Базілі́к камфо́рны[3], Базілік (Ocimum basilicum) — від кветкавых раслін роду Базілік (Ocimum) сямейства Ясноткавыя (Lamiaceae). Пашыраны пераважна ў тропіках і субтропіках. У Беларусі як вострапрыпраўную расліну вырошчваюць базілік камфорны (Ocimum basilicum). Менавіта апошні, назва якога паходзіць ад грэчаскагаbasilikos — каралеўскі, праз ўжыванне яго як прыправы і спецыі стаў вядомы пад назваю базіліку.
Радзіма базіліку, праўдападобна, Іран. Дзякуючы лекавым якасцям яшчэ ў старажытнасці базіліку прыпісвалася чарадзейная моц. У індуізме базілік лічыўся ўлюбёнай раслінай Вішну. Базілік знойдзены пры раскопках егіпецкіх пірамідаў. Мяркуецца, што ў Еўропу базілік патрапіў у IV ст. да н.э. разам з ваярамі Аляксандра Македонскага, якія вярталіся з паходу ў Азію. Ад таго часу базілік пашырыўся ў Міжземнамор’і. Рымляне выкарыстоўвалі базілік пераважна як лекавую расліну, паступова адкрываючы яго вартасці спецыі. У Вялікае Княства Літоўскае базілік патрапіў, верагодна, у XVI стагоддзі з Італіі. У кухарскія кнігі базілік унеслі толькі ў XVIII стагоддзі дзякуючы французскім кухарам, якія адкрылі хутчэй кулінарныя, чым магічныя ўласцівасці базіліка.
Аднагадоваятравяністая расліна вышынёй 40—60[3] см з галінастым чатырохгранным прамастойным апушаным сцяблом. Лісце простае, супраціўнае, з зубчастым краем, на чаранках. Кветкі ружовага ружовага, белага або светла-фіялетавага колеру з адценнямі. Суквецце — гронка. Плод — арэшак.
У наш час базілік як прыправа і спецыя вядомы ва ўсім свеце, але найбольш ужываецца ў Італіі, Іспаніі, Францыі, Грэцыі і Грузіі. Дзеля вырабу спецыі выкарыстоўваецца надземная частка расліны, якая валодае прыемным спецыфічным водарам, што абумоўлены высокім утрыманнем эфірнага алею (1,5 %) і дубільных рэчываў (6 %), мае злёгку гаркавы смак. Лісце ўжываецца свежае ды сушанае. Сабранае лісце сушаць пры тэмпературы 30—35 °C, а потым раздрабняюць. Базілік дадаецца ў салаты, соусы (італьянскіяsalsa verde — зялёны соус, пестафранцузскі — вінегрэт і г.д.), супы, мясныя (асабліва з бараніны) і рыбныя стравы, стравы з агародніны (спаржы, фасолі), а таксама пры саленні і марынаванні агуркоў, памідораў, кабачкоў, патысонаў, баравікоў, выкарыстоўваецца дзеля аддушкі воцату (крыху свежага лісця дадаецца ў бутэльку з воцатам), араматызацыі таматнага соку. Не камбінуецца з іншымі прыправамі, апроч часнаку. У «Літоўскай гаспадыні» базілік фігуруе як важная прыправа.
Базилик // Сельскохозяйственный энциклопедический словарь / Редкол.: В. К. Месяц (гл. ред.) и др.. — М.: Советская энциклопедия, 1989. — С. 38. — 656 с. — 100 000 экз.(руск.)