Грамадскі набытак
Грамадскі набытак (англ.: Public Domain; таксама часам выкарыстоўваецца блізкі па сэнсе тэрмін «грамадская ўласнасць») — сукупнасць аб'ектаў аўтарскага права, маёмасныя правы на якія скончыліся або ніколі не існавалі. Таксама «грамадскім набыткам» часам называюць вынаходніцтвы, тэрмін патэнту на якія скончыўся. Распаўсюджваць і выкарыстоўваць грамадскі набытак могуць усе без выключэння.
Творы, якія перайшлі ў грамадскі набытак, могуць свабодна выкарыстоўвацца любой асобай без выплаты аўтарскай узнагароды. Пры гэтым мусяць выконвацца асабістыя немаёмасныя правы аўтара — права аўтарства, права на імя, права на ахову рэпутацыі аўтара і права на абнародаванне.
Тэрміны і парадак пераходу твору ў грамадскі набытак адрозніваюцца ў розных краінах. На твор, які з'яўляецца грамадскім набыткам у Беларусі, можа распаўсюджвацца аўтарскае права ў ЗША, і наадварот. У большасці еўрапейскіх краін пераход у грамадскі набытак прадугледжаны пасля заканчэння тэрміну ў 70 гадоў пасля смерці аўтара або праз 70 гадоў пасля першай публікацыі твору.
Грамадскі набытак у ЗША
[правіць | правіць зыходнік]Паводле закона аб аўтарскім праве, які дзейнічае ў ЗША, любыя творы, апублікаваныя да 1 студзеня 1923 года на тэрыторыі Злучаных Штатаў, з'яўляюцца грамадскім набыткам. Калі твор быў апублікаваны ў 1923 годзе або пазней, ён можа ахоўвацца законам аб аўтарскім праве. Дата 1 студзеня 1923 году мае асаблівае значэнне, і яна не можа быць змененая ў заканадаўстве да 2019 года.
Твор, які быў створаны ў ЗША, пераходзіць у грамадскі набытак пры выкананні любой з наступных умоў:
- калі ён быў створаны больш за 95 гадоў таму або яго аўтар памёр 70 гадоў і больш таму;
- калі ён быў створаны да 1 студзеня 1923 года. З 2019 года гэтая ўмова перастае дзейнічаць.
Лічбавыя копіі і фотакопіі аб’ектаў, якія знаходзяцца ў грамадскім набытку
[правіць | правіць зыходнік]Паводле законаў Злучаных Штатаў Амерыкі рэпрадукцыі двухмерных аб’ектаў мастацтва (карцін, фотаздымкаў, кніжных ілюстрацый) не з'яўляюцца аб’ектам аўтарскага права за выключэннем тых выпадкаў, калі пры стварэнні рэпрадукцыі быў унесены арыгінальны творчы ўклад (напрыклад, эфекты рэтушы). Да прыкладу, калі вы з прамога ракурсу сфатаграфуеце Джаконду, ваш фотаздымак не створыць новы аб’ект аўтарскага права і яго можна будзе выкарыстоўваць як грамадскі набытак. Тое самае тычыцца адсканаваных выяў — яны спадкуюць аўтарскія правы арыгінала. Такім чынам, калі арыгінал знаходзіцца ў грамадскім набытку, то адсканаваная або сфатаграфаваная копія таксама з'яўляецца грамадскім набыткам.
Рэпрадукцыі абароненых аўтарскім правам двухмерных твораў таксама не з'яўляюцца самастойнымі працамі. Адсканаваная выява вокладкі кнігі або DVD гэтаксама з'яўляецца абароненай аўтарскім правам, як і арыгінал.
Грамадскі набытак у Беларусі
[правіць | правіць зыходнік]Паводле беларускага заканадаўства грамадскі набытак — любы аб’ект аўтарскага права ці сумежных правоў, маёмасныя правы на які скончыліся або не існавалі (паводле артыкула 4 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб аўтарскім праве і сумежных правах»[1]).
Крытэрыі пераходу твораў у грамадскі набытак вызначаюцца артыкулам 23 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб аўтарскім праве і сумежных правах». Такім чынам, паводле беларускага заканадаўства творы пераходзяць у грамадскі набытак, калі скончыцца тэрмін аховы маёмасных правоў на аб’екты аўтарскага права або сумежных правоў. Таксама грамадскім набыткам паводле беларускага заканадаўства лічацца тыя аб’екты аўтарскага права або сумежных правоў, якім на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь ніколі не прадастаўлялася ахова. Аб’екты аўтарскага права і сумежных правоў, якія перайшлі ў грамадскі набытак, могуць свабодна выкарыстоўвацца любой фізічнай або юрыдычнай асобай без выплаты ўзнагароды пры захаванні асабістых немаёмасных правоў аўтара. Пры гэтым Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь можа вызначаць выпадкі і парадак выплаты адлічэнняў за выкарыстанне на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь аб’ектаў аўтарскага права і сумежных правоў, якія перайшлі ў грамадскі набытак.
На асобную групу твораў, створаных у Беларусі (і БССР, правапераемніцай якой з'яўляецца Рэспубліка Беларусь), аўтарскае права не распаўсюджваецца ўвогуле, таму ў пэўным сэнсе можна лічыць, што яны таксама знаходзяцца ў грамадскім набытку. Гэта афіцыйныя дакумэнты (законы, судовыя пастановы, іншыя тэксты заканадаўчага, адміністрацыйнага і судовага характару), а таксама іх афіцыйныя пераклады; дзяржаўныя сімвалы і знакі (сцяг, герб, гімн, ордэны, грашовыя і іншыя знакі); творы народнай творчасці, аўтары якіх невядомыя (гл. артыкул 8 Закона).
Глядзіце таксама
[правіць | правіць зыходнік]Зноскі
- ↑ «Закон аб аўтарскім праве і сумежных правах(недаступная спасылка)» Рэспублікі Беларусь, 16 мая 1996 г. № 370-XІІІ (руск.)
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Закон Рэспублікі Беларусь аб аўтарскім праве і сумежных правах(недаступная спасылка) (руск.)
- Аўтарскае права ў краінах свету (англ.)