Пе́дру Міге́л ды Санта́на Ло́піш (парт. Pedro Miguel de Santana Lopes, 29 чэрвеня1956, Лісабон) — партугальскі палітык-сацыял-дэмакрат, прэм’ер-міністр Партугаліі з 29 чэрвеня 2004 да 12 сакавіка 2005.
Сантана Лопіш скончыў Лісабонскі ўніверсітэт і ўжо ў 1976 уступіў у ПСДП, у шэрагах якой пачаў палітычную кар’еру, стаўшы ў 1979 сакратаром прэм’ер-міністра Франсішку Са Карнейру, а ў 1986 — намеснікам дзяржаўнага сакратара ва ўрадзе Анібала Каваку Сілву. У 1987—1990 ён быў дэпутатам Еўрапейскага парламента, узначальваючы спіс ПСДП на выбарах туды, у 1995—1997 — прэзідэнтам футбольнага клуба Спортынг, у 1998—2001 — мэрам Фігейра-да-Фош (гэта быў адзіны выпадак, калі Сантана Лопіш знаходзіўся на пасадзе ўвесь адведзены тэрмін), а ў 2002—2004 — мэрам Лісабона. Таксама ён працаваў палітычным і спартыўным каментатарам у газетах і на тэлебачанні.