Лёгкія
Лёгкія (лац.: pulmo, стар.-грэч.: πνεύμων) — органы паветранага дыхання ў чалавека, усіх млекакормячых, птушак, паўзуноў, большасці земнаводных, а таксама ў некаторых рыб (двудыхаль, гронкапёрых і шматпёраў).
Лёгкімі называюць таксама органы дыхання ў некаторых беспазваночных жывёл (у малюскаў, галатурый і павукападобных).
У лёгкіх ажыццяўляецца газаабмен паміж паветрам, якое знаходзіцца ў парэнхіме лёгкіх і крывёю, якая працякае па лёгачным капілярам.
Этымалогія
[правіць | правіць зыходнік]Беларуская назва лёгкіх звязана з тым, што, калі пры разборцы тушы жывёлы вантробы складаюць у ёмістасць з вадой, лёгкія трымаюцца на вадзе, а астатнія органы тонуць[1]. Назвы ў іншых славянскіх мовах працягваюць праслав.: pluťe/pľuťe (польск.: płuca, чэшск.: plíce), якое ўтворана ад таго ж праіндаеўрапейскага кораня *pleu- «плаваць», што лац.: pulmo і стар.-грэч.: πνεύμων. Унутраная форма слова тут амаль тая ж, што і ў беларускага слова, — «тое, што плавае на вадзе»[2][3].
Многія медыцынскія і біялагічныя тэрміны, звязаныя з лёгкімі, утвораны ад лацінскага кораня pulmo- (напрыклад, пульманалогія — дысцыпліна, якая вывучае хваробы лёгкіх) або ад грэчаскага πνεύμω- (напрыклад, пнеўманія — запаленне лёгкіх).
Параўнальная анатомія
[правіць | правіць зыходнік]У рыб, якія маюць лёгкія, апошнія з’яўляюцца дадатковым органам дыхання і функцыянуюць разам з органамі воднага дыхання — шчэлепамі.
У паўзуноў і птушак лёгкія змяшчаюцца ў грудным аддзеле агульнай поласці цела, а ў млекакормячых жывёл — займаюць большую частку асаблівай грудной поласці, якая абмежаваная грудной клеткай і аддзеленая ад брушной поласці грудабрушной перашкодай. Лёгкія з’яўляюцца парнымі органамі: паверхня лёгкага звонку пакрыта вісцэральнай плеўрай — серознай абалонкай, якая ў млекакормячых жывёл і ў чалавека высцілае таксама знутры грудную поласць і пярэднюю (у чалавека — верхнюю) паверхні грудабрушной перашкоды (парыетальная плеўра). Лёгкія пастаянна змяняюць сваю форму (экскурсія лёгкіх) у залежнасці ад фазы дыхання (удыху або выдыху).
Зноскі
- ↑ Фасмер М. Этимологический словарь русского языка. — Прогресс. — М., 1964–1973. — Т. 2. — С. 474.
- ↑ Boryś W. Słownik etymologiczny języka polskiego. — Wydawnictwo Literackie. — Kraków, 2005. — С. 447. — ISBN 978-83-08-04191-8.
- ↑ J. P. Mallory,Douglas Q. Adams. Encyclopedia of Indo-European culture. — London: Fitzroy Dearborn Publishers, 1997. — P. 359. — ISBN 9781884964985.