Чэшскія браты
Чэшскія браты (чэшск.: Jednota bratrská, лац.: Unitas Fratrum), Абшчына багемскіх братоў, таксама мараўскія браты[1] і гернгутары[2] (па назве паселішча Гернгут) — хрысціянская евангелічная дэнамінацыя, заснаваная ў Чэхіі (у Багеміі) у XV ст. пасля гусіцкага рэвалюцыйнага руху з рэштак гусітаў. Асновай багаслоўя чэшскіх братоў сталі ідэі Яна Гуса і Петара Хельчыцкага.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Першая абшчына заснавана ў 1457 годзе ў Кунвальдзе (чэшск.: Kunvald) Ржэгарам. Браты жылі па прыкладзе ранніх хрысціян у галечы і пакоры, строга прытрымліваючыся правілаў маралі. Правіламі брацтва было забаронена займаць любыя пасады, браты прапаведавалі непраціўленне злу гвалтам. З асяроддзя Багемскіх братоў выйшла шмат чэшскіх навукоўцаў: Ян Благаслаў, Ян Амос Коменскі і інш.
Сваімі сачыненнямі («Сетка веры») Петар Хельчыцкі набыў сабе многіх прыхільнікаў, якія зваліся братамі Хельчыцкімі, якія пад кіраўніцтвам былога францысканскага манаха Грэгара, пляменніка ўтраквісцкага біскупа Рокіцаны, утварылі разам з рэшткамі табарытаў і стражэйшымі каліксцінцамі (чашнікамі) самастойную рэлігійную абшчыну. У 1457 г. імі была заснавана ў адведзенай ім каралём Іржы Подзебрадам вёсцы Кунвальдзе калонія, дзе яны знайшлі ў святары Міхаіле Брадачы энергічнага змагара за сваю справу. Новая абшчына атрымала назву Unitas fratrum, брацкае яднанне, а члены яе называліся fratres legis Christi, браты Хрыстова закона ці проста — Браты. Яны праследваліся ўрадам і ў 1467 у вёсцы Хотке, каля Рэйхенау, цалкам адракліся ад каталіцкай царквы і выбралі па жэрабі трох старшынаў, пасвечаных у біскупы біскупам вальдэнсаў Стэфанам, які жыў у Аўстрыі. З тых часоў яны жылі ў пустынях і пячорах (адсюль дадзеная ім у насмешку мянушка «пячорнікі»), але строгасцю нораваў і брацкім яднаннем набывалі ўсё больш паслядоўнікаў, так што да часу Рэфармацыі ў іх было каля сотні сваіх малельняў. Прадстаўленае імі ў 1532 г. маркграфу Георгу Брандэнбургскаму і ў 1535 г. каралю Фердынанду Спавяданне веры схіліла да іх нават Лютэра.
За адмову ваяваць супраць пратэстантаў у Шмалькальдэнскай вайне яны былі выгнаны Фердынандам з Аўстрыі. Пасля прыгнечання Пражскага паўстання саслоўяў 1547 года дзейнасць чэшскіх братоў на тэрыторыі Чэшскага каралеўства была забаронена некалькімі каралеўскімі мандатамі і пачаліся адкрытыя рэпрэсіі супраць абшчыны. Каля 1000 чалавек у 1548 годзе перасялілася ў Прусію, дзе герцаг Альбрэхт адвёў ім для месцажыхарства Марыенвердэр. У 1570 яны заключылі з польскімі лютэранамі і рэфарматамі Сандамірскае пагадненне, у сілу якога на іх былі потым распаўсюджаны палёгкі Дысідэнцкага міру 1572 г. У Багеміі яны дамагліся памяркоўнасці ў сілу так званай Чэшскай канфесіі (Confessio Bohemica) 1575 года, гэта значыць Спавядання веры, выпрацаванага імі разам з іншымі евангелічнымі цэрквамі краіны.
Пасля паражэння паўстання чэшскіх саслоўяў 1618—1620 гадоў і невыгоднага для пратэстантаў зыходу багемскай вайны, Чэшскія браты былі цалкам разгромлены, выгнаны з Багеміі і Маравіі і рассяліліся ў розных краінах. Толькі граф Цынцэндорф, які даў у 1722 г. многім з іх пратулак у сваім саксонскім маёнкту (рэгіён Обер-Лаўзіц) і дазволіў заснаваць пасёлак Гернгут (Herrnhut), у пэўнай ступені зноў аднавіў брацкую абшчыну.
Абшчыны багемскіх братоў (гернгутараў) узнікалі ў розных месцах Германіі, Нідэрландаў, Вялікабрытаніі, Даніі, Швецыі, у ЗША, і нават у Грэнландыі. Гернгутарскія прапаведнікі дзейнічалі ў Валахіі, Алжыры і Цэйлоне, сярод індзейцаў у Паўночнай Амерыцы.
Пасля выдання Кацярынай II маніфеста аб запрашэнні ў Расійскую імперыю замежных каланістаў, гернгутары аднымі з першых заснавалі ў 1765 годзе сваю калонію ў Сарэпце (Царыцынскі павет Саратаўскай губерні; цяпер Чырвонаармейскі раён г. Валгаграда).
Пасля смерці ў 1817 годзе прапаведніка Генрыха Штылінга-Юнга гернгутары з Вюртэмберга і Баварыі дамагліся адмысловага дазволу ў Аляксандра I на пасяненне ў Закаўказзі, паколькі Штылінг-Юнг сцвярджаў, што Другога прышэсця варта чакаць за Каўказам, каля гары Арарат. Амаль дзевяць тысяч членаў абшчын, распрадаўшы маёмасць, адправіліся на ўсход, але менша за палову з іх дабраліся да Ізмаіла, астатнія загінулі ў дарогі. Некаторыя з іх аселі ў Бесарабіі і каля Адэсы, аднак каля 500 сем'яў працягнулі шлях у Закаўказзе. Да 1819 года яны ўтварылі некалькі калоній у Грузіі каля Тыфліса і адну калонію ў Азербайджане[3][4].
Асаблівасці вучэння гернгутараў, акрамя патрабавання чысціні апостальскага жыцця, складаліся ў захаванні сямі таінстваў, у прызнанні толькі духоўнага прычасця і ў адпрэчванні выратавання адной верай. Прысяга, ваенная і дзяржаўная служба таксама адпрэчвалася імі, бо не стасаваліся з Нагорнай пропаведдзю. Царкоўная арганізацыя іх таксама была заснавана на Свяшчэнным Пісанні: пропаведдзю і прычасцем загадвалі прэсвітары (ministri), тады як нагляд за царкоўным благачыннем знаходзіўся ў руках біскупаў (episcopi ці semores). Унутранымі справамі абшчыны загадвалі сіноды.
Сучаснае становішча
[правіць | правіць зыходнік]У наш час Чэшская правінцыя абшчыны Чэшскіх братоў складаецца з каля 3000 членаў, аб'яднаных у 24 сходы і іншыя місіянерскія арганізацыі, пры некаторых з якіх дзейнічаюць пачатковыя і біблейскія школы[5].
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Зноскі
- ↑ Богемские братья // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). — СПб., 1890—1907.
- ↑ Гернгутеры // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). — СПб., 1890—1907.
- ↑ Грета Ионис. Немецкие гернгутеры, или просионистские идеи Юнга-Штиллинга
- ↑ Андрей Окулов. История германцев — «немцев» в России(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 24 снежня 2015. Праверана 18 снежня 2015.
- ↑ Přehled aktivit Jednoty bratrské Архівавана 21 верасня 2013.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Богемские братья // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). — СПб., 1890—1907.
- Lochner, «Entstehung der Brüdergemeinde in Böhmen u. Mähren» (Нюрнб., 1832);
- Gindely, «Geschichte der B-en В.» (Прага, 1857, 2 т.);
- Palacky, «Ueber das Verhältnis u. die Beziehungen der Waldenser zu den ehemaligen Sekten in Böhmen» (там жа, 1869);
- Goll, «Quellen und Untersuchungen zur Geschichte der B-en В.» (там жа, 1878);
- Zezschwitz, «Die Katechismen der Waldenser u. B-en. В.» (Эрланген, 1863).