Радзімай лічыцца паўночны захад Новай Гвінеі, адкуль продкі палінезійцаў 3500 г. таму завезлі яго на розныя астравыАкіяніі, дзе культывавалася як свойская расліна. У канцы XVIII ст. брытанцы накіроўвалі на востраў Таіці 2 экспедыцыі, каб даставіць парасткі дрэва на Антыльскія астравы. Аднак першая экспедыцыя на судне «Баўнці» скончылася паўстаннем маракоў (гл. Астравы Піткэрн і Вільям Блай). Другая экспедыцыя даставіла парасткі ў Новы Свет у 1793 г. Зараз вырошчваецца ў многіх трапічных краінах.
Дасягае 20 — 26 м у вышыню. Кара шэрая, гладкая. Лісце пакрыта тонкім пухам. У залежнасці ад кліматычных умоў можа быць вечназялёным або лістападным. Кветкі дробныя, зелянявыя. Мужчынскія кветкі сабраныя ў падоўжаныя суквецці. Апыляюцца кажанамі. Пасля апылення жаночыя суквецці паступова зрастаюцца ў вялікае суплодзе. Суплодзі растуць па аднаму або гронкамі на вяршынях ветак. Дыяметр суплодзя — да 30 см, вага да 3 — 4 кг. Саспелае суплодзе мае колер бульбы ці свежага хлеба. Унутры ўтрымоўвае кудзелістую крухмалістую масу крэмавага колеру. Адрозніваюць сарты, якія ўтрымоўваюць унутры насенне і не ўтрымоўваюць яго. Пры спрыяльных кліматычных умовах прыносіць ураджай да 150 кг суплодзяў на працягу 9 месяцаў у год.
Галоўным чынам выкарыстоўваецца мякаць суплодзяў, якая пры выпяканні ператвараецца ў саладкаваты «хлеб». У Палінезіі мякаць нарыхтоўвалі і квасілі ў ямінах. Няспелыя суплодзі па смаку нагадваюць агуркі і таксама шырока ўжываюцца ў кулінарыі. Смажанае і варанае насенне ўжываюць у якасці самастойнай ежы або прыправы.
Драўніна з-за хуткага росту друзлая. Выкарыстоўваецца ў якасці паліва.