Перайсці да зместу

Тэначтытлан

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Тэначтытлан[1] (кл.-ацт. Tenōchtitlan) — старая назва сталіцы Мексікі горада Мехіка. Горад быў сталіцай Ацтэкскай імперыі з XIV стагоддзя да 1521 года. Заснаваны каля 1325 на востраве пасярод салёнага возера Тэскока.

Старажытныя ацтэкі былі паляўнічымі-качэўнікамі. Яны качавалі па тэрыторыі сучаснай Паўночнай Амерыкі. Паводле легенды, Бог сонца і вайны Уіцылапочтлі сказаў ацтэкам-індзейцам, каб яны размясціліся там, дзе ўбачаць такую карціну: арол на кактусы будзе трымаць у сваіх кіпцюрах змяю. Блукаючы ў паўднёвых землях Паўночнай Амерыкі амаль 130 гадоў, яны ўбачылі тое, аб чым казаў ім бог сонца. У 1325 г. яны заснавалі горад на заходнім беразе возера Тэскока і назвалі яго Тэначтытлан, што ў перакладзе азначае «месца калючых кактусаў». Возера было багата рыбай і вадаплаўнай птушкай, на беразе было шмат дзічыны. Па іншай версіі, горад названы ў гонар правадыра Тэнача. У 1337 на поўнач ад Ценачцітлана заснаваны горад-спадарожнік Тлатэлолька.

Апісанне горада

[правіць | правіць зыходнік]

Горад хутка рос: 7,5 квадратных км і 100 000 жыхароў — такія былі дадзеныя прыкладна праз 100 гадоў пасля яго заснавання. А праз яшчэ 100 гадоў горад вырас да 13,5 квадратных км і да 212 500 жыхароў (па іншых дадзеных 350 000 і нават да 500 000 жыхароў). Гэта азначае што да 1500 года гэта быў самы вялікі горад на зямлі. У горадзе было шмат каналаў і азёр, так што даводзілася нярэдка перасоўвацца з дапамогай лодак, як у сучаснай Венецыі. Сам горад быў акружаны незлічонай колькасцю дамб і мастоў, якія агароджвалі яго ад рэк і азёр.

Тэначтытлан падзяляўся на чатыры кварталы: Тэапан, Маятлан, Куэпапан і Астакалька. У цэнтры горада знаходзіўся рытуальны цэнтр, акружаны ахоўнай сцяной Каатэпантлі («змяіная сцяна»). Горад быў забудаваны храмамі, школамі, службовымі пабудовамі і хатамі. Будынкі з-за друзлага грунта ўзводзіліся на доўгіх палях.

Тэначтытлан. Малюнак Раберта Куева дэль Рыа

Сельская гаспадарка

[правіць | правіць зыходнік]

У горадзе была развіта сельская гаспадарка, нягледзячы на тое, што ён стаяў на вадзе. Ацтэкі стваралі цэлыя палосы ўрадлівай зямлі, выкарыстоўваючы глей і водарасці. Гэтыя штучна створаныя палі зваліся чынампы. Чынампы адрозніваліся вылучнай урадлівасцю (часам ураджай здымаўся 7 раз у год), і ацтэкі ўмелі і любілі вырошчваць на іх шмат раслін і кветак. Таксама яны вырошчвалі на гэтых палях шмат разнастайнай гародніны. Усё гэта яны адвозілі на велізарны рынак у цэнтры Тэначтытлана, які мог змясціць ад 25 да 100 тысяч чалавек.

Іспанцы, якія заваявалі Тэначтытлан, былі здзіўлены, убачыўшы, наколькі моцна развіты гандаль у ацтэкаў. Ацтэкі былі цудоўнымі гандлярамі. Усе тавары на рынках Тэначтытлана праходзілі старанны агляд, перш чым патрапіць на прылавак. Іспанцы сцвярджалі, што грошай у ацтэкаў не было. Пакупнікі абменьваліся сваімі таварамі з прадаўцамі. Часам адплачвалі за тавар бабамі какава. Махляроў і злодзеяў, калі яны трапляліся, жорстка каралі.

У цэнтры гораду былі пабудаваныя два галоўныя 30-мятровыя храмы (гл. Тэмпла Маёр) у выглядзе пірамід: для богаў Уіцылапочтлі і Тлалока. Тлалок быў богам вады і дажджоў. На гэтых храмах-пірамідах ацтэкі здзяйснялі ахвярапрынашэнні. Яны выразалі ў жывога чалавека сэрца каменным (абсідыянавым) нажом. Ацтэкі жылі ў невялікіх аднапавярховых пабудовах, зробленых з дубцоў, глею, гліны. У такіх маленькіх хатках жылі цэлыя групы людзей, якія выконвалі нейкі адзін від працы. Кожны клан сяліўся асобным жылым масівам. Але кіраўнікі ацтэкаў жылі ў велічэзных палацах, акружаных вялікімі, прыгожымі садамі. Іх палацы размяшчаліся бліжэй да храмаў. Простыя людзі, наадварот, сяліліся далей ад храмаў.

У горадзе мелася сетка акведукаў для забеспячэння пітной вадой. Галоўны акведук браў пачатак з крыніцы на ўзгорку Чапультэпек.

Іспанцы, якія прыплылі ў Амерыку ў XVI стагоддзі, былі здзіўлены багаццем гарадоў ацтэкаў, іх прыгажосцю і пышнасцю. Эрнан Картэс са сваімі жаўнерамі і саюзнікамі-індзейцамі ўвайшоў у горад 8 лістапада 1519 года, але 1 ліпеня 1520 года быў змушаны бегчы. Іспанцы зноў атакавалі горад 4 чэрвеня 1521 года. Тэначтытлан быў узяты праз 70 дзён пасля пачатку аблогі, 13 жніўня. Імператар ацтэкаў Мантэсума II быў забіты, горад — разбураны. Было забіта 200 000 жыхароў. Заваёўнік гораду ацтэкаў Эрнан Картэс абвясціў горад валоданнем караля Іспаніі. З Тэначтытланам заняпала і імперыя ацтэкаў (спыніла сваё існаванне ў 1520—1522 гадах).

Зноскі

  1. Напісанне Тэначтытлан у адпаведнасці з БЭ ў 18 тамах. Т.10., Мн., 2000, С.266. Артыкул Мексіка, раздзел Архітэктура