Перайсці да зместу

Спішскае староства

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Версія ад 11:35, 1 красавіка 2023, аўтар Artsiom91Bot (размовы | уклад) (выпраўленне перасылак)
(розн.) ← Папярэдн. версія | Актуальная версія (розн.) | Навейшая версія → (розн.)
Спішскае староства
Starostwo spiskie
Краіна Каралеўства Польскае,
Рэч Паспалітая
Адміністрацыйны цэнтр Любаўнянскі Град

Спішскае староства (польск.: Starostwo spiskie), таксама вядомае як Спішскі заклад (польск.: Zastaw spiski) — староства ў складзе Польскага каралеўства і Рэчы Паспалітай у 1412-1772 гадах, якое ўключала шэраг тэрыторый у гістарычнай вобласці Спіш, перададзеных Венгрыяй Польшчы ў якасці закладу за буйны крэдыт.

Перадумовы ўзнікнення

[правіць | правіць зыходнік]

У 1410 годзе імператарам Свяшчэннай Рымскай імперыі стаў Сігізмунд I Люксембургскі, кароль Харватыі і Венгрыі. У 1409 годзе яго канкурэнт у барацьбе за венгерскую карону неапалітанскі кароль Уладзіслаў прадаў Венецыянскай рэспубліцы Далмацыю за 100 тысяч дукатаў. Сігізмунд збіраўся ваяваць з Венецыяй з-за Далмацыі, але гэтаму перашкаджалі неўрэгуляваныя справы на поўначы: у 1410 годзе Сігізмунд уступіў у саюз з Тэўтонскім ордэнам супраць Ягайлы. За 300 000 дукатаў ён павінен быў атакаваць Польшчу з поўдня пасля 24 чэрвеня, аднак палякі разбілі тэўтонцаў пад Грунвальдам.

Маючы патрэбу ў міры з Польшчай, каб атрымаць свабоду у Венгрыі і Далмацыі, Сігізмунд у 1410 годзе сустрэўся ў Кежмароку з Вітаўтам і паабяцаў выкарыстаць сваё становішча для таго, каб дамагчыся ад магістра Тэўтонскага ордэна перамір'я. 19 кастрычніка 1411 года было падпісана перамір'е паміж Польшчай і Венгрыяй, па ўмовах якога Польшча абяцала не нападаць на ўладанні Ордэна, а Сігізмунд абавязаўся прымусіць Ордэн не нападаць на Польшчу. Перамір'е павінна было доўжыцца да 15 жніўня 1412 года, а да гэтага часу павінна была адбыцца сустрэча двух манархаў. 15 сакавіка 1412 года Сігізмунд і Ягайла сустрэліся ў Любаўнянскім Градзе і дамовіліся аб сумесных дзеяннях супраць Ордэна.

16 кастрычніка 1412 года было дасягнута пагадненне аб прадастаўленні Польшчай Венгрыі крэдыту на вайну супраць Венецыі. З атрыманых ад Ордэна 100 тысяч коп пражскіх грошаў Польшча выдзяляла Венгрыі 37 тысяч (што было эквівалентна 7,5 тонам чыстага срэбра або 8 тонам манет). У якасці забеспячэння крэдыту Венгрыя перадавала Польшчы шэраг тэрыторый.

Само пагадненне аб закладзе было падпісана 8 лістапада 1412 года ў Заграбе, яго арыгінал захоўваецца ў Палацы Чартарыйскіх у Кракаве. Юрыдычна землі заставаліся часткай Венгрыі і падпарадкоўваліся архідыяцэзіі Эстэргома, аднак там размяшчалася польская адміністрацыя і прызначаўся стараста. Згодна з умовамі дагавора, Венгрыя не магла атрымаць закладзеныя землі назад шляхам насілля - у выпадку няўзгодненага вяртання зямель Венгрыя павінна была выплаціць Польшчы ўвесь доўг або перадаць у заклад іншыя землі, інакш Польшча атрымлівала права свабоднага арышту любых венгерскіх падданых, канфіскацыі любой венгерскай уласнасці і рабавання Венгрыі да таго часу, пакуль умовы дагавора не будуць выкананы. Грошы павінны былі быць вернуты ў той жа колькасці, у якой былі выплачаныя, і ў тым жа месцы - у замку ў Нядзіцы (сучасная польская гміна Лапшы Ніжнэ).

У складзе Польшчы

[правіць | правіць зыходнік]

Атрыманыя Польшчай землі ў адміністрацыйным плане былі аб'яднаны ў Спішскае староства з сядзібай у Любаўнянскім Градзе. Адным з першых спішскіх старастаў быў знакаміты рыцар Завіша Чорны (14201428). Пасля пасада спішскага старасты перадаваўся ў родзе Любамірскіх, для якіх гэтыя месцы сталі адной з асноўных крыніц багацця.

Венгрыя рабіла спробы вярнуць закладзеныя землі ў 1419, 1426, 1436 і 1439 гадах, але ва ўсёй Венгрыі не знайшлося чалавека, здольнага сабраць патрэбную суму. 8 сакавіка 1440 года кароль Уладзіслаў III Варненьчык заявіў, што верне спішскія землі Венгрыі пасля каранацыі яго каралём Венгрыі, аднак да гэтага не дайшло.

У 1489 годзе венгерскі кароль Мацвей Корвін выказаў гатоўнасць выплаціць суму закладу, аднак Польшча адмовілася яе прыняць. Мацвей падаў на Польшчу скаргу да Папы Рымскага, аднак напружанасць у адносінах з Рымам прывяла да таго, што ў 1490 годзе ў выніку спрэчкі паміж польскім і венгерскім прэлатамі ў Браціславе было прынята рашэнне аб тым, што закладзеныя гарады назаўжды застануцца часткай Польшчы.

Пасля смерці ў 1490 годзе Мацвея Корвіна на сталец Венгрыі было вылучана некалькі кандыдатур. Польскі кароль прапанаваў спішскія землі сям'і Запальяі ў абмен на падтрымку яго сына, аднак нават пасля яго ўшэсця на сталец вяртання зямель не адбылося.

Пасля таго, як венгерскі сталец дастаўся Габсбургам, яны сталі прадпрымаць крокі да скарэйшага вяртання спішскіх зямель, але ні Фердынанду I, ні яго сыну Максіміліяну II гэтага зрабіць не атрымалася.

Калі Рудольф II пачаў ваяваць з польскім каралём Жыгімонтам III, то спішскія землі былі занятыя аўстрыйскімі войскамі, аднак пацярпеўшы паражэнне Рудольф быў вымушаны вярнуць гэтыя землі Польшчы.

У XVII стагоддзі пагроза з боку Асманскай імперыі прымусіла канфліктуючыя бакі адцягнуцца на важнейшыя справы.

У 1769 годзе атрад прыхільнікаў Барскай канфедэрацыі пад кіраўніцтвам Юзафа Бежыньскага паспрабаваў авалодаць Любаўнянскім Градам, які належаў у той час Казіміру Панятоўскаму, і той звярнуўся па абарону да Аўстрыі. Імператрыца Марыя Тэрэзія скарысталася з гэтага, каб заняць спішскія тэрыторыі без выплаты закладу. У 1772 годзе адбыўся Першы падзел Рэчы Паспалітай, і жыхары спішскіх зямель сталі прысягаць на вернасць аўстрыйскаму манарху. 28 верасня 1773 года польскі кароль Станіслаў Аўгуст падпісаў афіцыйную адмову ад правоў на заклад.