з дзвюма вежамі і асноўным будынкам, — у выглядзе палаца Стэфана Баторыя, другую палову — у выглядзе кансервацыйнага павільёна для захавання і экспазіцыі падмурка Ніжняй царквы. Падчас рэканструкцыі будуць знесены некалькі аднапавярховых будынкаў, пабудаваных у першай палове XX ст., якія, паводле меркавання дырэктара музея Ю. Кітуркі, гістарычнай каштоўнасці не ўяўляюць. У палацы Баторыя будзе дабудаваны трэці паверх, з’явіцца вежа (барбакан), крытая галерэя, брама, мерная хата, камяніца, фрагмент драўлянага моста XVI ст. і адзін пралёт каменнага моста XVII—XIX стст. У рэстаўраваным і капітальна адрамантаваным палацавым комплексе мяркуецца адчыніць экспазіцыі: «Галерэя барбакана», «Вартаўнічая камора», «Капліца», «Малыя сенцы», «Каралеўская лазня» і іншыя. Прадугледжаны таксама памяшканні пад гасцінічныя нумары для гасцей — удзельнікаў навуковых форумаў і канферэнцый. Некаторыя інтэр’еры палаца таксама рэканструююць згодна з гістарычнымі апісаннямі. Праект прадугледжвае істотную пераробку моста-віядука XVIII ст., самага старога ў Беларусі[28].
Праект рэстаўрацыі выклікаў занепакоенасць сярод грамадскасці, клопат выклікаюць недахоп прафесійных майстроў-рэстаўратараў у краіне і адсутнасць зацверджанага праекта, а таксама недастатковае гістарычнае абгрунтаванне мяркуемага праекта[34][35].
Рэканструкцыя пачалася ў 2017 годзе. У 2020 годзе завяршаецца першы этап рэстаўрацыі Старога замка[27]. Доступ для наведнікаў у музейныя залы адкрываецца з 6 лістапада 2021 года[36]. Тут прадстаўлена гісторыя будаўніцтва замка, жыццё старога горада, эпоха караля Стэфана Баторыя і іншыя тэмы. У пачатку 2023 года ў замку адкрылі тры новыя інтэр’ерныя залы XVI стагоддзя, свае дзверы адчыніла капліца, каралеўская лазня і пакоі чыноўніка[37].
Планы і фота
[правіць | правіць зыходнік]-
План першага паверха
-
Рака Гараднічанка і злева рэшткі Старога замка на фота пачатку XX ст.
-
Уезд у Стары замак. 1930-я гг.
-
Сцены замка Вітаўта на фота 1930-х гг.
-
Рэшткі Ніжняй царквы. Фота 1930-х гг.
-
Рэшткі сцен і збудаванняў. Каля 1930-х гг.
-
Пасяджэнне археалагічнай камісіі ў Старым замку ў Гродне. 1934
-
Рэшткі княжацкага палаца XII ст. Сучасны стан
-
Падвал замка
-
Другі і трэці паверх палаца
-
Стары замак на паштовым блоку (2005)
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б в Гродзенскі Стары замак // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 5: Гальцы — Дагон / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1997. — Т. 5. — С. 438. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0090-0 (т. 5).
- ↑ а б в г д е А. Марціновіч. Горадна, Горадзен, Гродна: нарысы. — Мінск: Мастацкая літаратура, 2008. — 112 с. — (Твае гарады, Беларусь). — ISBN 978-985-02-0921-4.
- ↑ а б в г д е ё ж з і к л м Пашкоў Г. П., Жабрун Я. М., Крэнь І. П. Памяць: Гіст.-дакум. хроніка горада Гродна. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 1999. — 712 с. — ISBN 985-11-0147-8.
- ↑ а б в г д е ё ж з і к л м н о Калектыў аўтараў: А. Вашкевіч, А. Госцеў, В. Саяпін і інш. Біяграфія гарадзенскіх вуліц. Ад Фартоў да Каложы. — Гародня, Wrocław: Wrocławska Drukarnia Naukowa PAN, 2012. — 370 с. — (Гарадзенская бібліятэка). — ISBN 978-93-61617-77-8.
- ↑ Чантурия В. А. Архитектурные памятники Белоруссии. — Мінск: Полымя, 1982. — С. 116-118. — 223 с.
- ↑ а б в г д е ё ж з і к л Аляксееў Л. В. Гродна і помнікі Панямоння. — Мінск: Беларуская навука, 1996. — ISBN 5-343-01410-0.
- ↑ а б в г д е ё ж з і к л м н о В. В. Швед, А. П. Госцеў, А. А. Дабрыян. Горадзен. Аповяды з гісторыі горада (10 ст. – сярэдзіна 16 ст.). — Гродна, 1996. — 60 с.
- ↑ а б в г д е Семенчук А. А., Гостев А. П. и др. Королевский город Гродно. — Минск: Рифтур, 2010. — 70 с. — ISBN 9-78956-919230.
- ↑ а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с т у ф х А. А. Трусаў, В. Е. Собаль, Н. I. Здановіч. Стары замак у Гродне XI—XVIII стст.: Гіст.-археал. нарыс. — Мінск: Навука і тэхніка, 1993. — 152 с. — ISBN 5-343-01429-1.
- ↑ Гродно. Энцикл. справ. / Белорус. Сов. Энцикл.; Редкол.: И. П. Шамякин (гл. ред.) и др. — Минск: БелСЭ, 1989. — С. 13. — 438 с. — ISBN 5-85700-015-7.
- ↑ а б в г д е ё ж з і к л м н о Калектыў аўтараў: Карнялюк В., Швед В. і інш. Гродназнаўства. Гісторыя еўрапейскага горада. — Гародня, Wrocław: Wrocławska Drukarnia Naukowa PAN, 2012. — 339 с. — (Гарадзенская бібліятэка). — ISBN 978-83-61617-85-3.
- ↑ Кишик, Ю. Н. Градостроительная культура Гродно. — Минск: Белорусская наука, 2007. — С. 30. — 303 с. — ISBN 978-985-08-0830-1.
- ↑ а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с Ткачёв М. А. Замки Беларуси. — Минск: Беларусь, 2002. — 200 с. — ISBN 985-07-0418-7.
- ↑ Кудряшов В. И. Архитектура города Гродно (исследование развития города с XII по XX век) : автореф. дис. … канд. искусствоведения. — Институт истории искусств. На правах рукописи. — Москва: Академия наук СССР, 1960. — С. 6.
- ↑ а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с т у ф х ц ч ш э Ю. В. Кітурка, В. М. Царук. Гродзенскія замкі: гісторыка-архітэктурны нарыс. — Слонім: Слонімская друкарня, 2009. — 44 с. — ISBN 978-985-6602-77-4.
- ↑ а б в г д е ё ж Я. Г. Звяруга, А. А. Трусаў. Гродзенскі Стары замак // Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік / Беларус. Энцыкл.; Рэкал.: А. А. Воінаў і інш. — Мн.: БелЭн, 1993. — С. 181-182. — 620 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-078-5.
- ↑ а б в г д е ё А. А. Трусаў. Гродзенскі Стары замак // Археалогія Беларусі: энцыклапедыя. У 2 т. / [склад. Ю. У. Каласоўскі; рэдкалегія: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2009. — Т. 1: А―К. — С. 266-267. — 496 с. — ISBN 978-985-11-0354-2.
- ↑ Ю. М. Бохан, А. А. Скеп’ян. Побыт феадалаў Вялікага Княства Літоўскага ў XV — сярэдзіне XVII стагоддзя. — Мінск: Беларусь, 2011. — С. 52. — 271 с. — ISBN 978-985-01-0932-3.
- ↑ Е. Л. Фиронова, И. Ю. Исаев. Загадки и легенды Гродно // Гродна і гродзенцы: дзевяць стагоддзяў гісторыі (да 880-годдзя горада): матэрыялы Міжнар. навук. канф., Гродна, 10—11 крас. 2008 г. / рэдкал.: А. І. Антоненка (адк. рэд.), А. А. Каваленя (адк. рэд.), Я. А. Роўба (адк. рэд.) [і інш.]; навук. рэд. І. П. Крэнь. — Гродна: ГрДУ, 2008. — С. 112-119. — 485 с. — ISBN 978-985-515-059-7.
- ↑ Чантурия В. А. История архитектуры Белоруссии. Т. 1: Дооктябрьский период. 3-е изд. Мн., 1985.
- ↑ а б в г д е Ю. Гардзееў. Магдэбургская Гародня. — Гародня, Wrocław: Wrocławska Drukarnia Naukowa PAN, 2008. — 384 с. — (Гарадзенская бібліятэка). — ISBN 978-83-89185-68-6.
- ↑ Не Санці Гучы. Стары замак у Гродне насамрэч спраектаваў немец? // hrodna.life, 24.04.2019
- ↑ а б В. М. Царук. Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей: Нарыс-даведнік. — 3-е выданне. — Слонім: Слонімская друкарня, 2011.
- ↑ Славутасці Гродна. Стары Замак
- ↑ Инга Островцова. От князя Витовта до поручика Арнольда Архівавана 20 студзеня 2009.
- ↑ Масты Гродна. Частка VIІ. Масты не над вадою. Архівавана 29 кастрычніка 2013.
- ↑ а б У Гродне завяршаецца першы этап рэстаўрацыі Старога замка // Звязда, 03.12.2020.
- ↑ а б в К вопросу о реконструкции Старого замка в Гродно Архівавана 29 красавіка 2009.
- ↑ Будзе адрэстаўраваны Стары замак у Гродне (недаступная спасылка) Архівавана 5 сакавіка 2016.
- ↑ Ці памаладзее калі-небудзь Стары Замак? Архівавана 17 мая 2011.
- ↑ У Гродне паднялі руку на Стары замак (недаступная спасылка) Архівавана 4 сакавіка 2016.
- ↑ Совет Министров Республики Беларусь утвердил Государственную программу «Замки Беларуси» на 2012—2018 годы Архівавана 5 сакавіка 2016.
- ↑ Какие замки Беларуси получили право на новую жизнь? Архівавана 28 лютага 2020.
- ↑ У Гародні паднялі руку на Стары замак Архівавана 14 красавіка 2016.
- ↑ Старый замок в Гродно — реставрация или евроремонт? Архівавана 28 лютага 2020.
- ↑ У горадзенскім Старым замку пасьля рэканструкцыі адкрылі музэйныя залі // Радыё Свабода, 05.11.2021 Архівавана 5 лістапада 2021.
- ↑ У Старым замку Гродна адкрылі тры новыя інтэр’ерныя залы XVI стагоддзя // Звязда, 21.01.2023.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Hajduk, Olga M. Kilka uwag o batoriańskiej przebudowie Starego Zamku w Grodnie oraz jej współczesnej rekonstrukcji // Biuletyn Historii Sztuki, 83(4), 843—858.
- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік / Беларус. Энцыкл.; Рэкал.: А. А. Воінаў і інш. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-078-5.
- Археалогія і нумізматыка Беларусі: энцыклапедыя. — Мінск, 1993.
- Гродзенскі Стары замак // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 5: Гальцы — Дагон / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1997. — Т. 5. — С. 438. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0090-0 (т. 5).
- Гуревич Ф. Д. Древности Белорусского Понеманья. — Ленинград: Изд-во Академии наук СССР, 1962.
- Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, [1984—1988].
- Республика Беларусь : энциклопедия. [В 7 т.]. Т. 3. — Минск, 2006.
- Ткачоў М. А. Замкі Беларусі. — Мінск: Полымя, 1977.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Стары замак (Гродна)
- Стары замак (Гродна) на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Стары замак (Гродна) на сайце Radzima.org
- Стары замак (Гродна) на сайце «Архіварта»
Гэты артыкул уваходзіць у лік выдатных артыкулаў беларускамоўнага раздзела Вікіпедыі. |