Перайсці да зместу

Авесалом

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Авесалом
Нараджэнне 1009 да н.э.[1]
Смерць 978 да н.э.[1]
Род дом Давіда[d]
Бацька Давід
Маці Maacah[d]
Дзеці Tamar[d][3]
Веравызнанне Яхвізм[d][4]
Бітвы
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
«Смерць Авесалома», гравюра Дарэ да Бібліі

Авесало́м (іўр.: אַבְשָׁלוֹם) (каля кан. 11 — пач. 10 ст. да н.э.) — трэці сын Давыда[5][6] ад адной з жонак таго, Маахі, дачкі гесурскага цара[5], нарадзіўся ў Хеўроне[6].

Герой аднаго з вядомых сюжэтаў Старога Запавету. Паводле аповесці ў другой кнізе «Царствы», быў найпрыгажэйшым мужчынам у царстве; асабліва прыгожымі былі яго доўгія валасы. Як сын паланянкі, відаць, не меў права на царскі сталец. Брат яго па бацьку, царскі першынец і наследнік, Амнон, падманам згвалціў Фамар, сваю і Авесалома сястру па бацьку, а пасля адмовіўся ажаніцца з ёю і прагнаў. Цар Давыд не пакараў Амнона, бо слепа яго любіў. Авесалом узяў сястру ў свой дом, і задумаў адпомсціць Амнону за яе ганьбу.[5]

Праз два гады Авесалом падманам забіў Амнона ў сябе ў гасцях і ўцёк з невялікай дружынай да гесурскага цара, свайго дзеда, а цар Давыд не помсціў яму. Праз тры гады Авесалому дазволілі вярнуцца ў Іўдзею, а пазней яму ўдалося прымірыцца з бацькам[5]. Неўзабаве Авесалом пачаў гуртаваць вакол сябе незадаволеных пры двары і, урэшце, схіліў на свой бок значную частку суайчыннікаў і ўзняў мяцеж супраць Давыда[5][6]; той з малой колькасцю верных людзей мусіў уцякаць у пустыню[5]. Авесалом адкрыта абвясціў сябе царом у Хеўроне[6]. Паводле Бібліі, у час свайго кароткага царавання Авесалом паставіў сабе помнік у царскай даліне Кедронскай, што на беразе ракі Іардан[6], кажучы, што няма ў яго сыноў, якія б захавалі памяць аб ім[5]. Мяцеж раскалоў царства, бо адныя войскі прысягнулі Авесалому, а іншыя засталіся вернымі Давыду[5].

Нарэшце, адбылася вырашальная бітва ў лесе за ракою Іардан[5]. Войска Авесалома панесла паражэнне, а сам ён кінуўся ўцякаць, але заблытаўся валасамі ў карэнне дуба, і быў забіты военачальнікам Іовам, насуперак загаду Давыда не ўзнімаць рукі на яго сына[5][6]. Над магілай Авесалома, якую выкапалі ў лесе, была насыпана вялікая куча камення. Пасля смерці ж Авесалома цар Давыд плакаў ля варот свайго дому і клікаў: «Авесалом, сын мой, сын мой, Авесалом! Чаму ж не наканавана мне памерці замест цябе, Авесалом, сын мой, сын мой!»[5].

Гістарыяграфія

[правіць | правіць зыходнік]

Гісторыя Авесалома апісваецца ў 2-й кнізе царстваў, і ўвайшла, напрыклад, у прадмову да выдання Старога Запавета, зробленага Ф. Скарынам у 1518 годзе.[5]

Паводле тлумачэнняў Агады (часткі Талмуда), Авесалом — увасабленне небяспечнага славалюбства, несыноўніх адносін да бацькоў і марных спадзяванняў на прыгажосць. У даўнія часы яўрэйскія рабіны загадвалі бацькам прыводзіць непаслухмяных дзяцей на магілу Авесалома і кідаць на яе камяні. Праваслаўныя тэолагі амаль не закранулі гэтай тэмы, у шматтомнай «Талковай Бібліі» (1903—1914) пад рэд. А. П. Лапухіна адпаведных тлумачэнняў няма. Савецкія гісторыкі аднесліся да гісторыі Авесалома як да мастацкай аповесці, не апісваючы яе ў «Исторической энциклопедии». Не ўвайшоў матэрыял пра Авесалома і ў беларускі энцыклапедычны даведнік «Францыск Скарына і яго час».[5]

З даўніх часоў, і асабліва з часоў Адраджэння, гісторыя Авесалома прыцягвала ўвагу паэтаў, мастакоў і драматургаў. У перыяд 1960-х—1970-х гг. галівудская кінаіндустрыя выпусціла вядомы кінафільм «Авесалом, Авесалом!».[5]

Зноскі

  • Конан У. Скарына і яго героі // Адраджэнне: Гіст. альманах. Вып. 1 / Склад. і навук. рэд. А. П. Грыцкевіч. — Мн.: Універсітэцкае, 1995. — 259 с.: іл. ISBN 985-09-0088-1 С.96—98.
  • Скарына Ф. Творы: Прадмовы, сказанні, пасляслоўі, акафісты, пасхалія / Уступ. арт., падрыхт. тэкстаў, камент., слоўнік А. Ф. Коршунава, паказальнікі А. Ф. Коршунава, В. А. Чамярыцкага. — Мн.: Навука і тэхніка, 1990. — С. 145. — 207 с.: іл. ISBN 5-343-00151-3.