Сафііўка (Львоў)
Сафііўка | |
---|---|
Софіївка | |
Горад | Львоў |
Адміністрацыйны раён горада | Галіцкі і Сыхіўскі раёны |
Першае згадванне | XVI ст. |
Ранейшы статус | фальварак, прадмесце |
Год уключэння ў межы горада | ХІХ ст. |
Ранейшыя назвы | Кашнараўка |
Паштовыя індэксы | 79011 |
Сафііўка[1] (укр.: Софіївка) — гістарычная мясцовасць на мяжы Галіцкага і Сыхіўскага раёнаў Львова, абмежаваная вуліцамі Стрыйскай, Панаса Мырнага, Яраславенка, Дзіброўнай і Свянціцкага.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Папярэдняя вядомая назва мясцовасці - Кашнараўка. Яна паходзіць ад прозвішча Яна Кашнара - былога ўладальніка маёнтка і цаглянага завода ў гэтым месцы. У 1594 г. за кошт мяшчанкі Сафіі Ганэль быў збудаваны невялікі драўляны касцёл Святой Сафіі. Фундатарка касцёла была ўдавой Станіслава Ганэля - унука Яна Кашнара. У той час раён заселеным не быў, таму менавіта ад касцёла пайшла яго назва.
Будаўніцтва ў гэтым раёне некалькі ажывілася з 1839 г. Будаўнік Фларыян Андэрка заклаў тут публічны парк (сёння - сквер за касцёлам св. Сафіі) , які карыстаўся папулярнасцю ў месцічаў. Архітэктары Ёган Зальцман і Вільгельм Шмід пабудавалі некалькі віл, якія да нашых дзён не захаваліся.
Жыллёвае будаўніцтва другой траціны XIX ст. усё ж не стала тут папулярным з-за блізкасці цаглянага завода у суседнім Снопкаве і гарадскога цаглянага завода на вул. Св. Сафіі, 24 (цяпер - вул. Франка, 108). Сапраўдны ж росквіт пачаўся з канца XIX ст.
Падчас земляных работ у 1876 г. знойдзеныя тунэлі гатычнай канструкцыі, якія вялі ад касцёла ў кірунку да цэнтра горада. На сценах захаваліся надпісы, у прыватнасці на арабскай мове, некаторыя датаваныя 1591 г. Паведамленне аб гэтым з'явілася ў газетах. З тых часоў згадкі пра гэтыя тунэлібольш не сустракаюцца.
У 1885 г. на месцы гарадской цаглярні па праекце Ігната Брунэка пабудавана школа, а гарадскі садоўнік Арнольд Рэрынг, выкарыстаўшы прыродны ландшафт, стварыў на касагорах Стрыйскі парк. На працягу 1876-1890 гг. было пабудавана больш за 60 новых дамоў, пераважная большасць з якіх — аднапавярховыя вілы ў т.зв. «швайцарскім» стылі. Пачала мяняць свой характар забудова вуліцы Цаглянай, якая ў 1883 г. была пераназваная на вул. Дамброўскага (цяпер - вул. Рутковыча). У 1885 г. была пракладзеная вул. Пуласкага (цяпер - вул. Паркавая). У 1890 г. з'явіўся дом мастака Станіслава Батоўскага-Качора, які пачаў новую вул. Панятоўскага (цяпер - частка вул. Самчука). Увесну 1894 г. Сафііўкай пралягла першая лінія электрычнага трамвая ў Львове.
У канцы XIX ст. мітрапаліт Андрэй Шаптыцкі набыў для Івана Франка дом у Сафііўцы, дзе пісьменнік правёў апошнія гады свайго жыцця і памёр. Побач з Франком у суседнім доме ў свой час жыў і першы прэзідэнт УНР, прафесар Львоўскага універсітэта Міхаіл Грушэўскі.
Улетку 2008 г. ад вул. Снопкіўскай па вул. Стуса пачалі пракладваць трамвайную лінію, якая павінна была злучыць цэнтр Львова праз Снопкіў з Сыхавам.
Аб'екты
[правіць | правіць зыходнік]- Царква Святой Сафіі
- Львоўская нацыянальная акадэмія мастацтваў
- Музей Івана Франка
- Музей Міхаіла Грушэўскага
- Консульства Польшчы ў Львове
Зноскі
- ↑ Напісанне ў адпаведнасці з ТКП 177-2009 (03150) «Спосабы і правілы перадачы геаграфічных назваў і тэрмінаў Украіны на беларускую мову»