Перайсці да зместу

Тмутаракань

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Старажытны горад
Тмутаракань
Месца раскопак гарадзішча
Месца раскопак гарадзішча
45°13′09″ пн. ш. 36°42′51″ у. д.HGЯO
Краіна
Заснавальнік Святаслаў Ігаравіч
Разбураны XVI стагоддзе
Сучасная лакацыя  Расія, Краснадарскі край, станіца Тамань
Тмутаракань (Краснадарскі край)
Тмутаракань
Тмутаракань (Краснадарскі край)
Тмутаракань
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Тмутарака́нь[1] (аг.-усх.-слав.: Тъмуторокань, грэч. Ταμάταρχα. Μάταρχα, Μάτραχα[2], італ.: Matrega[2], руск.: Тмутарака́нь) — старажытны горад, які атаясняюць са сярэдневяковымі пластамі гарадзішча ў дэльце ракі Кубані (цяпер на паўднёвым беразе Таманскага заліва Азоўскага мора) на тэрыторыі станіцы Тамань Тэмрукскага раёна Краснадарскага краю Расіі[2].

У VI стагоддзі на месцы Тмутаракані існаваў антычны горад Германаса, у VIII—IX стагоддзях — падпарадкаванае Хазарскаму каганату паселішча Таматарха. Пасля разгрому Хазарскага каганата кіеўскім князем Святаславам Ігаравічам імаверна[1] на гэтым месцы было заснавана паселішча Тмутаракань, якое стала цэнтрам Тмутараканскага княства і буйным гандлёвым горадам з гаванню. Тут жылі касогі, грэкі, аланы, славяне, армяне. Праз Тмутаракань падтрымліваліся эканамічныя і палітычныя сувязі паміж княствамі Рурыкавічаў, народамі Паўночнага Каўказа і Візантыяй[3]. У X стагоддзі паселішча было абнесена сцяной з цэглы[3]. У 1023 годзе князь Мсціслаў Уладзіміравіч пабудаваў у Тмутаракані царкву Багародзіцы.

У канцы XI стагоддзя Тмутаракань захоплена полаўцамі, затым Візантыяй і страціла сувязь з Руссю. Пасля 1094 года не згадвалася ў летапісах, апошні раз згадана ў «Слове пра паход Ігараў»[2]. У XIII стагоддзі належала генуэзцам, пазней Залатой Ардзе[1]. У XV стагоддзі на месцы Тмутаракані існавала генуэзская калонія Матрэга, якую ў 1475 годзе разбурылі турэцкія войскі[1].

  1. а б в г БелЭн 2002.
  2. а б в г Большая российская энциклопедия : [в 35 т.] / гл. ред. Ю. С. Осипов. — М. : Большая Российская энциклопедия, 2004—2017.
  3. а б ВСЭ 1977.