Перайсці да зместу

Усевалад Макаравіч Ігнатоўскі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з У. Ігнатоўскі)
Усевалад Макаравіч Ігнатоўскі
Дата нараджэння 19 красавіка 1881(1881-04-19)
Месца нараджэння
Дата смерці 4 лютага 1931(1931-02-04) (49 гадоў)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Род дзейнасці гісторык, палітык
Навуковая сфера гісторыя
Месца працы
Альма-матар
Член у
Узнагароды
Ордэн Святога Станіслава
Ордэн Святога Станіслава
Лагатып Вікіцытатніка Цытаты ў Вікіцытатніку
Лагатып Вікікрыніц Творы ў Вікікрыніцах
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Усевалад Макаравіч Ігнатоўскі (19 красавіка 1881, в. Такары, Брэсцкі павет, цяпер Камянецкі раён — 4 лютага 1931, Менск) — беларускі грамадскі і палітычны дзеяч, гісторык. Першы прэзідэнт Беларускай акадэміі навук (1928—1931). Акадэмік Беларускай акадэміі навук (1928), Усеўкраінскай акадэміі навук (1929).

Член партыі эсэраў (1901—1917)[1], ЦК БСГ (чэрвень 1917—1918), ЦК БПС-Р (1918-снежань 1919), ЦК БКА (студзень-жнівень 1920, старшыня з лютага 1920), РКП(б) (30.7.1920), член ЦК КП(б)Б (з 1924 да 22.1.1931, адноўлены ў 1990) і Бюро ЦК КП(б)Б (з лістапада 1924 да кастрычніка 1930[1]), загадчык аддзела агітацыі і прапаганды ЦК (да 1926). Дэлегат ад КП(б)Б на V кангрэс Камінтэрна, член Бюро дапамогі Кампартыі Заходняй Беларусі.

Наркам земляробства (па II Усебеларускім з’ездзе саветаў, снежань 1920—1921), наркам асветы (у перыяд паміж снежнем 1920 і восенню 1921—1926). Дэлегат на Усебеларускіх (V—IX) і Усесаюзных (I—V) з’ездах саветаў, у складзе Прэзідыума ЦВК БССР (1924—1930) і ЦВК БССР (1920—1930).

Духоўная адукацыя: Віленскае духоўнае вучылішча, пяць класаў Літоўскай духоўнай семінарыі (выключаны за ўдзел у рэвалюцыйных выступленнях моладзі[1]), скончыў Магілёўскую семінарыю (1902, «па першаму разраду»).

Вышэйшая адукацыя: Санкт-Пецярбургскі гісторыка-філалагічны інстытут (нясконч., да верасня 1905), скончыў Юр’еўскі ўніверсітэт (да восені 1907, жнівень 1909—1911, «на выдатна»).

Настаўнік у г. Ладзейнае Поле Аланецкай губ. (восень 1907-студзень 1909), у прыватнай гімназіі Вінаградава (Вільня, 1912—1914), выкладчык гісторыі, потым прафесар у Мінскім настаўніцкім інстытуце (з ліпеня 1914 да 1919, у т.л. у час эвакуацыі Ін-та ў Яраслаўль, жнівень 1915-верасень 1918).

Першыя прафесары БДУ, 1922 год (злева направа):
Ніжні рад: С. З. Кацэнбоген, А. М. Вазнясенскі, М. М. Нікольскі, У. І. Пічэта, У. М. Ігнатоўскі, Я. Ю. Лёсік, А. А. Міхайлоўскі;
Сярэдні рад: І. М. Салаўёў, С. Я. Вальфсон, Я. І. Барычэўскі, А. А. Савіч, Д. А. Жарынаў, Я. К. Успенскі, І. Я. Герцык;
Верхні рад: У. М. Перцаў, М. М. Шчакаціхін, В. В. Якунін, М. М. Піятуховіч.

Старшыня Інбелкульта (з 1926), першы прэзідэнт Акадэміі навук (з 1929 да 26.12.1930), першы дырэктар Інстытута гісторыі АН (з 15.10.1929). Прафесар БДУ (1921—1930), старшыня таварыства гісторыкаў-марксістаў (1927—1928), член камісіі па перакладзе твораў Леніна на беларускую мову (1924—1930).

Падчас кампаніі супраць нацыянал-дэмакратызму 26 снежня 1930 зняты з пасады прэзідэнта БелАН. 16 студзеня 1931 ЦК КП(б)Б выключыла У. Ігнатоўскага з партыі як «лідара нацыянал-дэмакратычнай контррэвалюцыі». Выклікаўся на допыты ў ДПУ. Пасля аднаго з іх скончыў жыццё самагубствам. Паводле другой версіі быў застрэлены супрацоўнікамі ДПУ ў сваім доме.

Пахаваны на Вайсковых могілках Мінска.

Член моладзевага гуртка партыі эсэраў (каля 1902—1905), удзельнічаў у рэвалюцыйных падзеях, у тым ліку 1905—1907. Неаднаразова выключаўся з навучальных устаноў (з Літоўскай семінарыі, з Пецярбургскага інстытута двойчы, другі раз трапіў у адміністрацыйную высылку ў Аланецкую губерню з пазнейшай забаронай жыць у пяці найбольшых гарадах Расіі[1]). Арганізатар аўтаномнай культурна-асветніцкай арганізацыі эсэраўскага кірунку «Наш край» (Яраслаўль, 1915), ператворанай у маі 1917 у арганізацыю «Маладая Беларусь» з арыентацыяй на праграму Беларускай Сацыялістычнай Грамады.

Пасля Лютаўскай рэвалюцыі арганізоўваў, з платформы левых эсэраў, Савет у Яраслаўлі. Выбраны ў ЦК БСГ (на канферэнцыі ў чэрвені 1917).

Пасля расколу БСГ увайшоў у ЦК Беларускай партыі эсэраў як прадстаўнік аўтаномнай арганізацыі «Маладая Беларусь» (1918).

Не падтрымаў Раду БНР, бо выступаў супраць апоры на нямецкі манархічны, не-народны дзяржаўны лад[2]. Лічыў нерэальнымі спадзяванні на дапамогу заходніх дзяржаў або аслабленай Польшчы ў справе стварэння беларускай дзяржаўнасці. Адкідаў як прапольскую арыентацыю часткі беларускіх дзеячаў, так і эсэраўскую тактыку барацьбы на два фронты, супраць польскіх акупантаў і супраць савецкай улады.

У снежні 1919 з ініцыятывы Ігнатоўскага «Маладая Беларусь» парывае з БПС-Р, а 1 студзеня 1920 ён удзельнічае ў стварэнні арганізацыйнага цэнтра Беларускай камуністычнай арганізацыі (БКА), з канца лютага 1920 — старшыня ЦК БКА, у тым ліку кіруе партызанскай барацьбой (Гл. таксама: Беларускі паўстанцкі камітэт). Карыстаўся падпольнай мянушкай «Воўк» (у час удзелу ў БКА).

Паслядоўна выступаў за аднаўленне беларускай савецкай дзяржаўнасці ў час камуністычнай партыйнай дыскусіі 1920 года над гэтым пытаннем; падпісаў ад ЦК БКА Дэкларацыю аб абвяшчэнні ССРБ (31 ліпеня 1920). Член Часовага ваенна-рэвалюцыйнага камітэта ССРБ (16 ліпеня 1920). Разам з БКА ўвайшоў у склад РКП(б) у ліпені-жніўні 1920.

Незразумелым застаецца эпізод з выездам Ігнатоўскага па сям’ю ў Саратаўскую губернію вясной 1921. Там ён, у невысветленых акалічнасцях, быццам трапляў у палон да паўстанцаў Антонава, але ў час рэпрэсій гэты эпізод, які даваў магчымасць абвінавачання Ігнатоўскага ў сувязі з Антонавым, не быў развіты.

Адмовіўся ўдзельнічаць у савецкай дэлегацыі на падпісанні Рыжскага дагавора[заўв 1].

Актыўны распрацоўшчык і арганізатар ажыццяўлення палітыкі беларусізацыі. Належаў да той часткі партыйна-савецкага кіраўніцтва, якая настойліва дамагалася (з 1920) узбуйнення БССР.

Разам з тым, адмоўна паставіўся да ініцыятывы Рады БНР (1921) па развязанні беларускага пытання праз стварэнне аб’яднанай беларускай буфернай некамуністычнай дзяржавы.

31 кастрычніка 1990 Бюро ЦК КПБ прыняло рашэнне[3]:

" Улічваючы, што пастаўленыя супраць Ігнатоўскага У. М. пры выключэнні ў студзені 1931 г. з партыі абвінавачанні ў групавой антыкамуністычнай, контррэвалюцыйнай дзейнасці пры праверцы не пацвердзіліся, аднавіць яго (пасмяротна) членам КПСС з чэрвеня 1920 г. "

Стваральнік Навукова-тэрміналагічнай камісіі, пазнейшага Інбелкульту, пры Наркамаце асветы (1921).

Курс гісторыі Ігнатоўскага ацэньваўся як «першы марксісцкі курс беларускай гісторыі» (С. Вальфсон, пач. 1929). Зараз многія аспекты гэтага курса расцэньваюцца як спрошчана-сацыялагічныя[1].

Увёў перыядызацыю гісторыі Беларусі, заснаваную на яе дзяржаўнай прыналежнасці[1] — перыяды Полацкі, Літоўска-Беларускі, Польскі, Расійскі, Беларусь пасля звяржэння царызму.

Першым у беларускай гістарыяграфіі пачаў ужываць быццам не-польскую форму імя Каліноўскага — Канстанцін-Кастусь замест Вікенці (Вікенці Канстанцін)[1].

Больш за 30 навуковых прац, сярод іх:

  • «Кароткі нарыс нацыянальна-культурнага адраджэння Беларусі» (1921)
  • «Матывы лірыкі беларускага песняра М. Чарота» (1922)
  • «Кароткі нарыс гісторыі Беларусі» (кніга доўга была школьным падручнікам гісторыі; 5 выданняў: 1-е ў 1919 (канфіск. польск. акуп. уладамі), 2-е ў 1921 (у Беларусі) і тады ж, але без дазволу аўтара ў Вільні, 3-е выд., папраўл. і дапоўн., у 1921, 4-е выд., пераробл., у 1926, таксама ў Вільні ў 1927, 5-е выд., перавыд. 4-га, у 1991)
  • «Беларусь» (4 выданні)
  • «Гісторыя Беларусі ў XIX і ў пачатку XX сталецьця» (3 выданні, 2-е ў 1926, 3-е ў 1928)
  • «Каля магілы барацьбіта» (1927)
  • «1863 год на Беларусі» (1930, манаграфія).

Нацыянальнае адраджэнне

[правіць | правіць зыходнік]

Ігнатоўскі адносіў («Кароткі нарыс…») пачатак нацыянальнага адраджэння да канца XVIII — пачатку XIX стагоддзяў, і прывязваў яго, сацыяльна, да працэсаў разлажэння феадальнага і фарміравання капіталістычнага ладу. Лічыў, што доўгае знаходжанне ў складзе Рэчы Паспалітай прывяло да запаволення фарміравання беларускай нацыі на пачатковай стадыі. Беларуская мова была забыта, інтэлігенцыя ў асноўным злілася з інтэлігенцыяй Польшчы. Аднак, абуджэнне цікавасці да беларусаў прывяло да ўтварэння і плённай працы «беларускай школы» у польскай літаратуры (Ян Чачот, Аляксандр Рыпінскі, Ян Баршчэўскі і інш.), да прац Шыдлоўскага, Лукашэвіча, Ярашэвіча, да адраджэння беларускай літаратуры Дуніным-Марцінкевічам, да навуковых прац Калайдовіча, Шпілеўскага, Кіркора, Мікуцкага, Юркевіча і інш., потым Бяссонава, Шэйна, Раманава, Нікіфароўскага і інш. Меркаваў, што станоўчы ўплыў на фарміраванне беларускай нацыянальнай свядомасці зрабіла паўстанне 1863—1864 гадоў. Адзначаў вялікую ролю Багушэвіча, Яна Неслухоўскага, прац Карскага.

Новы этап нацыянальнага адраджэння, як меркаваў Ігнатоўскі, быў адкрыты на пач. 20 ст. са з’яўленнем інтэлігенцыі родам з народных нізоў, сярод якой: Я. Колас, Я. Купала, Ц. Гартны, М. Багдановіч і інш. Далей, як меркаваў Ігнатоўскі, з утварэннем БССР у беларусаў з’явілася і навуковая магчымасць культурна-нацыянальнага будаўніцтва.

Паўстанне 1863—1864 гадоў

[правіць | правіць зыходнік]

У сваёй манаграфіі Ігнатоўскі ацаніў паўстанне як прагрэсіўны, бо скіраваны на вызваленне народаў Расійскай імперыі, рух буржуазна-дэмакратычнага характару. У магчымым вызваленні народаў Ігнатоўскі бачыў і значэнне паўстання.

Засяроджваўся, найперш, на сацыяльнай характарыстыцы дзейных сіл паўстання. Звярнуў увагу на падзел сялянства на тры часткі, нейтральную бальшыню, тых, хто падтрымаў паўстанне, і тых, хто выступіў «супраць панства».

Падкрэсліваў звяртанне «чырвоных» да беларускага сялянства, іх абяцанні зямлі і волі ў памерах, большых за царскія, лічыў што праграма «чырвоных» проціпаставіла не толькі сацыяльныя, але і нацыянальныя інтарэсы беларускага сялянства нацыянальным інтарэсам польскіх паноў і рускага самадзяржаўя. Лічыў рознагалоссі «чырвоных» і «белых» глыбейшымі ў Беларусі, чым у Польшчы, менавіта з прычыны гэтага проціпастаўлення. Праводзіў неабгрунтаваную думку пра сялянскі характар паўстання на беларускіх землях[1].

Ігнатоўскі карыстаўся вялікай павагай у студэнтаў, быў называны «бацькам»[1]. Яму быў прысвечаны верш Зм. Жылуновіча «Беларускі народ» (1924). Наогул, да пачатку «анты-нацдэмаўскіх» рэпрэсій, і нават пэўны час пасля іх пачатку, Ігнатоўскі захоўваў моцную пазіцыю ў партыйна-савецкім кіраўніцтве БССР, прайшоў, без прынцыповых заўваг, дзве партыйныя чысткі (1924, канец 1929).

Пачатак палітычнай крытыкі быў змяшаны з крытыкай навуковых поглядаў Ігнатоўскага (дыскусія вакол характару паўстання 1863 з С. Агурскім, даклад камісіі ЦК ВКП(б) па абследаванні практыкі вырашэння нацыянальнага пытання пад кір. У. Затонскага, 1929). Пазней у віну Ігнатоўскаму было пастаўлена стварэнне ў Беларусі «асобнай камуністычнай арганізацыі» (БКА). Мяркуецца, аднак, што тагачаснае партыйна-савецкае кіраўніцтва БССР дапамагло Ігнатоўскаму, у адрозненне ад іншых дзеячаў, выйсці з-пад першай хвалі «анты-нацдэмаўскіх» рэпрэсій (1929). Гл. таксама: Мікалай Галадзед, Аляксандр Чарвякоў, Зміцер Жылуновіч.

Аднак, у кастрычніку 1930 Ігнатоўскі быў уцягнуты ў новую хвалю палітычнага пераследавання, гэтым разам у сувязі з яго нібыта прыналежнасцю да «Саюзу вызвалення Беларусі». Было пачатае партыйнае расследаванне яго дзейнасці, Ігнатоўскі быў зняты з паста Прэзідэнта АН. Гл. таксама: Янка Купала.

У студзені 1931 усе абвінавачанні супраць яго былі не толькі пацверджаныя, але і пашыраныя, Ігнатоўскі быў выключаны з КП(б)Б (22.1.1931). Пачаліся допыты ў АДПУ, і назаўтра пасля аднаго з іх (3.2.1931) Ігнатоўскі застрэліўся.

У пазнейшы савецкі час асоба і творчасць Ігнатоўскага замоўчваліся, і атрымалі публічнасць толькі ў канцы 1980-х гадоў. Камуністычная партыя пасмяротна аднавіла членства Ігнатоўскага ў 1990 годзе[заўв 2].

Ігнатоўскі паходзіў з сям’і вясковага настаўніка, родам з сялян. Быў жанаты (з 1908) з Марыяй Севасцянаўнай Арэф’евай. Сыны: Міхаіл, Юрый, Валянцін. Уся сям’я трапіла пад рэпрэсіі. У кастрычніку 1936 года арыштавалі сярэдняга і малодшага сыноў У. М. Ігнатоўскага — Юрася і Валянціна. Яны абвінавачваліся ў тым, што быццам бы арганізавалі тэрарыстычную групу, бо «затаілі злобу супраць Савецкай улады і паставілі сваёй задачай помсціць за смерць бацькі». Юрый і Валянцін былі расстраляныя ў 1937 г.

Жонку У. М. Ігнатоўскага Марыю Севасцьянаўну арыштавалі ў жніўні 1937 года і як жонку «ворага народа» асудзілі на восем гадоў турмы. Пакаранне адбывала ў вядомым КарЛагу. Пасля вызвалення ў 1943 годзе паехала да адзінага жывога сына Міхася ў Кемераўскую вобласць, дзе і памерла ў 1951 годзе.

Старэйшы сын Міхаіл стаў гісторыкам, але не змог знайсці працу ў Мінску і ў 1934 годзе паехаў у Сібір. Там ён працаваў электрыкам, інжынерам, настаўнікам, і толькі на пачатку 60-х гадоў вярнуўся на Радзіму.

Ордэн Св. Станіслава 3-й ст. і чын калежскага асэсара[заўв 3] (1915).

Паштовая марка Беларусі
Мемарыяльная дошка Усеваладу Ігнатоўскаму на будынку Камянецкай бібліятэкі

Імя Усевалада Ігнатоўскага носіць Камянецкая цэнтральная раённая бібліятэка, на будынку якой устаноўлена мемарыяльная дошка. У 2017 годзе ў Беларусі выпушчана паштовая марка.

У 2019 годзе Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі заснавана прэмія для маладых навукоўцаў імя акадэміка В. М. Ігнатоўскага ў галіне гуманітарных і сацыяльных навук[5].

  1. Паводле яго ўласных словаў: «адмовіўся, як жа гэта так, усё ж такі — рэзаць Беларусь». Адметна, што гэтая адмова не трапіла ў абвінаваўчы матэрыял у час рэпрэсій
  2. Вядома, што дакументацыя на неабгрунтаванасць абвінавачанняў у антыпартыйнай дзейнасці Ігнатоўскага была падрыхтавана яшчэ ў 1979 годзе, у Інстытуце гісторыі партыі пры ЦК КПБ, У. Міхнюком і М. Сташкевічам, аднак ніякай пастановы па ёй не рабілася.
  3. Відавочна, за ўдзел у выданні юбілейнага зборніка да 300-годдзя дому Раманавых (1913)[4].
  1. а б в г д е ё ж з Анатоль Грыцкевіч. Уступны артыкул да 5-га выдання Кароткага нарысу гісторыі Беларусі.
  2. Ігнаценка, Кароль, С.14.
  3. Міхнюк, У. М. Сумленна служыў народу (да пытання аб палітычнай рэабілітацыі У. М. Ігнатоўскага) / У. М. Міхнюк // Акадэмік У. М. Ігнатоўскі: Матэрыялы навуковых чыіанняў, прысвечаных 110-годдзю з дня нараджэння /Склад. М. У. Токараў; Прадм. І. Я. Навуменкі. — Мн.: Навука і тэхніка, 1993. — 102 с. — С. 96. — ISBN 5-343-01472-0.
  4. Ігнаценка, Кароль. С.8,9.
  5. Премии для молодых ученых Национальной академии наук Беларуси
  • Кароль А. С. Ігнато́ўскі Усевалад Макаравіч // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 344. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
  • Ігнаценка І. М., Кароль А. С. «Пад сцяг чырвоны…» // Полымя, 1988, № 5.
  • Ігнаценка І. М., Кароль А. С. Усевалад Ігнатоўскі і яго час. — Мн.: Беларускі Дом Друку, 1991. — 123 с.
  • Акадэмік У. М. Ігнатоўскі: Матэрыялы навуковых чытанняў, прысвечаных 110-годдзю з дня нараджэння. — Мінск, 1993.