Перайсці да зместу

Паладыянства

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Віла Ратонда ў Вічэнцы, створаная па праекце Андрэа Паладыа, на працягу некалькіх стагоддзяў з'яўляецца класічным узорам для пераймання.

Паладыя́нства (англ.: palladianism) — кірунак у архітэктуры класіцызму XVII — першай траціны XIX стст., таксама ў неакласіцызме першай паловы XX ст., якое развівала прынцыпы творчасці Андрэа Паладыа. У шырокім распаўсюджванні ідэй Паладыа вялікую ролю адыграў яго трактат «Чатыры кнігі пра архітэктуру» (1570), а таксама працы яго паслядоўнікаў, якія публікавалі праекты і малюнкі Паладыа, і свае ўласныя працы. У творчасці Паладыа яго паслядоўнікі шанавалі перш за ўсё выразнасць, кампактнасць і завершанасць планіроўкі, строгую спарадкаванасць, стрыманасць, адмову ад залішняй дэкарацыі, рэдукаванай да элементаў класічных архітэктурных ордараў, разнастайнасць рашэнняў фасадаў з франтонным порцікам, падобным да порціка антычнага храма, з адкрытай паверхняй сцяны, голымі кутамі, аконнымі праёмамі без абрамлення, а таксама арганічную сувязь архітэктуры з навакольным асяроддзем. У пабудовах паладыянства паўтараліся і іншыя кампазіцыйныя схемы Паладыа: 3-частковая кампазіцыя з галоўныга корпусаа і крылаў, злучаных галерэямі, купал на галоўнай восі фасада за франтонным порцікам і інш[1].

У Італіі першым паслядоўнікам Паладыа быў венецыянскі архітэктра Вінчэнца Скамоцы, які пасля смерці майстра завяршаў будаўніцтва некалькіх яго будынкаў. Перабудоўваючы будынак Новых Пракурацый[pl] на плошчы Сан-Марка ў Венецыі, ён выкарыстоўваў нерэалізаваны праект Паладыа для Палаца Дожаў; Віла Рока-Пізана[en] каля Ланіга[en] (1576—1578) — варыяцыя на тэму Вілы Ратонда Паладыа. Пасля смерці Скамоцы паладыянская традыцыя ў Венета (Венецыя) перапынілася. У XVIII ст. найважнейшым цэнтрам вывучэння спадчыны Паладыа стала Вічэнца, дзе выдаваліся трактаты пра яго творчасць (Франчэска Мутоні[en], Атавіа Бертоці-Скамоцы[ru]), будаваліся будынкі ў рэчышчы яго ідэй: вілы Кардэліна-Ламбардзі[it] ў Мантэк’я-Маджорэ[ru] (1735-1742, архітэктар Франчэска Мутоні), Капра[it] ў Сарчэда[ru] (1764), фасад царквы Аньісанці[it] ў Ранкадэ[ru] (1768, абедзве — архітэктар Атавіа Бертоці-Скамоцы) і інш[1].

Вялікабрытанія

[правіць | правіць зыходнік]

Вырашальная роля ў станаўленні паладыянства належыць Вялікабрытаніі, дзе са спадчыны А. Паладыа пачалося знаёмства з класічнай традыцыяй еўрапейскага дойлідства, хоць да пачатку XVIII ст. уплыў яго ідэй быў эпізадычным. Папулярызатар класічнай архітэктурнай тэорыі, англійскі пасол у Венецыі пачатку XVII ст. Генры Уотан[ru] падтрымліваў архітэктара Ініга Джонса (абодва калекцыянавалі малюнкі Паладыа), які рэалізаваў ідэі Паладыа ў фасадзе «Банкетнай залы»[ru] ў Лондане (1619—1622) і будынку Куінс-хауса ў Грынвічы (1616—1635); Джонс стаў першым паслядоўнікам Паладыа ў Вялікабрытаніі. Строгае паладыянства сфарміравалася ў англійскай архітэктуры каля 1715 года; яно рэзка супрацьпаставіла сябе панаваламу ў той час барока. Паладыянства перш за ўсё выявілася ў будаўніцтве загарадных палацаў і віл арыстакратаў, у т.л. у сталіцы і прыгарадах. Для Р. Бойла[ru] (лорда Бёрлінгтана), знаўца архітэктуры, які высока шанаваў спадчыну Паладыа, працавалі архітэктары Колін Кэмпбел[ru], Уільям Кент[ru], Генры Фліткрафт[en]; для Генры Герберта (графа Пембрука)[en] працаваў Роджэр Морыс[en]. Сярод іншых прадстаўнікоў паладыянства: Айзек Уэйр[en], Джон Вардзі[en], Роберт Тэйлар[en], правінцыйныя архітэктары Джон Вуд Старэйшы[ru] (працаваў у Баце), Джэймс Пейн[en]Ёркшыры). У 1715—1720 гадах працы Паладыа апублікаваны ў англійскім перакладзе італьянскага архітэктара Джакама Леоні[en]; у 1738 годзе больш дакладны пераклад выдаў Айзек Уэйр. У Паладыа былі пазычаны не толькі асобныя матывы, але і цэлыя фасадныя схемы, планіроўкі: напрыклад, Міруэрт-Касл[en] (Кент; праект 1723) — дакладная копія Вілы Ратонда. У англійскай архітэктуры да канца XVIII ст. па-ранейшаму пераважалі паладыянскія матывы, дапоўненыя, аднак, больш свабодным дэкорам інтэр’ера (Роберт Адам[ru]) і матывамі непаладыянскай архітэктуры Адраджэння і барока (Джэймс Уаят[en])[1].

У кантынентальнай Еўропе найбольш раннія прыклады пладыянства праяўляюцца ў Галандыі (Маўрыцхёйс у Гаазе, 1633—1635, архітэктар Якаб ван Кампен[ru]), Швецыі (т.зв. Рыцарскі дом у Стакгольме, 1641-74, архітэктары Сімон[en] і Жан дэ ла Вале[en], Юстус Вінгбанс[en]; праекты віл Нікадэмуса Тэсіна Старэйшага[ru]). Класіцызм XVIII ст. у шматлікіх еўрапейскіх краінах сфарміраваўся пад уплывам англійскага паладыянства. Нават архітэктары, далёкія ад паладыянства, часам будавалі ў «англійскім гусце»: напрыклад будынак Опернага тэатра ў Берліне (1740—1743, архітэктар Георг Венцэслаус фон Кнобельсдорф, перабудавана), Малы Трыянон у Версалі (1762—1764, архітэктар Анж Жак Габрыэль)[1].

Англійскае паладыянства аказала значны ўплыў на архітэктуру Ірландыі і брытанскіх калоній. У Ірландыі найбуйнейшыя прадстаўнікі паладыянства — Эдвард Ловет Пірс[en], аўтар палацаў Каслтаўн[en] (1722) і Беламонт[en] (паміж 1725 і 1730), Рыхард Касельс[ru], які пабудаваў загарадны палац Расбара-хаус[en] (1742—1755), Картан-хаус[en] (1739) і Ленстэр-хаус у Дубліне (1745)[1].

У брытанскіх калоніях у Паўночнай Амерыцы паладыянства стала найважнейшым складнікам мясцовага каланіяльнага стылю. Да гэтай лініі адносіцца і творчасць найбуйнейшага архітэктара ЗША Томаса Джэферсана. У XVIII — першай траціны XIX стст. паладыянства распаўсюдзілася ў іншых краінах Еўропы — напрыклад у Польшчы (палацы і шляхецкія сядзібы, пабудаваныя Станіславам Завадзкім[pl], Якубам Кубіцкім) і Даніі (Крысціян Фрэдэрык Хансен[ru])[1].

У Расіі архітэктура сталага класіцызму вызначана ўплывам Джакама Кварэнгі і Чарлза Камерана[ru], якія, хоць і не былі паслядоўнымі паладыянцамі і часта звярталіся непасрэдна да антычнай спадчыны, прынеслі ў Расію англійскія і італьянскія традыцыі паладыянства. Так, дзякуючы Кварэнгі тып загараднага палаца з 3-частковай кампазіцыяй і купальнай залай на цэнтральнай восі атрымаў у Расіі шырокае распаўсюджанне. Палац у Паўлаўску[ru] (1782-86) — самая маштабная пабудова Камерана — да перабудовы яго Вінчэнца Брэнам быў хрэстаматыйнай паладыянскай вілай. Яго ж Сафійскі сабор[ru] у Царскім Сяле (1782-88) мае падабенства з цэнтрычнымі купальнымі віламі А. Паладыа, В. Скамоцы і лорда Бёрлінгтана. Самым паслядоўным прадстаўніком паладыянства ў Расіі быў М. А. Львоў; ён выдаў у сваім перакладзе (1798) 1-ы том працы Паладыа; уплыў італьянскага майстра прасочваецца ў многіх яго сядзібных і культавых праектах. І. Я. Староў узвёў у рэчышчы паладыянства Таўрычаскі палац у Санкт-Пецярбургу (1783—1789), недабудаваны палац Кацярыны II у Пеле[ru] (1785—1796, захаваўся фрагментарна). Росквіт рускага паладыянства супаў з росквітам рускіх сядзіб: на працягу ўсёй першай траціны XIX ст. іх будавалі ў традыцыях Кварэнгі і Львова, таму паладыянскі фасад стаў амаль абавязковай прыкметай дваранскага загараднага дома і сімвалам сядзібнай культуры[1].

Сочынскі мастацкі музей імя Дзмітрыя Жылінскага[ru] (1936, арх. І. У. Жалтоўскі)

Паладыянства ў расійскай архітэктуры XX ст. звязана з імем І. У. Жалтоўскага, які адыграў ключавую ролю пры павароце архітэктуры ад авангарда да неакласіцызму. Ён выдаў свой поўны пераклад «Чатырох кніг пра архітэктуру» (1936), цытаваў Паладыа ў шматлікіх сваіх пабудовах (жылы дом на Махавой вуліцы, 1932—1934, і інш.). У Сочы дзякуючы ўплыву Жалтоўскага (узвёў там адміністрацыйны будынак, 1936, цяпер Мастацкі музей[ru]) санаторыі сярэдзіны XX ст. набылі вядомае аблічча паладыянскага палаца (самы ранні і маштабны прыклад — санаторый імя С. Арджанікідзэ, 1935-37, арх. І. С. Кузняцоў[ru]), хоць архітэктура савецкага неакласіцызму не з’яўляецца паладыянскай па сутнасці[1].

На Беларусі ўплыў паладыянства меў месца ў палацавай, сядзібнай, культавай архітэктуры другой паловы 18 — першай паловы 19 ст. Для збудаванняў характэрны прастата і рацыянальнасць планавай будовы, выкарыстанне ў архітэктурна-мастацкай кампазіцыі перапрацаваных форм антычных ордараў; палацы сіметрычнай кампазіцыі з анфіладнымі параднымі пакоямі ў цэнтры. Тыповымі для палацаў былі працяглыя, плоскасна вырашаныя фасады і пластычна багатыя порцікі (палацы ў Гомелі, в. Жылічы Кіраўскага раёна). Некаторыя паркавыя і службовыя пабудовы сядзіб мелі цэнтрычную кампазіцыю і былі аналагічныя збудаванням тыпу вілы «Ратонда» («павільён руж» у сядзібе ў в. Старыя Пескі Мастоўскага раёна, драўляны свіран у сядзібе на хутары Крыкалы Пастаўскага раёна). Асобныя культавыя пабудовы мелі цэнтрычную кампазіцыю, адсутнічалі традыцыйныя апсіды, аднолькава вырашаліся ўсе фасады (Слаўгарадская царква Раства Багародзіцы, Стрэшынская царква), пашырыліся храмы-ратонды (Чачэрская Спаса-Праабражэнская царква)[2].

Зноскі

  1. а б в г д е ё ж Палладианство // Большая российская энциклопедия : [в 35 т.] / гл. ред. Ю. С. Осипов. — М. : Большая Российская энциклопедия, 2004—2017.
  2. Г. С. Ларкін. Паладыянства // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 11: Мугір — Паліклініка / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 11. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0188-5 (т. 11).