Перайсьці да зьместу

Нідэрлянды

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гэта састарэлая вэрсія гэтай старонкі, захаваная ўдзельнікам Dymitr (гутаркі | унёсак) у 18:13, 29 красавіка 2023. Яна можа істотна адрозьнівацца ад цяперашняй вэрсіі.
Нідэрлянды
нід. Nederland
Сьцяг Нідэрляндаў Герб Нідэрляндаў
Сьцяг Герб
Нацыянальны дэвіз: Je Maintiendrai
Дзяржаўны гімн: «Het Wilhelmus»
Месцазнаходжаньне Нідэрляндаў
Афіцыйная мова Нідэрляндзкая, фрыская
Сталіца Амстэрдам
Найбуйнейшы горад Амстэрдам
Форма кіраваньня Канстытуцыйная манархія
Вілем-Аляксандар
Марк Рутэ
Плошча
 • агульная
 • адсотак вады
135-е месца ў сьвеце
41 543 км²
18,41
Насельніцтва
 • агульнае (2013)
 • шчыльнасьць
63-е месца ў сьвеце
16 827 775[1]
404,3/км²
СУП
 • агульны (2012)
 • на душу насельніцтва
43 месца ў сьвеце
$706,955 млрд
$42 193
Валюта Эўра (EUR)
Часавы пас
 • улетку
CET (UTC+1)
CEST (UTC+2)
Незалежнасьць
— ад Гішпаніі

30 студзеня 1648
Дамэн верхняга ўзроўню .nl
Тэлефонны код +31

Нідэрля́нды (па-нідэрляндзку: Nederland) — краіна ў паўночна-заходняй Эўропе на ўзьбярэжжы Паўночнага мора (даўжыня берагавой лініі — 451 км), мяжуе з Бэльгіяй на поўдні і Нямеччынай на ўсходзе (даўжыня мяжы — 1027 км). Нідэрлянды зьяўляюцца часткай Каралеўства Нідэрляндаў, у якое таксама ўваходзяць Нідэрляндзкія Антылы і Аруба. Афіцыйная назва краіны — Каралеўства Нідэрлянды (па-нідэрляндзку: Koninkrijk der Nederlanden).

Сталіцай зьяўляецца Амстэрдам, але парлямэнт і ўрад знаходзяцца ў Гаазе. Іншыя важныя месты: Ратэрдам — самы вялікі порт краіны і адзін з найбуйнейшых партоў сьвету, Утрэхт — цэнтар чыгуначнай сыстэмы краіны і Эйндговэн — цэнтар электронікі і высокіх тэхналёгіяў.

Разам з карыбскай выспай Аруба (што мае адмысловы статус) і Нідэрляндзкімі Антыламі Нідэрлянды складаюць Каралеўства Нідэрляндаў (Koninkrijk der Nederlanden). Стасункі паміж чальцамі каралеўства рэгулююцца Статутам Каралеўства Нідэрляндаў (па-нідэрляндзку: Statuut voor het Koninkrijk der Nederlanden), прынятым у 1954 годзе. Чакаецца, што 15 сьнежня 2008 году Антыльскія выспы будуць распушчаныя як дзяржаўная адзінка.

Агульныя зьвесткі

Назва

Назва Нідэрлянды ў перакладзе азначае «ніжнія землі», аднак перакладаць яго літаральна няправільна, бо, па гістарычных чыньніках, гэтым тэрмінам прынята зваць тэрыторыю, якая прыкладна адпавядае сёньняшнім Нідэрляндам, Бэльгіі і Люксэмбургу (Бэнілюкс). Нідэрлянды часта завуць Галяндыяй, хоць гэта палітычна некарэктна, бо Паўднёвая і Паўночная Галяндыя — гэта толькі дзьве з дванаццаці правінцыяў Нідэрляндаў.

Сьцяг

Нідэрляндзкі сьцяг складаецца з трох гарызантальных стужак аднолькавае вышыні: чырвоная, белая ды сінія. Зьяўленьне сьцяга адносіцца да 1579 року, калі была абвешчаная незалежнасьць Нідэрляндаў. Сьцяг быў афіцыйна ўхвалены ў 1796 року і зацьверджаны як нацыянальная эмблема ў 1937 годзе.

Колеры белы ды сіні — гэта колеры ліўрэяў францускага княскага роду Аранье (Orange; 1171—1711). Чырвоны колер спачатку быў аранжавым — у гонар імі княскага роду, аднак на працягу XVII стагодзьдзя зьмяніўся на чырвоны. Аднак і сёньня аранжавы колер застаецца сымбалем каралеўскае сям’і, таму падчас нацыянальных сьвятаў побач са сьцягам вывешваюць аранжавыя стужкі ці носяць аранжавае адзеньне.

Герб

Упершыню герб Каралеўства Нідэрляндаў быў вынайдзены ў 1815 року і дапрацаваны ў 1907 годзе. На гербе — выява льву зь мячом ды стрэламі, разьмешчанага на шчыту ў сінія краты: гэта геральдычны сымбаль каралевы і краіны.

Гімн

«Wilhelmus» зьяўляецца гімнам краіны з 10 траўня 1932 року. Да гэтага з 1817 року (з выключэньнямі 1832 ды 1833) гімнам быў «Wien Neêrlands bloed».

Гісторыя

Асноўны артыкул: Гісторыя Нідэрляндаў

Нідэрлянды былі заселеныя з апошняга ледавіковага пэрыяду. Падчас прыбыцьця рымлянаў Нідэрлянды былі заселеныя германскімі плямёнамі, гэткімі як тубанты, канінэфаты і фрызы, якія пасяліліся тамака каля 600-х гадоў да н. э. Кельцкія плямёны, такія як эбуроны і мэнапіі, засялялі поўдзень краіны. У пачатку рымскай калянізацыі ў краіну таксама прыбылі нямецкія плямёны батавы і токсандры. У пэрыяд Рымскай імпэрыі паўднёвая частка цяперашніх Нідэрляндаў была акупаваная рымлянамі і стала часткай правінцыі Бэльгіка (па-лацінску: Gallia Belgica), а пазьней — правінцыяй Ніжняя Нямеччына (па-лацінску: Germania Inferior).

У сярэднявеччы Ніжнія краіны (якія складаюцца прыкладна зь цяперашніх Бэльгіі і Нідэрляндаў) уключалі ў сябе розныя графствы, герцагствы і епархіі, што ўваходзілі ў склад Сьвятой Рымскай імпэрыі. Яны былі аб’яднаныя ў адзіную дзяржаву пад уладай Габсбургаў у XVI ст. Пасьля распаўсюджваньня кальвінізму пасьледавала Контрарэфармацыя, што выклікала раскол у краіне. Спробы гішпанскага караля Філіпа II цэнтралізаваць дзяржаву прывялі да паўстаньня супраць гішпанскага панаваньня пад правадырствам Вільгельма I Аранскага. 26 ліпеня 1581 году была абвешчаная незалежнасьць краіны, афіцыйна прызнаная іншымі дзяржавамі толькі пасьля Васьмідзясяцігадовай вайны (15681648). У гады вайны за незалежнасьць пачаўся «Залаты век» Нідэрляндаў, пэрыяд эканамічнага і культурнага росквіту, які працягваўся ўсё XVII стагодзьдзьдзе.

Пасьля спыненьня францускай акупацыі ў пачатку XIX стагодзьдзя Нідэрлянды ператварыліся ў манархію пад уладай дынастыі Аранскіх. У 1830 годзе Бэльгія канчаткова аддзялілася ад Нідэрляндаў і стала самастойным каралеўствам; Люксэмбург здабыў незалежнасьць у 1890 годзе. Пад ціскам лібэральных палітыкаў краіна ў 1848 годзе была ператвораная ў парлямэнцкую дэмакратыю з канстытуцыйным манархам. Такі палітычны лад захаваўся і дагэтуль, з кароткім перапынкам падчас нямецкай акупацыі.

Падчас Першай сусьветнай вайны Нідэрлянды захоўвалі нэўтралітэт, але падчас Другой сусьветнай вайны на працягу пяці гадоў былі акупаваныя Нямеччынай. Падчас нямецкага ўварваньня Ратэрдам быў падвергнуты бамбаваньню, у ходзе якога быў амаль цалкам разбураны цэнтар гораду. Падчас акупацыі ахвярамі галакосту сталі каля пяцідзесяці тысячаў нідэрляндзкіх габрэяў.

Пасьля вайны пачалося хуткае аднаўленьне краіны, чаму спрыяў плян Маршала, прапаваны Злучанымі Штатамі Амэрыкі. Дзякуючы гэтаму Нідэрлянды хутка змаглі стаць сучаснай індустрыяльнай краінай. Дзяржаўную незалежнасьць набылі былыя калёніі Інданэзія і Сурынам. У выніку масавай іміграцыі з Інданэзіі, Турэччыны, Марока, Сурынаму і Антыльскіх Выспаў Нідэрлянды сталі шматкультурнай краінай зь вялікай доляй мігрантаў.

У шасьцідзясятыя і сямідзясятыя гады адбыліся вялікія сацыяльныя і культурныя зьмены. Каталікі і пратэстанты сталі больш мець зносіны між сабой, і адрозьненьні паміж клясамі таксама сталі меней прыкметнымі з-за росту роўня жыцьця і адукацыі.

25 сакавіка 1957 году Нідэрлянды сталі адным з заснавальнікаў Эўрапейскага зьвязу. На рэфэрэндуме па Эўрапейскай канстытуцыйнай дамове ў чэрвені 2005 году больш за паловы нідэрляндцаў прагаласавалі супраць яе прыняцьця.

Геаграфія

Рэльефная мапа эўрапейскай часткі Нідэрляндаў.

Краіна разьмешчаная на землях у вусьцях рэк Райну, Маасу і Шэльды. З глебы, нанесенай гэтымі рэкамі, утварыліся дэльта і шырокая пляскатая нізіна. Палова тэрыторыі ляжыць ніжэй за ўзровень мора, і толькі на поўдні Нідэрляндаў мясцовасьць падвышаецца да 30 мэтраў і вышэй. Вялікая частка нізінаў знаходзіцца ў правінцыях Паўночная Галяндыя, Паўднёвая Галяндыя і Флевалянд. Берагавая лінія сфармаваная наноснымі выдмамі. За імі ідуць некалі адваяваныя ў мора зямлі, званыя польдэрамі і абароненыя выдмамі і дамбамі ад марскіх водаў.

Нідэрлянды дзеляцца на 12 правінцыяў (апошняя правінцыя Флевалянд створаная ў 1986 годзе на асушаных тэрыторыях), правінцыі дзеляцца на гарадзкія і сельскія грамады (па-нідэрляндзку: gemeente). Правінцыі маюць выбарны орган самакіраваньня — Правінцыйныя штаты, абіраныя на чатыры гады. На чале Правінцыйных штатаў стаіць каралеўскі камісар.

Паводкі

Каляднае разводзьдзе 1717 году прывяло да загібелі тысячаў жыцьцяў.

На працягу стагодзьдзяў берагавая лінія Нідэрляндаў значна зьмянілася ў выніку прыродных катаклізмаў і ўмяшальніцтва чалавека. З часоў Рымскай імпэрыі галяндцы адваёўваюць зямлю ў мора. Першыя польдэры зьявіліся яшчэ ў XIII стагодзьдзі, і з тых часоў уздоўж узьбярэжжа былі асушаныя значныя плошчы.

14 сьнежня 1287 году паводка Сэнт-Люсіі закранула Нідэрлянды і Нямеччыну, загубіўшы больш за 50 тысяч чалавек. Гэтая непагадзь лічыцца адной з самых разбуральных паводак у пісьмовай гісторыі[2]. Паводка Сэнт-Элізабэт 1421 году і безгаспадарчае кіраваньне зьнішчылі нядаўна адноўлены польдэр, замяніўшы яго прыплыўнымі поймамі Бісбосх плошчай у 72 км². Велізарная паводка ў Паўночным моры ў лютым 1953 году прывяла да абвальваньня некалькіх дамбаў на паўднёвым захадзе Нідэрляндаў. Падчас паводкі патанулі больш за 1800 чалавек. Пасьля гэтага ўрад Нідэрляндаў распачаў буйнамаштабную праграму «Плян Дэльта», каб абараніць краіну ад будучых паводак. Праграма прадугледжвала аддзяленьне ад мора вусьцяў рэк, з захаваньнем суднаходзтва па шматлікіх каналах і рэалізоўвалася на працягу больш чым трыццаці гадоў.

Збудаваны польдэр вышынёю 5,5 мэтраў ніжэй узроўню мора.

Узьдзеяньне катастрофаў у пэўнай ступені ўзмацняецца дзейнасьцю чалавека. Адносна высока разьмешчаныя балоты былі асушаныя дзеля выкарыстаньня ў сельскай гаспадарцы. Дрэнаж прывёў да скарачэньня ўрадлівага торфу і паніжэньня ўзроўню зямлі, пасьля чаго ўзровень грунтовых водаў быў паніжаны, што прывяло да далейшага скарачэньня торфу. Акрамя таго, да XIX стагодзьдзя торф здабывалі, сушылі і выкарыстоўвалі ў якасьці паліва, што яшчэ больш пагаршала праблему. Стагодзьдзі дрэнна кантраляванай здабычы торфу панізілі і без таго нізкую паверхню зямлі на некалькі мэтраў. Нават на затопленых тэрыторыях працягвалася здабыча торфу. Праз загрозу паводак земляробства было цяжкім, што стымулявала замежны гандаль, у выніку чаго нідэрляндцы актыўна бралі ўдзел у сусьветных справах з пачатку XIV і XV стагодзьдзяў.

Каб засьцерагчыся ад паводак, быў прыдуманы шэраг абарончых збудаваньняў ад вады. У першым тысячагодзьдзі нашай эры вёскі і хутары будаваліся на пагорках, якія называліся тэрпамі. Пазьней гэтыя тэрпы злучылі дамбамі. У XII стагодзьдзі пачалі зьяўляцца мясцовыя дзяржаўныя ўстановы пад назвай «водныя рады», задачай якіх было падтрымліваць узровень вады і абараняць рэгіён ад паводак. Цікава, што яны працягваюць дзеіць і да нашых дзён. Пры зьніжэньні ўзроўня зямлі, пры неабходнасьці будаваліся дамбы, якія злучаліся ў інтэграваную сыстэму. Да XIII стагодзьдзя дзеля адпампоўваньня вады пачалі выкарыстоўваць ветраныя млыны, дзе землі месьціліся ніжэй за ўзровень мора. Пазьней ветракі выкарыстоўваліся дзеля асушваньня азёр, ствараючы знакамітыя польдэры[3]. Буйныя мэліярацыйныя праекты былі ажыцьцёўленыя ў 1930—1950 гадах.

Прырода

Цюлені звычайныя на пляжах на астравах Вадэнскага мора.

У Нідэрляндах маецца 21 нацыянальны парк[4] і сотні іншых прыродных запаведнікаў, якія ўключаюць азёры, пусттэльні, лясы, дзюны і іншыя месцы. Большасьць зь іх належаць нацыянальнаму дэпартамэнту лясной гаспадаркі і аховы прыроды. Іншыя зь іх кіруюцца прыватнай арганізацыяў Помнікі прыроды. Вадэнскае мора на поўначы краіны зь мелізнамі і забалочанымі тэрыторымі, багатая на біялагічную разнастайнасьцю і ўлучаныя да сьпісу Сусьветнай спадчыны ЮНЭСКО[5].

Усходняя Шэльда, былы паўночна-ўсходні эстуарый ракі Шэльды, быў зроблены нацыянальным паркам у 2002 годзе. Такім чынам, ён сташся найвялікшым нацыянальным паркам у Нідэрляндах, маючы плошчу у 370 км². Празь вялікую разнастайнасьць марскіх насельнiкаў, уключаючы ўнікальных рэгіянальных відаў, парк папулярны сярод аквалангістаў. Таксама тут прапануюцца паслугі ветразевага спорту, рыбалкі, язды на ровары і назіраньне за птушкамі.

Фітагеаграфічна эўрапейская частка Нідэрляндаў падзеленая паміж Атлянтычнай і Цэнтральна-эўрапейскіай правінцыямі Цыркумбарэальнага рэгіёну. Паводле зьвестак Сусьветнага фонду прыроды, эўрапейская тэрыторыя Нідэрляндаў адносіцца да экарэгіёну атлянтычных зьмяшаных лясоў[6]. У 1871 годзе былі высечаныя апошнія старыя арыгінальныя натуральныя лясы[7], і большасьць лясоў сёньня ўяўляюць сабой монакультуры дрэваў, такіх як хвоя звычайная, і дрэвы, якія не зьяўляюцца гістарычна тыповымі для Нідэрляндаў. Гэтыя лясы былія высаджаны на антрапагенных верасах і пясчаных намулаў. Індэкс цэласнасьці ляснога ляндшафту Нідэрляндаў у 2019 годзе ёсьць даволі нізкім[8]. Маюцца праблемы з забруджваньнем азотам[9]. Колькасць лятучых вусякоў у Нідэрляндах скарацілася на 75% з 1990-х гадоў[10].

Палітыка

Першая канстытуцыя Нідэрляндаў 1815 году надавала асноўную ўладу каралю, але давала заканадаўчыя паўнамоцтвы дзьвюхпалатнаму парлямэнту (Генэральным штатам). Сучасная канстытуцыя краіны была прынятая ў 1848 годзе з ініцыятывы караля Вільлема II і вядомага лібэрала Ёхана Рудольфа Торбэке. Гэтую канстытуцыю можна лічыць «мірнай рэвалюцыяй», таму што яна рэзка абмежавала ўладу караля і перадала выканаўчую ўладу кабінэту міністраў. Парлямэнт з гэтага часу абіраўся на прамых выбарах, і ён атрымаў вялікі ўплыў на рашэньні ўраду. Такім чынам, Нідэрлянды аднымі зь першых у Эўропе зьдзейсьнілі пераход ад абсалютнай манархіі да канстытуцыйнай манархіі і парлямэнцкай дэмакратыі.

У 1917 годзе празь зьмяненьні ў канстытуцыі выбарчыя правы былі дадзеныя ўсім мужчынам з 23 гадоў; у 1919 годзе права голасу атрымалі ўсе жанчыны. З 1971 году права голасу маюць усе грамадзяне з 18 гадоў. Канстытуцыя была істотна перагледжаная ў 1983 годзе. З гэтага часу насельніцтву гарантаваліся ня толькі палітычныя, але і сацыяльныя правы: абарона ад дыскрымінацыі (на падставе рэлігіі, палітычных перакананьняў, расы і іншага), скасоўвалася сьмяротнае пакараньне, і абвяшчалася права на пражытковы мінімум. Урад атрымаў абавязак бараніць насельніцтва ад беспрацоўя і ахоўваць навакольнае асяродзьдзе. Шэраг зьменаў у канстытуцыі пасьля 1983 году адмянілі службу ў войску па прызыву і дазволілі выкарыстоўваць узброеныя сілы для міратворчых апэрацыяў за мяжой.

Манарх Нідэрляндаў афіцыйна зьяўляецца ачольнікам дзяржавы, аднак дэлегуе ўладу кабінэту міністраў. З 2013 каралём зьяўляецца Вілем-Аляксандар з старадаўняй Аранскай дынастыі. Манарх нярэдка адракаецца ад пасады на карысьць спадчыньніка па дасягненьні паважнага веку, як зрабіла і Бэатрыкс у 2013 годзе. На практыцы манарх амаль ня ўмешваецца ў палітычнае жыцьцё і абмяжоўваецца афіцыйнымі цырымоніямі, але ў той жа час мае вырашальны ўплыў на фармаваньне новага ўраду пасьля парлямэнцкіх выбараў і на прызначэньне каралеўскіх камісараў у правінцыях.

Заканадаўчай уладай валодаюць Генэральныя штаты (парлямэнт) і ў меншай ступені ўрад. Парлямэнт складаецца зь дзьвюх палатаў: першай (75 месцаў) і другой (150 месцаў). Другая палата, якая валодае асноўнай уладай, абіраецца ўсеагульным прамым галасаваньнем на 4 гады (апошнія выбары адбыліся 22 лістапада 2006 году). Першая палата абіраецца правінцыйнымі парлямэнтамі. Яе функцыі зводзяцца да ратыфікацыі законапраектаў, ужо распрацаваных і прынятых другой палатай. Асноўнымі палітычнымі партыямі Нідэрляндаў зьяўляюцца Хрысьціянска-дэмакратычны заклік (41 месца ў ніжняй палаце парлямэнта з 150), Партыя за працу (33 месцы), Сацыялістычная Партыя (25 месцаў) і Народная партыя за волю і дэмакратыю (23 месцы).

Выканаўчая ўлада засяроджаная ў руках кабінэту міністраў (ураду). Урад абавязаны ўзгадняць асноўныя рашэньні з парлямэнтам, і таму фармуецца на аснове парлямэнцкай большасьці. Ніводная партыя ў нядаўняй гісторыі Нідэрляндаў ня мела большасьці ў парлямэнце, таму ўрады заўсёды мелі кааліцыйны характар. Прэм’ер-міністрам з 22 ліпеня 2002 зьяўляецца лідэр Хрысьціянска-дэмакратычнага закліку Ян-Петэр Балкенэндэ. 22 лютага 2007 ён сфармаваў свой чацьверты кабінэт міністраў: кааліцыю Хрысьціянска-дэмакратычнага закліку, Партыі за працу і малой партыі Хрысьціянскі Зьвяз (6 месцаў у парляманце). Цяперашні прэм’ер-міністар краіны — Марк Рутэ (па-нідэрляндзку: Mark Rutte) — займае гэтую пасаду з 14 кастрычніка 2010 году. Ён узначальвае лібэральную Народную партыю за свабоду й дэмакратыю.

Сьпіс правінцыяў

Эканоміка

Ратэрдамскі порт ёсьць найвялікшым марскім портам у Эўропе і адным з самых загружаных у сьвеце.

Нідэрлянды маюць разьвітую эканоміку і на працягу многіх стагодзьдзяў гуляюць асаблівую ролю ў эўрапейскай эканоміцы. З XVI стагодзьдзя суднаходзтва, рыбалоўства, сельская гаспадарка, гандаль і банкаўская справа сталі вядучымі галінамі эканомікі Нідэрляндаў. У Нідэрляндах высокі ўзровень эканамічнай свабоды. Нідэрлянды ёсьць адной з найлепшых краінаў паводле Глябальнай справаздачы аб дапамозе гандлю, то бок на 2016 год краіна займала 2 месца. Швайцарскі міжнародны інстытут кіраўніцкага разьвіцьця вызнаў Нідэрлянды ў 2017 годзе пятай найбольш канкурэнтаздольнай эканомікай у сьвеце[11]. Акрамя таго, Нідэрлянды занялі 5 месца ў рэйтынгу самых інавацыйных краінаў у сьвеце паводле Глябальнага інавацыйнага індэксу 2022 году[12].

Паводле стану на 2020 год ключавымі гандлёвымі партнэрамі Нідэрляндаў былі Нямеччына, Бэльгія, Вялікабрытанія, ЗША, Францыя, Італія, Кітай і Расея[13]. Нідэрлянды ўваходзяць да ліку 10 вядучых краінаў-экспартэраў у сьвеце. Прадукты харчаваньня складаюць найбуйнейшы сэктар прамысловасьці. Іншыя асноўныя галіны прамысловасьці ўлучаюць суднабудаваньне, хімічную прамысловасьць, мэталюргію, машынабудаваньне, электратавары, гандаль, паслугі і турызм. Прыклады міжнародных нідэрляндзкіх кампаніяў, якія працуюць у Нідэрляндах, ўлучаюць Randstad, Heineken, KLM, ING, ABN AMRO, Rabobank, DSM, AKZO, Royal Dutch Shell, Philips, ASML і TomTom. Цяжкая індустрыя — нафтаперапрацоўка, хімічная вытворчасьць, чорная мэталюргія і машынабудаваньне засяроджаныя ў прыбярэжных раёнах, асабліва ў Ратэрдаме, а таксама ў Эймяйдэне, Дордрэхце, Арнэме і Нэймэгене. Усе гэтыя гарады стаяць на суднаходных рэках або каналах. На марскім узьбярэжжы разьмешчаныя ветраэнэргетычныя фэрмы. Разьвіта таксама вытворчасьць шакаляда, цыгараў, джына, піва. Вядомай галінай, нягледзячы на сьціплыя маштабы, зьяўляецца апрацоўка дыямэнтаў у Амстэрдаме. У гарадах Хенгела і Дэлфзяйл працавалі саляныя шахты з аб’ёмам здабычы 4 мільёны тон у год.

Энэргетыка

Гронінгенскае газавае радовішча, адкрыцьцё якога ў 1959 годзе зьмяніла эканоміку Нідэрляндаў, ёсьць адным з найбуйнейшых радовішчаў прыроднага газу ў сьвеце.

Пачынаючы з 1950-х гадоў Нідэрлянды выявілі велізарныя запасы прыроднага газу. Продаж прыроднага газу прыносіў велізарныя прыбыткі Нідэрляндам на працягу дзесяцігодзьдзяў, дадаючы за шэсцьдзесят гадоў сотні мільярдаў эўра ва ўрадавы бюджэт[14]. Аднак непрадбачаныя наступствы велізарнага энэргетычнага багацьця краіны паўплывалі на канкурэнтаздольнасьць іншых сэктараў эканомікі, што прывяло да зьяўленьня галяндзкай хваробы[14]. Радовішча кіруюцца дзяржаўнай кампаніяй Gasunie, а прыбыткі ад здабычу сумесна маюць урад, кампаніі Royal Dutch Shell і ExxonMobil. Праз трубаправоды газ перадаецца з Гронінгену па ўсёй краіне і на экспарт. Да 1975 году ў правінцыі Лімбург здабывалі вугаль.

Нідэрлянды дасягнулі прыкметнага прагрэсу ў пераходзе да вугляродна-нэўтральнай эканомікі. Дзякуючы павышэньню энэргаэфэктыўнасьці попыт на энэргію дэманструе прыкметы адрыву ад эканамічнага росту. Доля энэргіі з аднаўляльных крыніцаў павялічылася ў два разы з 2008 па 2019 гады, прычым асабліва моцны рост адбыўся за кошт ветравай і сонечнай энэргіі. Тым ня менш, Нідэрлянды па-ранейшаму моцна залежаць ад выкапнёвага паліва і маюць канцэнтрацыю энэргаёмістых і выкідных галінаў, якія будзе няпроста дэкарбанізаваць. Пагадненьне аб клімаце 2019 году вызначае палітыку і захады па падтрымцы дасягненьня кліматычных мэтаў Нідэрляндаў і было распрацавана ў працэсе супрацоўніцтва з удзелам бакоў з усяго нідэрляндзкага грамадзтва[15]. Паводле стану на 2018 год Нідэрлянды мелі адзін з самых высокіх паказьнікаў адкідаў вуглякіслага газу на чалавека ў Эўрапейскім Зьвязе[16].

Сельская гаспадарка

Выпас кароваў ля Арнэму.

Сельская гаспадарка ў Нідэрляндах ёсьць высокаінтэнсіўным і значным сэктарам эканомікі, хоць у ім у 2005 годзе было занята ўсяго каля 1% насельніцтва краіны і выраблялася ня больш за 1,6% СУП. У 2005 годзе сельскагаспадарчы экспарт перавысіў 17 млрд эўра, то бок больш за 6% таварнага экспарту краіны, каля 80% экспарту спажываюць краіны Эўразьвязу, у тым ліку Нямеччына — 25%, Вялікабрытанія — 12%. У структуры аграрнага экспарту пераважаюць гародніна і кветкі і прадукты малочнай жывёлагадоўлі.

Землі сельскагаспадарчага прызначэньня займаюць каля 65% тэрыторыяў краіны. Каля 27% сельскагаспадарчых угодзьдзяў занятыя ворнымі землямі, 32% — пашамі і 9% пакрытыя лясамі. Дзель пашаў бесьперапынна падае, з 1995 па 2005 гады гэтыя ўгодзьдзі скараціліся на 8,2%, што зьвязана ў асноўным з пашырэньнем жыльлёвага будаўніцтва. За глебай у Нідэрляндах даглядаюць дбайна, акрамя таго, паводле колькасьці ўносных мінэральных угнаеньняў на 1 гектар краіна ў 2005 годзе займала першае месца ў сьвеце.

У некаторых раёнах краіны пераважае кветкаводзтва. Выгадоўваецца таксама бульба, цукровы бурак і збожжавыя культуры. Важны артыкул экспарту — высакаякасная парніковая і кансэрваваная гародніна. Паводле плошчах, адведзеным пад цяплічную гаспадарку, Нідэрлянды займаюць першае месца ў сьвеце. З 1994 году па 2005 год плошча цяпліцаў узрасла з 13 да 15 тысячаў гектараў, абаграваюцца цяпліцы звычайна пры дапамозе мясцовага прыроднага газу. 60% абароненага грунта адведзена пад кветкаводзтва.

Транспарт

Плоскі рэльеф стварае спрыяльныя ўмовы для разьвіцьця сеткі дарог, але вялікі лік рэк і каналаў стварае вызначаныя цяжкасьці і рызыкі ў дарожным будаўніцтве.

  • Агульная даўжыня чыгуначнай сеткі складае 2753 кілямэтры (зь іх электрыфікаваныя 68% — 1897 км).
  • Агульная даўжыня аўтамабільных дарог — 111 891 км.
  • Агульная даўжыня суднаходных рэк і каналаў — 5052 км.

Важную ролю ў эканоміцы краіны таксама гуляе акіянскае суднаходзтва. Ратэрдам зьяўляецца адным з найбуйнейшых марскіх партоў сьвету па грузазвароту. Нідэрлянды перапрацоўваюць значную частку эўрапейскіх грузаплыняў. Авіякампанія KLM абслугоўвае шматлікія міжнародныя маршруты.

Дэмаграфія

Колькасьць насельніцтва па стане на люты 2013 складала 16 782 300 чалавек[1]. У сьпісе краінаў па колькасьці насельніцтва[17] Нідэрлянды займаюць 64-е месца. У параўнаньні зь іншымі краінамі Эўропы, насельніцтва Нідэрляндаў вельмі хутка расло апошнія паўтара стагодзьдзі: 3 мільёны жыхароў у 1850, 5 мільёнаў у 1900 і 16 мільёнаў у 2000. Для параўнаньня: насельніцтва Бэльгіі ў той жа час павялічылася ўсяго прыкладна ўдвая: з 4,5 мільёнаў жыхароў у 1850 году да 10 мільёнаў у 2000.

Пры плошчы краіны 41 526 км² Нідэрлянды маюць шчыльнасьць насельніцтва 395 чалавек на км² (або 484 чалавекі на км², калі ўлічыць, што 18,4% тэрыторыі каралеўства займае вада). Такім чынам, Нідэрлянды зьяўляюцца 15-й па шчыльнасьці насельніцтва дзяржавай у сьвеце.

У Нідэрляндах жывуць дзьве карэнныя групы насельніцтва — нідэрляндцы і фрызы, а таксама шмат імігрантаў. Этнічны склад насельніцтва: 80,8% нідэрляндцы, 2,4% немцы, 2,4% інданэзійцы, 2,2% туркі, 2,0% сурынамцы, 1,9% мараканцы, 1,5% індыйцы і 6,0% іншыя этнічныя групы. Склад насельніцтва па веравызнаньні: 30% каталікі, 21% пратэстанты, 5,8% мусульмане, 0,6% індуісты, 1,6% вызнаюць іншыя рэлігіі, і 41% не належаць ні да адной рэлігіі. Насельніцтва Нідэрляндаў зьяўляецца самым высокім у сьвеце: сярэдні рост дарослых мужчынаў — 1,83 мэтры, дарослых жанчын — 1,70 мэтры.

Культура

Знакаміты Рэйксмюзэўм.

У Нідэрляндах працавалі шматлікія вядомыя мастакі. У Сярэднявеччы піянэрамі нідэрляндзкага мастацтва былі Геранімус Босх і Пітэр Брэйгель Старэйшы. Агулам жа за часам Залатога веку Галяндзкая Рэспубліка была квітнеючай і стала цэнтрам росквіту мастацкага руху. У XVII стагодзьдзі жылі і працавалі такія майстры, як Рэмбрант, Ян Вэрмээр, Ян Стэйн і шматлікія іншыя. У XIX і XX стагодзьдзях дзеялі знакамітыя Вінцэнт ван Гог і Піт Мандрыян. Вядомым мастаком-графікам быў Маўрыц Карнэліс Эшэр. Вілем дэ Конінг атрымаў адукацыю ў Ратэрдаме, і пасьля стаў вядомым амэрыканскім мастаком. Нан ван Мэйгэрэн уславіўся за свае падробкі клясычных карцінаў.

Рэмбрант — адзін з самых вядомых мастакоў сьвету.

Квітнела ў памянёны Залаты век Нідэрляндаў і літаратура. Выбітнымі паэтамі таго часу былі Ёст ван дэн Вондэль і Пітэр Карнэлісан Гоофт. У XIX стагодзьдзі Эдуард Доўвэс Дэкер пісаў пра дрэннае абыходжаньне з карэннымі жыхарамі ў нідэрляндзкіх калёніях. Істотнымі пісьменьнікамі XX стагодзьдзя былі Гары Муліш, Ян Волкерс, Сымон Вэстдэйк, Гэрард Рэвэ, В. Ф. Герман і Сэйс Нотэбоом. Ганна Франк напісала знакаміты «Дзёньнік Ганны Франк», які быў выдадзены па ейнай сьмерці ў нацыскім канцлягеры і перакладзены зь нідэрляндзкай на ўсе асноўныя мовы.

У Нідэрляндах можна вылучыць розныя архітэктурныя стылі. Раманская архітэктура панавала паміж 950 і 1250 гадамі. Гэты архітэктурны стыль найбольш сканцэнтраваны ў правінцыях Гельдэрлянд і Лімбург. Гатычная архітэктура выкарыстоўвалася ў Нідэрляндах прыкладна з 1230 году. Будынкі ў гэтым стылі мелі вялікія вокны, сьпічастыя аркі і былі багата ўпрыгожаныя. Брабантыйская готыка ўзьнікла з узьнікненьнем герцагства Брабант і распаўсюдзілася ва ўсіх правінцыях Бургундыі. Архітэктура галяндзкага барока (1525—1630) і клясыцызму (1630—1700) асабліва ярка выявілася на захадзе Нідэрляндаў.

У Нідэрляндах жылі філёзафы Эразм Ратэрдамскі і Бэнэдыкт Сьпіноза, і тамака былі выкананыя ўсе асноўныя працы Рэнэ Дэкарта. Навуковец Крыстыян Гюйгэнс адкрыў спадарожнік Сатурна Тытан і вынайшаў ківачовыя гадзіны. Антоні ван Леэўвэнгук быў першым, хто назіраў і апісаў аднавузныя арганізмы з дапамогай мікраскопу. Зь Нідэрляндамі звычайна атаясамліваюцца ветракі, тульпаны, драўляныя чаравікі і гліняны посуд з Дэльфта.

Спорт

Самым папулярным відам спорту зьяўляецца футбол. Вялікае значэньне таксама маюць тэніс, роварны спорт, хакей на траве, валейбол, гандбол, канькабежны спорт і гольф. Верагодна, адзіным вядомым відам спорту, вынайдзеным у Нідэрляндах, зьяўляецца карфбол — вельмі спрошчаная форма баскетбола, не якае не патрабуе вялікага атлетызму. На Алімпіядах і чэмпіянатах сьвету спартоўцы Нідэрляндаў выйграваюць вельмі вялікі лік мэдаляў па стаўленьні да насельніцтва краіны. Тысячы заўзятараў зь Нідэрляндаў наведваюць змаганьні ў замежных краінах, апрануўшыся ў аранжавыя майкі, якія заўсёды носяць гульцы нацыянальнай зборнай па футболе.

Крыніцы

  1. ^ а б Statistics Netherlands (анг.) Праверана 26 лютага 2014 г. Архіўная копія ад 2 траўня 2013 г.
  2. ^ «Zuiderzee floods (Netherlands history)». Encyclopedia Britannica.
  3. ^ «Windmills in Dutch History». Rijks Universiteit Groningen.
  4. ^ «Home». Nationaal Park.
  5. ^ «Wadden Sea». UNESCO World Heritage Centre.
  6. ^ Dinerstein, Eric; et al. (2017). «An Ecoregion-Based Approach to Protecting Half the Terrestrial Realm». BioScience. 67 (6): 534—545. doi:10.1093/biosci/bix014. PMID 28608869.
  7. ^ «Beekbergerwoud — Natuurgebied». Natuurmonumenten.
  8. ^ Grantham, H. S.; et al. (2020). «Anthropogenic modification of forests means only 40% of remaining forests have high ecosystem integrity — Supplementary Material». Nature Communications. 11 (1): 5978. doi:10.1038/s41467-020-19493-3. PMID 33293507.
  9. ^ «The cucumber Saudis: how the Dutch got too good at farming». The Economist.
  10. ^ Malo, Paul (18.11.2019). «Les insectes sont bel et bien en train de disparaître». ConsoGlobe.
  11. ^ «The 2017 IMD World Competitiveness Ranking». IMD.
  12. ^ «Global Innovation Index 2022». WIPO.
  13. ^ «Netherlands». The World Factbook.
  14. ^ а б «The Dutch curse: how billions from natural gas went up in smoke». NRC Handelsblad.
  15. ^ «The Netherlands 2020: Energy Policy Review». International Energy Agency.
  16. ^ «Fossil CO2 emissions of all world countries — 2018 Report». EU Science Hub.
  17. ^ CIA Factbook (анг.) Праверана 10 жніўня 2013 г. Архіўная копія ад 24 ліпеня 2013 г.

Літаратура

  • В. А. Бакир, Ю. Б. Ларионова. Нидерланды. Путеводитель. Вокруг света, 2005. 216 стр. ISBN 5-98652-011-4.
  • Paul Arblaster. A History of the Low Countries. Palgrave Essential Histories Series New York: Palgrave Macmillan, 2006. 298 pp. ISBN 1-4039-4828-3.
  • J. C. H. Blom and E. Lamberts, eds. History of the Low Countries (1999).
  • Jonathan Israel. The Dutch Republic: Its Rise, Greatness, and Fall 1477—1806 (1995).
  • J. A. Kossmann-Putto and E. H. Kossmann. The Low Countries: History of the Northern and Southern Netherlands (1987).
  • Christophe de Voogd. Geschiedenis van Nederland. Arena Amsterdam, 2000. 368 стр. ISBN 90-6974-367-1.

Вонкавыя спасылкі