Знесеныя ветрам (фільм)
«Знесеныя ветрам» (англ.: Gone with the Wind) — амерыканскі эпічны гістарычна-рамантычны фільм 1939 года, заснаваны на рамане Маргарэт Мітчэл «Знесеныя ветрам» 1936 года. Быў створаны прадзюсарам Дэвідам Сэлзнікам з кампаніі «Selznick International Pictures» і рэжысёрам Віктарам Флемінгам. Фільм, дзеянне якога адбываецца на поўдні ЗША падчас грамадзянскай вайны і эпохі Рэканструкцыі, распавядае гісторыю Скарлет О'Хара, валявой дачкі плантатара Джорджыі, яе рамантычных пачуццяў да Эшлі Уілкса, жанатага з сваёй стрыечнай сястрой Мелані Гамільтан, і яе ўлюба з Рэтам Батлерам. Галоўныя ролі ў фільме выканалі Кларк Гейбл (Рэт), Віўен Лі (Скарлет), Лэслі Ховард (Эшлі) і Алівія дэ Хэвіленд (Мелані).
Працэс вытворчасці фільма зацягнуўся з самага пачатку. Здымкі былі адкладзены на два гады для таго, каб галоўную ролю мог згуляць Кларк Гейбл, і для «пошукаў Скарлет», падчас якіх праслухоўванне прайшлі каля 1400 жанчын. Арыгінальны сцэнарый быў напісаны Сідні Ховардам, але зведаў шмат змен некалькіх аўтараў, каб фільм меў неабходную працягласць. Першапачаткова наняты рэжысёр Джордж К’юкар быў звольнены неўзабаве пасля пачатку здымак і быў заменены Віктарам Флемінгам, якога, у сваю чаргу, на кароткі час замяніў Сэм Вуд, пакуль Флемінг браў перапынак з-за знясілення.
Фільм атрымаў станоўчыя водгукі пасля свайго выхаду ў снежні 1939 года, аднак некаторыя крытыкі палічылі, што ён быў раздзьмутым і што яму бракавала драматызму. Падбор акцёраў быў ацэнены вельмі высока, і многія аглядальнікі адзначылі, што Віўен Лі асабліва падыйшла на роль Скарлет. На 12-й цырымоніі ўручэння прэміі «Оскар» карціна атрымала 10 узнагарод (8 конкурсных і 2 ганаровыя) з 13 намінацый, у тым ліку ўзнагароды за «найлепшы фільм», «найлепшага рэжысёра» (Віктар Флемінг), «найлепшы адаптаваны сцэнарый» (пасмяротна прысуджана Сідні Ховарду), «найлепшую жаночую ролю» (Віўен Лі), «найлепшую жаночую ролю другога плану» (Хэці Мак-Дэніэл, стала першай афраамерыканкай, якая атрымала «Оскар»). На той час лента стала рэкорднай па агульнай колькасці перамог і намінацый Амерыканскай кінаакадэміі. Фільм быў надзвычай папулярным і стаў самым прыбытковым у гісторыі на той час, захоўваючы гэты рэкорд на працягу больш чым 25 гадоў. Улічваючы карэкціроўку грашовай інфляцыі, карціна да гэтага часу з’яўляецца самай паспяховай у гісторыі касавых збораў.
Фільм быў падвергнуты крытыцы як гістарычны рэвізіянізм, які ўслаўляе рабства, аднак, тым не менш, лічыцца, што ён ініцыяваў змены ў адлюстраванні афраамерыканцаў у кіно. Карціна перыядычна перавыпускалася на працягу 20 стагоддзя і ўкаранілася ў папулярнай культуры. Лента лічыцца адным з найвялікшых фільмаў усіх часоў; яна знаходзіцца ў топ-10 спісу найлепшых амерыканскіх фільмаў па версіі Амерыканскага кінаінстытута з 1998 года, калі спіс быў створаны, а ў 1989 годзе карціна была абараная Бібліятэкай Кангрэса ЗША для захавання ў Нацыянальным рэестры фільмаў.
Сюжэт
[правіць | правіць зыходнік]Першая частка
[правіць | правіць зыходнік]Напярэдадні грамадзянскай вайны ў ЗША ў 1861 годзе Скарлет О'Хара жыве ў Тары, баваўнянай плантацыі сваёй сям’і ў штаце Джорджыя, разам са сваімі бацькамі і дзвюма сёстрамі. Скарлет даведваецца, што Эшлі Уілкс, якога яна таемна кахае, збіраецца ажаніцца са сваёй стрыечнай сястрой Мелані Гамільтан, і гэта павінна быць абвешчана падчас барбекю на наступны дзень ў доме Эшлі, на суседняй плантацыі «Дванаццаць Дубоў».
На барбекю ў Дванаццаці Дубах Скарлет таемна прызнаецца Эшлі ў сваіх пачуццях, аднак ён адказвае ёй, што яны з Мелані больш падыходзяць адзін аднаму. Скарлет злуецца, даведаўшыся, што іншы госць Рэт Батлер падслухаў іхнюю размову; ашаломлены Рэт абяцае Скарлет, што будзе трымаць яе сакрэт. Барбекю спыняецца з-за аб’явы вайны, і людзі спяшаюцца завербавацца ў войска. Скарлет бачыць, як Эшлі цалуе Мелані, а малодшы брат Мелані, Чарлз Гамільтан, робіць Скарлет прапанову ажаніцца з ім. Нягледзячы на тое, што Чарлз не падабаецца Скарлет, яна пагаджаецца, і яны знаходзяцца ў шлюбе, пакуль ён не сыходзіць на вайну.
Скарлет заўдавела, калі Чарлз памёр ад прыступу пнеўманіі і адзёру падчас службы ў войску канфедэратаў. Маці Скарлет адсылае яе ў дом Гамільтанаў у Атланту, каб падняць яе настрой, але шчырая хатняя прыслужніца сям’і О’Хара Мэмі кажа Скарлет, што ведае, што тая збіраецца чакаць там толькі вяртання Эшлі. Скарлет, якая не павінна прыстунічаць на святах падчас жалобы, наведвае дабрачынную ярмарку ў Атланце з Мелані, дзе яна зноў сустракае Рэта, які стаў блакадапрарывальнікам Канфедэрацыі. Святкуючы перамогу канфедэратаў, з мэтай збору грошай для войска спадароў запрашаюць прыняць удзел у таргах за дам, каб тыя зтанцавалі з імі. Рэт прапануе надмерна вялікі кошт за Скарлет і пад асуджэнне гасцей яна пагаджаецца танцаваць з ім.
Пасля бітвы пры Гетысбергу, у якой загінулі многія знаёмыя мужчыны Скарлет, хваля вайны паварочваецца супраць Канфедэрацыі. Эшлі наведвае дом падчас каляднага водпуску. Скарлет робіць яшчэ адзін няўдалы зварот да яго, аднак паміж імі адбываецца асабісты і страсны пацалунак у дзень Калядаў, якраз перад тым, як Эшлі вяртаецца на вайну.
Праз восем месяцаў, калі горад знаходзіцца пад аблогай Саюзнай арміі падчас бітвы за Атланту, Скарлет і яе маладая прыслужніца Прысі вымушаны самі прымаць заўчасныя роды ў Мелані без медыцынскай дапамогі. Скарлет заклікае Рэта забраць яе дадому ў Тару разам з Мелані, яе дзіцём і Прысі. Ён саджае іх у падводы, аднак на выездзе з горада вырашае сысці ў бой, пасля чаго Скарлет і астатнія вымушаны самі дабірацца ў Тару. Вярнуўшыся дадому, Скарлет знаходзіць Тару апусцелай за выключэннем яе бацькоў, дзвюх сясцёр і дзвюх слуг: Мэмі і Порка. Скарлет дазнаецца, што яе маці памерла ад брушнога тыфу, а бацька стаў некампетэнтным. Пабачыўшы разрабаваную Саюзнымі войскамі Тару і закінутыя палі, яна клянецца зрабіць усё для выжывання сваёй сям’і і сябе.
Другая частка
[правіць | правіць зыходнік]О’Хара і іхнія слугі працуюць на баваўняных палях. Бацька Скарлет гіне пасля падзення з каня, спрабуючы выгнаць «янкі» са сваёй зямлі. Пасля паразы Канфедэрацыі Эшлі прыязджае ў Тару, аднак даведваецца, што не можа аказваць дастатковай дапамогі астатнім. Калі Скарлет прапануе яму збегчы разам з ёй, ён прызнаецца ў наяўнасці пачуццяў да яе і страсна цалуе, аднак кажа, што не можа пакінуць Мелані. Сутыкнуўшыся з Рэканструкцыяй, Скарлет не можа сплачваць падаткі на Тару. Яна падманвае жаніха сваёй малодшай сястры Сьюлін, заможнага чалавека сярэдняга ўзросту Фрэнка Кенэдзі, сказаўшы яму, што Сьюлін стамілася чакаць і выйшла замуж за іншага кавалера, у выніку чаго Скарлет становіцца яго жонкай.
Скарлет падвяргаецца нападу, праязджаючы праз намётавы гарадок, пасля чаго Фрэнк, Эшлі, Рэт, а таксама некалькі іхніх саўдзельнікаў робяць начны налёт на трушчобы, у выніку якога Фрэнк гіне. Пасля пахавання Фрэнка Рэт прапануе Скарлет стаць яго жонкай, і яна дае згоду. У іх з’яўляецца дачка, якую Рэт называе Боні Блю, але Скарлет, якая ўсё яшчэ кахае Эшлі, засмучваецца сваёй фігурай пасля родаў і кажа Рэту, што больш не хоча дзяцей і што яны з ім больш не будуць дзяліць ложак.
Аднойчы сястра Эшлі, Індыя, бачыць Скарлет і Эшлі разам на млыне Фрэнка і, адчуваючы моцную непрыязнасць да Скарлет, пачынае актыўна распаўсюджваць чуткі. Пазней у той жа вечар Рэт, пачуўшы чуткі, змушае Скарлет прысутнічаць на вечарыне з нагоды дня нараджэння Эшлі. Мелані не можа дрэнна думаць пра сваю любімую нявестку і дае ўсім зразумець, што лічыць плёткі ілжывымі. Пасля вяртання дадому Скарлет бачыць Рэта п’яным і яны сварацца з-за Эшлі. Рэт цалуе Скарлет супраць яе волі і, заявіўшы пра свой намер авалодаць ёй у тую ноч, нясе яе ў спальню. На наступны дзень ён просіць прабачэння за свае паводзіны і прапануе Скарлет развод, які яна адхіляе, кажучы, што гэта было б ганьбой. Калі Рэт вяртаецца пасля доўгай паездкі ў Лондан, Скарлет паведамляе яму, што цяжарная, пасля чаго ўзнікае сварка, у выніку якой яна падае з лесвіцы, што правакуе выкідак. Калі яна ідзе на папраўку, адбываецца яшчэ адна трагедыя: Боні гіне пасля падзення з поні пры спробе пераскочыць праз агароджу.
Скарлет і Рэт наведваюць Мелані, якая пакутуе ад ускладненняў, звязаных з яе чарговай цяжарнасцю, і памірае. Скарлет суцяшае Эшлі, а Рэт вяртаецца ў Тару. Разумеючы, што Эшлі заўсёды кахаў толькі Мелані, Скарлет бяжыць за Рэтам і бачыць, што ён збірае рэчы, каб з’ехаць назаўжды. Яна кажа яму, што разумее, што даўно кахае яго і што ніколі не кахала Эшлі па-сапраўднаму, але Рэт лічыць, што са смерцю Боні памёр іхні апошні шанец на прымірэнне. Скарлет просіць яго застацца, але Рэт выходзіць за дзверы ў ранішні туман, пакінуўшы яе. Скарлет плача на лесвіцы, клянучыся сабе аднойчы вярнуць яго каханне.
Акцёры
[правіць | правіць зыходнік]Нягледзячы на атрыманне першых месцаў у пачатковых тытрах, Кларк Гейбл разам з Віўен Лі, Лэслі Ховардам і Алівіяй дэ Хэвілэнд былі размешчаны адносна нізка ў спісе акцёраў з-за яго незвычайнай структуры. Замест звычайнага размяшчэння акцёраў паводле экраннага часу спіс разбіты на тры секцыі: «Плантацыя Тара», «У Дванаццаці Дубах» і «У Атланце». Акцёры ў спісе ўпарадкаваны ў адпаведнасці з сацыяльным становішчам персанажаў; так Томас Мітчэл, які выконваў ролю Джэралда О’Хары, знаходзіцца на першым месцы ў спісе як гаспадар сям’і О’Хара, а Барбара О’Ніл, якая грала ягоную жонку, займае другое месца ў спісе. Віўен Лі, якая выконвала ролю старэйшай дачкі сям’і, знаходзіцца на трэцім месцы, нягледзячы на тое, што мела найбольшую колькасць экраннага часу. Апроч таго, Говард Хікман у ролі Джона Уілкса размешчаны вышэй за Лэслі Ховарда, які граў ролю ягонага сына, а Кларк Гейбл, які быў толькі наведвальнікам Дванаццаці Дубоў, атрымаў даволі нізкае месца ў спісе, нягледзячы на тое, што быў прадстаўлены як «зорка» фільма ва ўсёй рэкламнай літаратуры[4]. Пасля смерці Мэры Андэрсан, якая выконвала ролю Мэйбэл Мэрыўэзэр, у красавіку 2014 года, у жывых засталіся толькі два акцёры са спіса: Алівія дэ Хэвілэнд, якая грала ролю Мелані Уілкс, і Мікі Кун, які граў яе сына Бо Уілкса[5].
- Плантацыя Тара
- Томас Мітчэл — Джэралд О’Хара
- Барбара О’Ніл — Элен О’Хара (яго жонка)
- Віўен Лі — Скарлет О'Хара (дачка)
- Эвелін Кейс — Сьюлін О’Хара (дачка)
- Эн Разерфорд — Кэрын О’Хара (дачка)
- Джордж Рыўз — Брэнт Тарлетан (на самай справе — Сцюарт)[A]
- Фрэд Крэйн — Сцюарт Тарлетан (на самай справе — Брэнт)
- Хэці Мак-Дэніэл — Мэмі (хатні слуга)
- Оскар Полк — Порк (хатні слуга)
- Батэрфлай Мак-Куін — Прысі (хатні слуга)
- Віктар Джоры — Джонас Уілкерсан (палявы наглядчык)
- Эверэт Браўн — Вялікі Сэм (палявы брыгадзір)
- У Дванаццаці Дубах
- Говард Хікман — Джон Уілкс
- Алісія Рэт — Індыя Уілкс (яго дачка)
- Лэслі Ховард — Эшлі Уілкс (яго сын)
- Алівія дэ Хэвіленд — Мелані Гамільтан (іхняя стрыечная сястра)
- Рэнд Брукс — Чарлз Гамільтан (брат Мелані)
- Кэрал Най — Фрэнк Кенэдзі (госць)
- Кларк Гейбл — Рэт Батлер (наведвальнік з Чарльстана)
- У Атланце
- Лора Хоўп Крус — Цётка Піціпэт Гамільтан
- Эдзі Андэрсан — Дзядзька Пітэр (яе кучар)
- Гары Дэвенпорт — Доктар Мід
- Леона Робертс — Спадарыня Мід
- Джэйн Дарвэл — Спадарыня Мэрыўэзэр
- Она Мансан — Бэль Уотлінг
- Другасныя ролі другога плану
- Пол Хёрст — дэзерцір «янкі»
- Кэмі Кінг — Боні Блю Батлер
- Джозэф Майкл Кэрыган — Джоні Галахер
- Джэкі Моран — Філ Мід
- Ліліян Кэмбл-Купер — медсястра Боні ў Лондане
- Марсэла Марцін — Кэтлін Калверт
- Мікі Кун — Бо Уілкс
- Ірвінг Бэйкан — капрал
- Уільям Бэйкуэл — конны афіцэр
- Ізабэль Джуэл — Эмі Слэтэры
- Эрык Ліндэн — салдат з ампутаванымі канечнасцямі
- Уорд Бонд — Том, капітан «янкі»
- Кліф Эдвардс — паміраючы салдат
- Якіма Канут — рэнегат
- Луіс Жан Хэйт — галодны салдат, які трымае Бо Уілкса
- Олін Хоўланд — сакваяжны бізнесмэн
- Роберт Эліат — маёр «янкі»
- Мэры Андэрсан — Мэйбэл Мэрыўэзэр
Стварэнне
[правіць | правіць зыходнік]Перад публікацыяй рамана некалькі кіраўнікоў і галівудскіх студый адмовіліся ад стварэння фільма на яго аснове, у тым ліку Луіс Маер і Ірвінг Талберг з «Метра-Голдуін-Маер», Пандра Берман з «РКО Пікчэрз» і Дэвід Сэлзнік з «Сэлзнік Інтэрнэшнл Пікчэрз». Джэку Уорнэру спадабалася гісторыя, але найбуйнейшая зорка «Уорнэр Бразэрс» Бэт Дэвіс не была зацікаўлена ва ўдзеле ў фільме, а Дэрыл Занук з «20-е Стагоддзе Фокс» не прапанаваў дастатковай колькасці грошай. Сэлзнік змяніў сваё меркаванне пасля таго, як яго агент Кей Браўн і бізнес-партнёр Джон Хэй Уітні заклікалі яго купіць правы на экранізацыю. У ліпені 1936 года, праз месяц пасля таго, як раман быў апублікаваны, Сэлзнік купіў правы на яго за $50,000[6][7][8].
Падбор акцёраў
[правіць | правіць зыходнік]Раздзел артыкула яшчэ не напісаны. |
Заўвагі
[правіць | правіць зыходнік]Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ https://www.boxofficemojo.com/release/rl3629614593/
- ↑ а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с т у ф х Česko-Slovenská filmová databáze — 2001.
- ↑ Box Office Mojo — 1999. Праверана 10 кастрычніка 2019.
- ↑ а б Gone With the Wind . The American Film Institute Catalog of Motion Pictures. American Film Institute. Праверана January 12, 2013.
- ↑ Noland, Claire (April 8, 2014). "Mary Anderson dies at 96; actress had role in 'Gone With the Wind'". Los Angeles Times. Праверана April 8, 2014.
- ↑ Friedrich, Otto (1986). City of Nets: A Portrait of Hollywood in the 1940s. Berkeley and Los Angeles: University of California Press. pp. 17–21. ISBN 978-0-520-20949-7.
- ↑ The Book Purchase . Gone With The Wind Online Exhibit. University of Texas at Austin: Harry Ransom Center. Архівавана з першакрыніцы February 24, 2014.
- ↑ The Search for Scarlett: Chronology . Gone With The Wind Online Exhibit. University of Texas at Austin: Harry Ransom Center. Архівавана з першакрыніцы February 23, 2014.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]Знесеныя ветрам (фільм) на Вікісховішчы |
- Фільмы паводле алфавіта
- Фільмы 1939 года
- Рамантычныя фільмы
- Фільмы ЗША 1939 года
- Фільмы-меладрамы ЗША
- Гістарычныя фільмы ЗША
- Фільмы Віктара Флемінга
- Фільмы прадзюсара Дэвіда Сэлзніка
- Фільмы MGM
- Фільмы кампаніі «Selznick International Pictures»
- Фільмы, знятыя ў Каліфорніі
- Фільмы на англійскай мове
- Фільмы — лаўрэаты прэміі «Оскар» за «Найлепшы фільм»
- Фільмы з удзелам лаўрэатаў прэміі «Оскар» за «Найлепшую жаночую ролю»
- Фільмы з удзелам лаўрэатаў прэміі «Оскар» за «Найлепшую жаночую ролю другога плана»
- Фільмы, знятыя лаўрэатамі прэміі «Оскар» за «Найлепшую рэжысуру»
- Фільмы па сцэнарыях лаўрэатаў прэміі «Оскар» за «Найлепшы адаптаваны сцэнарый»
- Фільмы, знятыя лаўрэатамі прэміі «Оскар» за «Найлепшую работу аператара»
- Фільмы, знятыя лаўрэатамі прэміі «Оскар» за «Найлепшую работу мастака»
- Фільмы, знятыя лаўрэатамі прэміі «Оскар» за «Найлепшы мантаж»
- Фільмы пра рабства ў ЗША
- Фільмы пра помсту
- Культура Атланты (Джорджыя)
- Выдатныя фільмы (Роджэр Эберт)