«Мерц будзе падтрымліваць дэмакратычныя сілы Беларусі, а не Лукашэнку»
Якім будзе новы ўрад Германіі? Ці варта чакаць ад яго новай палітыкі адносна Беларусі? Як Германія на чале з Фрыдрыхам Мерцам збіраецца адказваць на выклік Дональда Трампа? На гэтыя пытанні Юрыя Дракахруста на «Радыё Свабода» адказала палітолаг, экспертка Нямецкага фонду Маршала Марына Рахлей.

— Вынікі выбараў, якія адбыліся ў Германіі, збольшага вядомыя, хаця захоўваецца інтрыга, ці прайшоў у Бундэстаг Саюз Сары Вагенкнехт. Тым ня менш, якая найбольш імаверная ўрадавая кааліцыя? Ці можа яна быць створаная ўжо літаральна сёння?
— Не, учора Фрыдрых Мерц, лідар пераможцаў на выбарах — хрысціянскіх дэмакратаў, казаў пра спадзеў, што новая ўрадавая кааліцыя будзе створаная да Вялікадня. А гэта — канец красавіка. Іншымі словамі, новы ўрад удасца сфармаваць за два месяцы. Склад кааліцыі залежыць ад таго, ці ўвойдзе ў Бундэстаг Саюз Сары Вагенкнехт. Паводле падлікаў, ім не хапае зусім няшмат. Мяркуючы па ўсім, гэтая партыя будзе патрабаваць перападліку галасоў.
Дык вось, калі гэты саюз не ўвойдзе ў парламент, тады будзе «вялікая кааліцыя» ХДС/ХСС і сацыял-дэмакратаў. Калі ж Саюз Сары Вагенкнехт апынецца ў Бундэстагу, галасоў дзвюх партый для стварэння ўрада будзе недастаткова і давядзецца запрасіць у кааліцыю і «Зялёных». Мерц і раней казаў, і ўчора паўтарыў, што варыянт кааліцыі ХДС/ХСС з ультраправай «Альтэрнатывай для Германіі», якая на ўчарашніх выбарах заняла другое месца, выключаны.
— Кааліцыя з дзвюх ці трох партый без «Альтэрнатывы для Германіі» («АдГ») — наколькі яна будзе ўстойлівая, ці змогуць яны палагодзіць супярэчнасці паміж сабой? Лідарка «АдГ» Аліса Вайдэль учора прадказала, што кааліцыя без яе партыі хутка разваліцца.
— Супярэчнасці паміж хрысціянскімі дэмакратамі і патэнцыйнымі партнёрамі па кааліцыі — сацыял-дэмакратамі і «Зялёнымі» — меншыя, чым паміж хрысціянскімі дэмакратамі і «АдГ». Аліса Вайдэль кажа, што ХДС фактычна проста скапіявала праграму ў яе партыі. Гэта не так.
Адна з галоўных праблем, якая стаіць перад новым урадам, — праблема дзяржаўнага доўгу. Патрэбныя вялікія інвестыцыі ў інфраструктуру і ў сістэму адукацыі. Дылема — састарэлая інфраструктура ці павелічэнне доўгу? З гэтай прычыны развалілася папярэдняя ўрадавая кааліцыя і выбары адбыліся датэрмінова, а не ўвосень.
Яшчэ адно вельмі вострае пытанне — міграцыя. Пэўны час таму быў падрыхтаваны законапраект, якія рэалізоўваў новыя, больш жорсткія падыходы да гэтага пытання, якія прапанаваў Еўрасаюз. Аднак Мерц, тады яшчэ лідар апазіцыі, прапанаваў яшчэ больш жорсткі падыход, які быў падтрыманы толькі «Альтэрнатывай для Германіі». Гэта спарадзіла вялікае абурэнне. Сацыял-дэмакраты і «Зялёныя» ў гэтым пытанні прытрымліваюцца агульнага падыходу Еўрасаюза і выступаюць супраць таго, каб наагул закрыць межы Германіі.
Але ў прынцыпе тры партыі — ХДС/ХСС, сацыял-дэмакраты і «Зялёныя» — могуць дамовіцца па гэтых пытаннях. А калі ўдасца стварыць кааліцыю з дзвюх партый, дамовіцца будзе прасцей. Хаця сітуацыя для пераможцаў не найлепшая. Найгоршы вынік, які быў у кансерватараў у часы прэм’ерства Ангелы Меркель, — гэта 33% у 2017 годзе. Цяпер — яшчэ менш. А ў сацыял-дэмакратаў вынік сёлета — найгоршы за ўвесь час існавання партыі, з канца XIX стагоддзя.
— Звычайна ў кааліцыі партфель міністра замежных спраў даставаўся лідару другога паводле вагі чальца кааліцыі. У гэтым выпадку гэта сацыял-дэмакраты. Гэтая пасада ў новым урадзе дастанецца Олафу Шольцу?
— Не, Шольц заявіў раней, што, калі ягоная партыя не пераможа на выбарах, ён пойдзе з палітыкі. У сацыял-дэмакратаў будзе новы лідар — хутчэй за ўсё, ім стане Ларс Клінгбайль, малады і амбітны палітык. Але не факт, што ён у кааліцыі ўзначаліць МЗС. Хрысціянскія дэмакраты кажуць, што хочуць атрымаць і пасаду канцлера, і пасаду міністра замежных спраў. Бо ў святле міжнародных выклікаў, перад якімі стаіць Германія, гэтая пасада робіцца надзвычай важнай.
— А ў якой ступені знешняя палітыка можа змяніцца,— прынамсі, адносна Расіі, Беларусі і вайны ва Украіне? Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп вітаў поспех на выбарах хрысціянскіх дэмакратаў як адыход ад ранейшай палітыкі «адсутнасці здаровага сэнсу». Але ў кааліцыі будзе адна ці нават дзве партыі, якія і праводзілі тую папярэднюю палітыку, якая не падабалася Трампу.
— Знешняя палітыка будзе мяняцца, бо мяняецца свет. Мерц учора заявіў: «Маім абсалютным прыярытэтам будзе як мага хутчэй умацаваць Еўропу, каб крок за крокам мы маглі сапраўды дамагчыся незалежнасці ад ЗША. Пасля заяў Дональда Трампа, зробленых на мінулым тыдні, стала зразумела, што амерыканцам (прынамсі, частцы амерыканцаў у гэтай адміністрацыі) лёс Еўропы ў значнай ступені абыякавы». Ён сказаў, што не думаў, што яму калі-небудзь давядзецца казаць такія словы.
— Але ў практычным сэнсе: што азначаюць гэтыя дэкларацыі пра «незалежнасць Еўропы», у тым ліку і ў сферы абароны? Трамп жа і кажа еўрапейцам: 5% ад ВУП на вайсковыя выдаткі. Германія на чале з Мерцам гатовая гэтак адказаць на выклік Трампа?
— Мерц сказаў пра павелічэнне вайсковых выдаткаў. Пачаліся перамовы з Вялікабрытаніяй і Францыяй пра супрацу ў ядзернай сферы. 5% ад ВУП на вайсковыя выдаткі ў агляднай будучыні не выглядаюць рэальнымі. Цяпер у Германіі выдаткі на абарону меншыя за 2%. Але ўжо няма спадзявання на гарантыі бяспекі ад ЗША, на тое, што Трамп будзе выконваць 5-ы артыкул статута НАТА, што ён абароніць краіны Еўропы ў выпадку нападу.
— Ладную частку гарантый ЗША Еўропе ў сферы бяспекі складае амерыканскі «ядзерны парасон». Калі не будзе і яго — ці ідуць размовы пра стварэнне нямецкай ядзернай зброі?
— Не, пакуль пра гэта ніхто не гаворыць. Размова ідзе адно пра перамовы з Парыжам і Лонданам наконт іхняга «ядзернага парасона».
— Якой будзе палітыка ўрада Мерца адносна Беларусі? Нават калі будзе працягвацца палітыка санкцый і ізаляцыі Расіі, то адносна Беларусі ёсць варыянты. Можна разглядаць яе як фактычнага сатэліта РФ, як правінцыю Расіі. А можна і спрабаваць вырваць з абдымкаў Пуціна, што, так выглядае, збіраецца рабіць адміністрацыя Трампа. А які будзе выбар Мерца? Ён будзе працягваць палітыку ранейшай кіраўніцы МЗС Бербак?
— Так, збольшага будзе працягвацца палітыка Аналены Бербак. Хрысціянскія дэмакраты традыцыйна заўсёды былі на баку беларускай апазіцыі. Калі Мерц балятаваўся на пасаду кіраўніка Хрысціянска-дэмакратычнага саюза, яго папракалі, што ён ездзіў у Мінск у якасці прадстаўніка канцэрну Stadler, які супрацоўнічаў зь Беларуссю. Мерц ад гэтага свайго мінулага пазней дыстанцыяваўся, пакінуў пасаду ў Stadler. Ён рэзка крытыкаваў палітыку Аляксандра Лукашэнкі, асабліва пасля 2020 года, і выказваў салідарнасць з дэмакратычнымі сіламі Беларусі. Тут варта адзначыць, што Мерц — партыйны функцыянер, наўпрост знешняй палітыкай раней ніколі не займаўся. Для яго гэта будзе новы досвед.
— Калі кааліцыю ўдасца стварыць толькі напрыканцы красавіка, то да таго часу кіраваць Германіяй будзе ўрад Олафа Шольца. А калі да Вялікадня Трамп дамовіцца з Пуціным, ці можа Берлін разам з іншымі краінамі ЕС і з Уладзімірам Зяленскім сказаць: «Не, мы не прымаем такі мір, мы будзем працягваць дапамагаць зброяй і грашыма Украіне, Украіна будзе змагацца»?
— Такая імавернасць ёсць, Еўропа можа пайсці сваім шляхам. У Мерца і ў ягонай партыі вельмі артыкуляваная пазіцыя, што Украіне трэба дапамагаць усімі магчымымі сродкамі. У іх гэтая пазіцыя больш выразная і моцная, чым у сацыял-дэмакратаў.
— Калі ў кааліцыі не будзе «Зялёных», наколькі імаверна, што новы ўрад абыдзецца з «зялёнай эканомікай» прыкладна гэтак жа, як Трамп абыходзіцца з ёю ў ЗША? Напрыклад, вернецца да атамнай энергетыкі?
— Гэта малаімаверна. АЭС, якія былі замарожаныя, — вельмі старыя, гэта тэхналогіі 90-х гадоў. Аднавіць іх — гэта зноў жа патрэбныя шматмільярдныя інвестыцыі. А дзе ўзяць грошы? Летась траціна ўсёй электраэнергіі, генераванай у Германіі, была прадукаваная альтэрнатыўнымі крыніцамі. Аліса Вайдэль — лідарка «АдГ» — абяцала ў выпадку перамогі пазносіць «ветракі». Мерц гэтага рабіць дакладна не будзе, нават калі «Зялёныя» не ўвойдуць у кааліцыю.
Мерц абяцае ўзмацніць незалежнасць ад ЗША і сумняваецца ў будучыні існавання НАТА
Мерц абяцае ўзмацніць незалежнасць ад ЗША і сумняваецца ў будучыні існавання НАТА
Фрыдрых Мерц падтрымаў Зяленскага
4,972% — вось чаму гэта самая важная лічба нямецкіх выбараў
Зарабіў, вярнуўся, перамог. Хто такі Фрыдрых Мерц, які стане новым канцлерам Германіі
У Германіі абвясцілі вынікі выбараў у Бундэстаг
Каментары
Хтосці калісці падтрымае беларускі народ?
а народ то что нибудь делает?
и главное-а хочет вообще что то делать?
всякие "демократические силы",такие как радина у которой самый так сказать мощный инфоресурс в руках,расплавили всем мозги до такой степени,что апатия в народе стала чуть ли не основной скрепой.а кто то просто тупо плюнул на цветочный цирк и уже никогда и ни в чем участвовать не будет.