Вікіпедыя:Артыкулы года/Найлепшыя артыкулы 2014 года
Конкурс «Артыкулы года-2014» | ||||||
Асноўная старонка | Правілы конкурсу | Галасаванне за артыкулы | Вынікі |
Найлепшыя артыкулы 2014 года[правіць зыходнік]Былі абраны паводле вынікаў галасавання (гл. Вікіпедыя:Артыкулы года/2014) |
Чэмпіянат свету па снукеры 2014 — прафесійны рэйтынгавы турнір па снукеры, які праходзіў з 19 красавіка па 5 мая 2014 года ў тэатры Крусібл, у Шэфілдзе, Англія. Найпрэстыжнейшае і найбуйнейшае па рэйтынгавых ачках і прызавых грошах снукернае спаборніцтва, а таксама трэцяе спаборніцтва Трайной кароны ў сезоне 2013/2014. Турнір стаў 80-м розыгрышам чэмпіянату свету, які быў заснаваны ў 1927 годзе, і 38-м сусветным першынствам, якое праходзіла ў Крусібле. Кампанія Dafabet упершыню спансіравала чэмпіянат свету. Прызавы фонд турніру склаў £1,214,000 (на £103,000 больш, чым у мінулым годзе), з якіх £300,000 (на £50,000 больш, чым у мінулым годзе) атрымаў пераможца. Першы прыз турніру стаў рэкордным за ўсю гісторыю снукера. Пераможцам турніру стаў Марк Сэлбі, які прайграваў О’Салівану ў фінальным матчы з лікам 3:8 і 5:10, але сумеў выйграць 13 з 17 апошніх фрэймаў паядынку і ўпершыню стаць чэмпіёнам свету. (далей…)
|
Жамо́йць — гістарычная вобласць і этнаграфічны рэгіён сучаснай Літвы, размешчаны на паўночным захадзе краіны паміж нізоўямі ракі Нёман і вярхоўямі рэк Дубіса і Вента. Жамойць мае доўгую пісьмовую гісторыю і самабытныя культурныя традыцыі, адлюстраваныя паміж іншага ў існаванні жамойцкага дыялекта (мовы). На тэрыторыі рэгіёна знаходзіцца Жамойцкае ўзвышша: узгорыста-марэнны рэльеф; хваёвыя і змешаныя лясы, лугі, пашы, ралля; шмат маленькіх азёр і рэчак. У цяперашні час самым вялікім горадам этнаграфічнага рэгіёна з'яўляецца Шаўляй (звыш 130 тыс. жыхароў), а гістарычнай сталіцай — горад Цяльшэй (звыш 30 тыс.). Традыцыйна лічыцца, што назва «Жамойць» («Žemaitija») паходзіць ад літоўскага слова «žema», што азначае «нізкая», «ніжняя». На думку многіх гісторыкаў гэтае слова ўжывалася для абазначэння зямель, ніжэйшых па цячэнні Нёмана за астатнія землі Літвы. (далей…)
| |
Белару́ская дзіця́чая літарату́ра — літаратура на беларускай мове, прызначаная для дзяцей і падлеткаў, іх выхавання і адукацыі праз мову мастацкіх вобразаў. Бярэ свой пачатак з даўніх часоў ад дзіцячага фальклору (казкі, калыханкі, прыгаворы, загадкі, песні, дзіцячыя гульні і г. д.). Станаўленне, як жанру літаратуры, адносіцца да XVI стагоддзя, часу ўзнікнення беларускага кнігадрукавання. Спачатку развіваецца пераважна як літаратура рэлігійнай скіраванасці. Больш выразна накіраванасць на дзіцячую аўдыторыю фарміруецца ў XIX стагоддзі. Найбольшы росквіт адносіцца да XX стагоддзя, калі зарадзіўся і стаў развівацца рух беларускага нацыянальнага адраджэння. У гэты час дзіцячая літаратура ўзбагацілася новымі яркімі імёнамі, жанрамі і творамі, якія даходзілі да юнага чытача праз дзіцячыя газеты, часопісы, кнігі, сцэнічныя пастаноўкі. Багата развіваецца і ў XXI стагоддзі, папаўняючыся не толькі новымі імёнамі і яркімі творамі, але і новымі формамі падачы матэрыялу з дапамогай сучасных сродкаў і інавацый. Вытокі беларускай дзіцячай літаратуры ляжаць у вуснай народнай творчасці. (далей…)
|
Юпі́тэр (народная назва — Воўчае Вока) — самая вялікая планета ў Сонечнай сістэме, газавы гігант, 5-я планета паводле адлегласці ад Сонца. Планета была вядомая людзям з глыбокай старажытнасці, што знайшло сваё адлюстраванне ў міфалогіі і рэлігійных вераваннях розных культур: месапатамскай, вавілонскай, грэчаскай і іншых. Сучасная назва Юпітэра паходзіць ад імя старажытнарымскага вярхоўнага бога-грамавержца. Шэраг атмасферных з'яў на Юпітэры: штормы, маланкі, палярныя ззянні, — маюць маштабы, якія на парадкі пераўзыходзяць зямныя. Характэрным утварэннем у атмасферы з'яўляецца Вялікая чырвоная пляма — гіганцкі шторм, вядомы з XVII стагоддзя. Юпітэр мае, па меншай меры, 67 спадарожнікаў, самыя вялікія з якіх — Іо, Еўропа, Ганімед і Каліста — былі адкрыты Галілеа Галілеем ў 1610 годзе. Даследаванні Юпітэра праводзяцца пры дапамозе наземных і арбітальных тэлескопаў; з 1970-х гадоў да планеты было адпраўлена 8 міжпланетных апаратаў НАСА: «Піянеры», «Вояджэр», «Галілеа» і іншыя. (далей…)
|