Мыонгі
(Mol, Mual, Moi, Moi bi, Au tá, Ao tá) | |
Агульная колькасць | 1464000 (2022 г.) |
---|---|
Рэгіёны пражывання | В’етнам — 1326 тыс. Лаос — 300 |
Мова | мыонгская |
Рэлігія | будызм, хрысціянства, культ продкаў, шаманізм |
Блізкія этнічныя групы | в'еты, тхо, тыыт |
Мыонгі (саманазвы Mol, Mual, Moi, Moi bi, Au tá, Ao tá)[1] — народ, карэнныя насельнікі Паўднёва-Усходняй Азіі. Жывуць пераважна ў В’етнаме. Невялікая абшчына мыонгаў ёсць таксама ў суседнім Лаосе. Агульная колькасць — 1 464 000 чал. (2022 г.)[2]
Паходжанне
[правіць | правіць зыходнік]Відавочна, мыонгі маюць адзінае паходжанне з в'етамі. Яны карыстаюцца блізкай мовай, аднак у адрозненні ад апошніх заўсёды жылі ў горнай мясцовасці і не траплялі ў шчыльную залежнасць ад Кітая. Аднак на працягу гісторыі в'еты - насельнікі раўнін па розных прычынах перасяляліся ў горы і змешваліся з продкамі мыонгаў.
Само слова "мыонг" мае тайскае паходжанне і значыць "мясцовасць". Мыонгі карыстаюцца рознымі саманазвамі, але, каб падкрэсліць сваё адрозненне ад в'етаў, часам выкарыстоўваюць адзіную саманазву манглонг (літаральна "тыя, што ў цэнтры").
Традыцыйная культура
[правіць | правіць зыходнік]Галоўны традыцыйны занятак — сельская гаспадарка. Мыонгі — выдатныя земляробы. Вырошчваюць рыс, для паліву якога ладзяць ірыгацыйныя збудаванні, а таксама розную садавіну і гародніну, тытунь, кукурузу, клубневыя культуры і г. д. Трымаюць свойскую жывёлу. У мінулым важным заняткам было загоннае паляванне з сабакамі. Да нашых дзён практыкуецца збіральніцтва. На рынке карыстаюцца попытам лясны мёд і лекавыя расліны, якія збіраюць мыонгі. Распаўсюджаныя рамёствы — пляценне, ткацтва, шыццё вопраткі, апрацоўка металаў і дрэва.
Мыонгі будуюць свае паселішчы на схілах гор і ўзвышшаў. Традыцыйныя хаціны ўзводзяцца на па́лях, маюць слупавую або каркасную канструкцыю. Вокны размешчаны нізка над падлогай. Знутры хаціна падзелена плеценымі бамбукавымі перагародкамі. Для ацяплення і прыгатавання ежы ладзяць два агмені. Гаспадарчая прастора месціцца недалёка ад уваходу.
У мінулым мыонгі мелі вялікія пашыраныя сем'і. Пасля шлюбу сыны працягвалі жыць з бацькамі. Большую частку спадчыны атрымоўваў старэйшы сын. Дачкам давалі пасаг (звычайна хатнюю жывёлу і грошы). Але ў другой палове XX ст. пашыраныя сем'і сталі рэдкімі. У В’етнаме закон гарантуе роўную долю для ўсіх спадчыннікаў, незалежна ад ўзросту і полу. Яшчэ ў XVIII - XIX стст., калі мыонгі канчаткова трапілі ў залежнасць ад в'етаў, традыцыйная вясковая сістэма кіравання была заменена на дзяржаўную адміністрацыйную.
Мыонгі вядомы каляровымі святамі, прысвечанымі рэлігійным мэтам або зборам ўраджаю. Падчас святкавання праводзяцца абавязковыя рытуалы ахвярапрынашэння свойскай жывёлы і сумеснага распіцця праз бамбукавыя трубкі віна. Алкаголь, на думку мыонгаў, адпуджвае злых духаў.
Мыонгскі фальклор надзвычай разнастайны. Асаблівае месца ў ім займае эпас "Нараджэнне зямлі і вады", які складаецца з некалькіх дзесяткаў тысяч вершаў. Акрамя таго, папулярны байкі, легенды, гістарычныя паданні, казкі і інш.
Мова
[правіць | правіць зыходнік]Мыонгская мова надзвычай блізкая да в'етнамскай. Мае 5 тонаў. Падзяляецца на шэраг буйных дыялектаў. Адзінай літаратурнай мовы фактычна не існуе. Мыонгі карыстаюцца в'етнамскай пісьмовасцю на аснове лацінкі.
Рэлігія
[правіць | правіць зыходнік]Большасць веруючых мыонгаў спавядае будызм. Ёсць невялікая група хрысціян. Аднак значную ролю адыгрываюць традыцыйныя рэлігійныя ўяўленні, перш за ўсё культ продкаў і шаманізм.
У хацінах мыонгаў абавязкова маюцца рытуальныя месцы для шанавання духаў продкаў сям'і і вёскі. Мыонгі вераць, што кожны чалавек валодае 90 душамі і столькі ж разоў мае магчымасць перасяляцца пасля смерці ў новае цела. Дабрадзейныя вернікі могуць стаць у наступным жыцці паважанымі мужчынамі, а злодзеі — прадметамі або жывёламі. Канчатковы прыгавор душам выносіць уладар нябёсаў, пасля чаго яны застаюцца жыць у месцы першаснага нараджэння. Пасля смерці практыкуюцца шматлікія рытуалы і ахвярапрынашэнні, каб уласкавіць душу памерлага і зрабіць яе сваім саюзнікам. У мінулым пахавальныя абрады расцягваліся на некалькі гадоў і каштавалі сям'і значных выдаткаў.
Практыка шаманізму абапіраецца на анімістычныя ўяўленні, веру ў існаванне шматлікіх духаў, як добрых або нейтральных, так і злых. Асаблівую шкоду неслі духі ма цяй і ма ем, якія маглі ўсяляцца ў цела чалавека, прымушаць яго атручваць іншых людзей і здзяйсняць непрыстойныя ўчынкі. Вясковы шаман па-мо мог толькі вызначыць такога чалавека, але не выратаваць яго. Звычайна такія абшчыннікі выганяліся з вёскі або нават забіваліся суседзямі. Разам з тым, па-мо лячылі ад розных хвароб, выконвалі магічныя дзеянні.
Відавочна, у сярэднявеччы традыцыйная рэлігія мыонгаў зведала ўздзеянне індуізму, але ў сучаснасці гэта выяўляецца толькі ў існаванні культу лінгамаў.
Зноскі
- ↑ Thành phần và phân bổ các dân tộc Архівавана 19 ліпеня 2009.
- ↑ Muong