Перайсці да зместу

Багданава (Вішнеўскі сельсавет)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Вёска
Багданава
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Насельніцтва
  • 120 чал. (2009)
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 1772
Паштовыя індэксы
222344
Аўтамабільны код
5
СААТА
2244820006
Багданава на карце Беларусі ±
Багданава (Вішнеўскі сельсавет) (Беларусь)
Багданава (Вішнеўскі сельсавет)
Багданава (Вішнеўскі сельсавет) (Мінская вобласць)
Багданава (Вішнеўскі сельсавет)

Багда́нава[1] (трансліт.: Bahdanava, руск.: Богданово) — вёска ў Валожынскім раёне Мінскай вобласці. Уваходзіць у склад Вішнеўскага сельсавета. Размешчана за 36 км на паўночны захад ад Валожына, за 3 км ад чыгуначнай станцыі Багданаў на лініі МаладзечнаЛіда, за 109 км ад Мінска. Рэльеф раўнінны, на паўднёвы захад цячэ р. Альшанка (правы прыток р. Бярэзіна). Транспартныя сувязі па шашы ВаложынАшмяны, якая праходзіць праз вёску.

Вялікае Княства Літоўскае

[правіць | правіць зыходнік]

Паводле пісьмовых крыніц вядома з XVI ст. у складзе Вялікага Княства Літоўскага як маёнтак Гальшаны. У 1558 годзе пры падзеле спадчыны князя Сямёна Гальшанскага, гаспадарскага стольніка вялікага літоўскага, маёнтак перайшоў ва ўладанне ваяводзічаў Мікалая і Багдана Сапегаў і іх сястры Фядоры. У 1561 годзе трэцюю частку маёнтка Багдан Сапега запісаў сваёй жонцы княгіні Марыі Капусцянцы, а ў 1566 годзе перайменаваў у гонар свайго імя — Багданава. Тут ён атрымаў дазвол караля Жыгімонта Аўгуста заснаваць мястэчка і трымаць у ім вольныя корчмы, праводзіць штотыднёвыя таргі па чацвяргах і штогадовыя таргі ў дзень Святога Духа. У 1567 годзе маёнтак у Ашмянскім павеце. У 1602 годзе — мястэчка і двор, уласнасць сына Багдана Сапегі, канюшага вялікага літоўскага, ашмянскага старосты Паўла Сапегі. У 1653 годзе ўладанне Пацаў, з 1696 года мястэчкам валодалі Данілевічы.

Пад уладай Расійскай імперыі

[правіць | правіць зыходнік]

Пасля Трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе ў складзе Расійскай імперыі, належала Чаховічам. З 1836 года — уласнасць Рушчыцаў. У 1844 годзе тут пабудаваны касцёл Св. Міхаіла, які зараз з’яўляецца помнікам драўлянага дойлідства.

Ф. Рушчыц. «Ля касцёла». 1899. НММ РБ

У 1897 годзе вёска ў Вішнеўскай воласці Ашмянскага павета Мінскай губерні, дзейнічалі касцёл, піцейны дом, раз у год (у верасні) праводзіўся таржок. Побач знаходзілася аднайменная мыза.

Сядзіба. 1939
Вёска ў пачатку XX ст.

З 1921 года ў складзе Польшчы. У 1939 годзе, з пачаткам Другой сусветнай вайны і пасля польскага паходу Чырвонай Арміі, мясцовасць далучана да БССР (СССР). З 12 кастрычніка 1940 года ў Ігнатаўскім сельсавеце Валожынскага раёна Баранавіцкай вобласці. З 25 чэрвеня 1941 да 9 ліпеня 1944 года акупіравана нямецкімі нацыстамі, з 1944 года зноў пад кантролем СССР.

З 20 верасня 1944 года ў Маладзечанскай вобласці. З 1947 года ў складзе саўгаса «Юрацішкаўскі», з 1957 года ў складзе саўгаса «Багданаўскі» (цэнтр — пасёлак Багданаў). Размяшчаліся паляводчая брыгада і ферма буйной рагатай жывёлы, дзіцячы сад, ларок, сталовая, аддзяленне сувязі (з 1950 года). З 16 ліпеня 1954 да 6 студзеня 1965 года цэнтр Багданаўскага сельсавета, які быў створаны ў выніку аб’яднання Ігнатаўскага і Войштавіцкага сельсаветаў, з 20 студзеня 1960 года ў Іўеўскім, з 13 лютага 1960 года ў Ашмянскім, з 25 снежня 1962 да 6 студзеня 1965 года ў Іўеўскім раёнах Гродзенскай вобласці, з 6 студзеня 1965 года ў Валожынскім раёне Мінскай вобласці.

У 1999 годзе пабудаваны касцёл Св. Міхаіла Архангела. Да 28 мая 2013 года вёска ўваходзіла ў склад Багданаўскага сельсавета[2].

Інфраструктура

[правіць | правіць зыходнік]

У вёсцы дзейнічаюць (2009) дзіцячы сад-яслі, сярэдняя школа, бібліятэка, амбулаторыя, комплексны прыёмны пункт, аддзяленне сувязі, 2 магазіны. Беларусбанк

Планіроўка Г-падобная: ад галоўнай просталінейнай вуліцы, арыентаванай з паўднёвага ўсходу на паўночны захад, адыходзіць вуліца, арыентаваная з паўднёвага захаду на паўночны ўсход. Забудавана двухбакова, шчыльна, традыцыйнымі драўлянымі дамамі сядзібнага тыпу. Вытворчы сектар — на паўночна-ўсходняй ускраіне.

  • XIX стагоддзе:
    • 1897 — 31 двор, 190 жыхароў, у мызе — 4 двары, 42 жыхары.
  • XX стагоддзе:
    • 1904 — 163 жыхары, у маёнтку Багданава (ён жа Рушніца) — 9 жыхароў, у былой карчме Багданава — 9 жыхароў.
    • 1908 — 185 жыхароў.
    • 1921 — 39 двароў, 180 жыхароў, у фальварку — 17 двароў, 81 жыхар.
    • 1940 — 43 двары, 280 жыхароў, у маёнтку — 7 двароў, 78 жыхароў, на чыгуначнай станцыі — 22 двары, 115 жыхароў.
    • 1959 — 277 жыхароў, на станцыі — 158 жыхароў.
    • 1994 — 72 двары, 178 жыхароў.
  • XXI стагоддзе:
    • 2008 — 52 гаспадаркі, 129 жыхароў.
Рэшткі былой сядзібы
Магіла Ф. Рушчыца

Страчаная спадчына

[правіць | правіць зыходнік]
Стары касцёл. Ю. Клос. 1930

Вядомыя асобы

[правіць | правіць зыходнік]
  • Фердынанд Эдуардавіч Рушчыц (1870—1936) — жывапісец, графік, тэатральны дэкаратар і педагог. Нарадзіўся ў маёнтку, што быў каля вёскі, пахаваны на вясковых могілках.
  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU). Сустракаецца таксама варыянт Багда́наў
  2. Решение Минского областного Совета депутатов от 28 мая 2013 года № 234 "Об изменении административно-территориального устройства районов Минской области". pravo.by.