Анатомія чалавека
Анато́мія чалаве́ка (ад стар.-грэч.: ἀνατομή — рассяканне < стар.-грэч.: ἀνά зверху і стар.-грэч.: τομή, tomé — разразанне) — раздзел анатоміі, які займаецца вывучэннем будовы цела чалавека на макраўзроўні. Традыцыйна лічыцца, як і гісталогія, фундаментальнай медыцынскай марфалагічнай дысцыплінай, якая стварае падмурак для клінічнага навучання лекараў.
Анатомія «нармальнага» (здаровага) цела чалавека традыцыйна разглядаецца па сістэмах органаў — нармальная (сістэматычная) анатомія чалавека. Апроч гэтага, на базе анатоміі чалавека, з улікам накопленага хірургічнага досведу, была створана такая дысцыпліна, як тапаграфічная анатомія, якая дазваляе хірургам вывучаць будову цела па абласцях, разглядаючы ўзаемаадносіны органаў адзін з адным, са шкілетам і інш. Развіваецца функцыянальная анатомія, якая разглядае будову чалавека з пункту гледжання яго функцый (напрыклад, будова крывяносных судзін з пазіцый гемадынамікі, механізм перабудовы косткі з улікам функцый цягліц, якія ўздзейнічаюць на яе і г. д.).
Дасягненні медыцыны спрыялі вылучэнню асобнай дысцыпліны, якая вывучае марфалагічныя змены сістэм і органаў чалавека пры захворваннях — паталагічнай анатоміі. Аднак трэба адзначыць тое, што паталагічная анатомія болей абапіраецца на гісталогію і гісталагічныя метады даследаванняў.
З развіццём рэнтгеналогіі была створана прынцыпова новая анатамічная дысцыпліна — рэнтгенаанатомія, прадметам вывучэння якой з'яўляецца структура рэнтгеналагічнага малюнка ўнутраных органаў. Вонкавую форму цела чалавека і яго прапорцыі вывучае пластычная анатомія.
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Анатомія чалавека