Абраз Маці Божай Кангрэгацкай
Маці Божая Кангрэгацкая | |
---|---|
Дата з'яўлення: | Пачатак XVII ст. |
Іконаграфічны тып: | Маці Божая Снежная |
Месца знаходжання: | Кафедральны касцёл Святога Францішка Ксаверыя, Гродна |
Дата святкавання | 5 жніўня |
Абраз Маці Божай Кангрэгацкай (Студэнцкай) — каталіцкая цудатворная ікона. Знаходзіцца ў Кафедральным касцёле Святога Францішка Ксаверыя ў Гродне.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Абраз быў прывезены з Рыма і падараваны канцлеру вялікаму літоўскаму Альбрэхту Станіславу Радзівілу (1595—1656) правінцыялам дамініканцаў. Пасля смерці канцлера абраз дастаўся ксяндзу-дамініканцу Куклінскаму, потым трапіў да шляхціца Жаляроўскага ў вёску Кульбакі (недалёка ад Ліды), а той у 1664 г., ужо будучы цяжка хворым, падараваў яго кангрэгацыі студэнтаў пры калегіуме езуітаў, таму што ў іх касцёле правілася самае прыгожае набажэнства і ў памяць пра цудоўнае выратаванне з-пад маскоўскага палону ў Гродзенскім замку, дзе ён сядзеў з двума дзесяткамі іншых шляхціцаў у чаканні пакарання смерцю. Асуджаныя звярнуліся да Маці Божай, увасобленай у абразе, што знаходзіўся ў маёнтку Жаляроўскага і 2 жніўня 1661 г. ім неверагодным чынам удалося збегчы. Акт перадачы, складзены 26 сакавіка 1664 г., быў засведчаны бурмістрам Янушам, гродскім пісарам Аляксандрам Дрогашам і прафесарам рыторыкі Пятром Шванам[1][2].
Урачысты перанос абраза з маёнтка Жаляроўскага Кульбакі ў драўляны езуіцкі касцёл апосталаў Пятра і Паўла адбыўся 3 жніўня 1664 года. У працэсіі ўдзельнічалі 5000 чалавек: ішлі цэхі з харугвамі, айцы бернардзінцы, студэнты. Для сустрэчы абраза была збудавана трыўмфальная арка, пры ўваходзе ў касцёл далі салют з усіх гарматаў. Але перад тым па просьбе кангрэгацыі камісія ад віленскага біскупа ў складзе канцлера дыяцэзіі кс. Казіміра Вайшняровіча і пробашча касцёла Святой Брыгіты[удакладніць] кс. Станіслава Катоўскага пацвердзіла 108 цудаў абраза, засведчаных пад прысягай, і 20 ліпеня склала адпаведны пратакол, пасля чаго біскуп Юрый Белазор прызнаў абраз цудатворным. Пратакол з апісаннем цудаў быў надрукаваны ў 1686 г. у Віленскай езуіцкай друкарні ў «Summariusz cudów i łask N. M. Panny Studenckiej», для якой гравюру з гербам Агінскіх (відаць, фундатараў выдання) выканаў Лявонцій Тарасевіч[1].
у 1696 г. з абраза была скрадзена срэбраная шата. У тую ж ноч гетману вялікаму літоўскаму і віленскаму ваяводу Казіміру Яну Сапегу ў сне з’явілася Дзева Марыя. Уражаны супадзеннем, ваявода падараваў на абраз шату з чыстага золата (не захавалася). Пазней у 1719 г. з абраза кралі воты[1].
Каля 1731 г. на прывеліяванай лаве (сталі) невядомы мастак намаляваў 16 сюжэтаў з гісторыі цудатворнага абраза, некаторыя з якіх вядомы з «Сумарыуша» 1686 г., іншыя, відаць, узяты з рукапіснай кнігі цудаў, якая не дайшла да нас[1].
У 1812 г. полацкія езуіты надрукавалі песню пра гродзенскую святыню[2].
Апісанне
[правіць | правіць зыходнік]Абраз, намаляваны на медным лісце памерамі 22х17 см, іконаграфічна з’яўляецца паўторам вядомага абраза Маці Божай Снежнай з рымскай базілікі Санта-Марыя-Маджорэ, перапрацаваным у раннебарочным стылі пры захаванні характэрных прыкметаў пратографа[1]. Жывапіс твараў страціў рысы іканапісу і выкананы ў рэалістычнай манеры XVII ст.[2] Яго высокія мастацкія якасці жывапісу (дакладны малюнак, багаты каларыт, умелае карыстанне святлаценем) можна лічыць пацверджаннем гістарычнай легенды пра італьянскае паходжанне[1].
Жывапіс амаль цалкам закрывае пазалочаная шата, сярэбраная рама выканана ў 1761 г. гданьскім злотнікам Хрысціянам ван Гаўсенам. Гісторыя некаторых цудаў абраза намалявана ў касцёле на філёнках фундатарскай лавы[2].