Натуральная гаспадарка
Натуральная гаспадарка — самадастатковы тып гаспадаркі, які накіраваны толькі на задавальненне ўласных патрэб (не на продаж). Усё неабходнае вырабляецца ўнутры гаспадарчай адзінкі, пры гэтым не ўзнікае патрэбы ў рынку. Натуральная гаспадарка процілегла таварнай вытворчасці.
Галоўнымі рысамі натуральнай гаспадаркі з’яўляюцца нязначнасць яе ўдзелу ў міжрэгіянальным падзеле працы, аж да эканамічнай ізаляванасці ад знешняга свету (аўтаркія) пры самазабеспячэнні сродкамі вытворчасці і працоўнай сілай, якая дазваляе задавальняць усе (амаль усе) патрэбы за кошт уласных рэсурсаў.
Развіццё прадукцыйных сіл грамадства і паглыбленне міжрэгіянальнага падзелу працы аб’ектыўна падрыхтоўваюць умовы для замены натуральнай гаспадаркі таварнай, дзе спецыялізацыя вытворцаў на вырабе аднаго якога-небудзь тавару развіваецца, ахопліваючы ўсё больш шырокія тэрыторыі.
У рабаўладальніцкім грамадстве і пры феадалізме натуральная гаспадарка заставалася пануючай, нягледзячы на развіццё абмену і таварна-грашовых адносін. У феадальным грамадстве панаванне натуральнай гаспадаркі служыць адной з перадумоў захавання феадальнай раздробненасці.
Натуральная гаспадарка да гэтага часу захавалася ў эканамічна адсталых раёнах зямнога шара (Азія, Афрыка, Лацінская Амерыка), дзе да каланізацыі іх еўрапейцамі панавалі родаплемянныя або феадальныя адносіны. У краінах, якія вызваліліся ад каланіяльнай залежнасці, у сярэдзіне XX стагоддзя 50-60 % насельніцтва было занята ў натуральнай або паўнатуральнай гаспадарцы.