Перайсці да зместу

Беларускі нацыянальны касцюм

Гэты артыкул уваходзіць у лік выдатных
З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Традыцыйны і вельмі архаічны кобрынскі сялянскі святочны жаночы строй з в. Хабовічы, канец XIX ст. Музей старажытнабеларускай культуры

Белару́скі нацыяна́льны касцю́м — комплексы адзення, абутку і аксесуараў, якія склаліся на працягу стагоддзяў для выкарыстання беларусамі ў штодзённым і святочным ужытку. Нацыянальны касцюм мае надзвычай высокую культурную каштоўнасць і з’яўляецца адным з этнічных атрыбутаў беларускага народа.

Вылучаюць прынамсі 3 разнавіднасці беларускага нацыянальнага касцюма, а адпаведна сацыяльнай належнасці -- сялянскі, мяшчанскі, шляхецкі.

Беларускі сялянскі касцюм мае глыбокія гістарычныя карані і захаваў шмат архаічных рыс. Спалучаючы ў сабе практычнасць і эстэтычнасць, быў і ёсць значна большай з’явай за проста адзенне або нават мастацкі твор. Сялянскі касцюм беларусаў адлюстроўваў мясцовыя традыцыі, патрэбы і сацыяльны статус прадстаўнікоў беларускага народа, светапогляд майстроў, якія яго выраблялі, а ў дэкаратыўным арнаменце часам чытаюцца цэлыя змястоўныя гісторыі. Звычайна менавіта сялянскі касцюм маюць на ўвазе, калі вядуць гаворку пра нацыянальны касцюм беларусаў увогуле.

Мяшчанскі і шляхецкі нацыянальныя касцюмы ўпісваюцца ў агульнаеўрапейскія модныя тэндэнцыі, але пры гэтым маюць у сабе вялікую колькасць нацыянальных асаблівасцей, што дазваляе лічыць іх за разнавіднасці беларускага нацыянальнага касцюма.

Тэрмін «касцюм» звычайна выкарыстоўваецца ў двух значэннях:

  • Класічны камплект, які складаецца:
  • Адзенне, якое адрозніваецца характэрным стылістычным і вобразным адзінствам.

Слова «касцюм» славянскія народы запазычалі з французскай мовы (фр.: costume), якое перакладалі як «звычай, традыцыя, манера». Упершыню гэта слова сустракалася ў XVIII ст. Перад гэтым славяне звычайна выкарыстоўвалі словы «сукенка, ризы, покров».

Касцюм — гэта пэўная сістэма прадметаў і элементаў адзення, абутку, аксесуараў, якая адлюстроўвае сацыяльную і нацыянальную прыналежнасць чалавека, яго пол, узрост, заняткі, прафесію. У тэрмін «касцюм» уваходзяць адзенне, фрызура, касметыка, галаўны ўбор, пальчаткі, упрыгожанні[1].

Датычна беларусаў, калі кажуць «нацыянальны касцюм», звычайна маюць на ўвазе традыцыйны сялянскі касцюм. Аднак, культуролагі вылучаюць прынамсі тры катэгорыі беларускага нацыянальнага адзення:

Значэнне нацыянальнага касцюма

[правіць | правіць зыходнік]

Нацыянальны касцюм — тая частка духоўнай і матэрыяльнай культуры, дзе найбольш ярка праяўляюцца этнічныя асаблівасці. Кожны народ стварае яго паводле сваіх эстэтычных і этычных уяўленняў. Касцюм з’яўляецца часткай рэальнасці, таму ўплывае на светаўспрыманне і ўздзейнічае на пачуцці чалавека. Гісторыя касцюма дазваляе атрымаць уяўленне і асэнсаваць мінулае народа і яго традыцыі, нормы ўзаемаадносін і лад жыцця.

Гісторыя вывучэння

[правіць | правіць зыходнік]

Усебаковае вывучэнне сялянскага касцюма беларусаў пачалося ў XIX ст. і было звязанана з цікавасцю беларускіх і замежных навукоўцаў да духоўнай культуры і побыту гэтага славянскага народа. З прадметаў матэрыяльнага побыту беларусаў пачалі нават складаць асобныя і багатыя калекцыі[2]. Яны прадстаўляюць сабой багаты матэрыял для параўнальнага вывучэння сялянскага касцюма розных рэгіёнаў. У іх склад уваходзіць жаночае і мужчынскае адзенне, набытае ў этнаграфічных экспедыцыях супрацоўнікамі музеяў у раёнах Беларусі[3]. Некаторыя вынікі і ўзоры адзення былі апублікаваныя ў XIX — пачатку XX ст. Менавіта ў азначаны перыяд назапасілася даволі шмат звестак пра народныя традыцыі, побыт, антрапалагічныя асаблівасці прадстаўнікоў сялянства, іх адзенне і фальклор. У 1920-я гг. распрацоўваліся новыя кірункі ў этналагічных даследаваннях, у тым ліку паводле новых даследчых методык:

Пісьмовыя звесткі пра беларускі касцюм даволі шматлікія: інфармацыя сустракаецца ў агульнагістарычных, краязнаўчых і спецыяльных выданнях. Дагэтуль, напрыклад, высока цэніцца праца І. Георгі  (руск.) «Апісанне ўсіх народаў, якія селяцца ў Расійскай дзяржаве»[4]. Звесткі пра касцюм таксама можна знайсці ў матэрыялах, сабраных у XIX ст. афіцэрамі Генеральнага штаба Расійскай Імперыі ў асобных тамах[5]. У. Ф. Мілер у сваім творы аб’яднаў матэрыялы, якія былі сабраныя ў беларускіх губернях на Усерасійскую этнаграфічную выстаўку 1867 г. у Маскве[6]. Грунтоўнымі для даследчыкаў з’яўляюцца матэрыялы з архіваў Імператарскага Рускага Геаграфічнага таварыства, частка з якіх была апублікавана ў этнаграфічных, гістарычных часопісах і асобнымі выданнямі[7]. Культура беларусаў, у тым ліку і народнае адзенне, была аб’ектам даследаванняў шэрагу польскіх навукоўцаў[8]. Значны ўклад у апісанні і асэнсаванні нацыянальных касцюмаў не толькі беларусаў, але і ўвогуле ўсходніх славян, зрабіла Г. С. Маслава[9].

Вокладка альбома «Беларускія народныя строі» (2014) Міхася Раманюка: сяляне ў маларыцкім строі

У другой палове XX ст. даследаванні беларускага нацыянальнага касцюма былі засяроджаны на яго этыялогіі, прычым дамінавалі ў гэтай галіне менавіта беларускія этнографы: Л. Малчанава[10], Г. Курыловіч, А. Дулеба, В. Цітоў[11]. Беларускія этнографы правялі этнаграфічнае вывучэнне ўсіх раёнаў Беларусі і назбіралі матэрыялы, якія сведчылі пра багатую разнастайнасць касцюма беларусаў і дазволілі вызначыць мясцовыя асаблівасці яго рэгіянальных варыянтаў.

Адным з найбольш вядомых аўтараў, які распрацоўваў мастацтвазнаўчы кірунак у даследаванні беларускага сялянскага касцюма быў Міхась Раманюк. Ён стварыў альбом «Беларускае народнае адзенне» (1981) — збор фатаграфічных матэрыялаў, аналаг якога ў час яго выдання не мелі ні прыбалты, ні ўкраінцы, ні рускія[12][13]. Альбом ствараўся на падставе архіваў Рускага Геаграфічнага таварыства, беларускіх музеяў і ўнікальных этнаграфічных калекцый самога аўтара. Скарочаная версія альбома выдавалася ў 2003 і 2014 гадах[13]. Міхась Раманюк вядомы таксама па шматлікіх навуковых артыкулах у беларускіх энцыклапедыях[14].

Пасля Першай сусветнай вайны агульная для еўрапейскіх краін тэндэнцыя да абмежавання штодзённага выкарыстання народнага адзення не абмінула і Беларусь, аднак тэма нацыянальнага касцюма ўсё яшчэ застаецца вельмі актуальнай для даследчыкаў. Асаблівую цікавасць для вучоных уяўляе адносна слаба вывучаны (у параўнанні з касцюмам XIX—XX стст.) касцюм беларусаў часоў Вялікага Княства Літоўскага: інфармацыю пра гэты перыяд можна знайсці ў актавых дакументах[15], лістах, інвенатарах маёнткаў і вопісу маёмасці, успамінах, нататках вандроўнікаў, летапісах[16], хроніках[17] і г. д.[18] Вядучай навукова-даследчай установай у сферы вывучэння беларускага нацыянальнага касцюма з’яўляецца Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы НАН Беларусі. У 2007 г. у дзвюх кнігах былі апублікаваны вынікі грунтоўных даследаванняў супрацоўніц інстытута Валянціны Бялявінай і Любові Ракавай, дзе ўпершыню цалкам быў ахарактарызаваны беларускі нацыянальны касцюм усіх саслоўяў і перыядаў[19].

Рэканструкцыя традыцыйных тэхналогій вытворчасці нацыянальнага касцюма і адаптацыя іх да сучаснасці ажыццяўляецца ў навукова-вытворчым унітарным прадпрыемстве «Скарбніца» (г. Мінск, Беларусь).

Кароткая гісторыя касцюма

[правіць | правіць зыходнік]
«Сяляне з ваколіц Гродна» (мастак — Ян Лявіцкі)

Умерана кантынентальны клімат, працяглая зіма і негарачае лета вымушалі жыхароў тэрыторыі сучаснай Беларусі карыстацца закрытым і цёплым адзеннем[20]. Рэгіянальныя асаблівасці адзення тут пачалі назірацца ўжо ў I тыс. н.э.[21] У пачатку II тыс. н.э. адбыўся пераход ад пахаванняў па абрадзе трупаспальвання да пахаванняў па абрадзе трупапалажэння (пры якім захоўваецца шмат прадметаў), што дазволіла вучоным лепей вывучыць гэты перыяд[22]. Самым важным этнавызначальным элементам касцюма таго часу былі галаўныя ўборы, у першую чаргу, жаночыя скроневыя кольцы, якія прымацоўваліся да галаўнога ўбору, упляталіся ў валасы або насіліся як завушніцы. Картаграфаванне такіх аздабленняў дазволіла акрэсліць межы пэўных абшараў, якія былі блізкія да асноўных этнаграфічных, хоць самыя простыя дротавыя пярсцёнкападобныя скроневыя кольцы былі распаўсюджаны амаль па ўсёй Усходняй Еўропе.

Вялікую цікавасць для даследчыкаў прадстаўляе касцюм XI—XII стст., калі на тэрыторыі сучаснай Беларусі вельмі актыўна ішлі працэсы славянізацыі мясцовага балцкага насельніцтва і працэсы культурнага ўзаемадзеяння.

Фарміраванне ўласна беларускага традыцыйнага касцюма і яго асаблівасцей пачалося ў часы Вялікага Княства Літоўскага. Патрыярхальны лад жыцця ў беларускіх паселішчах і вядзенне натуральнай гаспадаркі спрыялі таму, што многія тыповыя рысы традыцыйнага касцюма (простыя формы адзення, прамалінейны крой, перавага белага, чорнага і чырвонага колераў у аздабленні і ромба-геаметрычнага арнаменту) захаваліся ад старажытных часоў да канца XIX — пачатку XX ст.

Лакальныя разнавіднасці сялянскага строя

[правіць | правіць зыходнік]

На тэрыторыі Беларусі даследчыкі вылучаюць больш за 30 разнавіднасцяў традыцыйнага сялянскага касцюма, даволі строга прывязаных да пэўнай мясцовасці.

Апісанне мужчынскага касцюма

[правіць | правіць зыходнік]
Традыцыйнае верхняе летняе адзенне беларускіх сялян, XIX ст. (Музей старажытнабеларускай культуры)

Гісторыя змен мужчынскага касцюма на Беларусі дазваляе больш глыбока зразумець патрэбы, эстэтычныя густы, сімволіку духоўнай і матэрыяльнай культуры і быт беларусаў, якія адлюстроўваюць характар таго ці іншага перыяду гісторыі і ўмовы прыроднага асяроддзя.

Плечавое і паясное адзенне

[правіць | правіць зыходнік]

Самай старажытнай часткай мужчынскага плечавога адзення беларусаў з’яўляецца кашуля («сарочка», «рубаха», «лянка», «срачыца»)[23]. Найболей тыповым узорам мужчынскай кашулі была тунікападобная льняная кашуля без швоў на плячах, якая не мела каўняра, але мела разрэз пасярэдзіне грудзіны. На шыі кашуля зашпільвалася на гузік альбо завязвалася стужкай, тасёмкай. Тунікападобная кашуля была таксама найболей старажытным відам мужчынскай нацельнай вопраткі ў народаў Прыбалтыкі, Паволжа і Дагестана[24].

Пачаткова ва ўсходніх славян мужчынская кашуля была доўгай, часам нават да калена, і яе насілі разам са штанамі. Па сцёгнах яна была падпяразана поясам, якія са старажытных часоў былі ільняныя ці суконныя[25].

У розных рэгіёнах Беларусі ў канцы XIX — пачатку XX ст. мужчынскае паясное адзенне мела свае назвы: «штаны», «нагавіцы», «ганавіцы», «парты», «учкуры», «майткі»[26]. Мужчынскія штаны ў раннім Сярэднявеччы былі нешырокімі і іх кроілі з прамых палотнішчаў, перагнутых па аснове. Паміж палотнішчамі ўшываліся ўстаўкі ці кліны. Пояс быў нешырокі і завязваўся вакол таліі[27].

У якасці ўпрыгожвання да адзення ў X—XIII стст дадавалі нашыўныя металічныя спіралькі, бляшкі ці пранізкі. Неабходным элементам мужчынскага касцюма быў скураны, тканы, плецены ці шаўковы пояс, да якога прымацоўваліся падвескі-амулеты[28].

У ліку хатняга і вулічнага кароткага адзення гараджан і шляхты ў часы ВКЛ выступалі жупіцы, казыянкі, кабаты, сукенкі, камізэлі. Жупіца — кароткі лёгкі каптан з рукавамі ці без іх, а казыянка — разнавіднасць кароткага лёгкага каптана, якая шылася як з рукавамі ці без іх. Кабат — кароткі, да паловы сцёгнаў каптан з рукавамі і без рукавоў[29].

Станіслаў Антоні Шчука ў чырвоным кунтушы і з прычоскай «падголены лоб». Партрэт каля 1740 г.

Вулічным і хатнім плечавым адзеннем мяшчан і шляхты ВКЛ, якое апраналася паверх кашулі, быў жупан — даўгаполая вопратка з сукна ці шаўковых тканін, пашыраная ўніз ад лініі таліі, якая ад каўняра да таліі зашпільвалася на гузікі. Зімовыя цёплыя жупаны рабілі на падкладцы з ваўняных тканін, часам падбівалі ватай. Жупаны падпяразваліся суконнымі, скуранымі, а пазней і шаўковымі замежнымі ці мясцовага вырабу паясамі. Спінку жупана рабілі прыталенай, а полы суцэльнымі. З сярэдзіны XVII ст. жупан сталі насіць разам з кунтушом. Па гэтай прычыне пояс ужо завязваўся не на жупане, а на кунтушы. Змяніўся таксама і крой жупана, якога пачалі прызборваць ззаду. Шырокія рукавы жупаноў часта мелі каля запясця шчыльныя фігурныя манжэты даўжынёй амаль да пальцаў. Жупан звычайна шылі аднаго колеру, а кунтуш — іншым. Кунтушы таксама насілі і мяшчане ў часы ВКЛ, але для іх гэта быў толькі святочны ўбор[30].

Граф Крыштаф Хадкевіч у жупане з шубай і прычоскай «падголены лоб». Партрэт сярэдзіны XVII ст.

У 1764 г. сойм Рэчы Паспалітай упершыню зацвердзіў каляровую гаму шляхецкіх мундзіраў для кожнага рэгіёна дзяржавы (ваяводства і павета), што шляхта павінна была выконваць у час афіцыйных мерапрыемстваў.

У Расійскай Імперыі да Лістападаўскага паўстання (1830—1831) шляхта ў час афіцыйных мерапрыемстваў карысталася традыцыйнымі шляхецкімі строямі, якія былі сфармаваны ў часы Рэчы Паспалітай, а таксама мела права адкрыта насіць зброю, хоць магла насіць і агульнаеўрапейскія касцюмы. У 1831 г. адкрытае нашэнне традыцыйнай шляхецкай вопраткі (кунтушы, дэліі, жупаны, канфедэраткі) было забаронена, бо лічыліся праявай апазіцыйнасці да расійскай улады. Таму сярод дваранства Беларусі распаўсюджанымі сталі агульнаеўрапейскія касцюмы, сярод якіх папулярным стаў дваранскі (гусарскі) касцюм венгерскага ўзору («венгерка») і стаў своеасаблівай заменай нацыянальнага з часоў Рэчы Паспалітай[31].

У часы Лістападаўскага паўстання (1830—1831) і Студзеньскага паўстання (1863—1864) паўстанцы выкарыстоўвалі ў знак дэманстрацыі патрыятызму многія традыцыйныя віды і элементы шляхецкай вопраткі часоў Рэчы Паспалітай (жупаны, канфедэраткі і інш.). З 1864 г. сярод дваранства абсалютна стаў пераважаць свецкі касцюм агульназаходнееўрапейскага ўзоры альбо службовыя мундзіры чыноўнікаў і вайскоўцаў Расійскай Імперыі, а забароненыя расійскай уладай для публічнага нашэння традыцыйныя касцюмы часоў Рэчы Паспалітай ашчадна захоўваліся ў скрынях.

Напалеон Феліксавіч Яленскі (злева) і Геранім Феліксавіч Кеневіч (1834—1864), маянткоўцы Мазырскага павета ў венгерскіх гусарскіх касцюмах. Фота пачатку 1860-х гг.

З другой паловы XIX ст. традыцыйная тунікападобная кашуля ў беларускіх сялян пачала замяняцца на кашулю з палікамі. Асаблівасць крою гэтай кашулі — наяўнасць прамых плечавых уставак. У такіх кашулях разрэз рабіўся пасярэдзіне грудзіны і меў даўжыню каля 30 см. Вакол вората кашулі тканіна збіралася ў дробныя зборачкі, да якіх прышывалі адкладны ці невысокі стаячы каўнер з прарэзкамі на канцах, дзе ворат кашулі завязваўся праз гэтыя прарэзкі каляровай стужкай альбо зашпільваўся металічнай запінкай. Пад пахамі для зручнасці рухаў у кашулю ўшывалі квадратныя палатняныя ўстаўкі. Рукавы рабіліся простыя ці з манжэтамі, а тканіна каля апошніх таксама прызборвалася ў дробныя зборачкі. Святочныя і вясельныя кашулі аздабляліся арнаментам ці малюнкам па каўняры і канцах рукавоў — пры дапамозе тканага ці вышытага крыжыкам узора з баваўняных ніткамі чырвонага колеру, а часта дадаткова і чорнага колеру[32]. Кашулі з палікамі ў канцы XIX — пачатку XX ст. найбольш шырока былі распаўсюджаны на Палессі[33] і выкарыстоўваліся ў Заходнім Палессі аж да пачатку Другой сусветнай вайны.

Кашулі, якія сяляне насілі ў часы працы па будням, шылі з больш грубага палатна і ніяк не ўпрыгожваліся. Аднак абавязкова да сярэдзіны спіны падшывалі «падаплеку», каб кашуля меней зношвалася. Чыста белая (без упрыгожванняў і ўзораў) кашуля выкарыстоўвалася сялянамі для пахаванняў і звычайна рыхтавалася гаспадарамі загадзя[34].

Паясным адзеннем беларускага вясковага насельніцтва ў сярэдзіне XIX — пачатку XX ст. заставаліся штаны. Іх выгатаўлялі з больш грубага, чым кашуля, даматканага палатна летам, а зімой — з шэрага, чорнага, альбо карычневага даматканага сукна. На Палессі быў шырока распаўсюджаны тып штаноў, вядомы пад назвай «штаны з шырокім крокам», якія шыліся без бакавых швоў і кішэняў, з шырокай верхняй часткай і звужанымі да нізу калашынамі[35].

Звычайна штаны кроілі, склаўшы адрэзаны для кожнай калашыны кавалак тканіны ўдвая па даўжыні, а пасля ад ніжняй часткі калашын адразалі клінападобныя кавалкі, каб яны звужваліся да нізу. Сваёй даўжынёй штаны ў мэтах эканоміі тканіны не даводзілі да шчыкалаткі. Знізу ногі да паловы галёнкі абкручвалі анучамі ці суконкамі, на якія апраналі лапці ці боты. Штаны ўсіх тыпаў у канцы XIX — пачатку XX ст. у традыцыйным сялянскім касцюме шыліся на поясе, а спераду мелі разрэз. Пояс штаноў быў шырынёй 3—4 см і зашпільваўся на касцяныя, металічныя і самаробныя гузікі ці драўляную палачку[36].

Верхняе адзенне

[правіць | правіць зыходнік]
Маладыя ў вясельных строях, в. Гошча каля Івацэвічаў), пачатак XX ст. (Музей старажытнабеларускай культуры)
Гравюра «Сяляне з ваколіц Барысава», раней 1847 г. Мастак Юзаф Азямблоўскі

Мужчынскае верхняе адзенне, як і касцюм у цэлым, адлюстроўвала прыналежнасць да пэўнага саслоўя і пазіцыі на ўнутрысаслоўнай іерархіі лесвіцы, на вярху якой быў вялікі князь (кароль). Касцюм вялікіх князёў увасабляў і дэманстраваў моц і багацце дзяржавы. Важную ролю мела сістэма сімвалаў, якая абавязкова аблюстроўвалася ў касцюме князя — выключныя для статусу колер і малюнкі тканіны, наяўнасць спецыфічных галаўных убораў і дэталяў, каштоўных упрыгожванняў і рэдкага футра[37].

Колер меў хрысціянскую сімволіку. Залаты, белы і пурпуравы колеры лічыліся колерамі манархаў. Залаты колер у адзенні манарха і знаці быў сімвалам Боскай энергіі, чысціні, а таксама эмблемай багацця, сілы, адданасці; жоўты — колер сонца і яго сімвал; белы — колер Боскага святла; чырвоны — сімвал агня веры і Боскага полымя, пакуты і ўлады, прэстыжу, мужнасці; зялёны — сімвал юнацтва, жыцця і надзеі, флоры; сіні (блакітны) — рай і нябёсы; чорны колер — сціпласць, адукаванасць, а таксама смутак, гора, небыццё. Найбольш папулярнай каляровай гамай у адзенні знаці ў часы феадалізму былі спалучэнні чырвонага, сіняга, зялёнага[38].

Вылучаюць два варыянты касцюма манарха — штодзённы і парадна-цырыманіяльны. Верхняй вопраткай у парадна-цырыманіяльным варыянце касцюма манарха была каштоўная пурпурная мантыя, якая аздаблялася гарнастаевай  (ням.) падшыўкай і злучалася зашпількай на аграфы каля шыі або на правым плячы, каб правая рука была свабоднай і трымала меч, які быў сімвалам ваеннай моцы і палітычнай улады[37].

З XIII ст. у ВКЛ сярод знаці папулярнай верхняй вопраткай стаў атхабень з доўгімі рукавамі і зашпількай на фібулу ці завязкай: ён быў шырокай вопраткай, падобнай на аднарадку, толькі з адкідным каўняром, які дасягаў паловы спіны. Доўгія рукавы атхабеня закідваліся за плечы, а для рук меліся адпаведныя прарэзкі. Штодзённыя атхабені шыліся з сукна, воўны, а святочныя — з парчы, аксаміту, лепшых гатункаў шоўку[37].

У канцы XIV — пачатку XV ст. вялікі князь і знаць ВКЛ насілі вопратку паводле агульных заходнееўрапейскіх тэндэнцый і мод. Адрозненні меліся толькі ў якасці матэрыялу і ўпрыгожванняў. У ліку верхняй вопраткі вялікага князя і яго прыдворных былі кабат, плашч, плашч-мантыя, футра, якія складаліся з дарагой тканінай, падбітай футрам, вялікага футравага каўняра і апухай па падоле, шматлікі каштоўных гузікаў. На грудной частцы адзення знаці ў XVIXVIII стст. часта вышываўся геральдычны знак[39].

У ліку зімовага адзення мужчын розных саслоўяў былі шуба, кажух, ваўчура, тулуп, футра, чуга. Верхняй зімовай вопраткай прывілеяванага саслоўя звычайна былі дарагія шубы, у якіх спод рабіўся з футра гарнастая  (ням.), рысей  (ням.), куніц, лісіц, баброў, выдраў, собаляў і вавёрак[40]. У адрозненні ад жаночых шуб, якія былі прыталеныя, мужчынскія шубы былі доўгімі і прамога крою. Шубы знаці аздабляліся зверху атласам, аксамітам, камкай, тафтой, сукном, упрыгожваліся карункамі, залатымі і срэбранымі гузікамі, зрэдку шнурамі з кісцямі, і былі парадным адзеннем. У паўсядзённым жыцці верхнім зімовым адзеннем была ваўчура, якую шылі з воўчых ці мядзвежых шкур і выкарыстоўвалася паверх кунтуша. Ваўчуру аздаблялі пунсовым атласам і завязвалася пад шыяй тоўстымі, срэбнымі ці залатымі шнурамі[41]. Кірэя была плашчападобным адзенне прамога крою з тоўстага сукна кіра, ад якога яна і атрымала сваю назву[42]. Зімовыя кірэі часта падшываліся мядзведзямі[43]. У міжсезонні і зімой у ліку верхняй вопраткай гараджан і шляхты была таксама капота, якая была двубортнай з адкладным каўняром і абшлагамі па рукавах, а ззаду і з бакоў — з вялікімі складкамі ці зборкамі. Яна зашпільвалася на плеценыя альбо шаўковыя гузікі. Зімовыя капоты падбіваліся футрам і абвязваліся літым поясам.

Кажух звычайна быў зімовым адзеннем больш нізкіх сацыяльных праслоек — майстроў, службітаў шляхецкага двара, чаляднікаў, пляцовай варты[44].

Традыцыйная верхняя вопратка сялян шылася з тоўстага і грубага даматканага сукна і захоўвала свае асноўныя рысы: была зручнай для працы і жыцця, шылася з танных тканін і футра. Верхняя вопратка шылася з сярмяжнага сукна хатняй вытворчасці і была як натуральных колераў (белага, шэрага, чорнага), так і пафарбаваная ў карычневы, руды, жоўты колеры (пры дапамозе карэнняў, кары, траў).

Галаўныя ўборы

[правіць | правіць зыходнік]
Зімовыя галаўныя ўборы сялян і мяшчан, гравюра XIX ст.

Галаўныя ўборы мелі выключна важнае месца ў мужчынскім комплексе адзення, бо заўсёды завяршалі строй і былі адзнакай сацыяльнага стану, прафесійнай, этнічнай, полаўзроставай прыналежнасці чалавека. Чалавек без галаўнога ўбора на вуліцы ўспрымаўся звычайна як бедны, хворы, пагарэлец[45].

Князь Вітаўт у кароне на карціне «Грунвальдская бітва» (мастак — Ян Матэйка)

Паводле няпісаных правілаў, шапку трэба было здымаць перад больш знатнымі людзьмі, духоўнымі асобамі, а таксама ўваходзячы ў хату, храм і ў залу суда. Збіване шапкі з галавы іншага чалавека лічылася маральным праступкам і асуджалася грамадствам[45].

Мікалай Паўлавіч Сапега (каля 1525—1599). Партрэт 1709 г.
Брыль

У якасці матэрыялу для галаўных убораў выкарыстоўваліся скуры дзікіх звяроў, якія меліся ў вялікай разнастайнасці і колькасці ў мясцовых лясах, — рысі, ваўкі, мядзведзі, куніцы, сабалі, вавёркі, бабры, выдры і інш. Для заможных людзей выкарыстоўвалі дарагое футра — собаля, рысі, леапарда, бабра, гарнастая, выдры, а для сялян патанней — авечкі, лісы, зайца, труса. Існавалі розныя па пакроі футравыя шапкі, якія шыліся са скуры, лямцу, воўны, сукна, футра і ўпрыгожваліся бронзавымі спіральнымі пранізкамі, фібуламі і бляшачкамі[46].

У X—XIII стст. форма княжацкіх шапак была паўсферычнай ці конусападобнай. Верх іх шылі з дарагой тканіны яркага (чырвонага, жоўтага, сіняга) колеру ці двух колераў. Абшывалі шапкі па нізу футравай апухай[47].

Святочным і прадстаўнічым сімвалам улады вялікага князя (караля) з XIII ст. былі каштоўныя карона і карона-стафанас. Карона-стафанас мела нізкую туллю і ўпрыгожвалася ў цэнтры крыжам і дзвюма прымацаванымі падвескамі-перпендуламі (ніцямі з каштоўнага металу ці жэмчугу)[48].

Баяры і мяшчане ВКЛ насілі шапку конусападобнай формы — «шлык», а таксама «каўпакі» і «каптуры», якія была цалкам з футра ці сукона, падбітага футрам[49].

Сярод знаці была пашыранай ва ўжытку маленькая шапачка пад назвай «ялмонка», «ермынка», «елмынка», «ялмынка», якую насілі пад іншага роду шапкай[50]. Такая шапачкая была тыповай шапкай духавенства, мела невялікі памер і толькі прыкрывала макушку.

Саламяныя капелюшы (брылі) у XVII—XIX стст. былі летнім галаўным уборам сялян, гараджан і нават сярэднезаможнай шляхты на вёсцы[43]. Яны выкарыстоўваліся побач з лёгкімі шапкамі з тканіны блакінага колеру. Саламяныя шапкі пляліся з жытняй ці пшанічнай саломы, радзей — з чароту[51]. Заможнае дваранства ў XIX ст. адмовілася ад саламянага капелюша.

Граф Аляксандр Францішак Хадкевіч (1776—1838) у канфедэратцы. Малюнак 1822 г.

У XVIII — пачатку XIX ст. шляхта насіла канфедэратку, якія аздабляліся часта пер’ямі рэдкіх птушак. У XIX ст. сярод заможнага двараства ў моду ўвайшлі капелюшы цыліндрычнай формы («цыліндры»). Цыліндры былі з шырокімі закручанымі ці вузкімі плоскімі палямі, іх часта змяняліся[52].

Традыцыйным зімовым мужчынскім галаўным уборам селяніна была шапка-вушанкавушанка», «зімка», «аблавуха», «аблавушка»), якую шылі з аўчыны ці футра лісіцы, зайца, вавёркі, ваўка. Да паўсферычнай асновы шапкі-вушанкі прышывалі 4 крылы («вухі»). Пярэднія і заднія крылы паднімалі і завязвалі зверху на макушцы, а бакавыя — пад падбародкам. Аблавуха была вельмі цёплай і цяжкай (важыла чатырох фунтаў)[53]. Зверху аблавуху пакрывалі сукном хатняй вытворчасці, а часам (для большай цеплыні) падбівалі пакляй ці лямцам, — і тады яна нагадвала старажытную трохвуголку з адрэзаным ці загнутым пярэднім вуглом. Для замацоўцы на галаве на вушы і шыю спускаліся адвароты, якія задзіралі ўверх, ці дадаткова шнуркамі[54].

У канцы XIX ст. сярод традыцыйных галаўных убораў сялян сустракалася «капуза» — вельмі высокая і значных памераў шапка, якая шылася са скуры маладога ягняці. «Вушы» капузы ў сцюжу завязвалі пад падбародкам, а ў цёплае надвор’е — паднімалі і завязвалі зверху. Сяляне называлі капузу шапкай у «паўтара барана»[55].

Фуражкі-картузы хутка распаўсюдзіліся сярод сялян і сталі асноўным уборам мужчын у пачатку XX ст. Іх насілі і дарослыя, і дзеці. Картуз меў прыгожы каляровы аток, каляны казырок, што надавала гаспадару сур’ёзны і ўрачысты выгляд[56]. У другой палове XX ст. фуражка паступова страціла сваё былое бытавое значэнне і стала галаўным уборам для супрацоўнікаў «сілавых» міністэрстваў (ваенных, пагранічнікаў, мытнікаў і г.д.). У гэты жа час з’явіўся новы галаўны ўбор — «кепка», шытая з сукна ці палатна і папулярная да сённяшняга часу.

З XIX ст. на вёсцы і ў горадзе былі таксама папулярнымі вязаныя галаўныя ўборы з ільняной ці ваўнянай пражы, часта ў форме каўпака. Вязаць іх было зручна, як доўгую панчоху, краі якой адгіналіся некалькі разоў. У другой палове XX ст. яны значна распаўсюдзіліся[57].

Сёння галаўныя ўборы селяніна і гараджаніна амаль не адрозніваюцца.

Абутак складае важную частку касцюма і абараняе ногі ад уздзеяння холаду, бруду, вільгаці і механічных пашкоджванняў вострымі камянямі, калючкамі, каранямі дрэў, якія выступаюць над паверхняй глебы[58].

Якасць і матэрыялы абутку залежалі ад яго канкрэтнага прызначэння, стану эканамічнага і культурнага развіцця грамадства, кліматычных умоў, тэхнічнага прыёму вырабу і мясцовых звычак[58]. Самым старажытным відам абутку на тэрыторыі Беларусі былі плеценыя з лыка, лазовай і вязавай кары лапці. Скураны абутак сустракаўся ў тую пару надзвычай рэдка, што тлумачыцца тагачаснымі ўяўленнямі сялян: калі памерлага пахаваць у скураным абутку, то жывёла, са скуры якой зроблены абутак, на тым свеце будзе турбаваць нябожчыка, патрабуючы назад сваю скуру[58].

Селянін-гандляр у саламяным капелюшы, абуты ў лапці, на кірмашы ў Пінску (Заходняя Беларусь). Фота 1937 г.

Лапці як від абутку вясковага насельніцтва сустракаюцца ў XVI—XVII стст.[58] У адрозненне ад вясковага насельніцтва, у шырокім ужытку гараджан ВКЛ былі розныя віды скуранога абутку — са скуры мясцовай буйной і дробнай рагатай жывёлы: кароў, цялят, авечак і коз[58]. На падэшвы часцей за ўсё ішла скура быкоў і спінная частка каровіных скур. Старажытны працэс вырабу скур быў такім: скуру макалі ў рацэ або чанах у растворы вапны ці попелу, а пасля пры дапамозе нажоў-тупікаў з вонкавай паверхні скуры выдалялі поўсць, а з ніжняга боку здымалі мяздру[59].

Вендэнскі падстолі Ян Аляксандр Сегень. Фрагмент іконы «Пакланенне вешчуноў» (каля 1514 г.) з Петрапаўлаўскага касцёла ў вёсцы Дрысвяты

Найбольш старажытным і простым тыпам скуранога абутку гараджан у X—ХІІІ стст. былі поршні[60]. Поршні вырабляліся з аднаго кавалка скуры, краі якога загіналіся вакол ступні, ствараючы галоўку, заднік і бакі. Для замацавання поршняў на нагах рабілі скразныя проразі па ўсім перыметры загатоўкі, праз якія працягваліся раменныя аборы. З мэтай мастацкага аздаблення на насках поршняў часам рабілі проразі, у якія ўпляталі скураныя раменьчыкі, і стваралі ажурныя ўзоры пры шнуркамі пры завязцы. У гутарковай мове гараджан поршні звычайна называліся «лапцямі»[61].

Самым распаўсюджаным абуткам сялян і мяшчан у XI—XIII стст. былі чаравікі, якія мелі борцікі (берцы), што закрывалі шчыкалатку. Паводле крою яны падзяляліся на два віды: з трохкутным выразам на задніку і з закругленым наском і пятой. Верх чаравікоў выкройвалі з аднаго кавалка скуры. Да яго прышывалі падэшвы з такога ж матэрыялу пры дапамозе ільняных наваскаваных нітак. Увесь абутак быў мяккі і вываратны. Праз проразі ніжэй шчыкалаткі чаравікі сцягвалі раменьчыкам, які завязваўся ззаду[61].

У X-ХІІІ стст. туфлі нагадвалі сучасныя чаравікі, толькі з нізкімі борцікамі, і ўпрыгожваліся ажурным перапляценнем скураных раменьчыкаў. Кароткія чаравікі і паўчаравікі мелі вышыню халяў не больш за 20 см[62].

Боты гарадскіх жыхароў ХІІ—ХІІІ стст. былі мяккім абуткам з халявамі і без абцасаў. Яны вырабляліся мясцовымі рамеснікамі вываратным спосабам і былі двух тыпаў: выцяжныя без перадоў і з прышыўнымі перадамі. У першым выпадку боты сшывалі з дзвюх загатовак, адна з якіх у пад’ёме нагі плаўна пераходзіла ў галоўку бота і складала з ёю адзінае цэлае. Да халяў у такіх ботаў прышывалі перады і трапецападобныя заднікі. Падэшвы былі сіметрычныя, амаль авальныя і прымацоўваліся да верху абутку вываратным швом[63]. Толькі зрэдку падэшва злучалася з загатоўкай[64]. Пасля выварочвання ў такіх ботах па перыметры падэшвы атрымоўваўся бардзюр наўзор ранта, які засцерагаў верх абутку ад сутыкнення з зямлёй[65]. Абцасаў у ботах не было, яны ўвайшлі ва ўжытак гараджан толькі з XIV ст.[66]

Абцасы бот XIV—XV стст. былі нізкія і займалі толькі адну трэцюю пяты і звычайна рабіліся наборнымі, з некалькіх слаёў скуры, і мацаваліся да падэшвы металічнымі падкоўкамі, у якіх былі шыпы і адтуліны для цвікоў. На працягу XVI—XVII стст. абцасы паступова сталі больш шырокімі, ахопліваючы спачатку палову, а потым усю пятку. У XVIII ст. яны набылі завужаную да нізу форму. Звычайным стаў і драўляны, абцягнуты скурай і завужаны ўніз абцас, вышынёй да 5 см. Да іх цвікамі прыбіваліся плоскія дугападобныя падкоўкі[67].

У другой палове XVI — першай палове XVII ст. сярод багатай шляхты і вярхушкі гараджан становяцца папулярнымі скураныя паўботкі, якія шылі з саф'яну жоўтага колеру з вылажэннем зверху на халяўцы[68].

Лапці бытавалі ў розных рэгіёнах пад самымі рознымі назвамі такімі, як «пасталы», «лыкі», «лычакі», «лазовікі», «вязнікі», «крыставікі», «бяспятнікі», «пяцеркі», «сямерыкі». Выраб лапцей прамога пляцення займаў 2-3 гадзіны, і кожны селянін, пачынаючы з падлетка, мог іх сплесці і меў адначасова некалькі пар і відаў лапцей[69]. У паўночнай і цэнтральнай Беларусі найбольшае пашырэнне мелі лапці з пярэдняй стракой для прадзявання абор — «глухія» лапці, «слепакі», «кавярзні», «куратнікі», «пяцерыкі»[70].

На Палессі былі распаўсюджаны ліпавыя або лазовыя «зрачыя» лапці, якія былі нядоўгавечнымі (да года ці меней)[71]. Адметнай іх асаблівасцю быў кароткі, з адкрытым верхам насок, у якім адсутнічала цэнтральная, вялікая страка для прадзявання абор, што і стварала «вока» (дзірку) лапця. «Зрачыя» лапці звычайна набывалі пад назвай «пасталы»[72].

Найпрасцейшыя лапці прамога пляцення «шчарбакі» былі неглыбокімі і лёгкімі, не мелі галовак і запятак. У іх замест «вушак» спераду рабілі дзве лыкавыя пятлі, а па баках — сплеценыя касіцай з танюсенькіх палосак лыка «заборнікі» для прымацавання абор. Яны лічыліся летнімі і прызначаліся для палявых работ і нашэння ў хаце і на агародзе[71]. Лепшымі лічыліся лапці з большай колькасцю пасак лык — «сямерыкі» (з 7 пасак)[71].

Лапці касога пляцення — «пахлапні» — плялі з глыбокімі круглымі насамі, высокімі запяткамі і бакамі. На іх выраб ішлі вузкія (не шырэй 1 см) паскі лыка, з якога папярэдне знімалі кару; паскі лыкаў шчыльна падганяліся адна да другой, таму на пахлапні патрабавалася амаль у тры разы больш лыкаў, чым на лапці прамога пляцення. Іх плялі на драўлянай калодцы, зробленай па памеру нагі. Падэшву пахлапняў падпляталі вітушкамі пянькі ці тонкімі вяровачкамі той жа спіцай, што выкарыстоўвалася пры падплятанні лапцей прамога пляцення, п. Выраб пахлапняў патрабаваў спецыяльных ведаў і навыкаў, таму іх выраблялі звычайна сяляне-рамеснікі і прадавалі на кірмашах. Яны каштавалі даражэй за звычайныя лапці ў 5-10 разоў, таму сяляне набывалі іх толькі для святаў і ўрачыстых выпадкаў (хрысціны, прыём гасцей, наведванне царквы, выезд на кірмаш) і часта насілі па некалькі гадоў[73].

Лапці апраналіся на анучы з тканіны. Летам матэрыялам ануч было старое белае палатно, а на зімнія анучы («суконкі») вырабляліся з кавалкаў старога андарака. Часта зімой суконкі дадаткова абгортваліся паверху белымі палатнянымі анучамі. У вялікія маразы закручаную суконкай ступню нагі яшчэ абкладвалі сенам або мяккай саломай, а пасля абгортвалі палатнянай анучай зверху[74].

Да нагі лапці мацаваліся пры дапамозе пяньковых, лыкавых або раменных абор, якія працягвалі праз усе «вушкі» лапця. Затым аборы перакрыжоўвалі на пяце і працягвалі праз сярэднія «вушкі» з бакоў лапця, што ўтварала па абодвух баках пяты петлі. Абкручаную анучай ступню нагі зацягвалі гэтымі петлямі накрыж у пад’ёме. Пасля гэтага голень нагі спіральна абгортвалася анучай і замацоўвалася пяньковымі, лыкавымі, ваўнянымі ці раменнымі аборамі[75].

Сялянамі ў асобных рэгіёнах зрэдку выкарыстоўваўся і абутак, зроблены цалкам з дрэва, які меў назву «хадакі», «чуні», «клумпы», «кандалы», «дзеравяшкі», «дзеравяннікі»[76].

Для засцярогі ад бруду і вільгаці сяляне надзявалі паверх ботаў, чаравікаў і валёнак галошы. Да сярэдзіны XIX ст. галошы вырабляліся са скуры, а ў 1850-я гг. з’явіліся гумавыя галёшы, якія атрымалі хуткае распаўсюджанне сярод гараджан, а ў пачатку XX ст. пачалі выкарыстоўвацца і вясковым насельніцтвам[77].

Разнастайныя аксесуары (пальчаткі, сумкі, фурнітура, паясы, ювелірныя вырабы) былі дадатковымі прадметамі і ўпрыгажэннямі касцюма і стваралі адзіны стылёвы комплекс з яго галоўнымі элементамі. Аксесуары надавалі касцюму лагічную і стылёвую завершанасць, выконвалі дадатковыя практычныя функцыі і выразна адлюстроўваюць розныя гістарычныя эпохі і перыяды матэрыяльнай і духоўнай культуры народа[78].

Падрабязней гл. таксама: Кунтушовы пояс
Слуцкі пояс — папулярны аксесуар сярод шляхты Вялікага Княства Літоўскага. Фота 2009 г.
Арнаментацыя традыцыйных сялянскіх мужчынскіх плеценых паясоў. Фота 2016 г.
Мужчынскія сялянскія паясы слуцкага тыпу, XIX ст.
«Пояс Вітаўта» — унікальны паясны гарнітур, знойдзены ў Маладзечанскім раёне. Фота 2013 г.

Самым важным дэкаратыўным элементам мужчынскага касцюма з даўніх часоў быў пояс, які лічыўся адным з галоўных абярэгаў чалавека і суправаджаў чалавека нязменна ва ўсіх жыццёвых праявах ад нараджэння да смерці[79]. Археолагі знаходзяць металічныя паясныя спражкі і разнастайнай формы бляшкі ад паясных набораў, якія датуюцца VI—IX стст.: круглыя, паразныя, упрыгожаныя арнаментам[80]. Апаясанне нованароджанага чалавека сімвалізавала сабою факт далучэння яго да грамадства. Чырвоны колер пояса абяцаў новаму члену супольнасці найлепшыя пажаданні лёсу і долі, шчасця і здароўя.

У Беларусі скурананыя, плеценыя, тканыя, вязаныя і вітыя паясы вясковага насельніцтва мелі розныя назвы: «пас», «крайка», «кушак», «учкур», «апаяска» і інш. Скураныя паясы бытавалі пад назвамі «рэмень», «дзяга», «папруга».

Поясам падпярэзваліся ніжэй жывата, такая манера назіралася ў беларускай вёсцы яшчэ ў канцы XIX стагоддзі. М. Я. Нікіфароўскі заўважае, што «паяўленне без шапкі і порткаў не здзівіць старонніх так, як паяўленне без апаяскі»[81].

У беларускіх «радзінных» песнях у жартаўлівай форме паказаны разгублены малады бацька, які спяшаецца пазваць павітуху[82]:

Бяжыць Якімка на бабулічку,
Бяз пояса ў адным чобаці[83].

Або:

Там бяжыць, бяжыць
Адрэй маладэй,
Ён і босы, і праставалосы,
А біс шубкі і біс пояса.[83].

У абедзвюх песнях адсутнасць пояса характарызуе бязладдзе ў адзенні[84].

На беларускіх землях пояс з’яўляўся ахвярным прадметам, які прыносіўся ў дар па абяцанні. Многа такіх паясоў паступала як «ахвяры» ў цэрвы і касцёлы — «ахвярныя» паясы[85].

Дробныя металічныя аксесуары

[правіць | правіць зыходнік]

Для замацавання дэталяў адзення і прымацавання да яго розных прадметаў служылі булаўкі-стрыжні з кольцападобнымі рухомымі галоўкамі.

У Х—ХІІІ стст. мужчыны насілі кольцы і пярсцёнкі з медзі, бронзы, серабра, волава, золата, якія звычайна рабіліся з круглага дроту, часта ў два ці тры абароты вакол пальца. Часта ў тыя часы выкарыстоўваліся і пласцінкавыя кольцы з ціснёным арнаментам і шырокасярэдзінныя[86]. Для ўпрыгожвання касцюма выкарыстоўваліся таксама ланцужкі, плеценыя з тонкага бронзавага дроту ці тонкіх вузкіх палосак[87].

У якасці ювелірных упрыгажэнняў з XII ст. сталі шырока выкарыстоўвацца гузікі — кастыльковыя, пляскатавыпуклыя, шарападобныя, якія выгатаўляліся з дрэва, косці, плялі з нітак, абцягвалі каштоўнымі тканінамі, адлівалі з розных металаў і металічных сплаваў[78].

Аксесуары на рукі

[правіць | правіць зыходнік]

Зімой насілі рукавіцырукавіцы», «вязёнкі», «сподкі», «ісподкі»), якія служылі для аховы рук ад холаду. «Рукавіцамі», «сподкамі», «ісподкамі» часцей за ўсё сяляне называлі рукавіцы, пашытыя з аўчыны. Вязаныя рукавіцы называлі звычайна «вязёнкамі», вельмі рэдка — «скарпэткамі»[88]. У сярэдзіне XIX ст. у святочныя дні сяляне насілі рукавіцы з афарбаванай у чырвоны колер скуры ці ваўняныя вязаныя пальчаткі з каляровым узорам[89].

Кашалькі і сумкі

[правіць | правіць зыходнік]

У ВКЛ гараджане і сяляне насілі на поясе каліту — скураную сумачку, дзе захоўвалі грошы і іншыя дробязі.

Гальштукі, стужкі і шыйныя хусткі

[правіць | правіць зыходнік]

Шляхта з XVII—XVIII стст. у касцюме выкарыстоўвала гальштукі і ордэны (некаторыя з якіх мацаваліся на стужках праз плячо).

Важным аксесуарам вясковага святочнага касцюма ў XIX — пачатку XX ст. служыў разрэзаны па дыяганалі кавалак крамнай тканіны, якая выкарыстоўвалася ў якасці шыйнай хусткі. Шыйную хустку звычайна насілі ў комплексе з сарочкай з адкладным каўняром у святы ці на кірмашы, гасцях, храме[90].

Важным аксэсуарам для свецкай шляхты ў ВКЛ была зброя: калі дома шляхціц заўсёды насіў пры сабе нож на поясе, то па-за межамі дома абавязковым прадметам прадстаўніка прывілеяванага саслоўя была шабля (пазней шпага).

У XVIII ст. заможная шляхта, калі насіла заходнееўрапейскія касцюмы, выкарыстоўвала парыкі, а пры нашэнні нацыянальнага шляхецкага касцюма галіла валасы на ілбе спераду, вакол вушэй і патыліцы. У XIX ст. парыкі выйшлі з моды, а нашэнне ордэнаў, медаляў і іншых знакаў адрознення працягвалася і было важным элементам дэманстрацыі статусу і заслуг на фоне аднатыпных агульнаеўрапейскіх касцюмаў[90].

У XIX — пачатку XX ст. у якасці дапаўнення ў касцюме гараджан выкарыстоўвалі гадзіннікі ў кішэні жылеткі на залатым ці срэбраным ланцужку.

Апісанне жаночага касцюма

[правіць | правіць зыходнік]
Жанчына з вёскі Ліпава ў традыцыйным і вельмі архаічным кобрынскім сялянскім строібелага і чырвонага колераў). Фота 1937 г.

Жаночы касцюм прайшоў на працягу стагоддзяў значную эвалюцыю. Менавіта сялянскае насельніцтва Беларусі захавала найбольшую частку архаічных элементаў і прадметаў касцюма, а сялянскі жаночы касцюм працяглы час захоўваў традыцыі ў касцюме, якія надавалі яму асаблівую важнасць з боку этнічнай характарыстыкі нацыянальнай матэрыяльнай культуры. Да XIX ст. часу ўжо трывала склаліся характэрныя асаблівасці і структура беларускага сялянскага жаночага касцюма, якія цяпер лічацца традыцыйнымі. А жаночы касцюм знаці, наадварот, яшчэ больш чым мужчынскі касцюм знаці, век ад веку страчваў і не захаваў выразна нацыянальных рыс, а заўсёды імкнуўся быць сугучны агульназаходнееўрапейскім тэндэнцыям.

Прадметы адзення сялянскага жаночага касцюма застаюцца дастаткова ўстойлівымі. У розных рэгіёнах Беларусі яны нязначна адрозніваюцца па кроі. У аснове крою — прастакутныя кавалкі матэрыі розных памераў, якія сшываюцца ўручную. Толькі ў канцы XIX — пачатку XX ст. пачалі шырока выкарыстоўвацца швейныя машыны, што прывяло да змянення ўпрыгожвання жаночага касцюма.

Класіфікацыя адзення па этыялогіі:

Плечавое адзенне

[правіць | правіць зыходнік]

Сарочка з’яўляецца адным з асноўных кампанентаў комплекса і магла быць адзіным адзеннем. У мінулым гэтая частка жаночага адзення мела ўніверсальнае прызначэнне. Гледзячы на гістарычныя крыніцы, крой сарочкі ўяўляў сабой прамавугольны кавалак тканіны, складзены ўдвая па нітцы скрутка, а ў месцы перагіну рабіўся выраз для гарлавіны.

Традыцыйнае святочнае верхняе летняе адзенне беларускіх сялянак (в. Дражна каля Старых Дарог), канец XIX ст. (Музей старажытнабеларускай культуры)

Да XIII ст. для ўпрыгожвання жаночага адзення выкарыстоўвалі металічныя пласціны, дрот, спіралькі. Яны нашываліся на тканіну ці проста ўтыкаліся ў яе. Таксама выкарыстоўвалася ўпрыгожванне нашыўкай з выкарыстаннем металічнай ніткі[91]. Пачынаючы з XIII ст. металічныя нашыўкі на адзенні былі паступова заменены на вышыўку з выкарыстаннем чырвоных і чорных нітак, якая стала самым папулярным і асноўным спосабам упрыгожвання тканага адзення. Вышыўка рабілася двума спосабамі — «гладдзю» і «ў прыкрэп».

Пачаткова жанчыны насілі кароткае і доўгае адзенне, а з XIII ст. крой змяняўся ад простага да больш складанага. Самая простая форма сарочкі мела пазушны разрэз, які замацоўваўся завязкамі ці фібуламі. Каўнер быў самостойнай накладной дэталлю, якая рознымі спосабамі мацавалася да стану рукава[92].

У беларусаў існуе некалькі тэрмінаў для абазначэння нацельнага адзення: «сарочка», «рубашка», «кашуля», «чэхлік». Тэрмін «срочька» (сарочка) сустракаецца яшчэ ў летапісах часоў Кіеўскай Русі[93]. Тэрмін зафіксаваны і ў ранніх славянамоўных летапісах часоў ВКЛ, але яго змест не раскрыты. Некаторыя аўтары праводзяць паралелі са скандынаўскім словам «sorka» (па-фінску «sarka» — грубае сукно)[94]. Адносна паходжання слова «рубашка» існуе шмат меркаванняў. І. Сразнеўскі лічыў, што яно паходзіць ад дзеясловаў — «рваць», «рубіць»[95]. А. У. Арціхоўскі лічыць, што гэтае слова выкарыстоўвалася ў значэнні «беднае, грубае, старое адзенне»[96]. У гэтым жа значэнні слова сустракаецца ў пісьмовых крыніцах XVI ст.[97] У старажытнабеларускіх тэкстах ёсць адрозненні паміж «срачыцай» — доўгім адзеннем — і кароткім — «кашуляй»[98]. «Чэхлік» зафіксавана ў помніках канфесійнай літаратуры, што дазваляе лічыць слова не характэрным у мінулым для свецкага грамадства. Шылі гэтыя прадметы адзення з дарагой тканіны.

У XIX—XX стст. існавалі адрозненні паміж тэрмінамі «сарочка» і «кашуля» ў розных рэгіёнах Беларусі. Болей за іншыя выкарыстоўваўся тэрмін «сарочка», але ў некаторых рэгіёнах існавалі назвы «рубашка» і «кашуля». Выкарыстоўваўся таксама тэрмін «рубашачка» для абазначэння кароткага, да таліі, жаночага адзення[99]. А вось «чэхлікам» называлі верхнюю частку сарочкі да пояса з тонкай, больш якаснай матэрыі.

Традыцыйныя палескія мужчынскія і жаночыя сялянскія строі канца XIX ст. (Музей Беларускага Палесся ў г. Пінску). Фота 2015 г.
Традыцыйнае святочнае верхняе летняе адзенне беларускіх сялянак (в. Дражна каля Старых Дарог), канец XIX ст. (Музей старажытнабеларускай культуры)

Да найбольш распаўсюджаных сярод беларусаў адносяцца жаночыя сарочкі з плечавымі ўстаўкамі. Такую сарочку шылі з прамавугольных кавалкаў тканіны, якія злучаліся ў вобласці пляча дэталямі таксама прамавугольнай формы. Памеры гарлавіны рэгуляваліся за кошт зборкі: зрэзы, якія звернутыя да гарлавіны, збіраліся на нітку па памеры шыі. Палік злучаўся са станам, утвараючы лінію проймы. Рукаў прышывалі гладка ці з мяккімі зборкамі простым ці дэкаратыўным швом. Унізе проймы ўстаўлялі клін. Такія сарочкі былі прасторнымі, больш свабоднымі па лініі грудзей і сама лінія сілуэта зверху была больш пластычнай[100].

Безрукаўнае адзенне выкарыстоўвалася як дапаўненне да святочнага касцюма. Яно адрознівалася ад іншых прадметаў адзення больш складаным і разнастайным кроем. Выказваюць меркаванне, што безрукаўнае адзенне з’явілася ў вясковых жыхароў пад уплывам гарадской культуры і з’яўляецца запазычаным. Назвы прадметаў гэтага тыпу адзення мелі самыя розныя назвы: «кабат», «гарсет», «гарсетка», «кітлік», «камізэлька» (Віцебскі край); «кітлік», «шнуроўка», «станік», «лейбік», «нагруднік», «безрукаўка», «каптан», «танічак» (Гродзенскі край); «шварка» (Добрушскі раён); «халадайка», «безрукаўка», «шніроўка». Гэтыя назвы не звязаныя з асаблівасцямі крою, а вызначыліся мясцовымі традыцыямі. У XIX — пачатку XX ст. безрукаўнае адзенне апраналася на сарочку, мела адкрыты ліф з выкраенымі па канфігурацыі рукі проймамі, скосамі плечавога шва, бакамі ці падрэзамі, што прыводзіла да шчыльнага аблягання па таліі. Спераду полы сцягваліся шнуроўкай ці зашпільваліся на гузікі. Полачкі (пярэдняя частка пінжака) упрыгожваліся нашыўкамі каляровых тканін, стужкамі, дэкаратыўнай тасьмой, якія ўкладваліся ў дэкаратыўную зубчастую стужку ці ў выглядзе кветкавых руж з палосак каляровых тканін. Край борта, проймы, выраз гарлавіны падкрэсліваліся кантрасным па колеры кантам. Упрыгожвалі таксама металічнымі і касцявымі гузікамі[101].

Гарсэты былі кароткімі (звычайна да таліі) і шыліся з фабрычных, пакупных тканін. Сустракаліся суконныя кабаты, аксамітныя, расшытыя ўзорам, з шаўковых тканін з багатым усходнім малюнкам, які выкладваўся металізаванымі ніткамі па простай аснове, якія стваралі эфект перелівання золата ці срэбра ў прамянях сонца тканіны[102].

Паясное адзенне

[правіць | правіць зыходнік]
Дзяўчына ў традыцыйным беларускім сялянскім жаночым касцюме (калінкавіцкі строй). Фота 2007 г.

У XIX—XX стст. у беларусаў у якасці паяснога адзення існавалі «панёва», «саян», «андарак», «спадніца» і інш.[103] Слова «спадніца» мела ўсеагульнае значэнне, ім ўвогуле называліся ўсе пералічаныя прадметы.

Шляхцянка Ганна Ваньковіч (з роду Солтанаў). Мастак Ян Рустэм, каля 1805 г.

Тэрмін «панёва» выкарыстоўваўся для абазначэння як тканіны, так і несшытага жаночага адзення. У XIX ст. так называлі несшытую жаночую спадніцу[104]. У XX ст. панёвай называлі ўжо і звычайную спадніцу, але яна мела ўстаўку на пярэднім палотнішчы, якая выдзяляецца па колеры ці сшытая з тканіны з характэрным малюнкам і структурай у ткацтве[105].

Андарак насілі жанчыны заможных саслоўяў для халаднага перыяду года. У XIX—XX стст. такая спадніца лічылася святочным адзеннем, магла ўваходзіць у склад вясельнага касцюма. У XIX—XX стст. андарак быў распаўсюджанным адзеннем разам з іншымі відамі жаночых спадніц. Андарак шылі ўкругавую з чыставаўнянай ці паўваўнянай тканіны. Са сподняга боку па нізе звычайна падшывалася палоска тканіны шырынёй 10-15 см, дзякуючы чаму, краю надавалася калянасць і захоўвалася колакалападобная форма вырабу. Унізе па краю прышывалася спецыяльная стужка — «шчыпок», ці «чыпок», якая не толькі ўпрыгожвала, але і засцерагала ніз спадніцы[106].

Тэрмін «саян» выкарыстоўваюць для абазначэння жаночага адзення, якое ўяўляе сабой спадніцу з прышытым ліфам. Для саяна характэрнае адзенне без рукавоў, падобнае на сарафан[107]. Жанчыны насілі неадрэзаную па таліі сукенку без рукавоў. Яе шылі з чорнай, вытканай у дамашніх умовах тканіны, упрыгожвалі галуном і пазументам. Перад закрывалі пярэднікам. Штодзённы касцюм насілі з пярэднікам з белай тканіны. Да святочнага касцюма іх рабілі асабліва прыгожымі — расшывалі швы, баваўнянымі і ваўнянымі ніткамі вышывалі рознакаляровы арнамент. Прымянялі і іншыя прыёмы ўпрыгожванняў. «Запон» закрываў спадніцу і ліф амаль да самай шыі і падвязваўся не на таліі, а вышэй, пад грудзямі[107].

Сялянскі фартух лунінецкага строю са свастычным арнаментам, пачатак XX ст. Фота 2012 г.

У склад поўнага камплекту жаночага адзення ўваходзіў фартух. Яго насілі на Беларусі разам са святочным уборам і з паўсядзённым касцюмам як са спадніцай, так і з адзеннем наўзор саяна. Фартухі шылі з адбеленай ільняной тканіны за 2-3 ночы. Злучаныя разам простым швом ці дэкаратыўным ажурам, палатнішчы тканіны збіралі ў зборку па адным краі на нешырокі пояс. Завязваўся ён па таліі і прыкрываў адзенне спераду, пакідаючы палоску спадніцы ўнізе. Святочныя фартухі ўпрыгожваліся вельмі багата і з вялікай фантазіяй, а штодзённыя былі больш сціплыя. У канцы XIX ст. іх шылі з набіўных і клетчатых тканін. У XX ст. з’явіліся пярэднікі з каляровай гладкафарбаванай тканіны (чорнай, чырвонай), аформленыя ўнізе нашыўкамі каляровых стужак. У гэты час вышыўка ці ткацкі арнамент замяняюцца нашыўкамі з каляровых стужак, аплікацыямі з каляровых тканін, устаўкамі карунак. Мелі характэрную назву «заказнікі», так як звычайна іх заказвалі майстрыцам[108].

Важнай складовай часткай традыцыйнага сялянскага жаночага касцюма быў пояс, на якім таксама маглі падвешвацца ключы, невялікія нажы і амулеты. У XX ст. паясы выраблялі са скуры, тканін і нітак. Ткалі і плялі паясы асаблівым спосабам — «на ніту», «на бердачцы». Тканыя паясы былі даволі доўгімі — да 2-2,5 м, скончваліся «махрамі», «кутасамі». Пояс завязвалі па таліі, часцей у два абхваты, на просты вузел. Канцы пакідалі ў цэнтры ці змяшчалі ў адзін бок. Шырыня пояса вызначалася ў суадносінах з іншымі часткамі касцюма і хісталася ад вузкіх — «у два-тры пальцы» шырыні — да 25-26 см[109].

Верхняе адзенне

[правіць | правіць зыходнік]

Жаночае верхняе адзенне часцей і багацей, чым мужчынскае, ўпрыгожвалася вышыўкай і аплікацыяй, але па выглядзе і кроі не вельмі моцна адрознівалася ад мужчынскага.

Галаўныя ўборы

[правіць | правіць зыходнік]
Дзяўчына ў каптуры, вёска Вялава (каля Валожына). Фатограф граф Бенедыкт Тышкевіч, ліпень 1897 г.
Еўдакім Раманаў. Жанчыны ў святочных строях з наміткай і хусткамі. 1913 год.

Жаночыя галаўныя ўборы мелі важнае сацыяльнае і абрадавае значэнне. Па іх выглядзе можна было вызначыць яе сямейнае становішча, узрост і матэрыяльнае становішча. Галаўныя ўборы выкарыстоўваліся ў абрадах і рытуалах. Напрыклад, на вяселлях дзяўчыне ўрачыста змянялі дзявочы ўбор на жаночы[110].

Карэнныя адрозненні існавалі паміж жаночымі і дзявоцкімі галаўнымі ўборамі. Паколькі жанчынам паводле няпісанных норм забаранялася знаходзіцца на людзях з непакрытай галавой, жаночыя галаўныя ўборы па сваёй будове былі больш складаныя і разнастайныя, каб схаваць валасы. Дзяўчаты ж не хавалі валасоў на галаве і насілі вянкі, вузкія рознакаляровыя стужкі («скідачка», «шлячок»).

Сярод тыповых жаночых убораў былі каптуры, наміткі і хусткі. Таксама вядомыя рагацістыя — галовачка ці каптуровыя — каптур, чапец, падвічка — галаўныя ўборы[20][111].

Існавала вялікая колькасць спосабаў завязвання намітак. Вясельная намітка часта захоўвалася жанчынай ўсё жыццё і апраналася на яе пры пахаванні. Заможныя жанчыны выраблялі свае наміткі з дарагога тонкага палатна і ўпрыгожвалі іх карункамі, вышыўкай залатымі і сярэбранымі ніткамі, а жанчыны больш беднага матэрыяльнага становішча выкарыстоўвалі таннейшыя тканіны і прасцейшыя ўпрыгожванні, пры гэтым разнастайнасць арнаменту, як правіла, захоўвалася[112].

З археалагічных знаходак асабліва багатыя матэрыялы XI—XIII стагоддзяў. Так, у Полацку, Мінску, Пінску, Давыд-Гарадку і іншых знойдзена мноства фрагментаў жаночага абутку і іншых скураных вырабаў са слядами вышыўкі ў тэхніцы «назад іголкай», або вяровачкай"[113][114][115].

Жанчыны ў сялянскіх сем’ях часцей за ўсё насілі лапці, якія вырабляліся ў сваёй гаспадарцы. У халоднае надвор’е насілі пасталы. Жанчыны-сялянкі насілі боты і жаночыя чаравікі толькі па святах, а ў паўсядзённым ужытку былі тыповымі толькі для заможных сялянскіх сямей. Такі абутак часцей выраблялі адмысловыя рамеснікі на замову[116].

Магілёўскі абласны краязнаўчы музей. Упрыгажэнні крывічоў, радзімічаў і дрыгавічоў з курганных пахаванняў (XI—XIII стст.)

Ужо ў бронзавым веку (канец III — пачатак I тысячагоддзя да н.э. жыхары беларускіх зямель насілі скроневыя кольцы ў выглядзе спіралепадобных і акулярападобных падвесак і дротавыя бранзалеты. Ва ўрочышчы Стрэліца каля в. Рудня Шлягінская Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці знойдзены медныя бранзалеты, грыўні, бурштынавыя падвескі, шкляныя, у тым ліку бісерныя, і адна егіпецкая фаянсавая пацеркі. На паселішчах тшынецкай  (руск.) і сосніцкай культур  (руск.) (Заходняе Палессе) вядомы шматспіральныя бранзалеты з закручанымі канцамі, а таксама медныя пацеркі і пярсцёнкападобныя скроневыя кольцы  (руск.)[117].

У эпоху жалезнага веку (з VII стагоддзя да н.э) з археалагічных звестак вядомыя жалезныя і бронзавыя шпількі, бранзалеты, пярсцёнкі, грыўні, бразготкі, трапецападобныя падвескі. На поўдні Беларусі вядома шмат гліняных і шкляных пацерак, сярод якіх сустракаюцца чырвоныя рымскія, а таксама іншыя імпартныя рэчы: скіфскія цвікападобныя завушніцы, шпількі, рымскія і кельцкія фібулы[117]. Вядомыя эмалевыя рэчы: падвескі, спражкі, фібулы. Каштоўнай знаходкай з’яўляецца скураны пояс па ўзоры паўночнагерманскіх паясоў[118], знойдзены ў жаночым пахаванні грунтавога могільніка I стагоддзя да н.э. каля в. Атвержычы Столінскага раёна Брэсцкай вобласці. Пояс уяўляў сабой кавалак скуры, упрыгожаны пласціначкамі і паяснымі кручкамі. У раннім жалезным веку насілі ўжо сярэбраныя ўпрыгажэнні[117].

У канцы XIX — пачатку XX стагоддзя ля свайго ўпрыгожвання жанчыны-сялянкі выкарыстоўвалі пакупныя завушніцы, каралі (шкляныя, бурштынавыя, каралавыя). Толькі прадстаўніцы заможных сямей прывілеяванага саслоўя маглі набываць і атрымліваць у спадчыну ўпрыгажэнні з золата, срэбра, жэмчугу, рубінаў і іншых каштоўных матэрыялаў. Іншыя ўпрыгажэнні — брошкі  (руск.), бранзалеты, пярсцёнкі — таксама насіліся пераважна заможнымі катэгорыямі насельніцтва.

Апісанне дзіцячага адзення

[правіць | правіць зыходнік]
Жанчыны з дзецьмі з вёскі Дражын Бабруйскага павета. Фатограф Ісак Сербаў, каля 1912 г.
Князь Юзаф Сапега (1737—1792) у маленстве. Партрэт 1740-х гг.

Летам сялянскія дзеці насілі доўгую палатняную кашулю, большыя дзеці — з нагавіцамі, меншыя — без іх. Абутак часта адсутнічаў[119].

У адзенні сялянскіх дзяцей да пачатку XX ст. таксама існавалі некаторыя адрозненні. Перш за ўсё, яны былі абумоўлены полаўзроставымі асаблівасцямі дзяцей, а таксама мясцовымі традыцыямі і сацыяльным статусам бацькоў. У першыя гады жыцця ў немаўляці адрозненняў гэтых не існавала[119].

Кашуля была першым адзеннем, што апраналі яшчэ ў перыяд ранняга дзяцінства хлопчыку і дзяўчынцы сялянскага саслоўя, якія ўжо добра трымаліся на ножках. Доўгая кашуля з тоўстага хатняга палатна служыла адзіным адзеннем хлопчыкаў і дзяўчынак да 5 гадоў, а часта і да 6-8 гадоў і нават болей. Яе падпярэзвалі даматканым поясам[119].

У цёплую пару года дзеці хадзілі ў такой кашулі босыя. І адрозніць хлопчыка ад дзяўчынкі можна было толькі па даўжыні валасоў (у хлопчыка — кароткія, пастрыжаныя паўкругам, у дзяўчынак — доўгія, заплеценыя ў коскі), а таксама па шнурку караляў, якія ўпрыгожвалі толькі шыю дзяўчынак. Летам сялянскія дзяўчынкі рабілі сабе каралі з чырвоных ягад рабіны, з гарлачыкаў, якія ў час квецені ірвалі на рэчцы або сажалцы. Доўгую сцябліну гарлачыка раздвойвалі на дзве, надломваючы потым невялічкімі кавалачкамі. Атрымлівалася ўпрыгожанне наўзор ланцужка з медальёнам, якім служыла расцвіўшая кветка з белых лілеяў і жоўтых гарлачыкаў.

У 6-8 гадоў хлопчыкам апраналі штаны (порткі). Рабіліся яны з даматканай тканіны і фарбаваліся ў хатніх умовах расліннымі фарбамі. Абновы дзецям шылі толькі да свята Вялікадня, і гэта ўздымала настрой дзяцей — яны адно перад адным паказвалі новае адзенне[119].

У халады адзеннем сялянскіх дзяцей былі кажушкі або світкі з чужога пляча (старэйшых дзяцей або бацькоў), доўгія спадніцы і порткі з даматканага палатна, суконная хустка і лапці з анучкамі, перавязаныя аборамі. Сабе на ногі дзеці апраналі зімой валёнкі або «катанкі»[119].

Абавязковай прыналежнасцю ўбору дзяўчыны былі ўпрыгожванні — каралі, завушніцы, стракатыя прыгожыя хусткі, абвязаныя вакол шыі са спушчаным канцом[119].

Хлопцы паважна хадзілі ў высокіх «чабоцях», у камзолах чорнага ці сіняга колеру са стракатымі шклянымі ці металічнымі гузікамі. Паверх камзола — пояс, які некалькі разоў абвіваў талію, зверху — світка і белая валяная шапка на галаве. У канцы ХІХ ст. у вясковую моду з горада прыйшлі фуражкі з казырком, якія сталі прыналежнасцю ўбору хлопцаў[119].

Касцюмы сялянскіх, мяшчанскіх і шляхецкіх дзяцей адпавядалі касцюмам іх бацькоў, што вынікала з прадстаўленняў, што дзеці — гэта такія ж дарослыя, толькі маленькія. Толькі ў пачатку ХІХ ст. дзеці дваран пачалі насіць своеадметныя ад бацькоў віды аддзеня, што было звязана з распаўсюджаннем у іх асяроддзі ідэй французскага філосафа Жан-Жака Русо, што дзеці маюць права на перыяд працяглага дзяцінства і на стаўленне як да дзяцей, а не дарослых. У XX ст. дзіцячы касцюм усіх праслоек грамадства ўжо выразна адрозніваўся ад касцюма дарослых, асабліва ў колерах.

Арнамент у беларускім традыцыйным сялянскім касцюме

[правіць | правіць зыходнік]
Беларускі арнамент на тканых прадметах. Фрагмент беларускай іконы «Нараджэнне Багародзіцы», 1649 г. Мастак Пётр Яўсеевіч. (Нацыянальны мастацкі музей Беларусі)

Арнаментыка беларускага традыцыйнага сялянскага касцюма надзвычай разнастайная і выразная. Яна складаецца пераважна з геаметрычных і геаметрычна-раслінных узораў. Асноўнымі элементамі беларускага арнамента з’яўляюцца ромб у разнастайных яго варыянтах: у выглядзе квадрата, пастаўленага на вяршыню, з чатырма кропкамі, з адросткамі, а таксама крыжы, разеткі-зоркі, прамыя і зігзагападобныя лініі.

Прастара, якая перадаецца ў арнаменце, — не ілюзорнае адлюстраванне рэчаіснасці, а служыць упрыгажэнню аб’ектаў прадметна-прасторавага асяроддзя чалавека і без прадмета не існуе і не мае сэнсу. Нават самыя выяўленчыя матывы, напрыклад, ружы, размешчаныя ўздоўж рукава сарочкі, існуюць не ў сваім прыродным асяроддзі, полі ці ў букеце, а менавіта на тканіне выраба.

Традыцыйны маларыцкі святочны сялянскі жаночы строй (вёска Збураж), канец XIX ст. (Музей старажытнабеларускай культуры)
Традыцыйны маларыцкі святочны сялянскі жаночы строй (вёска Збураж), канец XIX ст. (Музей старажытнабеларускай культуры)

Разнастайнасць беларускага тканага і вышытага арнамента прадстаўлена варыянтамі злучэння асобных геаметрычных матываў у розныя па структуры і рытме кампазіцыі. Часцей за ўсё сустракаецца бардзюр — узорная паласа ці стужка, якая абмяжоўвае край, які дзеліць паверхню на часткі, паласу, у якой адзін ці два матывы паўтараюцца ў пэўным рытме. Злучэнне палос рознай шырыні дае бясконцыя варыянты арнаментальных кампазіцый. Вышытыя бардзюры акцэнтуюць у беларускіх жаночых сарочках месца злучэння верху рукава і плечавой устаўкі. У жаночых і мужчынскіх сарочках вузкія бардзюры ўпрыгожваюць абшыўкі рукавоў і каўняры-стойкі. Простымі палоскамі ці арнаментальным бардзюрам заўсёды завершаны ніз фартуха.

Бардзюр у вертыкальным становішчы, напрыклад на манішках святочных мужчынскіх сарочак, з’яўляецца цэнтрам дэкаратыўнай кампазіцыі касцюма, прыцягвае да сябе ўвагу ў першую чаргу. Вертыкальнымі бардзюрамі вышываліся рукавы жаночых сарочак, пры гэтым у кампазіцыі выдзяляўся цэнтральны, больш шырокі бардзюр. Шырыня бардзюраў, якія выкарыстоўваліся ў фартухах, заўсёды памяншалася знізу ўверх.

Другім найбольш распаўсюджаным у беларускім арнаменце прынцыпам размяшчэння асобных геаметрычных матываў на перасячэнні прамых ці дыяганальных восяў з’яўляюцца прамая і касая сеткі. Сетчатыя арнаменты запаўняюць верх рукавоў у жаночых сарочках магілёўскага, калінкавіцкага, брагінскага, неглюбскага комплексаў традыцыйнага касцюма, усю шырыню манішак на мужчынскіх сарочках. Сетчатыя арнаменты часта злучаюцца з бардзюрамі ў адзіную арнаментальную кампазіцыю.

Трэцім прынцыпам кампазіцыі вышытага арнаменту з’яўляецца разетка. Часцей за ўсё разеткі — гэта крыжы, васьміпялёсткавыя зорачкі, асобныя кветкі — ружы, лісты ці маленькія букеты. Нездарма такая вышыўка атрымала назву «цвяцістае нашыванне». Разеткі размяшчаюцца асобнымі элементамі, што дазваляе запоўніць дэкорам значную частку паверхні тканіны.

У канцы XIX ст. ў беларускай вышыўцы распаўсюджваюцца новыя ўзоры і тэхнікі іх выканання. На змену геаметрычнаму арнаменту прыйшлі кветкава-раслінныя матывы, вышытыя ў тэхніцы «крыж». Традыцыйным лічылася кветкавае спалучэнне чырвоных і чорных нітак.

У 1920—1950-я гг. на Беларусі шырока распаўсюдзілася паліхромная вышыўка свабоднай гладдзю. Гэты працэс адбываўся адначасова з адмовай сялян ад традыцыйных форм касцюма з даматканых тканін. Працэс разбурэння традыцый народнага касцюма, ткацтва і вышыўкі на тэрыторыі Беларусі адбываўся марудна і нераўнамерна. Пазней за іншых ён закрануў Палессе. Менавіта ў гэтым раёне захаваліся ўзоры традыцыйнага касцюма і архаічныя тэхналогіі яго стварэння і афармлення.

Кампазіцыя арнаменту ствараецца на аснове сродкаў упарадкавання асноўных элементаў графікі на паверхні вырабу, пры гэтым улічваецца характар як элементаў, так і паверхні.

Да традыцыйна вылучаемых асноўных атрыбутаў кампазіцыі адносяцца цэльнасць, сіметрыя, асіметрыя, рытм, пластыка. Гэтыя атрыбуты адносяцца як да самой рэчы з арнаментам, так і да самога арнаменту, нават яго матыву, яны ж прымяняюцца ў тэхнічным канструяванні:

  • Цэльнасць — адна з асноўных якасцей любой арнаментальнай кампазіцыі, звычайна яна разумеецца як неразрыўнасць, безупыннасць, адзінства.
  • Сіметрыя ўяўляе сабой строгае матэматычнае паняццце. Сіметрыя ў шырокім сэнсе слова — суразмернасць, яна арганізуе кампазіцыю, усталёўвае супарадкаванне ў сістэме і з’яўляецца важным фактарам у дасягненні цэльнасці твора, у прыватнасці арнаменту.
  • Асіметрыя — адхіленне ад сіметрыі або яе адсутнасць.
  • Рытм — універсальны структурны прынцып, які характарызуе паўторнасць, мернасць чаргавання элементаў, парадак спалучэння ліній, плоскасцей, аб’ёмаў. Найпрасцейшае праяўленне рытму — паўтарэнне ў кампазіцыі аднолькавых формаў пры роўных інтэрвалах.
  • Пластыкай у арнаментальных кампазіцыях прынята называць плаўныя пераходы адных элементаў узору з іншыя.

Па відзе выяўленчага элемента або матыву, які выкарыстоўваецца ў арнаменце, яго падзяляюць на:

Тканіны, матэрыялы і афармленне

[правіць | правіць зыходнік]
Традыцыйны сялянскі жаночы касцюм (краснапольска-чачэрскі строй), багата арнаментаваны вышыўкай. Фота 2013 г.

У беларускім нацыянальным касцюме выкарыстоўваліся толькі натуральныя тканіны, якія вырабляліся ў хатніх умовах, у асноўным гэта былі лён і воўна, таксама ўжывалася тканіна з валокнаў каноплі[116]. Для афарбоўкі пражы выкарыстоўваліся натуральныя фарбавальнікі: настоі траў, кары, лісця дрэў, балотнай руды[20].

Чырвоныя ніткі для вышыўкі купляліся, але пасля ўжо ў хатніх умовах дафарбоўваліся ў карычневы і бардовы колеры. Часцей за ўсё адзенне было белага колеру, у якасці ўпрыгожвання яно афармлялася вышытым чырвоным арнаментальным узорам[20], які аб’ядноўваў ўвесь камплект ў адзіную кампазіцыю. У арнаменце выкарыстоўваліся геаметрычныя ўзоры, пазней сталі прымяняцца таксама раслінныя ўзоры і іх спалучэнне з геаметрычнымі. У абавязковым парадку афармляліся арнаментам рукавы, каўнер, фартух і галаўныя ўборы. Таксама для афармлення магло выкарыстоўвацца ткацтва ніткамі розных колераў[20].

Традыцыйныя беларускія кросны (Полацкі краязнаўчы музей), фота 2011 г.

Пры вырабе касцюма выкарыстоўваліся вышыўка, бранае, выбарнае, закладное, шматнітовае, пераборнае і ўзорыстае ткацтва, карункі і аплікацыя, існаваў таксама спецыфічны промысел упрыгожвання тканін — набіванка[20].

Для вырабу пояснага адзення шырока ўжываліся паліхромныя суконныя тканіны. На фартухі прышывалі пакупныя або самаробныя карункі[116].

Са з’яўленнем анілінавых фарбавальнікаў і крамных нітак спектр колераў дапоўніўся аранжавым, фіялетавым, блакітным, малінавым, ярка-зялёным, аднак сфера іх выкарыстання была абмежаванай[20].

Для вырабу верхняй вопраткі ўжываліся сукно і аўчына.

Асаблівасці крою

[правіць | правіць зыходнік]
Жанчыны ў традыцыйным сялянскім касцюме розных строяў на народным свяце (г. Магілёў). Фота 2013 г.

У беларускім касцюме выкарыстоўваліся тры тыпы кашуль: з прамымі плечавымі ўстаўкамі, тунікападобная, з какеткай. Кашулі ўсіх тыпаў мелі прамы разрэз (пазуху) па цэнтры, даўжыня якога дасягала 35-40 см[116].

У даўніну часцей за ўсё кашулі шылі без швоў на плячах, проста перагібаючы тканіну, але ў пачатку XIX ст. такі крой лічыўся састарэлым і выкарыстоўваўся толькі ў абрадавай вопратцы. Крой стаў полікавым, пры якім пярэдняе і задняе палотнішчы злучаліся з дапамогай прастакутных уставак з таго ж самага матэрыялу — полікаў[116].

Каўнер прысутнічаў толькі ў святочнай вопратцы сялян, яго вышыня была каля 2-3 см. Сярод дробнай шляхты быў распаўсюджаны адкладны каўнер. Каўнер-стойка зашпіляўся на пару гузікаў узбоч або спераду, адкладны — на запанкі (шпонку) або сцягваўся стужкай або палоскай каляровай тканіны[116].

Пры раскроі спадніцы з палатна рабілі два палатны, а пры шыцці спадніцы з сукна выкарыстоўвалі ад трох да шасці падоўжных полак, якія сшываць разам і збіраліся ў зморшчыны каля пояса[116].

Вышыўка і нацыянальны касцюм у сялянскіх традыцыях

[правіць | правіць зыходнік]
Сяляне ў калінкавіцкіх строях (Беларуская паштовая марка)
Традыцыйнае сялянскае жаночае адзенне (калінкавіцкі строй), арнаментаванае вышыўкай, пачатак XX ст. (Музей старажытнабеларускай культуры)

У сялянскім асяроддзі ўменне жанчын вышываць перадавалася з пакалення ў пакаленне. На Палессі ў багатых сем’ях з часамі збіраліся значныя запасы адзення. Гэтае багацце складалі працы мацярок, дачок і ўнукаў, здаралася, што тры пакаленні вышывалі разам. Вышываць жанчын вучылі з дзяцінства. Больш за ўсё вышываннем займаліся незамужнія дзяўчаты, якія пачыналі гатаваць сабе пасаг задоўга да вяселля — ужо з 13-14 гадоў. Для вышывання яны выкарыстоўвалі кожную вольную хвіліну: нават калі пасвілі жывёл, у перапынках падчас працы на панскім двары. Уменне ткаць і вышываць ацэньвалася як каштоўны навык, неабходны кожнай жанчыне[120]. Калі дзяўчына валодала галоўнымі жаночымі рамёствамі — прадзеннем, ткацтвам і вышыўкай і ў час вяселля магла прадэманстраваць свой багаты пасаг і дары, то лічылася, што яна майстрыха і працаўніца[121]. Высока ацэньвалася ўменне ствараць менавіта прыгожыя прадметы, упрыгожаныя ўзорамі, арнаменціраваныя[122].

У пасаг нявесты па традыцыі ўваходзілі шмат тканых і вышытых прадметаў. У яго падрыхтоўцы прымалі ўдзел усе жанчыны сям’і — матуля, бабуля, незамужнія сёстры. Перад вяселлем, пасля заручын, маладая для падрыхтоўкі частак пасагу, якіх не хапае, заклікала на дапамогу «дружку» ці наймала «талаку» — збірала сябровак і родзічаў, якія дапамагалі ёй ткаць, прасці і вышываць[123].

Дзяўчаты ў новых касцюмах з вышыўкай, вёска Прудок (Мазырскі павет). Фота Ісака Сербава, 1912 г.

Пасаг у беларускіх сялян да пачатку XX ст. захоўваўся ў «кубелі» — вялікай драўлянай бочцы з накрыўкай. У 1920—1950-я гады ў беларускай вёсцы на змену «кублам» прыйшлі «куфры», «скрыні». У пасаг уваходзілі палотны, сукно, ручнікі і адзенне — сарочкі, фартухі, наміткі.

Важнай часткай вясельнага абраду быў перавоз пасагу ў дом жаніха і агляд усімі сваякамі рукадзелля нявесты. Кубел ці скрыня павінны былі быць запоўнены даверху пасагам[124].

У доме жаніха змесціва скрыні нявесты развешвалі напаказ. Па колькасці і якасці выстаўленых прадметаў меркавалі аб памерах пасагу, дастатку сям’і нявесты, аб яе мастацкіх здольнасцях, уменні ткаць і вышываць.

Вышыты арнамент на жаночай сялянскай кашулі слуцкага строя, XIX ст.

Жанчыны верылі, што вясельная сарочка, у якой яны вянчаліся, мела асаблівыя здольнасці. «Шлюбныя» сарочкі беражліва захоўвалі. Бывала, што такая сарочка служыла не аднаму пакаленню жанчын сям’і. Часта нявесты апраналі пад вянец сарочку матулі ці бабулі. У вянчальнай сарочцы — самай прыбранай і прыгожай, было прынята хаваць жанчыну. Беларусы вераць, што «на тым свеце» памерлыя продкі — «дзяды» пазнаюць іх менавіта па адзенні.

Для дзяўчыны завіванне наміткі — галаўнога ўбору замужняй жанчыны — сімвалізавала яе растанне з дзявоцтвам і ўступленне ў новы перыяд жыцця. Завітая ў белую намітку, якую ўпрыгожвалі жывымі кветкамі, нявеста паўставала перад гасцямі ў сваім новым вобразе і якасці. Абрад завівання маладой, які выконвалі старэйшыя і абавязкова шчаслівыя ў шлюбе жанчыны, суправаджаўся пажаданнямі нявесце шчасця і добрай долі ў шлюбе, дзяцей[125][126]. З гэтага моманту жанчына ўсё сваё жыццё насіла завіты галаўны ўбор. Без яго жанчына не выходзіла за парог сваёй хаты.

Традыцыйнае верхняе летняе адзенне беларускіх сялян слуцкага строю, XIX ст.

Падарункі жаніху абавязкова ўключалі вясельную кашулю, а таксама святочныя кашулі, колькасць якіх магла даходзіць да адзінаццаці, шыйную хустку, шырынку, капшук. Вянчальную сарочку жаніху вышывала па звычаі сама маладая. Яна вырабляла і ўпрыгожвала яе з любоўю і марай аб шчасці ў будучым сямейным жыцці[127].

«Маладзецкая» сарочка, прызначаная для жаніха, была прадметам, з якім здзяйсняліся таксама спецыяльныя магічныя дзеянні, якія забяспечвалі дзяўчыне шчасце ў сямейным жыцці. Напрыклад, напярэдадні вяселля пасля лазні маладая выціралася сарочкай, якая прызначалася для жаніха, што павінна было забяспечыць ёй яго любоў і шчасце ў сямейным жыцці.

У некаторых мясцінах Беларусі сарочку, якую падарыла нявеста жаніху, ён апранаў у той момант вяселля, калі маладой распляталі косы і павязвалі жаночы галаўны ўбор — намітку. Прынята было таксама пераапранаць маладых падчас раздачы каравая.

Сарочку, якая была да гэтага на жаніху, аддавалі яго мацеры. Мужчынскія вясельныя сарочкі бераглі як памяць усё жыццё, апраналі іх толькі ў святочныя дні.

Пасля вяселля маладая жанчына ўжо не мела магчымасці вышываць. У доме свякрухі маладую нявестку чакала шмат фізічнай працы і абавязкаў. Затым вынікала нараджэнне дзіцяці, за ім — шмат іншага, таму на вышыванне ў яе ўжо не заставалася часу[128].

Сучаснае выкарыстанне

[правіць | правіць зыходнік]
Янка Купала з беларускім сялянскім гальштукам-вышыванкай. Фота каля 1917 г.

Беларускі нацыянальны касцюм амаль не выкарыстоўваецца ў штодзённым ужытку: індустрыялізацыя, інфарматызацыя і глабалізацыя як агульныя для свету тэндэнцыі прывялі да таго, што мяжа паміж адзеннем розных сацыяльных слаёў, як і розных нацый, у індустрыяльных і постындустрыяльных краінах пачала сцірацца. Беларусь не стала выключэннем з гэтага правіла.

Калектыў выконвае танец «Каваль» у традыцыйным сялянскім адзенні. Фота 2014 г.

Сялянскі беларускі нацыянальны касцюм шырока выкарыстоўваецца падчас правядзення ўрачыстых мерапрыемстваў: дзяўчыны ў народным адзенні сустракаюць з хлебам-соллю доўгачаканых гасцей[129][130].

Язэп Янушкевіч з беларускім сялянскім гальштукам-вышыванкай, дапасаваным да сучаснага касцюма. Фота 2014 г.

Нацыянальны касцюм беларусаў — неад’емны ўдзельнік тэатральных і кінематаграфічных пастановак на нацыянальную тэматыку. Беларускае народнае адзенне выкарыстоўваецца ўдзельнікамі танцавальных, пеўчых і інструментальных гуртоў і ансамбляў[131], прычым робіцца гэта не толькі ў кантэксце «рэканструкцыі» народных традыцый, але і проста ў мэтах надання ўдзельнікам групы пэўнага іміджу, які можа ўвогуле не спалучацца з іх творчасцю.

Беларускі нацыянальны касцюм і варыяцыі на яго тэму шырока выкарыстоўваюцца прадстаўнікамі беларускай палітычнай эліты, творчай і навуковай інтэлігенцыі, моладзі. Так, у Беларусі з 2013 года некалькі гадоў запар праходзіць «Дзень Вышыванкі» — неафіцыйнае свята, якое прысвечана найперш распаўсюджванню традыцыі нашэння народнага адзення ў сучасным сацыяльна-культурным кантэксце і пашырэнню сферы ўжывання беларускіх мовы і культуры ў беларускім грамадстве[132][133].

Варта адзначыць, што беларускі нацыянальны касцюм адносна часта з’яўляецца крыніцай натхнення для дызайнераў і мадэльераў: вядомы амерыканскі рэпер Снуп Дог выпусціў серыю адзення, якая была натхнёна беларускім нацыянальным касцюмам[134]; варыяцыі на тэму народнага адзення беларусаў можна прасачыць у моднага дома «Valentino»[135] і многіх беларускіх мадыстаў і рамеснікаў[136].

У сярэдзіне 2010-х гадоў у маладзёжнай модзе Беларусі з’явіліся «вышымайкі»[137] — звычайныя майкі з прынтам, як на нацыянальнай сялянскай кашулі, — і «вышыбайкі»[138] — аналагічныя па сутнасці байкі. Абодва неалагізмы з’яўляюцца вытворнымі ад слова «вышыванка», якім ва ўсходніх славян называюць расшытую сялянскую кашулю.

  1. Орленко Л. В. Терминологический словарь одежды. М., 1996. С. 115.
  2. Архіў РЭМ, калекцыі 2190, 2191, 2192, 4029, 4046, 4083
  3. , а ў прыватнасці — у былых Гродзенскай, Магілёўскай, Мінскай, Віцебскай губернях
  4. Георги И. Описание все обитающих в Российском государстве народов. СПб., 1799. (руск.)
  5. Материалы для географии и статистики России, собранные офицерами Генерального штаба: Минская губерния / Сост. И. Зеленский. СПб., 1864. Ч. I—II. (руск.); Материалы для географии и статистики, собранные офицерами Генерального штаба: Ковенская губерния / Сост. Д. Афанасьев. СПб., 1861. (руск.); Материалы для географии и статистики России, собранные офицерами Генерального штаба: Гродненская губерния / Сост. П. Бобровский. СПб., 1863. Ч. I—II. (руск.)
  6. Миллер Вс. Ф. Систематическое описание коллекций Дашковского этнографического музея. М., 1887—1889. Вып. 1-4. (руск.)
  7. Анимелле Н. Быт белорусских крестьян // Этнографический сборник. СПб., 1854. Вып. 2. (руск.); Довнар-Запольский М. В. Белорусы // Россия. Полное географическое описание нашего Отечества / Под ред. В. П. Семёнова. СПб., 1905. Т. 9 (руск.); Довнар-Запольский М. В. Заметки по белорусской этнографии // Живая Старина. 1893. № 2. С. 283—296. (руск.); Зеленин Д. К. Описание рукописей учёного архива Императорского Русского Географического общества. Пг., 1914—1916. Вып. 1-3. (руск.); Киркор А. Литовское Полесье // Живописная Россия: Отечество наше в его земельном, историческом, племенном, экономическом и бытовом значении: Литовское и Белорусское Полесье. Мн., 1993. (руск.); Киркор А. Этнографический взгляд на Виленскую губернию // Вестник ИРГО. XX, отд. 2, 1857. (руск.); Крачковский Ю. Ф. Быт западнорусского селянина. М., 1874. (руск.); Материалы для изучения быта и языка русского населения Северо-Западного края, собранные и приведённые в порядок П. В. Шейном. СПб., 1902. Т. III. (руск.); Маракуев В. Полесье и полешуки. М., 1886. (руск.); Народы России. СПб., 1878. Т. 1. (руск.); Очерки простонародного житья-бытья в Витебской Белоруссии. Описание предметов обиходности (этнографические данные) / Сост. Н. Я. Никифоровский. Витебск, 1895. (руск.); Романов Е. Р. Белорусский сборник. Вильна, 1912. Вып. 8. (руск.); Сементовский А. Этнографический обзор Витебской губернии. СПб., 1872. (руск.); Сербов И. А. По Дреговичской области летом 1911 года // Записки Северо-Западного отделения ИРГО. Вильно, 1912. Кн. 3. (руск.); Эремич И. Очерки Белорусского Полесья. Вильна, 1868. (руск.); Юркевич И. Остринский приход Виленской губернии Лидского уезда // Этнографический сб. ИРГО. 1853. Вып. 1. (руск.); Янчук Н. А. По Минской губернии // ИОЛЕАЭ. LXI. 1889. (руск.)
  8. Gutkowska-Ruchlewska M. Historia ubiorów. Wrocław; Warszawa; Kraków, 1968. (польск.); Golębiowski L. Ubióry w Polsce od najdawniejszych czasow aż do chwil obecznych, sposobem dykcyonarza ułożone i opisane. Kraków, 1861. (польск.); Jeleńska E. Komarowicze w powiecie Mozyrskim // Wisła. 1891. T. 5. Ks. 1-2. (польск.); Kolberg O. Dzieła wszystkie. T. 52. Białorus — Polska. Wrocław — Poznań, 1968. (польск.); Kraszewski J. I. Wspomnienia Wołyna, Polesia i Litwy. Warszawa, 1985. (польск.); Moszyński K. Kultura łudowa słowian. T. 1. Kultura materjalna. Warszawa, 1967. (польск.); Moszyński K. Polesie Wschodnie. Materijały etnograficzne wschodniej części b. powiatu Mozyrskiego oraz z powiatu Rzezychiego. Warszawa, 1928. (польск.); Tyszkewicz E. Opisanie powiatu Borysowskiego pod względem statystycznem, geognostycznym, gistarycznym, gospodarczym, przemysłowa-handlowem i lekarskim. Z dodaniem wiedomosci: o obyczajach, spiewach, przysłowiach i ubiórach Ludu, gustach, zababonach. Wilno, 1847. (польск.)
  9. Маслова Г. Народная одежда русских, украинцев и белорусов в XIX—начале XX в. // Труды Института этнографии им. Н. Н. Миклухо-Маклая. Новая серия. Т. XXXI. Восточнославянский этнографический сборник. Очерки народной материальной культуры русских, украинцев и белорусов в XIX—начале XX в. М., 1956. С. 543—735. (руск.); Маслова Г. Народная одежда в восточнославянских традиционных обычаях и обрядах XIX—начала XX в. М., 1984. (руск.)
  10. Молчанова Л. А. Материальная культура белорусов. Мн., 1968. (руск.); Молчанова Л. А. Очерки материальной культуры белорусов XVI—XVIII вв. Мн., 1981. (руск.)
  11. Цітоў В. С. Абутак // Народная культура Беларусі. Энцыклапедычны даведнік. Мн., 2002. С. 13-14; Цітоў В. С. Адзенне // Народная культура Беларусі. Энцыклапедычны даведнік. Мн., 2002. С. 21-28; Цітоў В. С. Андарак // Народная культура Беларусі. Энцыклапедычны даведнік. Мн., 2002. С. 31-32; Цітоў В. С. Бурка // Народная культура Беларусі. Энцыклапедычны даведнік. Мн., 2002. С. 64-65; Цітоў В. С. Галаўныя ўборы // Народная культура Беларусі. Энцыклапедычны даведнік. Мн., 2002. С. 100—103; Цітоў В. С. Кажух // Народная культура Беларусі. Энцыклапедычны даведнік. Мн., 2002. С. 179—180; Цітоў В. С. Кашуля // Народная культура Беларусі. Энцыклапедычны даведнік. Мн., 2002. С. 196—198; Цітоў В. С. Нагавіцы // Народная культура Беларусі. Энцыклапедычны даведнік. Мн., 2002. С. 250; Цітоў В. С. Панёва // Народная культура Беларусі. Энцыклапедычны даведнік. Мн., 2002. С. 287—288; Цітоў В. С. Пояс // Народная культура Беларусі. Энцыклапедычны даведнік. Мн., 2002. С. 303—305; Цітоў В. С. Світа // Народная культура Беларусі. Энцыклапедычны даведнік. Мн., 2002. С. 343—344.
  12. Раманюк М. Ф. Беларускае народнае адзенне (Альбом). Мн., 1981.
  13. а б У Мінску перавыдалі альбом Раманюка «Беларускія народныя строі».
  14. Вайткевіч В. С., Раманюк М. Ф. Адзенне // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. Мн., 1984. Т. 1. С. 41—45; Раманюк М. Ф. Брыль // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. Мн., 1984. Т. 1. С. 474; Раманюк М. Ф. Вілейскі строй // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. Мн., 1984. Т. 1. С. 620; Раманюк М. Ф. Ляхавіцкі строй // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. Мн., 1986. Т. 3. С. 331; Раманюк М. Ф. Капыльска-Клецкі строй // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. Мн., 1984. Т. 2. С. 678—679.
  15. Акты, издаваемые Виленскою археографическою комиссией. СПб., 1841. (руск.); Акты, относящиеся к истории Южной и Западной России, собранные и изданные Археографической комиссией. СПб., 1860—1889. Т. 1—14. (руск.)
  16. Летописи белорусско-литовские // Полное собрание русских летописей. М., 1980. Т. 35. (руск.)
  17. Великая хроника о Польше, Руси и их соседях XI—XIII вв. М., 1987. (руск.)
  18. Полоцкие грамоты XIII — начала XVI вв. М., 1980. Т. 1. (руск.)
  19. Бялявіна, В. М. Жаночы касцюм на Беларусі / В. М. Бялявіна, Л. В. Ракава. — Мінск : Беларусь, 2007. — 350 с.; Бялявіна, В. М. Мужчынскі касцюм на Беларусі / В. М. Бялявіна, Л. В. Ракава. — Мінск : Беларусь, 2007. — 303 с.
  20. а б в г д е ё Этнаграфія Беларусі: Энцыклапедыя / Рэд.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1989.
  21. Дучыц Л. У. Касцюм на тэрыторыі Беларусі ў I тыс. н. э. (паводле археалагічных даных) // Гістарычна-археалагічны зборнік. Мн., 1997. Вып. 11. С. 99—104.
  22. Дучыц Л. У. Касцюм жыхароў Беларусі X—XIII стст. (паводле археалагічных звестак). Мн., 1995.
  23. Рабаданова Л. И. Названия одежды, головных уборов и материалов для их изготовления в памятниках старобелорусской письменности. Мн., 1991. С. 17. (руск.)
  24. Слава М. К. Культурно-исторические связи прибалтийских народов по данным одежды. М., 1964…С. 3; Белицер В. Н. Народная одежда удмуртов. М., 1951… С. 40; Белицер В. Н. Народная одежда мордвы. М., 1973… С. 25; Гаджиева С. Ш. Одежда народов Дагестана XIX — начала XXв. М., 1981. С. 36; Бялявіна, В. М. Мужчынскі касцюм на Беларусі… С. 104.
  25. Бялявіна, В. М. Мужчынскі касцюм на Беларусі… С. 104.
  26. Курыловіч Г. М. Мужчынскі касцюм // Беларускае народнае адзенне. Мн., 1975. С. 51; Бялявіна, В. М. Мужчынскі касцюм на Беларусі… С. 105.
  27. Дучыц Л. У. Касцюм жыхароў Беларусі X—XIII стст. С. 11; Бялявіна, В. М. Мужчынскі касцюм на Беларусі… С. 105.
  28. Дучыц Л. У. Касцюм на Магілёўшчыне ў X—XIII ст.ст. (па археалагічных дадзеных) // Прыдняпроўе (Паведамленні навуковай абласной краязнаўчай канферэнцыі. 28 кастрычніка 1992 г.). Магілёў. 1993. С. 30; Бялявіна, В. М. Мужчынскі касцюм на Беларусі… С. 105.
  29. Бялявіна, В. М. Мужчынскі касцюм на Беларусі… С. 116, 117.
  30. Бялявіна, В. М. Мужчынскі касцюм на Беларусі… С. 117, 118.
  31. Бялявіна, В. М. Мужчынскі касцюм на Беларусі… С. 165.
  32. Бялявіна, В. М. Мужчынскі касцюм на Беларусі… С. 128, 129.
  33. Курыловіч Г. М. Мужчынскі касцюм. С. 47.
  34. Бялявіна, В. М. Мужчынскі касцюм на Беларусі… С. 129—131.
  35. Бялявіна, В. М. Мужчынскі касцюм на Беларусі… С. 134.
  36. Бялявіна, В. М. Мужчынскі касцюм на Беларусі… С. 134—137.
  37. а б в Бялявіна, В. М. Мужчынскі касцюм на Беларусі… С. 142.
  38. Миронова Л. Н. Учение о цвете. Минск, 1992. С… 125; История костюма, составленная Наталией Будур. Москва, 2002… С. 5; Бялявіна, В. М. Мужчынскі касцюм на Беларусі… С. 142.
  39. Бялявіна, В. М. Мужчынскі касцюм на Беларусі… С. 143, 144.
  40. Бялявіна, В. М. Мужчынскі касцюм на Беларусі… С. 159—161.
  41. Мальдзіс А. І. Беларусь у люстэрку мемуарнай літаратуры. С. 226.
  42. Молчанова Л. А. Очерки материальной культуры белорусов XVI—XVIII в.в. С. 794; Бялявіна, В. М. Мужчынскі касцюм на Беларусі… С. 161—163.
  43. а б Мальдзіс А. І. Беларусь у люстэрку мемуарнай літаратуры. С. 227.
  44. Бялявіна, В. М. Мужчынскі касцюм на Беларусі… С. 162—163.
  45. а б Бялявіна, В. М. Мужчынскі касцюм на Беларусі… С. 190.
  46. Бялявіна, В. М. Мужчынскі касцюм на Беларусі… С. 190, 191.
  47. Дучыц Л. І. Касцюм жыхароў Беларусі. С. 16, 40; Бялявіна, В. М. Мужчынскі касцюм на Беларусі… С. 191.
  48. Барвенава Г. А. Гістарычны касцюм Беларусі X — пачатку XVI стагоддзяў. Мн., 2001. С. 10 — 11.
  49. Бялявіна, В. М. Мужчынскі касцюм на Беларусі… С. 192.
  50. Бялявіна, В. М. Мужчынскі касцюм на Беларусі… С. 194.
  51. Бялявіна, В. М. Мужчынскі касцюм на Беларусі… С. 199, 209.
  52. Бялявіна, В. М. Мужчынскі касцюм на Беларусі… С. 199.
  53. Шейн П. В. Материалы для изучения быта и языка. С. 43.
  54. Шейн П. В. Материалы для изучения быта и языка. С… 43; Бялявіна, В. М. Мужчынскі касцюм на Беларусі… С. 205—207.
  55. Беларускае народнае адзенне… С. 55; Шейн П. В. Материалы для изучения быта и языка… С. 367; Бялявіна, В. М. Мужчынскі касцюм на Беларусі… С. 206.
  56. Бялявіна, В. М. Мужчынскі касцюм на Беларусі… С. 208.
  57. Бялявіна, В. М. Мужчынскі касцюм на Беларусі… С. 208—211.
  58. а б в г д Бялявіна, В. М. Мужчынскі касцюм на Беларусі… С. 216.
  59. Бялявіна, В. М. Мужчынскі касцюм на Беларусі… С. 217.
  60. Вейс Г. Внешний быт народов с древнейших до наших времён. М., 1876. Т.2. С. 8; Бялявіна, В. М. Мужчынскі касцюм на Беларусі… С. 218.
  61. а б Бялявіна, В. М. Мужчынскі касцюм на Беларусі… С. 218.
  62. Дучыц Л. У. Касцюм жыхароў Беларусі X-ХІІІ стст. С. 26; Бялявіна, В. М. Мужчынскі касцюм на Беларусі… С. 216.
  63. Штыхов Г. В. Древний Полоцк. С. 79—80; Бялявіна, В. М. Мужчынскі касцюм на Беларусі… С. 218—219.
  64. Изюмова С. А. К истории кожевенного и сапожного ремесла Новгорода Великого// Материалы и исследования по археологии СССР. 1959. № 65. С. 199—200; Штыхаў Г. В. Шавецкае рамяство старажытнага Полацка// Весці АН БССР. Серыя грам. навук. 1962. № 3. С. 81—90; Бялявіна, В. М. Мужчынскі касцюм на Беларусі… С. 219.
  65. Штыхов Г. В. Древний Полоцк. С. 80.
  66. Бялявіна, В. М. Мужчынскі касцюм на Беларусі… С. 219.
  67. Ляўко В. М. Абутак з культурнага слоя Віцебска ХІV-ХVІІІ стст. С. 171—173; Бялявіна, В. М. Мужчынскі касцюм на Беларусі… С. 220, 221.
  68. Бялявіна, В. М. Мужчынскі касцюм на Беларусі… С. 222, 223.
  69. Бялявіна, В. М. Мужчынскі касцюм на Беларусі… С. 224, 226.
  70. Бялявіна, В. М. Мужчынскі касцюм на Беларусі… С. 225, 226.
  71. а б в Бялявіна, В. М. Мужчынскі касцюм на Беларусі… С. 226.
  72. Сербаў І. А. Вічынскія паляне. Менск, 1928. С. 29—30; Бялявіна, В. М. Мужчынскі касцюм на Беларусі… С. 223—225.
  73. Никифоровский Н. Я. Очерки простонародного житья-бытья… С. 123; Бялявіна, В. М. Мужчынскі касцюм на Беларусі… С. 226.
  74. Бялявіна, В. М. Мужчынскі касцюм на Беларусі… С. 226, 227.
  75. Бялявіна, В. М. Мужчынскі касцюм на Беларусі… С. 227.
  76. Бялявіна, В. М. Мужчынскі касцюм на Беларусі… С. 231.
  77. Бялявіна, В. М. Мужчынскі касцюм на Беларусі… С. 232.
  78. а б Бялявіна, В. М. Мужчынскі касцюм на Беларусі… С. 239.
  79. Бялявіна, В. М. Мужчынскі касцюм на Беларусі… С. 238.
  80. Седов В. В. Одежда восточных славян VI—IX вв. н. э. // Древняя одежда народов Восточной Европы. Материалы к историко-этнографическому атласу. М., 1986. С. 35. (руск.)
  81. Н. Я. Никифоровский. Очерки простонародного житья-бытья в Витебской Белоруссии. Витебск, 1895, стар. 107.
  82. Якуніна 1960, с. 24.
  83. а б Е. Р. Романов. Белорусский сборник, вып. VIII, стар. 336.
  84. Якуніна 1960, с. 25.
  85. Якуніна 1960, с. 12.
  86. Дучыц Л. У. Касцюм жыхароў Беларусі Х-ХІІІ стст. С. 24.
  87. Лысенко П. Ф. Берестье. С. 241; Бялявіна, В. М. Мужчынскі касцюм на Беларусі… С. 239—242.
  88. Шейн П. В. Материалы для изучения быта и языка русского населения Северо-Западного края. Т. 3. СПб., 1902. С. 43. (руск.)
  89. Быт белорусских крестьян// Вестник ИРГО. 1853. Ч. ІХ. Кн. 5. С. 1; Бялявіна, В. М. Мужчынскі касцюм на Беларусі… С. 245.
  90. а б Бялявіна, В. М. Мужчынскі касцюм на Беларусі… С. 254—259.
  91. Татур Г. Х. Очерк археологических памятников на пространстве Минской губернии и её археологическое значение. Мн., 1892. С. 101. (руск.)
  92. Татур Г. Х. Очерк археологических памятников на пространстве Минской губернии и её археологическое значение. Мн., 1892. С. 233—234.
  93. Срезневский И. И. Материалы для словаря древнерусского языка по письменным памятникам. СПб., 1903. Т.3. С. 467. (руск.)
  94. Moszynski K. / Kultura Ludowa slovian. T. 1. Kultura materjalna. Warszawa, 1967. S.459. (польск.)
  95. Срезневский И. И. Материалы для словаря древнерусского языка по письменным памятникам. СПб., 1903. Т.3. С. 2, стб. 184.
  96. Арциховский А. В. Одежда // История культуры Древней Руси. Домонгольский период. Т. 1. Материальная культура. М.; Л., 1948. С. 234—235. (руск.)
  97. Цыганенко Г. П. Этимологический словарь русского языка. Киев, 1970. (руск.)
  98. Летописец Переяславля Суздальского // Русские летописи. М., 1897. Т. I—III. С.7 — 17. (руск.)
  99. Бялявіна, В. М. Жаночы касцюм на Беларусі… С. 145—147.
  100. Бялявіна, В. М. Жаночы касцюм на Беларусі… С. 160—165.
  101. Бялявіна, В. М. Жаночы касцюм на Беларусі… С. 168—173.
  102. Миллер В. Ф. Систематическое описание коллекций Дашковского этнографического музея. СПб., 1887. Т. 1. С. 139. (руск.)
  103. Бялявіна, В. М. Жаночы касцюм на Беларусі… С. 179.
  104. Носович И. И. Словарь белорусского наречия. СПб., 1870. (руск.)
  105. Супинский А. К. «Понева» и «вставка» в белорусской женской одежде // Советская этнография. 1932. No 2. С. 107. (руск.)
  106. Бялявіна, В. М. Жаночы касцюм на Беларусі… С. 178—193.
  107. а б Вольтер Э. А. К вопросу о «саянах». Из истории литовско-русского костюма // Известия Отделения русского языка и словестности. Пг.: РАН, 1917. Т. 22. Кн. 1. С. 118.
  108. Бялявіна, В. М. Жаночы касцюм на Беларусі… С. 197—201.
  109. Бялявіна, В. М. Жаночы касцюм на Беларусі… С. 346—348.
  110. Бялявіна, В. М. Жаночы касцюм на Беларусі… С. 257.
  111. Бялявіна, В. М. Жаночы касцюм на Беларусі… С. 281—283.
  112. Бялявіна, В. М. Жаночы касцюм на Беларусі… С. 272—279.
  113. Штыхов, Г. В. Древний Полоцк / Г. В. Штыхов. — Минск, 1975. — С. 77 — 78
  114. Лысенко, П. Ф. Города Туровской земли / П. Ф. Лысенко. — Минск, 1974. — С. 111, 134.
  115. Тарасаў, С. Арнамент мінскіх чаравікаў / С. Тарасаў // МБ — 1985. № 12.
  116. а б в г д е ё Традыцыйнае адзенне Архівавана 18 лістапада 2011.
  117. а б в Касцюм жыхароў Беларусі Х―XIII стст. : (паводле археалагічных звестак) / Л. У. Дучыц; [навуковы рэдактар Г. В. Штыхаў] ; Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Інстытут гісторыі. — 3-е выд. — Мінск : Беларуская навука, 2005. — 78, [2] с. : іл. ; 22 см. — Бібліяграфія: с. 45―50. — 500 экз. — ISBN 985-08-0639-7. С. 4
  118. Каспарова К. В. Могильники и поселения зарубинецкой культуры у дер. Отвержичи // RCBF? 1967/ Вып. 112. С. 122—123.
  119. а б в г д е ё Ракава, Л. В. Традыцыі сямейнага выхавання ў беларускай вёсцы / Л. В. Ракава . — Мінск: Ураджай, 2000. — 111 с.: іл.
  120. Вяселле: Беларуская народная творчасць. Мн., 1980. Кн. 1 № 526
  121. Вяселле: Беларуская народная творчасць. Мн., 1980. Кн. 1 № 321
  122. Вяселле. Мн., 1988. Кн. 4. № 1116
  123. Вяселле. Кн. 1 № 178
  124. Вяселле. Мн., 1988. Кн. 6. № 810.
  125. Вяселле. Кн. 6. № 1062.
  126. Вяселле. Кн. 6. № 1073
  127. Вяселле. Кн. 1. № 320
  128. Вяселле. Кн. 6. № 992
  129. Княгіню Раманаву ў Гомелі сустрэлі ўсім выканкамам і хлебам-соллю (Хартыя'97).
  130. Зборную Беларусі па футболе сустрэлі ў аэрапорце Мінск-2 хлебам-соллю Архівавана 5 сакавіка 2016. (БелаПАН).
  131. «Харошкі» — белорусский государственный заслуженный хореографический ансамбль. (руск.)
  132. Як прайшоў «Дзень вышыванкі»: агляд СМІ Архівавана 6 верасня 2017. (Арт Сядзіба).
  133. Дзень Вышыванкі (Facebook).
  134. From Snoop Dogg with love: rapper dedicates clothing line to Belarus // The Guardian (англ.)
  135. ПО СТОПАМ СНУП ДОГА ИЛИ БЕЛОРУССКАЯ ВЫШИВАНКА В КОЛЛЕКЦИИ VALENTINO Архівавана 18 лютага 2019.. (руск.)
  136. Вышыванка — хто танней?(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 10 сакавіка 2016. Праверана 5 мая 2015.
  137. Вышымайкі на сайце крамы «symbal.by». Архівавана 26 сакавіка 2016.
  138. Кітайцы пачалі выпускаць беларускія байкі-вышыванкі
  • Беларускі народны касцюм / Л. І. Маленка; [маст. Э. Э. Жакевіч]. — Мінск : Ураджай, 2001.
  • Бялявіна, В. М. Жаночы касцюм на Беларусі / В. М. Бялявіна, Л. В. Ракава. — Мінск : Беларусь, 2007. — 350 с.
  • Бялявіна, В. М. Мужчынскі касцюм на Беларусі / В. М. Бялявіна, Л. В. Ракава. — Мінск : Беларусь, 2007. — 303 с.
  • Кацар, М. С. Беларускі арнамент: Ткацтва. Вышыўка. — Мінск, 1996.
  • Маленко, Л. И. Белорусский костюм XIX—XX вв. / Л. И. Маленко. — Минск : Белорусская наука, 2005.
  • Маслова, Г. С. Народная одежда русских, украинцев, белорусов в XIX — нач. XX вв. / Г. С. Маслова // Восточно-славянский этнографический сборник. — М., 1956.
  • Раманюк, М. Ф. Нагавіцы / М. Ф. Раманюк // Этнаграфія Беларусі: Энцыклапедыя / Рэдкалегія: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1989. — 575 с.: іл. ISBN 5-85700-014-9.
  • Романюк, М. Ф. Белорусская народная одежда / М. Ф. Романюк. — Мінск : Беларусь, 1981. — 473 с.
  • Фадзеева, В. Беларуская народная вышыўка / В. Фадзеева. — Мінск, 1991.
  • Якуніна, Лідзія Іванаўна. Слуцкія паясы = Слуцкие пояса. Малы лексікон / Л. І. Якуніна ; [рэдактары: А. І. Залескі, К. П. Кабашнікаў ; Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР]. — Мінск: Выдавецтва Акадэміі навук БССР, 1960. — 237, [2] с. : іл., каляр. іл.. — 3 000 экз.