Палацава-паркавы комплекс Дзяконскіх (Каштанаўка)
Палацава-паркавы комплекс | |
Палацава-паркавы комплекс Дзяконскіх | |
---|---|
52°30′13″ пн. ш. 24°26′18″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Вёска | Каштанаўка |
Заснавальнік | Міхаіл Булгарын |
Будаўніцтва | 1-я палова XIX стагоддзя — сярэдзіна XIX стагоддзя |
Будынкі | |
сядзібны дом • вінакурня • парк | |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 113Г000614 |
Стан |
сядзіба паўразбураная парк запушчаны |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Пала́цава-па́ркавы ко́мплекс Дзяко́нскіх — рэшткі сядзібна-палацавага комплексу ў вёсцы Каштанаўка Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці. Знаходзіцца за 7 км ад Пружан і за 73 км ад Брэста. Агульная плошча забудовы складае 989 м². Ахоўваецца дзяржавай.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Будаўніцтва сядзібы на ўскрайку старадаўняй вёскі Чахец распачаў у першай палове XIX стагоддзя пружанскі павятовы суддзя Міхаіл Булгарын. Тут налічвалася 821 сялянскіх душ мужчынскага полу і 825 жаночага; акрамя аднапавярховага жылога дому, у Чахцы былі бібліятэка, флігель, дом эканома, пральня, кухня, лядоўня, свіраны для зерня і гародніны, паравая вінакурня, саладоўня, вартоўня, аранжарэя, гумно, жывёльны двор, аўчарня, стайня з карэтняй, валоўнік, свінарнік, хлявы, 2 ветраныя млыны і 2 конныя, карчма з гасціным дваром.
Наступнымі ўласнікі былі Керназіцкія, ад якіх Чахец у якасці пасагу пры шлюбе Марыі Керназіцкай перайшоў да Альбіна Дзяконскага. Пры ім змяніўся знешні выгляд сядзібнага дому: да яго было прыбудавана двухпавярховае бакавое крыло. Будынак быў аднапавярховы, прамавугольны ў плане, цагляны на высокім падмурку, даўжынёй 36 м. Па вуглах упрыгожаны пілястрамі і канелюрамі, пад вокнамі па ўсім перыметры былі прарэзаны круглыя вакенцы для вентыляцыі. З боку параднага фасада вылучаўся невялікі ганак, з паркавага — вялікая веранда, абвітая вінаградам, і лесвіца. Унутраная планіроўка пакояў анфіладная, дзверы разныя, падлога паркетная (на верандзе кафляная з арнаментамі і вензелямі), стаяла старадаўняя мэбля, кафляныя печы-галандкі.
Альбін Дзяконскі ўпарадкаваў стары лес ля палацу, перарабіўшы яго на пейзажны парк. Тут была праведзена меліярацыя, выкапаныя каналы, усталяваныя шлюзы, пашыраныя сажалкі. Плошча парку складала 10 га. У паўднёва-заходняй частцы былі вялікія насаджэнні лістоўніцы польскай, уздоўж дарожак раслі бэз і чаромха.
Ад Альбіна сядзіба дасталася яго сыну Мар’яну і яго жонцы Яніне з Корсакаў. У 1890 годзе ўладальніцай была Марыя Дзяконская.
Апошнімі ўладарамі былі Януш Дзяконскі (сын Мар’яна) і Марыя Орда. Узімку ў іхнім палацы ладзіліся балі, на святы запрашаліся цыганы. У маёнтку быў нават тэлефон — рэдкая рэч для тых часоў. З прыходам Саветаў Януш быў рэпрэсаваны, і пасля 1940 яго лёс невядомы. Ягоную жонку бальшавікі прымусілі капаць бульбу, а ў яе доме пасяліліся ваенныя[1]. Праз пэўны час Марыя з дачкой Янінай выехала ў Варшаву, а пасля вайны — у Аргенціну.
Нядаўна аддзел культуры Пружанскага раённага выканаўчага камітэта перадаў аб’ект у бязвыплатнае выкарыстанне мясцоваму прадпрымальніку Івану Мартынюку, які займаецца аднаўленнем сядзібы[2].
Апісанне
[правіць | правіць зыходнік]Большая частка каштоўнасцей палацу — мастацкія палотны, старадаўняя мэбля, срэбныя вырабы, кнігі — былі страчаны пад час войнаў. За савецкім часам у сядзібе размяшчалася крама, кантора мясцовай гаспадаркі. Ад 1996 года палац закінуты, цяпер у паўразбураным стане. З гаспадарчых пабудоў застаўся будынак вінакурнага завода.
Парк
[правіць | правіць зыходнік]У аснову кампазіцыі пейзажнай часткі пакладзены прынцып дальняе перспектывы. Яе пярэдні план складаў паркавы партэр, сярэдні — выцягнутая ўздоўж восі вялікая адкрытая паляна. Вось перспектывы завяршалася воднай сістэмай з двух сажалак, пратокай з масткамі, вялікім пагоркам.
У вялікім масіве дрэваў з паўднёва-заходняга боку засталіся асобныя экзэмпляры рэдкіх відаў дрэваў: амерыканскі вяз, лістоўніца, веймутавая сасна, бук, граб, чорная вольха, клён, дуб і інш. Многія дрэвы маюць узрост каля 200 гадоў. Гэта адзіны помнік у Беларусі, дзе захаваліся лістоўніцы польскія (вышыня — больш за 30 м). Найстарэйшае дрэва парку — дуб чарэшчаты са ствалом дыяметрам 146 см. Ясені вышынёй да 35 м і дыяметрам ствалу 102 см; букі дыяметрам ствалоў 66—98 см; вяз амерыканскі вышынёй больш за 20 м і дыяметрам ствалу 90 см. Непадалёк ад палацу захаваўся валун, аформлены ў выглядзе фатэля.
За савецкім часам парк таксама моцна пацярпеў. У выніку безгаспадарчых адносін парк зарос і здзічэў, паступова выкарчоўваецца і засаджваецца агародамі, каналы і сажалкі абмялелі.
Зноскі
- ↑ Яўхім Рупайла. Род Дзяконскіх і іх маёнткі на Брэстчыне ў ХIХ — ХХ стст. // Газета для вас. — 13 жніўня 2009. — № 711.(недаступная спасылка)
- ↑ Валянціна Казловіч.. Пружанский эксклюзив (руск.). Беларусь сегодня (28 снежня 2011).(недаступная спасылка)
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Антипов В.Г. Парки Белоруссии. — Мн.: Ураджай, 1975. — 151 с. — 12 000 экз.
- Багадзяж М. Паспець захаваць прыгажосць // Зара камунізму. — 8 снежня 1990.
- Бажэнаў, Ю. В. Сядзібна-паркавы ансамбль у вёсцы Каштанаўка // Беларускі гістарычны часопіс. — 2009. — № 9. — С. 25―29.
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 17: Хвінявічы — Шчытні / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2003. — Т. 17. — 512 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0279-2 (т. 17).
- Борушко В.Ф. Белоруссия: люди, события, факты. — 3-е изд., перер. и доп.. — Мн., 1988. — 215 с. — ISBN 9785338000045.
- Какушкіна Н. «Боль старога парка» // Зара камунізму. — 13 лістапада 1986.
- Несцярчук Л.М. Замкі, палацы, паркі Берасцейшчыны Х—ХХ стагоддзяў (гісторыя, стан, перспектывы). — Мн.: БелТА, 2002. — 336 с.
- Федорук А. Т. Чахец // Старинные усадьбы Берестейщины (руск.) / А. Т. Федорук; ред. Т. Г. Мартыненко. — 2-е изд. — Мн.: БелЭн, 2006. — 576 с: ил. — 1 500 экз. — ISBN 985-11-0383-7.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Палацава-паркавы ансамбль Дзяконскіх на сайце Radzima.org
- Палацава-паркавы комплекс Дзяконскіх (Каштанаўка) на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Палацава-паркавы комплекс Дзяконскіх (Каштанаўка) на сайце «Архіварта»