Перайсці да зместу

Райнальд Тызенгаўз

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Райнальд Тызенгаўз
польск.: Rajnold Tyzenhauz
Райнольд Тызенгаўз. Невядомы мастак, XIX ст.
Райнольд Тызенгаўз. Невядомы мастак, XIX ст.
Буйвал I[d]
Буйвал I[d]
Род дзейнасці эканаміст, прадпрымальнік, мецэнат, журналіст
Дата нараджэння 7 верасня 1830(1830-09-07)
Месца нараджэння
Дата смерці 29 ліпеня 1880(1880-07-29) (49 гадоў)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Веравызнанне каталіцтва
Бацька Канстанцін Тызенгаўз
Маці Валерыя з Ваньковічаў[d]
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Райнальд Тызенгаўз (польск.: Rajnold Tyzenhauz; 7 верасня 1830, Паставы — 29 ліпеня 1880, Гайдэльберг) — беларуска-літоўскі арыстакрат, прадпрымальнік, мецэнат.

Райнальд Тызенгаўз[1] нарадзіўся 7 верасня 1830 года ў Паставах. Сын вядомага навукоўца-арнітолага Канстанціна Тызенгаўза і Валерыі Ваньковіч. З дзяцінства граў у сямейным тэатры. Атрымоўваў хатнюю адукацыю, таксама наведваў заняткі ў Гайдэльбергскім універсітэце.

Пасля смерці бацькі ў 1853 годзе разам з сястрой Аленай пасяліўся ў пастаўскім палацы Тызенгаўзаў, дзе вёў досыць мізантрапічны лад жыцця. Меў слабое здароўе. У Паставах Райнальд Тызенгаўз стварыў добрую бібліятэку і ўпарадкаваў багаты сямейны архіў[2]. Быў блізкім сябрам мастака і грамадскага дзеяча Эдварда Яна Ромера. У 1868 годзе з графам Бенедыктам Генрыкам Тышкевічам (якому быў апекуном) наведаў Англію, у 1870 годзе падарожнічаў у Рым.

Канец свайго жыцця правёў у Ракішках. Сваю вялізную маёмасць перапісаў у 1872 годзе свайму ўнучатаму пляменніку Юзафу Пшаздзецкаму, пры ўмове стварэння маярату і змены прозвішча на «Тызенгаўз». Аднак расійскія царскія ўлады не дазволілі таму змяніць прозвішча.

Памёр 29 ліпеня 1880 годзе ў Гайдэльбергу, куды выехаў на лячэнне. У снежні 1880 года быў пахаваны ў крыпце касцёла ў Ракішках. На надмагіллі ўсталяваная скульптура працы аўстрыйскага скульптара Ота Кёніга. Яго землі ў спадчыну перашлі да сястры Марыі, жонкі Аляксандра Пшаздзецкага, і іх сыноў: Канстанціна і Густава.

Прадпрымальніцкая дзейнасць

[правіць | правіць зыходнік]

Прытрымліваўся прынцыпаў «арганічнай працы». Быў вядомы як арганізатар узорнай гаспадаркі на сваіх вялізных уладаннях. Ва ўспамінах Адама Кіркора характарызуецца як «знакаміты эканаміст» і «самы багаты пан на Літве»[3].

Асаблівую ўвагу надаваў развіццю Ракішскага графства, дзе валодаў буйным маёнткам, у якім налічвалася 18 843 дзесяцін прыдатнай зямлі і 7607 прыгонных сялян. У 1853 перавёў усіх сялян на аброк, пакінуўшы толькі невялікую долю натуральных павіннасцей, пры гэтым былі дараваныя ўсе запазычнасці. «Мерапрыемства апынулася настолькі эфектыўным, што ўжо з наступнага года сяляне выплочвалі аброк цалкам і своечасова. З пераводам на аброк сяляне сталі „заўважна больш стараннымі“, у іх павялічылася колькасць жывёлы, лепш сталі апрацоўвацца палі, пачалі знікаць курныя хаты, з’явілася школа, колькасць корчмаў скарацілася з 70 да 3 (у перыяд з 1839 па 1859 г.)»[4].

Таксама спрабаваў распачаць параходны гандаль па Нёмане і Віліі, але гэта ініцыятыва не была дужа паспяховай, што апісаў Канстанцін Тышкевіч:

Аўтапартрэт Марыі Пшаздзецкай з братам Райнальдам і дзецьмі

У 1855 Райнгольд гр. Тызенгаўз, жадаючы аказаць краіне паслугу грамадзяніна, скіраваў позірк на гандаль па рацэ Віліі і Нёмане. Гр. Тызенгаўзу здавалася, што праз увядзенне паравога судаходства на згаданых рэках можна працягнуць моцную руку літоўскаму гандлю. З гэтай мэтай, будучы багатым чалавекам, ён на ўласны кошт даставіў з-за мяжы два паравыя судны: большае, названае «Кейстутам», было прызначана для Нёмана, меншае — «Нерыс» — мелася хадзіць па Віліі. Улетку 1856 года «Нерыс» пачаў функцыянаваць на гэтай рацэ. Даплыў ён на самай справе адзін раз уверх па Віліі аж да Сосенкі — адной з першых прыстаняў, што знаходзіцца на пачатку ракі. Выканаў ён гэтае падарожжа, як мне паведамілі ў дырэкцыі паравога суднаходства, з вялікаю цяжкасцю, выключна дзеля спробы, з мэтаю азнаямлення з рэчышчам Віліі, дзе меркавалася разгарнуць гандаль. На бяду, рэчышча Віліі, амаль паўсюдна мелкае і камяністае, не адпавядала ні шляхетным памкненням першага фундатара гэтага прадпрыемства, ні вялікім спадзяванням, якія дагэтуль абяцаў край. Паравое судна «Нерыс» аказалася непрактычным для Віліі; у першы ж год свайго існавання яно паслужыла для перавозкі пасажыраў паміж Вільняй і Коўнам ці катання на святочныя дні віленскай публікі на прагулку з Вільні да Верак і наадварот. На такой адзінай паслузе, прадэманстраванай літоўскай публіцы, гэтым разам карысная ідэя і сканала. «Нерыс» больш ужо не вярнуўся на Вілію, у той час калі таварыш яго «Кейстут», які быў заняты перавозкаю пасажыраў з Коўна ў Тыльзіт, дагэтуль сумленна выконвае свой абавязак.[5]

У Ракішках пабудаваў вялізны мураваны «галандскі» млын з каменю.

Разам з Аляксандрам Пшаздзецкім быў саўласнікам гатэля «Еўрапейскі» ў Варшаве. Для служачых гатэля напісаў інструкцыю па выкананні сваіх абавязкаў.

У 1855 годзе закупіў за мяжою для бібліятэкі Віленскага лекарскага таварыства рукапіс успамінаў Юзафа Франка. У 1856 годзе ахвараваў Віленскай археалагічнай камісіі арніталагічную калекцыю свайго бацькі, Канстанціна Тызенгаўза (перададзена ў 1858), а таксама фундаваў шафы для экспанавання. Надрукаваў вялікім накладам працу Канстанціна Тызенгаўза «Аалогія польскіх птушак».

Быў мецэнатам музычных школ у Паставах і Ракішках. Па стане на 1876 год пастаўская школа, якой кіраваў Пётр Шчука, мела два аддзелы: аркестравы і харавы. У 1877годзе ў яе рэпертуары было каля 30 твораў. Вучні выступалі не толькі ў рэзідэнцыі, але і ў касцёле.

Фундаваў перабудову касцёла святога Мацвея ў Ракішках (1866—1877).

Заснаваў стыпендыі для бедных студэнтаў, якія вучыліся ва ўніверсітэтах[6].

Сацыяльна-палітычная дзейнасць

[правіць | правіць зыходнік]
Райнальд Тызенгаўз, партрэт аўтарства Альфрэда Ромера.

Прымаў актыўны ўдзел у распрацоўцы рэформы па ліквідацыі прыгону. Быў сябрам цэнтральнай камісіі ў Вільні, якая пачала працу 17 снежня 1858 года і мусіла распрацоўваць правілы вызвалення прыгонных сялян. Падтрымліваў там праект, які распрацавала ковенская шляхта, дзе прапаноўвалася праграма пераходу на агульны чынш з рэвізіяй кожныя 12 гадоў, разам з захаваннем права на зямлю ў дваранства. У студзені 1860 быў дэпутаваны ад цэнтральнай віленскай камісіі ў Рэдакцыйную камісію ў Санкт-Пецярбургу, якая аналізавала прапанаваныя праекты рэформаў.

30 красавіка 1860 распрацаваны праект мясцовага палажэння для чатырох губерняў (Віленскай, Гарадзенскай, Ковенскай і Мінскай) абмяркоўваўся на паседжанні агульнай прысутнасці Рэдакцыйнай камісіі з удзелам прадстаўнікоў Віленскай агульнай камісіі А. Дамейкі і Р. Тызенгаўза і дэпутата Мінскага губернскага камітэта А. Аскеркі. Найбольш напружаная спрэчка паміж членамі Рэдакцыйных камісій і мясцовымі дэпутатамі ўзнікла па пытанню, ці пакідаць у пастаяннымі карыстанні сялян частку зямлі. Дэпутаты патрабавалі вызвалення сялян без зямлі, пагаджаючыся пакінуць сялянам у карыстанне іх надзелы толькі на часоваабавязаны перыяд, г.зн. на першыя 9 гадоў. Акрамя таго, Р. Тызенгаўз настойваў на праве памешчыкаў выдаляць сялян з аднаселляў. Усе гэтыя патрабаванні дэпутатаў былі адхіленыя, але па адным пытанні яны дабіліся перавагі, было вырашана пераглядаць павіннасці праз кожныя 20 гадоў[7].

Да восені 1860 года быў распрацаваны агульны праект камісіі, і 10 кастрычніка 1860 года яна прыпыніла сваю дзейнасць. 1 лістапада 1860 члены рэдакцыйнай камісіі былі прынятыя ў Зімнім палацы імператарам Аляксандрам ІІ[8]

У гэтым час літоўская шляхта пачынае распрацоўваць ідэю Земляробчага таварыства або хаця б Земскага крэдытнага таварыства на ўзор тых, якія існавалі ў Каралеўстве Польскім. З’езды адбываліся ў Вільні, дзе імі зацікавіўся Райнальд Тызенгаўз і пачаў запрашаць прыязджаць землеўласнікаў у свой віленскі палац на нарады. Як успамінае Якуб Гейштар,

«У Вільні не раз бываў у яго на абедзе і рашуча сцвярджаю, што ў паўсядзённым жыцці ён так жыў, як павінен быў жыць, — прыстойна і без раскошы (…) У часе з’ездаў, як меў вялікі дом, збіраліся мы ў яго, — праўда, не даваў вячэры, але тады не гэта было важна. Ужо ў 1857 г. у Коўне, хоць быў наймалодшы з усіх нас, здзіўляў яснымі поглядамі, моцнай лагічнай мовай, з перакананнямі кансерватара (…) ва ўсіх пасяджэннях заўсёды браў актыўны ўдзел, як розум пераважна крытычны, не падаваў праектаў, але ўсе прапанаваныя моцна крытыкаваў. У грамадстве, прагным развіцця, пры нешматлікасці ініцыятыўных людзей, пры недахопе вядучых ідэй такі чалавек мог быць шкодны. Але менавіта логіка ў крытыцы, халодны розум пры дасканалай, добрай веры і любові грамадства, рабілі для мяне Тызенгаўза вельмі каштоўным дзеячам». «…Ha з’ездах непараўнальна вылучаўся Р. Тызенгаўз. Тыя, хто чуў вядомых аратараў за мяжой, паўтаралі, што ён бы атрымаў папулярнасць усюды. Ён адзін мог выдатна праводзіць сваім моцным басам дыскусіі з Ураткоўскім. У Літве мы не мелі, акрамя яго, нікога больш здольнага з аратараў…»[9]

У паўстання 1863—1864 гадоў Якуб Гейштар прапаноўваў Райнальду Тызенгаўзу ўзначаліць паўстанцкі камітэт на ўмовах ананімнасці, але той адмовіўся[10].

Быў аўтарам шмталікіх трактатаў, якія не пускаў у продаж, а раздаваў сярод сяброў і знаёмых. Быў прыхільнікам пазітывісцкай філасофіі. Таксама шмат увагі надаваў педагогіцы. Меў маралізатарскія схільнасці, прытрымліваўся кансерватызму і традыцыяналізму.

Зноскі

  1. Ziemczonok Józef. Rajnold Tyzenhauz (1830—1880). Myśliciel, reformator, mecenas. Warszawa, 2010.
  2. Korotyński Wincenty. Nekrologia // Tygodnik Powszechny. 1880, nr 34.
  3. Kirkor Adam. Ze wspomnień wileńskich // Kraj. 1884. № 3.
  4. Улашчык Мікалай. Прыгонная вёска Літвы і Беларусі напярэдадні рэформы 1861 года // Збор твораў. Том 2. Працы па гісторыі. — Смаленск: Інбелкульт, 2019. — С. 560—561.
  5. Тышкевіч Канстанцін. Вілія і яе берагі. — Мінск: Беларуская навука, 2018. — С. 97.
  6. Manteuffel Gustaw. O starodawnej szlachcie krzyżacko-rycerskiej na kresach inflandzkich. — Lwów : Pol. Nauk. Tow. Heraldyczne, 1910. — S. 47.
  7. Улашчык Мікалай. Падрыхтоўка сялянскай рэформы 1861 г. у Літве і Заходняй Беларусі // Збор твораў. Том 2. Працы па гісторыі. — Смаленск: Інбелкульт, 2019. — С. 624—625.
  8. Dariusz Szpoper. Pomiędzy caratem a snem o Rzeczypospolitej : myśl polityczna i działalność konserwatystów polskich w guberniach zachodnich Cesarstwa Rosyjskiego w latach 1855—1862. — Gdańsk : Arche : Wydaw. Uniwersytetu Gdańskiego, 2003.
  9. Зямчонак Язэп. Бароны Тызэнгаўзы ў гісторыі Паставаў // Спадчына. 1997. № 5. С. 127—147.
  10. Pamiętniki Jakóba Gieysztora z lat 1857—1865. T. 2. — Wilno, 1913. — S. 244—250.