Перайсці да зместу

Рэфармацыя ў Рэчы Паспалітай

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Рэфарма́цыя ў Рэ́чы Паспалі́тай — рэлігійны і грамадскі рух, які пастуляваў змены ў Царкве. Існаваў ад 20-х гадоў XVI стагоддзя да сярэдзіны XVII стагоддзя, калі канчаткова перамагла контррэфармацыя. Рэфармацыя ў РП характарызавалася дынамічным развіццём у XVI—XVII стст., а пасля такі самы імклівы заняпад, ажно да поўнай маргіналізацыі і страты ўплыву на пачатку XVIII стагоддзя[1]. На думку некаторых даследчыкаў, у адрозненне ад іншых еўрапейскіх дзяржаў, дзе прыводзіла да ўзмацнення манархічнай улады, толькі ў Рэчы Паспалітай Рэфармацыя адначасова паслабіла і каралеўскую, і царкоўную ўлады[2].

Рэфармацыя ў РП ад пачатку абмежавалася толькі верхнімі і сярэднімі класамі грамадства, у асноўным у местах паўночнай і заходняй Польшчы, на Келеччыне, Любельшчыне і Жмудзі. Так і не аказала значнага ўплыву на вясковае насельніцтва; выняткам былі толькі мяшканцы заходняга памежжа. У РП амаль не было магутных пратэктараў, якія б падтрымлівалі гэты рух; магнаты трактавалі змену вызнання як сваю прыватную справу і як частку «залатой шляхецкай вольнасці». Толькі на Літве такія магнаты, як Мікалай Радзівіл Чорны і Ян Кішка падтрымалі Рэфармацыю. Становішчу Рымска-каталіцкай царквы сур’ёзнай пагрозы не было.

У Рэчы Паспалітай з’явіліся тры рэфармацыйныя плыні: першым прыйшло лютэранства, следам — кальвінізм, а астатнім — г.зв. арыянства, або рух польскіх братоў. Рэфармацыя дала значны ўнёсак у развіццё польскай мовы, культуры і літаратуры, што стала прычынай ажыўлення навукі і асветы праз развіццё адукацыі і выдавецкай справы. Яе дзеячамі сталі шмат выбітных пісьменнікаў, тэолагаў і вучоных.

Рэфармацыя

У XVI стагоддзі Рэч Паспалітая не была маналітнай па этнічных і рэлігійных прызнаках, аднак рымска-каталіцкая царква мела тут агромністы ўплыў. РП была талерантнай дзяржавай. Гэтая талерантнасць вынікала з шматрэлігійнасці і шматкультурнасці краіны, якую спрадвеку насялялі ў тым ліку жыды і праваслаўныя. Іншай прычынай была слабая каралеўская ўлада і моцныя пазіцыі магнатэрыі ў сістэме выбарнай манархіі. Нават каралі, акрамя моцна звязаных з інтарэсамі каталіцтва, такіх як Ян Казімір (езуіт і кардынал), не маглі здзяйсняць масавыя рэпрэсіі супраць іншаверцаў.

Першай на тэрыторыю Рэчы Паспалітай прыйшло лютэранства — прыкладна ў 20-я гады XVI стагоддзя. Яго прыхільнікамі стала ў асноўным нямецкае насельніцтва гарадоў Каралеўскай Прусіі, Вялікай Польшчы і Сілезіі. Эдыкт Жыгімонта I 1523 года абвяшчаў, што кожны, хто б тыя творы лютэранскія ўводзіў, прадаваў, купляў, чытаў; альбо пастановы Лютэра прапаведваў, бараніў або ўхваляў, акрамя спальвання ўласна гэтых кніг, ён таксама смерцю на вогнішчы і канфіскацыяй усяе ўласнасці каб быў пакараны[3].

У 1525 князь Януш III забараніў у Мазавецкім княстве вызнанне і распаўсюджанне лютэранства пад пагрозай страты жыцця і ўласнасці. Гэты эдыкт разам з іншымі мазавецкімі правамі пацвердзіў Жыгімонт I Стары па інкарпарацыі Мазовіі ў Велікапольскую правінцыю Кароны Каралеўства Польскага ў 1529 годзе[4].

Вялікія і важныя эканамічныя цэнтры, такія як Гданьск, Торунь ці Эльблонг, атрымалі ад караля Жыгімонта II Аўгуста пашырэнне нададзенай ім раней аўтаноміі таксама і на справы веравызнання. У пазнейшыя гады ўсё большую папулярнасць сярод польскай шляхты набываў кальвінізм, тым болей што прызнаваў за свецкімі патронамі вырашальны ўплыў на царкоўныя справы.

Ян Ласкі — заснавальнік польскай швейцарскай (кальвінскай) царквы

Да рэфармацыйнага руху далучылася максімум шостая частка грамадства; аднак то была шляхецкая эліта, якая атрымала замежную адукацыю і лідзіравала ў барацьбе выкананне і забеспячэнне правоў і ўласнасці — руху, накіраванага як сярод свецкай, так і духоўнай магнатэрыі. Шляхецкая эліта дамагалася ад святароў складвання падаткаў на абарону дзяржавы, скасавання духоўнага суда над свецкімі асобамі, ліквідацыі дзесяціны. Поспехі рэфармацыйных рухаў у Рэчы Паспалітай супалі з развіццём прывілеяў шляхты, да якіх сталі залічаць таксама права вызнання абранай веры. Канчаткова гэтае права было зацверджана актам Варшаўскай канфедэрацыі 1573 года.

Высілкі, накіраваныя на прыцягненне вернікаў, спрычыніліся да развіцця польскай пісьмовасці. Першым выдавецкім асяродкам быў Каралявец у Герцагстве Прусія. Тут у 1530 годзе быў выдадзены перакладзены на польскую мову катэхізіс Лютэра, праз два гады — яго вялікі катэхізіс, а ў 1561—1562 выкананы пераклад на польскую некаторых лістоў Лютэра. Толькі ў XVI стагоддзі выдадзеныя 16 розных катэхізісаў па-польску. Апрача катэхізісаў, надрукаваныя «Песні духоўныя і пабожныя», перавыдадзеныя некалькі разоў з 1547 года. Выдадзены ў 1578 «Канцыянал» (па-лацінску: cantio — «спеў, песня», зборнік рэлігійных спеваў) аўтарства Пятра Артоміуса вытрымаў да 1728 года 12 перавыданняў. Іншым відам публікацый былі Пастылы ([зборы] каментар[оў] да Бібліі, Дабравесця, тлумачэнне перыкопы), выдаваныя ад 1557 года. Найважнейшым дасягненнем пратэстантаў было выданне Брэсцкай Бібліі ў 1563 годзе.

Пад апекай шляхецкіх і магнацкіх пратэктараў паўставалі пратэстанцкія школы, зборы і друкарні. У 1554 у Сломніках адбыўся першы сінод кальвінскай царквы. Тым не менш, пратэстанцкае асяроддзе не стала з’яднаным, як гэта адбывалася ў дзяржавах Заходняй Еўропы. Сярод іншых пратэстанцкіх дэнамінацый у Польшчы з’явіліся анабаптысты — званыя тады менанітамі, а пасля 1548 у Вялікай Польшчы пачалі з’яўляцца выгнаныя з айчыны чэшскія браты.

Фаўст Соцын — выбітны тэолаг польскага антытрынітарызму

На тле дагматычных і грамадзянскіх канфліктаў у 1562—1565 дайшло да раздраю сярод прыхільнікаў кальвінізму. Пад уплывам ідэалогіі італійскіх антытрынітарыяў, галоўным чынам Фаўста Соцына, паўстала царква братоў польскіх (называных праціўнікамі арыянамі), якіх падтрымала значная частка інтэлектуальнай эліты пратэстантызму. Выключэнне польскіх антытрынітарыяў з Сандамірскага дагавора, заключанай у 1570, ухваленай кальвіністамі і чэшскімі братамі і перанятай іншымі дзяржавамі пратэстанцкай Еўропы, аслабіла пазіцыі польскай Рэфармацыі і разбурыла шанцы стварэння нацыянальнае царквы. Пратэстанцтва сутыкнулася з амаль поўнай абыякавасцю з боку вясковага насельніцтва, аднак займела адэптаў у такіх местах, як Кракаў або Познань.

На пераломе XVI і XVII стагоддзяў у іх, аднак, дайшло да паступовай ліквідацыі збораў; гэта суправаджалася нападамі на крамы, жытло і нават пагромы людзей, што вызнаюць іншыя рэлігіі. Рэлігійныя пагромы, якія здзяйсняліся з ухвалы і з ініцыятывы каталіцкага духавенства, адбываліся пры амаль поўнай пасіўнасці цывільных уладаў. Да такога пагрому дайшло 10 ліпеня 1591 у Вільні, дзе каталіцкі натоўп спаліў царкву, дом, прытулак і школу рэфармаваных евангелістаў[5]. У той жа Вільні ў 1639 годзе дайшло да чарговых хваляванняў на рэлігійным тле. Іхняй ахвярай зноўку сталі кальвіністы, якіх змусілі пакінуць горада, а іх збор на вуліцы Святаміхалаўскай быў разбураны[6].

Рэлігійныя хваляванні і пераследы з’явіліся ў Польшчы між іншага з-за няўхвалы Соймам, у якім пачалі пераважаць каталікі, пастанаўленняў Варшаўскай канфедэрацыі. А яе найбольш заўзятым праціўнікам быў Жыгімонт III Ваза, які трапіў пад магутны ўплыў езуітаў на чале з Пятром Скаргам. Толькі пасля Шведскага патопу, калі Рэч Паспалітая ледзь здолела пазбегнуць падзелу між некаталіцкімі суседзямі, Касцёл здолеў юрыдычна і фактычна перакрэсліць пастановы Варшаўскай канфедэрацыі. У 1658 Сойм прысудзіў польскіх братоў да выгнання, і яны перасяліліся ў асноўным у Галандыю, дзе знаходзіцца іхняя знакамітая Bibliotheca Fratrum Polonorum, а ў 1668 пад пагрозай смерці забараніў выхад з каталіцтва.

Уплыў Рэфармацыі

[правіць | правіць зыходнік]

Паўсталыя пасля 1517 года пратэстанцкія плыні (найперш лютэранства і кальвінізм) на польскай глебе займелі паслядоўнікаў найперш у местах Каралеўскай Прусіі. Тутэйшыя мяшчане нямецкага паходжання, шчыльна звязаныя стасункамі са сваімі заходнімі контрагентамі, хутка прынялі навуку Марціна Лютэра. У Гданьску ў 1525 выбухнула антыкаталіцкі бунт  (польск.) лютэранскага паспольства і плебсу, здушаны толькі з дапамогай ваеннай інтэрвенцыі Жыгімонта I Старога. У 1525 спыніла існаванне дзяржава Тэўтонскага ордэна, кіраўнік якога Альбрэхт Гогенцолерн прыняў лютэранскае вызнанне і зрабіўся свецкім леннікам Польскай кароны.

Рэфармацыя, за выняткам грамадскіх хваляванняў у Рэчы Паспалітай, не спрычыніла паслаблення дзяржавы. Наадварот, дзяржава Ягелонаў не баялася ўплываў пратэстанцтва і зычліва прымала іншаземных іншаверцаў. Паслабленне Рэчы Паспалітай адбылося толькі ў сярэдзіне XVII стагоддзя, калі Рэфармацыя перастала быць значным чыннікам у жыцці краіны. На думку польскага гісторыка Януша Тазбіра, узмацненне контррэфармацыі і варожасці да «ерасяў» у Рэчы Паспалітай было звязана з узрослай небяспекай дзяржавы звонку[7].

Важкай спадчынаю Рэфармацыі ў Рэчы Паспалітай стала з’яўленне шматлікай польскамоўнай літаратуры, у асноўным рэлігійнай, што спрыяла развіццю і ўзбагачэнню літаратурнай мовы. У той час былі створаныя такія помнікі літаратуры, як пераклад Брэсцкай Бібліі (адзін з першых у свеце перакладаў на нацыянальную мову), развівалася палітычная і палемічная літаратура (Марцін Чаховіч, Андрэй Фрыч Маджэўскі, Сымон Будны і інш.). Пратэстантамі было шмат піянераў польскай літаратуры, у тым ліку «бацька польскай літаратуры» Мікалай Рэй.

Рэфармацыя ажывіла выдавецкую дзейнасць — у XVI стагоддзі дзейнічалі 20 іншаверных друкарняў — і што стала прычынай развіцця адукацыі, галоўным чынам сярэдняй: паўсталі лютэранскія гімназіі ў Торуні і Гданьску і кальвінская ў Пінчаве, а таксама акадэміі — чэшскіх братоў у Лешне і польскіх братоў у Ракаве. Гэтыя навучальныя ўстановы былі знакамітымі за свой высокі ўзровень навучання.

Яшчэ адным дасягненнем Рэфармацыі было ажыўленне і ўзбагачэнне контррэфармацыйнай каталіцкай пісьменнасці, якое было вымушана канкураваць з пратэстанцкай літаратурай. Толькі па поўнай перамозе контррэфармацыі ў сярэдзіне XVII стагоддзя пачалося відавочнае зніжэнне ўзроўню літаратуры і культуры, якое трывала аж да эпохі Асветніцтва[7].

Асобнай з’яваю была дзейнасць г.зв. арыянаў, ці польскіх братоў, творы якіх, галоўным чынам філасофскай і грамадзянскай тэматыкі (Геранім Маскажоўскі, Фаўст Соцын, Андрэй Вішаваты, Пётр Стаінскі і іншыя), што пастулявалі рацыяналізм і рэлігійную талеранцыю, аказалі вялікі ўплыў на іншыя еўрапейскія дзяржавы (між іншага на філасофію Джона Лока) і нават на Злучаныя Штаты Амерыкі (арыянскі Ракаўскі катэхізіс натхніў Канстытуцыю ЗША ў пытаннях нейтральнасці светапогляду дзяржавы і аддзялення дзяржавы ад царквы).

Супрацоўніцтва пратэстантаў з каталікамі ў XVI—XVII стст

[правіць | правіць зыходнік]

У 1590 годзе была выдадзеная «Шляхціца польскага супраць езуітаў прамова», напісаная праўдападобна прафесарамі Кракаўскай акадэміі і арыянамі. Каталікі частка друкавалі кнігі ў друкарнях іншых вызнанняў. У Ракаве надрукаваныя творы Кляновіца і Б. Папроцкага, а ў Лешне «Satyry» Апалінскага і паэта Самуэля Твардоўскага. У Лешне ў часы Яна Амаса Каменскага вучылася шмат каталіцкай моладзі, а ў езуіцкіх калегіях адпаведна навучалася праваслаўная і пратэстанцкая моладзь.

На каталіцкім баку можна вызначыць не толькі пісьменнікаў, што процістаялі Варшаўскай канфедэрацыі, але і такіх, якія яе абаранялі нароўні з пратэстантамі. Да такіх належаў каталіцкі пісьменнік Мікалай Касабудскі, які ва ўступе да Psalmi 68 explanatio (1575) мовіў, што адрозненні вераванняў не можна ліквідаваць «агнём і мячом», а толькі праз «навучанне людзей і руплівую душпастырскую працу». На падобных думках стаяў шляхецкі пісьменнік Геранім Балінскі, хоць ён выключаў з гэтага правіла арыянаў. У вялікай колькасці выпадкаў манахі (францысканцы ў Вільні — 1614) і нават біскупы (Пётр Тыліцкі — 1516) бралі пад абарону пакрыўджаных пратэстантаў. А пратэстанты, па меры таго як нарастала пагроза з боку каталікоў, высоўвалі ўсё шырэйшыя пастуляты рэлігійнай талеранцыі.

Храналогія
Рок Падзея
20-я XVI ст. Лютэранства знаходзіць прыхільнікаў збольшага сярод мяшчанства ў местах Каралеўскай Прусіі і на вялікапольскім памежжы.
1520 Жыгімонт I Стары выдае торуньскі эдыкт — першую з нямногіх забаронаў прыняцця «рэлігійных новаўвядзенняў».
1525-26 У Гданьску лютэранства стала афіцыйнай рэлігіяй, аднак неўзабаве горада было спацыфікавана каралём Жыгімонтам Старым, які ўвёў забарону выхаду з каталіцтва пад пагрозай смерці.
к. 1540 Кальвінізм трапіў на землі РП.
1550 Першае ў Польшчы кальвінскае набажэнства (у Пінчаве).
1552 Сымон Зак распаўсюджвае кальвінізм на Літве.
1516—1550 У вялікапольскія гарады (у асноўным у Лешну) прыбываюць чэшскія браты, ратуючыся ад пераследу.
1554 Першы пратэстанцкі сінод у Сломніках пад Кракавам.
1555 Сінод у Казмінку ўхваліў кароткачасовую унію між польскімі кальвіністамі і чэшскімі братамі.
1556 У Польшчу вяртаецца Ян Ласкі і засноўвае евангельска-рэфармацкую царкву.
1560 Пратэстанцкі Сінод у Ксёнжу асуджае антытрынітарызм.
1562 З кальвінізму вылучаецца рух польскіх братоў (г.зв. арыянаў).
1563 Выданне кальвінісцкай Брэсцкай Бібліі.
1570-72 Выданне арыянскай Нясвіжскай Бібліі.
1570 Сандамірскі дагавор — польскія лютэране, кальвіністы і чэшскія браты заключылі пагадненне з мэтай абароны ад контррэфармацыі.
1573 Варшаўская канфедэрацыя дае іншаверцам гарантыі рэлігійнай талеранцыі. Гэты прывілей пацверджаны Генрыкавымі артыкуламі.
1595 Раскол між польскімі лютэранамі і кальвіністамі.
XVII ст. Жыгімонт III Ваза перастае выконваць пастановы Варшаўскай канфедэрацыі і ўзмацняе контррэфармацыю. Пад канец стагоддзя ў Рэчы Паспалітай знікаюць апошнія таемныя грамады польскіх братоў. Пратэстанцтва губляе які-небудзь уплыў на грамадскае жыццё.
1632 Выданне лютэранскай Гданьскай Бібліі.
1638 Сойм вырашае закрыць усе арыянскія ўстановы ў Ракаве, у тым ліку Ракаўскай акадэміі.
1654 6 красавіка кароль Ян Казімір падпісвае дэкрэт, які прадпісвае выгнанне з Рэчы Паспалітай усіх замежнікаў-іншаверцаў.
1656 Пратэстанцкае Лешна спаленае ў адплату за спрыянне інтэрвентам падчас Патопу. Пратэстанты масава пакідаюць Рэч Паспалітую. Кальвінізм знікае ва ўсходніх рэгіёнах краіны.
1658 Сойм асуджае польскіх братоў на выгнанне з РП.
1668 Сойм уводзіць забарону выхаду з каталіцтва пад пагрозаю смерці.
1678 Кальвіністы і лютэране заключаюць у Лешне пагадненне, званае Amica complanatio.
1717 Нямы сойм афіцыйна забараняе абіраць пратэстантаў пасламі на Сойм.
1718 Выключэнне кальвінскага пасла Андрэя Кромны Пятроўскага з Сойму.

Выбітныя дзеячы Рэфармацыі

[правіць | правіць зыходнік]

Польскія браты

[правіць | правіць зыходнік]
  1. Reformacja na ziemiach polskich(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 9 кастрычніка 2011. Праверана 1 мая 2013.
  2. Wacław Sobieski. Król czy tyran. Idee rokoszowe a różnowiercy za czasów Zygmunta Augusta // Reformacja w Polsce. — Warszawa: 1926. — В. IV. — С. 1.
  3. Julian Bukowski. Dzieje reformacyi w Polsce od wejścia jej do Polski aż do jej upadku. — 1883. — Т. 1. Początki i terytoryalne rozprzestrzenienie się reformacyi. — С. 490.
  4. Julian Bukowski. Dzieje reformacyi w Polsce od wejścia jej do Polski aż do jej upadku. — 1883. — Т. 1. Początki i terytoryalne rozprzestrzenienie się reformacyi. — С. 329—330.
  5. (red.) Steponas Maculevičius, Doloresa Baltrušiene, Znajomość z Litwą. Księga tysiąclecia. Tom pierwszy. Państwo, Kraštotvarka, Kaunas, 1999, ISBN 9986-892-34-1, s. 39.
  6. Wilno. Przewodnik krajoznawczy Juljusza Kłosa Prof. Uniwersytetu St. Batorego. Wydanie trzecie poprawione, Wydawnictwo Wileńskiego Oddziału Polskiego Towarzystwa Turystyczno-Krajoznawczego, Wilno 1937, s. 140
  7. а б Ks. Jan Kracik.. Tolerancja w dobie reformacji i kontrreformacji (польск.). Fundacja Opoka (17 красавіка 2013).