Касцёл Адведзін Найсвяцейшай Дзевы Марыі (Вішнева)
Каталіцкі храм | |
Касцёл Адведзін Найсвяцейшай Дзевы Марыі | |
---|---|
54°08′32″ пн. ш. 26°12′36″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Вёска | |
Канфесія | каталіцтва |
Епархія | Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
Архітэктурны стыль | архітэктура барока[d] і рэнесансная архітэктура |
Заснавальнік | Юрый Храптовіч |
Будаўніцтва | 1637—1641 гады |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 612Г000082 |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Касцёл Адведзін[1] Найсвяцейшай Дзевы Марыі — помнік дойлідства ранняга барока з элементамі рэнесансу. Знаходзіцца на заходняй ускраіне в. Вішнева (Валожынскі раён), на высокім пагорку левага берага р. Альшанкі.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Мураваны храм пабудаваны ў 1637—1641 гадах па фундацыі ваяводы навагрудскага Юрыя Літавора Храптовіча (пахаваны ў крыпце правай капліцы) на месцы драўлянага храма, заснаванага ў 1424 годзе вялікім князем Вітаўтам. Асвячоны ў 1675 годзе біскупам М. Слупскім у гонар Адведзін (сустрэчы Марыі і Альжбеты). У свецкай літаратуры касцёлу часта памылкова прыпісваюць тытул Дабравешчання, што, імаверна, звязана з абагульненнем гэтых дзвюх падзей, датычных цяжарнасці Марыі. Сучасная аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя касцёла склалася ў выніку некалькіх будаўнічых этапаў.
У 1771 годзе пасля пажару ён быў адноўлены ў стылі ракако на сродкі Іахіма Літавора Храптовіча: да перадалтарнай травеі прыбудаваны квадратныя ў плане капліцы (адна з іх перакрыта купалам).
У 1906 годзе да раней бязвежавага галоўнага фасада прыбудаваны вузкі двухвежавы нартэкс у псеўдабарочным стылі. З 1953 года набажэнства ў касцёле вядзецца на беларускай мове[2].
Архітэктура
[правіць | правіць зыходнік]Аднанефавы дзвюхвежавы мураваны храм з больш нізкай паўкруглай апсідай і нізкімі бакавымі сакрысціямі. Накрыты двухсхільным дахам з франтонам на галоўным фасадзе. У 1771 годзе дабудаваны бакавыя квадратныя ў плане капліцы, што надало храму форму каталіцкага крыжа. Сілуэт галоўнага фасада фарміруюць трохярусныя чатырохгранныя вежы з нізкімі купалкамі і фігурны шчыт паміж імі. Вежы завершаныя плаўна выгнутымі карнізамі, фігурнымі купалкамі. Бакавыя сцены рытмічна расчлянёныя вузкімі высока ўзнятымі арачнымі вокнамі і ўмацаваныя контрфорсамі ў прасценках.
Скульптурнасць архітэктурнай кампазіцыі ўзмацняецца складаным спалучэннем асобных над аб’ёмамі адна- і двухсхільнага дахаў вальмавага і конуснага пакрыцця, яруснае нарастанне якіх завершана невялікай сігнатуркай над алтарнай часткай. Мягкую пластыку плоскасным фасадам надаюць тонкапрафіляваныя, хвалістыя над уваходам карнізы, лапаткі і невялікія контрфорсы, высокія арачныя і лучковыя аконныя праёмы.
Неф і сакрысціі перакрыты цыліндрычным скляпеннем на падпружных арках і люнетамі, паўночная капліца — сферычным купалам на ветразях, паўднёвая з драўлянай скульптурнай кампазіцыяй «Укрыжаванне» — плоскім плафонам, апсіда — зоркавай конхай з люнетамі 2 бакавых лучковых аконных праёмаў. Скляпенні аздоблены ляпным дэкорам XVII стагоддзя ў выглядзе павуціння нервюрных спляценняў рэнесанснага малюнка.
У нартэксе хоры на трохпралётнай аркадзе і двух кранштэйнах, дзе ўстаноўлены арган. Сцены нефа крапаваныя арачнымі нішамі, слаістымі пілястрамі, пілонамі, упрыгожаныя паліхромнай арнаментальнай размалёўкай, скляпенні — геаметрычным ляпным арнаментам XVII стагоддзя.
Нартэкс адкрываецца ў неф шырокай эліптычнай аркай, фланкіраванай 2 нізкімі арачнымі ўваходнымі праёмамі. Апсіда вылучана жалезнай агароджай (мастацкая коўка). У 2 бакавых лучковых нішах нефа пастаўлены спавядальні.
Унутранае аздабленне
[правіць | правіць зыходнік]Галоўны драўляны алтар выкананы ў сярэдзіне XVIII стагоддзя ў барочна-ракайльных формах. Двух’ярусны, на фігурным пастаменце, дэкарыраваны лісцем аканту, накладнымі разнымі ракайлямі. Першы ярус вырашаны дзвюма парамі размешчаных уступам канеліраваных слупоў, што нясуць крывалінейны шматпрафіляваны і крапаваны антаблемент, у завяршэнні яго — гербавы картуш. Другі ярус — шчыт з загнутымі ў валюты гранямі і разной кампазіцыяй «Глорыя» ў цэнтры. Алтар дэкарыраваны драўлянымі скульптурамі евангелістаў, анёлаў, вазамі, С-падобнымі завіткамі. У аналагічнай стылявой трактоўцы выкананыя два бакавыя алтары з гіпсавымі скульптурамі Дзевы Марыі (злева) і Хрыста (справа). У тэхніцы фрэскі выкананы ілюзорны алтар паўночнай капліцы з сюжэтнай фрэскай-карцінай у цэнтры.
У тэхніцы вохрыстай грызайлі выканана арнаментальная размалёўка скляпенняў, падпружных арак і сцен (мастак Ф. Рушчыц).
У фігурных ракайльных абрамленнях сюжэтныя фрэскі на люнетах цыліндрычнага скляпення апсіды. У верхняй частцы сцен нефа таксама размешчаны 3 фрэскавыя карціны на сюжэты «Уваскрэсенне Лазара», «Пакаянне Марыі Магдаліны», «Прыход сына да бацькі». Чацвёртае насценнае прасла нясе квадратную мемарыяльную мармуровую пліту з фундушавым надпісам на лацінскай мове. Уздоўж сцен нефа і нартэкса размешчаны 14 стацый «Крыжовага шляху Хрыста» ў выглядзе разных дубовых пано (майстар-рэзчык з Польшчы У. Мастоўскі, 1992). Драўляныя амбон (навешаны на 1-м ад алтара левым насценным пілоне) і 2 лавы для духавенства (сталы) па баках прэсбітэрыя выкананы ў стылі маньерызму з накладной арнаментальнай і гербавай (Храптовічаў) разьбой. На хорах, што трымаюцца на 2 фігурных кранштэйнах і 3-пралётнай аркадзе і акаймаваны металічнай фігурнай агароджай, устаноўлены арган, які запаўняе высокую арку, і фісгармонія 1907 года.
Сярод твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва каваныя дзверы XVII стагоддзя.
Брама-званіца
[правіць | правіць зыходнік]З усходняга боку сярод бутавай агароджы размешчана пабудаваная ў другой палавіне XIX стагоддзя мураваная брама, вырашаная шырокім арачным праездам з 3-арачным ярусам-звонам. Завяршае браму-званіцу кампазіцыя з 3 франтончыкаў[2].
Зноскі
- ↑ Вішнева — парафія Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі (Афіцыйны партал Каталіцкага Касцёла ў Беларусі).
- ↑ а б Кулагін А. М. Каталіцкія храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; маст. І. І. Бокі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2001.— 216 с.: іл. ISBN 985-11-0199-0.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Архітэктура Беларусі. Энцыклапедычны даведнік. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1993. 620 с. ISBN 5-85700-078-5
- Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: сакральная архітэктура беларускага барока. — Мінск: Ураджай, 2001. 287 с. ISBN 985-04-0499-X.
- Кулагін А. М. Каталіцкія храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; маст. І. І. Бокі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2001.— 216 с.: іл. ISBN 985-11-0199-0.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]Касцёл Адведзін Найсвяцейшай Дзевы Марыі (Вішнева) на Вікісховішчы |
- Касцёл Адведзін Найсвяцейшай Дзевы Марыі (Вішнева) на сайце Radzima.org
- Касцёл Адведзін Найсвяцейшай Дзевы Марыі (Вішнева) на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Касцёл Адведзін Найсвяцейшай Дзевы Марыі (Вішнева) на сайце Catholic.by (бел.)
- Падчас рэстаўрацыі касцёла ў Вішневе знойдзены ўнікальныя рэчы і дакументы — nashaniva.by