Намібія
Намі́бія (англ.: Namibia) — краіна ў паўднёвай Афрыцы. Мяжуе з Анголай, Замбіяй, Батсванай, ПАР. На захадзе абмываецца Атлантычным акіянам. Намібія атрымала незалежнасць толькі 21 сакавіка 1990 года, пасля узброенай барацьбы з ПАР. Яе сталіцай і найбуйнейшым горадам з’яўляецца горада Віндхук. Намібія з’яўляецца дзяржавай-членам Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (ААН), Супольнасці па пытаннях развіцця поўдня Афрыкі (САДК), Афрыканскага саюза (АС), а таксама Садружнасці нацый.
| |||||
Дэвіз: «Адзінства, Свабода, Правасуддзе» | |||||
Гімн: «Намібія, зямля адважных» | |||||
Дата незалежнасці | 21 сакавіка 1990 (ад ПАР) | ||||
Афіцыйная мова | англійская | ||||
Сталіца | Віндхук | ||||
Найбуйнейшы горад | Віндхук | ||||
Форма кіравання | рэспубліка | ||||
Прэзідэнт Прэм'ер-міністр |
Хіфікепунье Пахамба Саара Куугангельва | ||||
Плошча • Усяго • % воднай паверхні |
33-я ў свеце 825 418 км² ~0 | ||||
Насельніцтва • Ацэнка (2019) • Шчыльнасць |
2 661 971[1] чал. (143-я) 3,2 чал./км² | ||||
ВУП • Разам (2017) • На душу насельніцтва |
$27 451 млн[2] $11 838 | ||||
Валюта | Намібійскі долар | ||||
Інтэрнэт-дамен | .na | ||||
Код ISO (Alpha-2) | NA | ||||
Код ISO (Alpha-3) | NAM | ||||
Код МАК | NAM | ||||
Тэлефонны код | +264 | ||||
Часавыя паясы | 1 красавіка 01:00:00 UTC+0100 (WAT) 2 верасня 03:00:00 UTC+0200 (WAST) |
Большая частка тэрыторыі — пустыннае плато. Уздоўж берага цягнецца пустыня Наміб, найстарэйшая і адна з самых засушлівых у свеце. Пустыні Наміб і Калахары зусім не безжыццёвыя, яны вызначаюцца эндэмізмам флоры і багаццем фаўны.
Пустыня Наміб была заселеная са старажытных часоў. Прыкладна з XIV стагоддзя рэгіён стаў аб’ектам экспансіі народаў банту. Большая частка тэрыторыі ўвайшла ў нямецкі імперскі пратэктарат у 1884 годзе і заставалася нямецкай калоніяй да канца Першай сусветнай вайны. У 1920 годзе Ліга Нацый даручыла краіну Паўднёвай Афрыцы, якая ўсталявала свае законы і з 1948 года праводзіла практыку апартэіду.
Намібія — унітарная рэспубліка, стабільная шматпартыйная прэзідэнцка-парламенцкая дэмакратыя. Адрозніваецца высокай палітычнай, эканамічнай і сацыяльнай стабільнасцю.
Намібія мае насельніцтва ў 2,6 млн чалавек. Большую частку насельніцтва складаюць банту (авамба, герэра і інш.) і кайсанскія народы (бушмены, нама). Пустынны клімат робіць Намібію адной з найменш шчыльна заселеных краін свету.
Аснову эканомікі Намібіі складаюць горназдабыўная прамысловасць (здабыча алмазаў, урану і каляровых металаў), жывёлагадоўля і рыбалоўства, турызм. Намібія мае на высокі па афрыканскіх мерках ВУП на душу насельніцтва. У 2013 годзе Bloomberg назваў эканоміку Намібіі лепшай рынкавай у Афрыцы і 13-й сярод эканомік краін, што развіваюцца.
Этымалогія
правіцьНазва краіны паходзіць ад назвы пустыні Наміб, што ў перакладзе з мовы нама азначае «неабсяжнае месца». Да набыцця незалежнасці гэтая тэрыторыя была вядома спачатку як Германская Паўднёва-Заходняя Афрыка, а пад юрысдыкцыяй ПАС стала проста Паўднёва-Заходняй Афрыкай.
Геаграфічнае становішча
правіцьНамібія знаходзіцца на паўднёвым захадзе Афрыкі, што адлюстравалася ў яе каланіяльнай назве. На захадзе абмываецца Атлантычным акіянам, працягласць узбярэжжа складае 1572 км. Межы пераважна геаметрычныя — каланіяльная спадчына. На поўначы мяжуе з Анголай, часткова па рэках Куненэ і Кубанга, на паўночным усходзе паласа Капрыві дасягае ракі Замбезі, за якой пачынаецца Замбія. На ўсходзе цягнецца пустынная мяжа з Батсванай і ПАР, паўднёвая мяжа з ПАР праходзіць па ніжнім цячэнні ракі Аранжавая.
Прырода
правіцьУ плане рэльефа тэрыторыю Намібіі можна падзяліць на вузкую берагавую нізіну і плато, што займае астатнюю частку тэрыторыі. Цэнтральнае плато Дамара вышынёй 1100 м — 1700 м — найбольш населеная зона краіны. Найвышэйшым пунктам Намібіі з’яўляецца гара Брандберг (2579 м). Геалагічная гісторыя паспрыяла багаццю краіны руднымі карыснымі выкапнямі (уранам, жалезнымі рудамі, паліметалічнымі рудамі) і алмазамі.
Клімат краіны, у асноўным, трапічны, пераважна вельмі сухі. Надзвычайна сухія ўмовы характэрныя для узбярэжнай паласы — гэта так званы клімат берагавых пустынь гаруа, сфармаваны халодным Бенгельскім цячэннем, якое да таго ж робіць яго халаднейшым за клімат аналагічных шырот ў Паўночнай Афрыцы. Сярэдняя тэмпература самага цёплага месяца (студзеня) вагаецца ад +18 °C на ўзбярэжжы да +27 °C у пустыні Калахары, а самага халоднага месяца ад +12 °C да +16 °C. Ападкі выпадаюць нерэгулярна, іх колькасць вагаецца ад 10—50 мм на ўзбярэжжы да 500—700 мм на паўночным усходзе краіны.
Усе найбольш важныя рэкі Намібіі — тыя, што не перасыхаюць — памежныя: Аранжавая, Кубанга, Куненэ. Рэкі Экума, Фіш, напаўняюцца вадой толькі пасля непрацяглых дажджоў. Даліна ракі Фіш уяўляе сабой грандыёзны каньон, што па маштабах на свеце саступае аднаму каньёну Каларада. Самае вялікае возера — Этоша знаходзіцца на поўначы Намібіі, вадой яго катлавіна запаўняецца толькі падчас сезону ападкаў.
Большая частка краіны занята пустынямі і паўпустынямі. Уздоўж атлантычнага ўзбярэжжа паласой шырынёй у 60-160 км цягнецца пустыня Наміб. Тут сустракаюцца цікавыя эндэмікі: вяльвічыя, якая з’яўляецца сімвалам Намібіі, а таксама дыня нара. Маецца вялікая папуляцыя пустынных сланоў, а на ўзбярэжжы — лежбішчы коцікаў і калоніі акуляравых пінгвінаў. Цэнтральнае плато пераважна паўпустыннае. На ўсходзе раскінулася пустыня Калахары, якая характарызуецца шырокімі пясчанымі раўнінамі і выдмамі, устойлівым дэфіцытам прэснай вады. Пустыня Калахары мае багаты раслінны і жывёльны свет, падобны да саваннаў, таму многія навукоўцы лічаць Калахары апустыненай саваннай. У паласе Капрыві на крайнім паўночным усходзе краіны, дзе выпадае вялікая колькась ападкаў, распаўсюджаны вільготныя саванны, лясы і балоты.
Прыродаахоўных тэрыторый у Намібіі вельмі шмат і яны маюць вялікія памеры, спрыяе гэтаму распаўсюджанасць пустынных непрадуктыўных ландшафтаў. Нацыянальны парк Этоша займае басейн бяссцёкавага возера Этоша. У паўночнай паласе Наміба, з прычыны частых і згубных для маракоў туманаў празванай «Берагам Шкілетаў», створаны аднайменны нацыянальны парк.
Гісторыя
правіцьПершыя стаянкі чалавека, выяўленыя на тэрыторыі Намібіі, адносяцца да II тысячагоддзя да н.э. Старажытнае насельніцтва Намібіі — плямёны кой-коін (продкі сучасных нама, 3 групы гатэнтотаў), сан (бушмены) і дамара. У XVI стагоддзі сюды прыйшлі плямёны банту (авамба, герэра, каванга і інш.), якія да канца ХІХ ст. склалі большасць і адцяснілі тутэйшых у самыя засушлівыя мясціны.
У канцы XV стагоддзя ўзбярэжжа Намібіі адкрылі партугальскія мараплаўцы. У 1878 г. Вялікабрытанія анексавала раён бухты Уолвіш-Бей і Пінгвінавыя астравы, што сталі часткай Капскай калоніі. У 1883 годзе нямецкі купец Адольф Людерыц выкупіў ўчастак ўзбярэжжа ў аднаго правадыроў племені нама за 200 стрэльбаў і тавараў коштам 100 фунтаў стэрлінгаў. У 1884 г. Германская імперыя ўсталявала пратэктарат над раёнам Ангра-Пекена, потым на большай частцы Намібіі, якая стала германскай калоніяй Германская Паўднёва-Заходняя Афрыка (ПЗА). У адказ на прыгнёт германскіх улад герэра на чале з С.Магарэра і нама на чале з Х.Вітбоем узнялі ў 1904—1907 гг. паўстанне, якое было жорстка задушана германскімі войскамі.
У 1915 г. Намібія акупіравана Паўднёва-Афрыканскім Саюзам (ПАС; з 1961 г. — Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка, ПАР), які ў 1920 г. атрымаў ад Лігі Нацый мандат на кіраванне ПЗА. У 1946 г. урад ПАР анексаваў ПЗА, ператварыў яе ў сваю правінцыю і распаўсюдзіў на яе рэжым апартэіду. ААН не прызнала анексію і ў 1968 і 1978 гг. прыняла рэзалюцыі аб праве народаў Намібіі на самавызначэнне. З 1966 г. узброеную барацьбу супраць акупацыі пачала Народная арганізацыя Паўднёва-Заходняй Афрыкі (СВАПО) на чале з С.Нуёмам. Улады ПАР падтрымліваў створаны з прадстаўнікоў памяркоўных арганізацый Дэмакратычны альянс Турнхале.
Пад націскам ААН і сусветнай супольнасці ўлады ПАР правялі ў лістападзе 1989 г. выбары ва Устаноўчы сход, на якіх перамагла СВАПО. У студзені 1990 г. Нуёма выбраны прэзідэнтам Намібіі. 21 сакавіка 1990 г. абвешчана незалежнасць краіны. Урад незалежнай Намібіі імкнецца праводзіць памяркоўную палітыку, накіраваную на развіццё прыватнага сектара і пазбяганне этнічнага і сацыяльнага канфлікту.
Палітыка
правіцьДзяржаўны лад
правіцьНамібія — дэмакратычная змешаная рэспубліка. Канстытуцыя дэкларуе і падтрымлівае прынцып падзелу ўлады. Прэзідэнт выбіраецца на пяцігадовы тэрмін і адначасова з’яўляецца лідарам краіны і кіраўніком урада. Двухпалатны парламент складаецца з Нацыянальнага Савета (26 сенатараў) і Нацыянальнай Асамблеі (72 дэпутаты). Нягледзячы на тое, што канстытуцыя прадпісвае шматпартыйную сістэму, нязменным палітычным манапалістам ад часу набыцця незалежнасці застаецца партыя СВАПО
Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел
правіцьАдміністрацыйна Намібія падзелена на 14 рэгіёнаў. Гэта ўнітарная дзяржава.
№ | Вобласці | Адміністрацыйны цэнтр | Насельніцтва, чал. (2011) |
Плошча, км² |
Шчыльнасць, чал./км² |
---|---|---|---|---|---|
1 | Куненэ | Апува | 86 856 | 115 293 | 0,75 |
2 | Амусаці | Аўтапі | 243 166 | 26 573 | 9,15 |
3 | Ашана | Ашакаці | 176 674 | 8 653 | 20,42 |
4 | Ахангвена | Ээнхана | 245 446 | 10 703 | 22,93 |
5 | Ашыкота | Амутыя | 181 973 | 38 653 | 4,71 |
6 | Заходняе Каванга | Нкурэнкуру | 107 505 | 23 166 | 4,64 |
7 | Усходняе Каванга | Рунду | 115 447 | 25 576 | 4,51 |
8 | Замбезі | Катыма-Муліла | 90 596 | 14 528 | 6,24 |
9 | Эронга | Свакапмунд | 150 809 | 63 579 | 2,37 |
10 | Ачасандзьюпа | Ачываронга | 143 903 | 105 185 | 1,37 |
11 | Амахеке | Габабіс | 71 233 | 84 612 | 0,84 |
12 | Кхомас | Віндхук | 342 141 | 37 007 | 9,25 |
13 | Хардап | Марыенталь | 79 507 | 109 651 | 0,73 |
14 | Карас | Кітмансхуп | 77 421 | 161 215 | 0,48 |
Знешняя палітыка
правіцьНамібія мае цесныя адносіны з дзяржавамі, якія дапамагалі ёй у вайне за незалежнасць, уключаючы Кітайскую Народную Рэспубліку, Расію і Кубу. Намібія ўмацоўвае эканамічныя і палітычныя сувязі ў паўднёваафрыканскім рэгіёне: з’яўляецца членам Супольнасці развіцця Поўдня Афрыкі і паўднёваафрыканскага мытнага саюза. Намібія з’яўляецца прыхільнікам далейшай рэгіянальнай інтэграцыі[5].
Намібійска-беларускія адносіны
правіцьУ Віндхуку беларускай амбасады няма, затое па сумяшчальніцтве тут акрэдытаваны беларускі пасол у ПАР.[6] 24 кастрычніка 2016 прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў сустрэўся з нігерыйскім віцэ-прэм’ерам Нетумба Нандзі-Ндаітвай. Кабякоў адзначыў, што «ёсць значны патэнцыял пашырэння супрацоўніцтва ў сферы сельскай гаспадаркі, здабыўной прамысловасці, адукацыі. Улічваючы развіццё ў Намібіі горназдабыўной галіны, прапануем разгледзець пастаўкі ў вашу краіну кар’ернай тэхнікі, шахтавага абсталявання, а таксама вымяральнага абсталявання радыяцыйнага кантролю, якое запатрабаваныя пры здабычы урану». Затым беларускі прэм’ер прапанаваў Намібіі падзяліцца вопытам стварэння аграгарадкоў.[7]
Насельніцтва
правіцьУ Намібіі пражывае каля 2,6 млн чалавек (ацэнка 2018). Прырост насельніцтва цягам апошніх дзесяцігоддзяў імкліва запавольваўся: паміж перапісамі 1991 і 2001 гадоў сярэднегадавыя тэмпы росту складалі 2,6 %, у 2001—2011 — 1,4 %. Прычынай гэтаму стала распаўсюджанне СНІДу — каля 15 % жыхароў Намібіі носяць ВІЧ. Поспехі ў барацьбе з хваробай прывялі да вяртання да высокіх тэмпаў росту: за 2018 год намібійцаў стала больш на 1,91 %.[8]
З двух с паловай мільёнаў жыхароў краіны каля 85 % — чарнаскурыя, 10 % — мулаты, 5 % — нашчадкі еўрапейскіх імігрантаў. Асноўную этнічную супольнасць складаюць народы банту: авамба (50 %), герэра (7 %), тсвана, лозі, чоквэ, еен. Авамба, самы шматлікі этнас, традыцыйна жывуць на поўначы, зрэшты, цяпер шмат іх і ў гарадах па ўсёй краіне. Найбуйнейшыя кайсанскія народы — нама, сан і дамара. Ад часу еўрапейскай каланізацыі засталіся немцы (іх 35 000), афрыканеры (104 000), партугальцы (з Анголы), а таксама перасяленцы з Кітаю (каля 40 000). Нярэдкія ў асяроддзі каланістаў шлюбы з тутэйшымі жанчынамі прывялі да фарміравання этнічных супольнасцяў «каляровых» і «бастараў», якія размаўляюць на мове афрыкаанс. Нягледзячы на значную эміграцыю белых пасля абвяшчэння незалежнасці, сёння ў Намібіі пражывае найвялікшая пасля ПАР еўрапейская дыяспара ў трапічнай Афрыцы.
Афіцыйнай мовай з’яўляецца англійская, але ёй валодае каля 7 % насельніцтва. Рэгіянальнымі мовамі Намібіі з’яўляюцца: афрыкаанс, нямецкая (як гутарковыя мовы яны ўжываныя больш за англійскую), куангалі, лозі, тсвана, нама, герэрская і ашывамба.
50 % насельніцтва краіны — лютэране, што стала вынікам дзейнасці нямецкай і фінскай хрысціянскіх місій у каланіяльны час. 30 % — 40 % прытрымліваюцца іншых хрысціянскіх канфесій, збольшага таксама пратэстанцкіх; 10 % — 20 % — анімісты.
Паводле шчыльнасці насельніцтва (3 чал. на кв.км.) сярод суверэнных дзяржаў Намібія пераўзыходзіць толькі Манголію. Гусцей заселена поўнач краіны, дзе клімат больш спрыяльны для сельскай гаспадаркі, а таксама сталічны рэгіён Кхомас. Палова намібійцаў жыве ў гарадах, што робіць краіну адной з найбольш урбанізаваных у трапічнай Афрыцы. Траціна гараджан пражывае ў Віндхуку (404 000 у 2018). Іншыя вялікія гарады: Рунду, Уолвіш-Бей, Свакапмунд (63, 62, 44 тыс. адпаведна, перапіс 2011)[9].
Эканоміка
правіцьУ 2018 годзе ВУП Намібіі склаў каля 28 млрд долараў. Доля сельскай гаспадаркі і рыбалоўства ў ВУП склала 6,7 %, прамысловасці — 26 %, сферы паслуг — 67 %.[8] Намібійская гаспадарка цесна знітаваная з эканомікай ПАР. Вялікай праблемай з’яўляецца беспрацоўе, якое трымаецца на ўзроўні 25 — 35 %. З беспрацоўем звязана і жахлівае маёмаснае расслаенне — у Намібіі і ПАР найвышэйшыя ў свеце значэнні каэфіцыента Джыні.
Пачатак фарміраванню сучаснай гаспадаркі Намібіі паклалі нямецкія каланісты: яны распачалі здабычу карысных выкапняў, праклалі чыгункі, стварылі фермы.
Асноўнай галіной гаспадаркі з’яўляецца здабыўная прамысловасць (да 20 % ВУП!), якая атрымала развіццё дзякуючы наяўнасці багатых мінеральных рэсурсаў. Яе аснову складае здабыча алмазаў і ўрану. Ужо болей за стагоддзе спраўна даюць алмазы жылы ў ваколіцах Людэрыца. Недалёка ад Свакапмунда знаходзіцца адзін з найбуйнейшых у свеце кар’ераў па здабычы ўрану (Росінг). Распрацоўваюцца паклады свінцу, медзі, цынку, волава, серабра, вальфраму. Маюцца заводы па выплаўцы чарнавой медзі.
У сельскай гаспадарцы пераважае жывёлагадоўля мяснога накірунку і качавога характару. Маецца значнае пагалоўе каракулевых авечак. Халодныя воды Бенгельскага цячэння багатыя на рыбу, што спрыяе развіццю рыбалоўства. Аснову ўлова складаюць сардзіны, анчоўсы, хек, скумбрыя.
Намібія мае развіты і вельмі сучасны банкаўскі сектар. Нягледзячы на слабую заселенасць, у Намібіі створана добрая транспартная інфраструктура, што ўключае шашы, вузкакалейныя чыгункі, аэрапорты, а таксама марскі порт рэгіянальнага значэння Уолвіш-Бей, па сумяшчальніцтве, галоўны рыбалавецкі порт. Намібія прэтэндуе стаць рэгіянальным хабам і транспартным правадніком для суседзяў, што не маюць выхаду да мора (Батсваны, Замбіі).
Турызм
правіцьНовай важнай галіной гаспадаркі стаў турызм. Сёння турысты прыносяць 14 % ВУП і ствараюць 18 % працоўных месцаў. З падзеннем рэжыму апартэіду Намібія становіцца ўсё папулярней сярод турыстаў. У краіне развітая інфраструктура як для «цывілізаванага» адпачынку (напрыклад, у Віндхуку; або Свакапмундзе, дзе захоўваюць атмасферу старога каланіяльнага гарадка), так і для актыўнага турызму (асабліва папулярныя нацыянальныя паркі Этоша і Бераг шкілетаў, а таксама Сасусфлей і Дамараленд)[10].
Знешні гандаль
правіць70 % экспартнай выручкі дае прадукцыя горназдабыўной прамысловасці (траціна прыходзіцца на алмазы, яшчэ столькі ж — на медную руду і чарнавую медзь). Экспартуюцца таксама ўран, цынк. Астатняя частка экспарту прыпадае на прадукцыю рыбалоўства і сельскай гаспадаркі. Асноўныя пакупнікі — афрыканскія суседзі і краіны Еўропы (Бельгія, Швейцарыя). Большую частку спажывецкіх тавараў і прадуктаў харчавання, усю тэхніку і паліва, Намібія вымушана імпартаваць. Гэта адбіваецца на ўзроўні цэн: жыццё ў гарадах Намібіі вельмі дарагое. 54 % імпарту ў 2016 прыйшлося на ПАР, яшчэ 14 % — на Батсвану.[11]
СМІ
правіцьДзяржаўная тэлерадыёкампанія NBC (Namibian Broadcasting Corporation — «намібійскага радыёвяшчальная карпарацыя») уключае ў сябе тэлеканалы NBC1 і NBC2, радыёстанцыю National radio і шэраг радыёстанцый, якія вяшчаюць на мовах нацыянальных меншасцяў.
Некаторыя цікавінкі
правіць- Свакапмунд — стары каланіяльны гарадок, з відамі Берага Шкілетаў і месяцовы пейзаж вакол, з Віндхуку сюды ходзіць «Дезерт экспрэс».
- За 10 км ад Людэрыца знаходзіцца пакінуты нямецкімі каланістамі пасля выпрацоўкі алмазаў горад-прывід Калманскоп.
Крыніцы
правіць- ↑ https://countrymeters.info/en/Namibia
- ↑ https://www.imf.org/external/pubs/ft/weo/2017/01/weodata/weorept.aspx?pr.x=40&pr.y=6&sy=2017&ey=2021&scsm=1&ssd=1&sort=country&ds=.&br=1&c=728&s=NGDPD%2CNGDPDPC%2CPPPGDP%2CPPPPC&grp=0&a=
- ↑ New Era — 1992.
- ↑ https://data.iana.org/time-zones/tzdb-2021e/africa
- ↑ https://www.globalsecurity.org/military/world/africa/na-forrel.htm
- ↑ http://rsa.mfa.gov.by/ru/bilateral_relations/
- ↑ https://www.belarus.by/ru/press-center/speeches-and-interviews/kobjakov-belarus-i-namibija-mogut-rasshirit-sotrudnichestvo-v-selskom-xozjajstve-promyshlennosti-i-obrazovanii_i_0000047699.html Архівавана 16 жніўня 2020.
- ↑ а б https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/wa.html Архівавана 30 мая 2015.
- ↑ http://citypopulation.de/Namibia.html
- ↑ Namibia. Golden Sunsets, rough coasts and majestic dunes . sunsafaris.com. Архівавана з першакрыніцы 10 лістапада 2011. Праверана 3 красавіка 2012.
- ↑ http://atlas.cid.harvard.edu/explore/?country=155&partner=undefined&product=undefined&productClass=HS&startYear=undefined&target=Partner&tradeDirection=import&year=2016
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Намібія
Урад
правіць- Government of Namibia Урадавы партал
- Windhoek City Council Мэрыя Віндхука
- http://www.embnamibia.at - EMBASSY / PERMANENT MISSION OF THE REPUBLIC OF NAMIBIA in Austria
СМІ
правіць- Die Republikein Газета на афрыкаанс
- Allgemeine Zeitung Адзіная ў Афрыцы газета на нямецкай мове
- The Namibian Газета на англійскім, ндонга, а таксама партугальскім мовах
- New Era Газета на англійскім і шэрагу афрыканскіх моў
- Radio Kudu Архівавана 16 мая 2006. Радыёстанцыя, вяшчанне на англійскай мове, навіны таксама на афрыкаанс
- Radiowave 96,7 FM Музычная радыёстанцыя
- Namibian Broadcasting Corporation Архівавана 15 сакавіка 2010. Дзяржаўная радыё- і тэлекампанія