Перайсці да зместу

Паўночная вайна (1700—1721)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Паўночная вайна 1700-1721)
Паўночная вайна
Асноўны канфлікт: Руска-шведскія, польска-шведскія, Дацка-шведскія войны
Дата 22 лютага 170010 верасня 1721
Месца Усходняя, Цэнтральная Еўропа
Прычына паміж Шведскай імперыяй і кааліцыяй паўночна-еўрапейскіх дзяржаў за валоданне прыбалтыйскімі землямі
Вынік Перамога антышведскай кааліцыі
Змены Ніштацкі мірны дагавор
Праціўнікі
Швецыя Каралеўства Швецыя

Герцагства Гольштэйн-Готарп Англія Каралеўства Англія (у 1700)
Шатландыя Каралеўства Шатландыя (у 1700)
Каралеўства Ірландыя
(у 1700 і 1719—1721)
Нідэрланды Рэспубліка Злучаных правінцый (у 1700)
Вялікабрытанія Каралеўства Вялікабрытанія
(у 1719—1721)
Курфюрства Гановер
(у 1719—1721)
 Рэч Паспалітая
(у 1705—1709)
Гетманшчына Войска Запарожскае
(у 1708—1709, 1709—1713)
Войска Запарожскае Нізавое
(у 1709—1713)
 Асманская імперыя
(у 1710—1713)[1]

 Маскоўская дзяржава

Данія Дацка-нарвежская унія
(у 1700 і 1709—1720)
 Рэч Паспалітая
(у 1700—1705 і 1709—1720)
Курфюрства Саксонія Курфюрства Саксонія
(у 1700—1706 і 1709—1720)
Малдова Малдаўскае княства
(у 1710—1713)
Прусія Каралеўства Прусія
(у 1715—1720)
Курфюрства Гановер
(у 1715—1719)

Камандуючыя
Швецыя Карл XII
(у 1700—1718)

Швецыя Магнус Стэнбак
Швецыя Карл Густаў Рэншыльд
Швецыя Ульрыка Элеанора
(у 1718—1720)
Швецыя Фрэдрык I
(у 1720—1721)
Швецыя Фштэйн-Готарпскі
АнгліяШатландыяНідэрланды Вільгельм III Аранскі (у 1700)
Вялікабрытанія Георг I
(у 1719—1721)
Рэч Паспалітая Станіслаў Ляшчынскі
Гетманшчына Іван Мазепа
(у 1708—1709) †
Гетманшчына Філіп Ворлік
(у 1710—1713)
Косць Гардзіенка
Асманская імперыя Ахмед III
Дэўлет II Гірай

Расійская імперыя Пётр I

Расійская імперыя Аляксандр Меншыкаў
Расійская імперыя Барыс Шарамецеў
Расійская імперыя Фёдар Апраксін
Рэч ПаспалітаяКурфюрства Саксонія Аўгуст II
Данія Фрэдэрык IV
Данія Петэр Тордэншэльд
Гетманшчына Іван Мазепа
(у 1700—1708)
Гетманшчына Іван Скарападскі
(у 1709—1721)
Аюка
Малдова Дзмітрый Кантэмір
Георг I
(у 1715—1719)
Прусія Фрыдрых Вільгельм I

Сілы бакоў
Швецыя
77—135 тыс.
Асманская імперыя — 100—200 тыс.
Расія — 170 тыс.
Данія — 40 тыс.
Рэч Паспалітая і Саксонія — 170 тыс.
Страты
Швецыя — 175 тыс.[4] Расія[5] — 30 тыс. забітых
Данія — 8 тыс. забітых[6]
Рэч Паспалітая і Саксонія — 14-20 тыс.
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Паўночная вайна (1700—1721) — вайна Маскоўскай дзяржавы са Швецыяй за панаванне ва Усходняй Прыбалтыцы і на Балтыйскім моры.

Маскоўская дзяржава пачала вайну ў саюзе з Даніяй і Саксоніяй, стварыўшы гэтак званы Паўночны саюз, які распаўся хутка пасля пачатку ваенных дзеянняў і быў адноўлены ў 1709 годзе пасля Палтаўскай бітвы. На розных этапах вайны ў ёй прымалі ўдзел на баку Маскоўскай дзяржавы — Вялікабрытанія, Гановер, Нідэрланды, Прускае герцагства, Рэч Паспалітая; на баку Швецыі — Вялікабрытанія, Гановер, Рэч Паспалітая. Вайна завяршылася перамогай Маскоўскай дзяржавы, што было засведчана падпісаннем у 1721 годзе Ніштацкага мірнага дагавора. Паўночная вайна з’яўляецца важным момантам у гісторыі Расіі, галоўнай прычынай спроб мадэрнізацыі Маскоўскай дзяржавы ў пачатку 18 ст., часам змены балансу сіл ва Усходняй Еўропе. Нягледзячы на неадназначнасць ацэнак Паўночнай вайны, трэба прызнаць, што яна вывела Маскоўскую дзяржаву на новы ўзровень развіцця, і хоць у выніку Расія не стала ў шэраг з іншымі еўрапейскімі дзяржавамі, але набыла ў іх вачах большае значэнне.

У ваеннай справе высокага ўзроўню развіцця дасягнула лінейная тактыка бою. Выдзеліўся новы від пяхоты — грэнадзёры. Кіраванне войскам і флотам было аформлена ў цэнтралізаваных органах, развівалася і арганізацыйная структура войска, узмацнілася роля рэзерву. У ходзе вайны ўвагу звярнулі супольныя ўзгодненыя дзеянні расійскіх арміі і флоту.

Перадумовы Паўночнай вайны

[правіць | правіць зыходнік]

Знешнепалітычнае становішча Маскоўскай дзяржавы ў XVII ст.

[правіць | правіць зыходнік]

Пачатак 17 ст. у Маскоўскай дзяржаве адзначаны Смутным часам, крайнім унутраным і знешнім аслабленнем дзяржавы, чым скарысталіся Швецыя і Рэч Паспалітая. Пад пытаннем было само існаванне Маскоўскай дзяржавы, Уладзіслаў Ваза быў абраны маскоўскім царом, паводле Сталбоўскага дагавора (1617) са Швецыяй Маскоўская дзяржава цалкам страціла землі на ўзбярэжжы Фінскага заліва[7], Рэч Паспалітая, паводле Дэўлінскага перамір’я (1618) вярнула сабе Смаленскую і Северскую землі[8]. Толькі ў 1634, пасля паражэння маскоўскіх войскаў пад Смаленскам і заключэння Палянаўскага мірнага дагавора на ўмовах Дэўлінскага перамір’я, быў выкуплены ва Уладзіслава Вазы тытул цара маскоўскага[9].

Маскоўская дзяржава спрабавала ўзяць рэванш падчас працяглых і цяжкіх для ўсіх бакоў войнаў з Рэччу Паспалітай і Швецыяй у 1650-1660-х, паводле Андрусаўскага перамір’я (1667) зноў атрымала Смаленск, а таксама авалодала левабярэжнай Украінай і Кіевам[10]. Але змяніць умовы Сталбоўскага дагавора са Швецыяй не здолела[11]. Швецыя была моцнай ваеннай дзяржавай, а сіл Маскоўскай дзяржавы яўна бракавала, пагатоў адначасова ішла вайна з Рэччу Паспалітай. У адносінах са Швецыяй у 2-й палове 17 ст. устанавілася раўнавага.

Вайна 1650-1660-х гадоў падарвала не толькі сілы Рэчы Паспалітай, але і сілы Маскоўскай дзяржавы, поспехі якой цяжка лічыць значнымі ў параўнанні з выдаткаванымі рэсурсамі. Гэта быў пералом у адносінах паміж гэтымі дзвюма дзяржавамі, абумоўлены роўнасцю сіл і наяўнасцю агульнай небяспекі — экспансіі Асманскай імперыі ва Усходнюю Еўропу, былі нават спробы скласці антыасманскі саюз.[12]

Тымчасова Маскоўская дзяржава штогод выплачвала буйныя сумы феадальным вярхам Крымскага ханства, аднак гэта не забяспечвала бяспеку паўднёвых межаў. Амаль кожны год з вясною крымскія татары ўрываліся ў межы Маскоўскай дзяржавы — зводзілі ў палон насельніцтва, быдла, знішчалі значныя матэрыяльныя рэсурсы, што сур’ёзна тармазіла развіццё прадукцыйных сіл, перашкаджала ўцягванню ў гаспадарчае абарачэнне найбольш урадлівых глеб, развіццю земляробства і жывёлагадоўлі на значнай і самай урадлівай частцы Маскоўскай дзяржавы. Прыходзілася, апроч штогадовых выплат у Крым, выдаткоўваць вялікія сродкі на рамонт і будаўніцтва абарончых пабудоў — «засечных ліній». Надзённыя патрэбы гаспадарчага развіцця патрабавалі ад маскоўскага ўрада рашучай барацьбы з крымскімі татарамі, прыняцця эфектыўных мер па забеспячэнні бяспекі паўднёвых межаў, гэта ў сваю чаргу вяло да буйных сутыкненняў з Крымскім ханствам і Асманскай імперыяй, якая стаяла за ім. Да таго ж бракавала і рэсурсаў, данскія казакі захапілі Азоў і на працягу 2 гадоў трымалі яго, але маскоўскі цар Аляксей не змог выдаткаваць рэзерваў для падтрымкі і казакі пакінулі горад.

Ваенныя сутыкненні з Крымскім ханствам і Асманскай імперыяй у 1670-1680-я гады, у тым ліку ў саюзе з Рэччу Паспалітай, Аўстрыяй і Венецыяй не прынеслі поспехаў, якія маглі бы палепшыць пазіцыі Маскоўскай дзяржавы на поўдні. Тымчасова гэта быў практычна першы стратэгічны саюз Маскоўскай дзяржавы з еўрапейскімі краінамі, які зваўся Святым і на карту была пастаўлена рэпутацыя Маскоўскай дзяржавы ў еўрапейскай палітыцы. З 1677 года Маскоўская дзяржава была ў стане вайны з Асманскай імперыяй, але два паходы на Крым, узначаленыя фаварытам Соф’і В. В. Галіцыным, былі няўдалыя, прынеслі вялікія нягоды і страты маскоўскаму войску, наклалі негатыўнае адценне на ўсё кіраванне Соф’і. Аднак, менавіта на гэтым напрамку Маскоўскай дзяржаве больш за ўсё былі неабходныя поспехі. У 1686 годзе ўжо пры малалетніх царах Іване і Пятры з Рэччу Паспалітай быў нарэшце заключаны вечны мір. Што падвышала шанцы спрыяльнага рашэння крымска-асманскага пытання.[13]

Мэты і задачы знешняй палітыкі Пятра I, Вялікае пасольства

[правіць | правіць зыходнік]

З пачаткам самастойнага кіравання Пятра яго знешняя палітыка спачатку не мела вызначанага кірунку і вызначалася несуцішнай актыўнасцю і мітуснёй у выбары аб’ектаў прыкладання высілкаў дзяржавы. Ён будуе караблі ў Архангельску, з думкай ці нельга праз Паўночны акіян пракласці шлях у Кітай і Індыю. Потым гэтая думка набывае больш сур’ёзныя, рэальныя рысы, Пётр звярнуў сваю дзейнасць да Каспійскага мора, праз якое зручней мець гандлёвыя сувязі са краінамі Азіі, на што даўно зазначалі маскоўскаму ўраду, але і гэтая думка неўзабаве была адкінутая маладым маскоўскім царом. Нарэшце вострая дзяржаўная неабходнасць, бачная ўсім, і парады фаварытаў прыводзіць яго да думкі, што для нармальнага развіцця і міжнароднага прэстыжу Маскоўскай дзяржавы неабходна з поспехам завяршыць вайну з Асманскай імперыяй або хоць дабіцца прамежкавых поспехаў у гэтым напрамку.

Першы Азоўскі паход

[правіць | правіць зыходнік]

Аб’ектам прыкладання высілкаў, з розных прычын, быў абраны Азоў. Першы азоўскі паход быў распачаты ў 1695 годзе. Маскоўскія войскі былі падзелены на тры часткі. 2 ліпеня 1695 корпус пад камандаваннем аднаго з фаварытаў Пятра — Патрыка Гардона, пачаў абложныя работы. 5 ліпеня да яго далучыліся корпус Галавіна і корпус іншага фаварыта — Франца Лефорта. 14 ліпеня былі ўзяты дзве вежы з працягнутымі паміж імі ланцугом, якія заступалі выхад у мора рачным судам — гэта было фактычна адзіным поспехам падчас гэтай кампаніі. Былі зроблены дзве спробы штурму Азова (5 жніўня і 25 верасня), але крэпасць узяць не атрымалася. 20 кастрычніка 1695 года аблога была знята. Фактычна кампанія скончылася паразай, галоўнай прычынай якой было адсутнасць флоту, маскоўскае войска не магло перашкаджаць забеспячэнню і дастаўцы падмацаванняў да Азова з мора. Апроч таго, адсутнасць флоту, хоць бы рачнога, павялічвала час дастаўкі ваенных грузаў да абложваючых. Адбілася і нізкая інжынерная падрыхтоўка. Такі зыход кампаніі быў ударам па прэстыжу Маскоўскай дзяржавы, таму было вырашана рыхтаваць другі азоўскі паход.

Другі Азоўскі паход

[правіць | правіць зыходнік]

Узімку 1696 у Варонежы і нават у падмаскоўным Праабражэнскім было разгорнута будаўніцтва караблёў. Пабудаваныя ў Праабражэнскім галеры ў разабраным відзе дастаўляліся ў Варонеж, там збіраліся і спускаліся на ваду. З Аўстрыі былі запрошаны інжынеры. Было рэарганізавана камандаванне войскам — на чале флоту пастаўлены Ф. Лефорт, сухапутныя войскі аддадзеныя пад адзінае камандаванне генералісімуса Шэіна.

Новая кампанія пачалася ў маі 1696 года — 20 мая ў вусці Дона казакі на галерах напалі на караван асманскіх грузавых судоў. У выніку былі знішчаны 2 галеры і 9 малых судоў, а адно невялікае судна захоплена. 27 мая маскоўскі флот выйшаў у Азоўскае мора і адрэзаў Азоў ад крыніц забеспячэння, а турэцкая флатылія, якая падышла, не адважылася ўступіць у бой. 16 ліпеня былі завершаны падрыхтоўчыя абложныя работы, пасля працяглага артылерыйскага абстрэлу — 19 ліпеня 1696, гарнізон Азова здаўся. Ужо да 23 ліпеня Пётр зацвердзіў план новых умацаванняў азоўскай крэпасці, якая была моцна пашкоджаная пры аблозе. Азоў не меў зручнай гавані, таму для базіравання марскога флоту было вызначана зручнейшае месца і 27 ліпеня 1696 заснаваны Таганрог.

Вялікае пасольства

[правіць | правіць зыходнік]

Асноўным вынікам азоўскіх кампаній, была дэманстрацыя на практыцы важнасці артылерыі і флоту для вядзення вайны і адсталасць у гэтых пытаннях Маскоўскай дзяржавы. Аднак, нягледзячы на поспех, па завяршэнні кампаніі стала бачна яўная нетрываласць дасягнутых вынікаў. Без авалодання, прынамсі, Керчу, а лепш Крымам, бяспечны выхад у Чорнае мора быў па-ранейшаму немагчымы, а паўднёвыя ўскраіны Маскоўскай дзяржавы па-ранейшаму былі ў небяспецы. Для ўтрымання Азова і развіцці поспеху неабходна было ўмацоўваць флот, што было магчымым толькі забеспячэнні краіны спецыялістамі, здольнымі будаваць сучасныя марскія караблі. 20 кастрычніка 1696 года Баярская дума абвяшчае рашэнне аб неабходнасці Маскоўскай дзяржаве мець уласны марскі флот. Зацвярджаецца шырокая праграма караблебудавання — 52 (пазней 77) караблёў, для яе фінансавання ўводзяцца новыя павіннасці. 22 лістапада 1696 года абвяшчаецца ўказ аб адпраўцы дваран на навучанне за мяжу. Амаль адначасова пачынаецца падрыхтоўка да адпраўкі ў Еўропу Вялікага пасольства.

Вялікае пасольства ў складзе 250 чалавек выехала з Масквы 9 сакавіка 1697. Фармальна яго ўзначальваў адмірал Ф. Лефорт і генерал Ф. Галавін, але ў яго складзе інкогніта нахадзіўся Пётр I. Перад гэтым пасольствам было пастаўлена некалькі задач. А менавіта, падняць прэстыж Маскоўскай дзяржавы ў Еўропе паведамленнямі аб перамозе ў Азоўскіх паходах, заручыцца падтрымкай еўрапейскіх краін у барацьбе супраць Асманскай імперыі і Крымскага ханства, каб з гэтай падтрымкай атрымаць паўночнае ўзбярэжжа Чорнага мора, а таксама запрасіць на маскоўскую службу замежных спецыялістаў, замовіць і закупіць ваенныя матэрыялы, узбраенне. Акрамя пошукаў саюзнікаў у вайне з Асманскай імперыяй, Пётр паставіў перад сабою задачу вывучэння караблебудавання і мараходства ў Англіі і Нідэрландах. Пасольства наведала Прусію, Рэч Паспалітую, Францыю, Нідэрланды, Англію, Аўстра-Венгрыю. Пётр I на працягу паўгода працаваў на верфях у Саардаме (8 дзён) і Амстэрдаме. У студзені 1698 года Пётр пераехаў у Англію і заставаўся там тры з паловай месяца, працуючы пераважна на верфі ў Дэптфардзе.

Падчас перамоў стала цалкам яўна, што магчымасцей для заключэння ў Еўропе саюза для вайны з Асманскай імперыяй няма, бо асноўныя еўрапейскія дзяржавы рыхтаваліся да г. зв. «вайны за іспанскую спадчыну». У 1699 у чаканні хуткай смерці іспанскага караля, і вайны паміж Аўстрыяй і Францыяй, Аўстрыя, Рэч Паспалітая і Венецыя, магчымыя саюзнікі Маскоўскай дзяржавы ў вайне супраць Асманскай імперыі, заключымі з ёй мір. Гэта выключала магчымасць працягу паспяховай вайны з Асманскай імперыяй. У той жа час, правячыя колы Англіі і Нідэрландаў — асноўных праціўнікаў Францыі ў вайне, якая мусіла быць, і ў якіх большую частку свайго замежнага падарожжа знаходзіўся Пётр, давалі зразумець, што будучая вайна ў Еўропе дае магчымасць Маскоўскай дзяржаве пачаць вайну са Швецыяй за землі ў Прыбалтыцы, згубленыя па Сталбоўскаму дагавору, бо Швецыя не атрымае падтрымкі Францыі, адной з буйнейшых краін Еўропы. Натуральна, Англія і Нідэрланды пільнавалі свае інтарэсы, бо ў выпадку вайны з Маскоўскай дзяржавай і Швецыя, са сваім моцным войскам і флотам, не зможа аказаць дапамогу Францыі[14]. Таксама, было дадзена зразумець, што Маскоўская дзяржава можа паспрабаваць прыцягнуць для мэт войны з Швецыяй Рэч Паспалітую і Данію, у якіх былі сур’ёзныя супярэчнасці з Швецыяй у Прыбалтыцы. Дацкі пасол Паўль Гейнс з прапановай ваеннага саюза супраць Швецыі з 1697 года знаходзіўся ў Маскве. Яўна, што такое меркаванне падтрымлівалі і галоўныя фаварыты Пятра — жэневец, які калісьці служыў у войску Нідэрландаў, Франц Лефорт і шатландзец-якабіт Патрык Гардон. Патрык Гордан меў вялікі давер у караля Англіі, які прапаноўваў яму нават быць паслом Англіі ў Маскоўскай дзяржаве, а таксама быў звязаны з некаторымі нідэрландскімі фаміліямі.

На еўрапейскіх назіральнікаў Пётр зрабіў уражанне дапытлівага, але ваўкаватага чалавека, зацікаўленага пераважна рамёствамі, прыкладнымі ведамі і разнастайнымі дзівамі, але нядосыць развітога, каб цікавіцца істотнымі плынямі еўрапейскага палітычнага і культурнага жыцця. Пётр, насупраць, быў уражаны ўбачанымі ў Еўропе, дасягненнямі навукі, культуры і тэхнікі, сапраўднымі плынямі вялікай еўрапейскай палітыкі аб якіх ён раней не ведаў. Першапачатковая мэта Вялікага пасольства не была дасягнутая — Маскоўская дзяржава не знайшла саюзнікаў для вайны з Асманскай імперыяй, але супрацоўнікі пасольства, у тым ліку сам Пётр, займаліся закупам зброі, рознага карабельнага і іншага абсталявання, найманнем ваенных, вучоных, рамеснікаў. Асноўным вынікам Вялікага пасольства стала тое, што ў Маскоўскай дзяржавы, а дакладней у яе маладога цара, з’явілася новая мэта — вайна са Швецыяй, для таго каб «прасекчы акно» у цывілізаваную Еўропу, удзельнічаць у вялікай еўрапейскай палітыцы.

Прычыны Паўночнай вайны, стварэнне Паўночнага саюза

[правіць | правіць зыходнік]

Пашырана меркаванне, што прычынамі Паўночнай вайны было жаданне Маскоўскай дзяржавы вярнуць свае ўладанні ў Прыбалтыцы, страчаныя паводле Сталбоўскага дагавора 1617 года, і яе заклапочанасць з прычыны далейшага ўзмацнення Швецыі, якая нібы склала два антымаскоўскія дагаворы з Англіяй (4(14) мая 1698) і Нідэрландамі (13(23) студзеня 1700)[15].

Першае цяжка прызнаць аб’ектыўным, бо афіцыйнай прычынай Паўночнай вайны былі абвешчаны не тэрытарыяльныя рознагалоссі, а абраза Вялікага пасольства, якая нібы мела месца ў Рызе — прычына надуманая, якая хутчэй можа гаварыць аб адсутнасці сур’ёзных супярэчнасцей паміж бакамі[15]. Таксама і другое, бо яшчэ Карл XI імкнуўся ўсталяваць з Масквой добразычлівыя адносіны, напрыклад, улетку 1697 года, калі Маскоўская дзяржава ваявала за Азоў, Швецыя падарыла 300 гармат, з іх 150 3-фунтовых і столькі ж 3,5-фунтовых — меней 100 з падораных гармат былі дастаўлены ў Ноўгарад ужо пры Карлу XII, у 1699 годзе[16]. Тым жа часам праз наўгародскага ваяводу Ф. М. Апраксіна шведскаму ліцейшчыку Эрэнкрэйцу было заказана яшчэ 280 гармат[16].

Яшчэ адной прычынай Паўночнай вайны часта называюць неабходнасць Маскоўскай дзяржавы ў выхадзе да мора для прамых сувязяў і гандлю з краінамі Заходняй Еўропы. Але незразумела, з якімі краінамі Маскоўская дзяржава збіралася мець прамыя сувязі праз Балтыйскае мора, бо ў тыя часы яго ўзбярэжжа ў асноўным належала Швецыі і Рэчы Паспалітай, з якімі Маскоўская дзяржава мела працяглыя сухапутныя межы. З Англіяй і Нідэрландамі, якія прапануюцца як асноўныя перспектыўныя гандлёвыя партнёры, весці прамы гандаль праз Балтыйскае мора было цяжка, бо Данія трымала ў сваіх руках праліў Зунд і збірала з праходзячых караблёў вялікія мыты (гл. ru:Зундская пошлина). У той жа час, у Маскоўскай дзяржавы быў вядомы з пач. 15 ст. шлях прамых сувязяў з Заходняй Еўропай праз Белае мора. Гэты шлях даволі інтэнсіўна выкарыстоўваўся ў кан. 17 — пач. 18 ст., у тым ліку англічанамі і галандцамі, і пасля замежныя гандляры не спяшаліся пераарыентавацца на Пецярбург — у 1703 годзе туды зайшло толькі 1 замежнае судна. У той час, як у Архангельск у 1715—230 судоў. Маскоўскі ўрад з 1716 года ўвёў шэраг забаронных мер на гандаль праз Архангельск, каб прымусіць замежных гандляроў і ўласных купцоў да гандлю праз Пецярбург, для гэтага былі ўведзены падвышаныя мыты для Архангельскага порту і забарона на ўвоз у Архангельск тавараў звыш уласных патрэбнасцей горада, гэтыя меры прывялі да часовага скарачэння агульных аб’ёмаў знешняга гандлю ў Маскоўскай дзяржаве. Нават пасля канца Паўночнай вайны, ужо ў 1722, у Пецярбург прыйшло толькі 116 судоў, а ў Архангельск у 1724 — толькі 19. Праўда, у 1725 у Пецярбург прыйшло ўжо 914 судоў, але архангельскі гандаль быў поўнасцю падушаны, а забаронныя меры супраць яго былі скасаваны толькі ў 1762.

Справа не ў месцы выхаду да мора, а ў тых высілках, якія Маскоўская дзяржава прыкладала або не прыкладала да развіцця свайго знешняга гандлю. Выхад да Балтыйскага мора быў у Маскоўскай дзяржавы пры Іване III, Васілію III і Іване IV, аднак цяжка назваць выкарыстанне гэтага выхаду ў іх час актыўным. Такім чынам, складана лічыць, што Паўночная вайна была абумоўлена прычынамі, аб’ектыўна выспелымі ўнутры Маскоўскай дзяржавы, хутчэй гэтыя прычыны можна лічыць вынікам знаходжання Пятра I у Еўропе падчас Вялікага пасольства.

Вялікае пасольства для Пятра было перарвана паведамленнем аб стралецкім бунце, цар рашыў вярнуцца ў Маскву. Па дарозе Пётр пазнаў аб падаўленні бунту, а 31 ліпеня ў Раве-Рускай сустрэўся з курфюрстам саксонскім і каралём Рэчы Паспалітай Аўгустам. Сустрэча працягвалася тры дні, падчас яе была дасягнутая папярэдняя дамоўленасць аб стварэнні саюза супраць Швецыі. 25 жніўня 1698 года Пётр прыбыў у Маскву. Неўзабаве пачаліся няпростыя перамовы з Даніяй і Саксоніяй аб умовах саюза супраць Швецыі, асноўная складанасць якіх былі ў тым, што Данія і Саксонія не толькі жадалі войны са Швецыяй, але і баяліся ўзмацнення Масквы ў выпадку перамогі. Яны жадалі выкарыстаць, па магчымасці, сілы Маскоўскай дзяржавы, але зрабіць гэта як мага танней для сябе ва ўсіх адносінах.

24 жніўня 1699 года быў заключаны ваенны саюз з Даніяй, пасол якой Паўль Гейнс знаходзіўся з гэтай мэтай у Маскве з 1697 года, дагавор прадугледжваў удзел Саксоніі. На працягу восені 1699 года праходзілі перамовы аб саюзе з пасламі Аўгуста, у выніку 11 лістапада 1699 года быў заключаны саюзны дагавор Пятра I з Саксоніяй, але Рэч Паспалітая ў гэтым саюзе не ўдзельнічала. Паводле ўмоў дагавораў Маскоўская дзяржава абавязвалася ўступіць у Інгерманландыю і Карэлію адразу па заключэнні міру з Асманскай імперыяй, але не пазней як у красавіку 1700 года, а Аўгуст мусіў пачаць вайну супраць Швецыі ў Лівоніі сіламі саксонскіх войскаў. У красавіку 1700 ва ўмовы дагавораў быў уключаны пункт аб незаключэнні саюзнікамі сепаратнага міру са Швецыяй.[17]

Ход Паўночнай вайны: ваенныя дзеянні, агляд палітычных падзей

[правіць | правіць зыходнік]

Пачатак кампаніі, бітва пры Нарве

[правіць | правіць зыходнік]

Вырашыўшы пачаць вайну са Швецыяй, Пётр I не вельмі добра ацаніў магчымасці Маскоўскай дзяржавы, якая пасля расфарміравання стралецкіх палкоў фактычна засталася без войска. Два палкі былых пацешных, полк Лефорта, некалькі палкоў «іншаземнага строю», якія былі распушчаны па дамах, і дваранскае апалчэнне — усё, што меў Пётр I.[18] Давялося тэрмінова ствараць новае войска, 17 лістапада 1699 быў абвешчаны набор 25 новых палкоў, падзеленых на 3 дывізіі, шляхам набору «датачных» людзей, ад вызначанай колькасці двароў, а таксама наймання вольных людзей. Першыя дзве дывізіі (Галавіна і Вейдэ) былі цалкам сфарміраваныя да сярэдзіны чэрвеня 1700 года.

Першыя ваенныя дзеянні распачала Саксонія, у лютым 1700 саксонскае войска падышла да межаў шведскай Лівоніі і стала лагерам на беразе Заходняй Дзвіны насупраць Рыгі. Аблога Рыгі праводзілася сіламі 7 тыс. саксонскіх войскаў. Данія ў сакавіку 1700 накіравала свае войскі колькасцю 16 тыс. у Гольштэйн-Гатторп і 20 сакавіка пачала аблогу горада Тэнінга.

Аднак Маскоўская дзяржава ўсё яшчэ чакала міру з Асманскай імперыяй, які быў заключаны ў Стамбуле толькі 13 ліпеня 1700. Умовамі гэтага мірнага дагавора замацоўваліся вынікі азоўскіх паходаў, забяспечваўся нейтралітэт Асманскай імперыі. Да Маскоўскай дзяржавы адышоў Азоў з прылеглымі тэрыторыямі, адмяняліся штогадовыя плацяжы крымскаму хану, ліквідаваліся асманскія крэпасці ў Падняпроўе. Аб заключэнні міру ў Маскве стала вядома 18 жніўня і з нагоды яго быў дадзены вялікі феерверк, святкавалі набыццё Азова. Наступным днём — 19 жніўня, была абвешчана вайна Швецыі. 22 жніўня маскоўскае войска разам ірэгулярнымі фарміраваннямі, агульнай колькасцю да 40 тыс. чалавек, у той жа дзень высунулася да Нарвы, узяўшы якую Пётр мог пагражаць Лівоніі і Эстляндыі. Толькі да канца верасня войска дайшло да Нарвы, толькі ў канцы кастрычніка пачаўся абстрэл горада.

Тымчасова Карл XII высадзіў дэсант у Даніі і 4 жніўня 1700 падышоў Капенгагена, прымусіўшы датчан да сепаратнага міру заключанага 18 жніўня. Затым Карл XII з 8 тыс. войскам высадзіўся Пернаве і накіраваўся на дапамогу абложанай Нарве. У ноч з 17 на 18 лістапада рускія пазналі, што Карл XII набліжаецца да Нарвы. Пётр з’ехаў з лагера, пакінуўшы камандаванне дэ Кроа. Шведскае войска, стомленая і галодная, разбіла без вялікіх высілкаў 40-тысячнае войска Маскоўскай дзяржавы. Прычынамі паражэння былі: слабасць артылерыі, недастатковая баявая вывучка войска, нізкая баяздольнасць кавалерыі і тая акалічнасць, што значную частку камандавання складалі іншаземцы, якіх салдаты не разумелі і часта проста ненавідзелі. Нягледзячы на ўмелыя дзеянні асобных частак, якія засталіся з дарэформавых часоў, маскоўскае войска страціла ўсю артылерыю, пазбавілася значных запасаў боепрыпасаў і рыштунку, панесла значныя страты. На працягу ўсёй гэтай кампаніі Пётр паказваў сваю няздольнасць як палкаводца, а пад канец і маладушнасць, чым сур’ёзна сапсаваў сваю рэпутацыю. Параза пад Нарвай рэзка пагоршыла знешнепалітычнае становішча Маскоўскай дзяржавы і стварыла пагрозу ўварвання шведаў у цэнтральныя яго раёны.[19]

Ад бітвы пры Нарве да бітвы пад Палтавай

[правіць | правіць зыходнік]

Пасля Нарвы Карла XII быў перад выбарам — ісці ў глыб Маскоўскай дзяржавы, маючы за спінай саксонскае войска, значна больш баяздольнае, чым маскоўскае, альбо ісці супраць Аўгуста. Карл XII выбраў апошняе, рашыў разбіць галоўнага, як ён лічыў, праціўніка. 20 ліпеня 1701 Карл здымае аблогу Рыгі, саксонскія войскі адыходзяць на захад. За перыяд з ліпеня 1701 па 1704 Карл разбівае войскі Аўгуста і прымушае яго збегчы ў Саксонію ў студзені 1704. Каралём Рэчы Паспалітай пры падтрымцы Швецыі абіраецца Станіслаў Ляшчынскі, і з гэтага часу Рэч Паспалітая становіцца саюзніцай Швецыі ў вайне з Маскоўскай дзяржавай. У жніўні 1706 Карл XII ужо ўварваўся ў Саксонію, дзе шведскае войска атрымала перамогу ў бітве пры Фраўштадце. 24 верасня 1706 Аўгуст заключыў са Швецыяй Альтранштэцкі мір, адмовіўся ад саюза з Маскоўскай дзяржавай і ад стальцоў Рэчы Паспалітай.[20]

Маскоўскі ўрад выкарыстаў атрыманую перадышку. Пётр адышоў ад кіравання войскам і тым самым дасягнуў падвойнага эфекту — даў волю дзеянняў больш адораным, чым ён сам, палкаводцам і вызваліўся для працы ўнутры краіны, дзе сапраўды быў добрым арганізатарам. Узімку 1700—1701 гадоў цар пачаў рэарганізацыю войска, прамысловасці і дзяржавы. (Гл. падр. Рэформы ў Расіі, пачатак 18 ст.) Вынікі гэтай дзейнасці пачалі адбівацца вельмі хутка, з канца 1701 маскоўскае войска стала атрымліваць перамогі над часткамі шведскай арміі. Б. П. Шарамецьеў, карыстаючыся перавагай сваіх сіл, нанёс паражэнне Шліпенбаху пры Эрэстферы, прычым страты шведаў утрая перавышалі страты маскоўскага войска.

У ліпені 1702 Шарамецьеў зноў нанёс моцную паражэнне Шліпенбаху пры Гумельсгофе і заняў гарады Ям і Капор’е. Тады жа маскоўскія войскі ў вусце Паўночнай Дзвіны атрымалі першую марскую перамогу над шведамі[21]. Гэтыя перамогі былі здабыты без удзелу Пятра. Адным з прычын гэтых перамог быў забарона Карла на пасылку ў Лівонію і Эстляндыю свежых падмацаванняў. У жніўні 1702 рускія выцеснілі шведаў з Ладажскага возера і раёна ракі Іжоры. Увосень 1702 сам цар узяў шведскую крэпасць Нотэбург на Няве, на месцы колішняга наўгародскага Арэшка, і, аднавіўшы ўмацаванні, назваў Шлісельбургам.[22] У красавіку 1703 пасля артылерыйскага абстрэлу здалася крэпасць Ніеншанц на рацэ Ахце, якая ўпадае ў Няву ў самога вусця. 16 мая 1703 года была закладзена Петрапаўлаўская крэпасць — умацаваны выхад да мора, а пад яе сценамі заснаваны горад Санкт-Пецярбург.[23]

На верфях Свіры і Ладажскага возера тэрмінова будаваліся караблі, у тым жа 1703 яны былі спушчаны на ваду. Увосень 1703 былі пачаты працы на востраве Котлін для пабудовы марской крэпасці Краншлота, гэтая крэпасць мусіла стаць базай для маскоўскага Балтыйскага флоту. У 1704 была ўзятая шведская крэпасць Дэрпт, што дазволіла перакінуць войскі пад зноў абложаную Нарву. У гэты раз тактыка была іншая, Нарва была пазбаўлена дапамогі з мора. Пры артабстрэле найважнейшую ролю гралі батарэі за ракой, амаль недасягальныя для шведаў. Праломы былі прабіты ўсяго за тыдзень, і 9 жніўня тры калоны абложнікаў (1600 чалавек) пайшлі на прыступ. Бой доўжыўся 45 хвілін і скончыўся ўцёкамі шведаў з пазіцый — горад быў узяты. Неўзабаве маскоўскія войскі авалодалі і Івангорадам. У канчатковым рахунку, да канца 1704 у руках Маскоўскай дзяржавы апынулася практычна ўся тэрыторыя Ліфляндыі і Эстляндыі. У руках шведаў засталіся толькі чатыры буйныя гарады: Рыга, Рэвель, Пернаў і Выбарг.[24] Такім чынам, быў не толькі адчынены выхад да Балтыйскага мора, але гэты выхад быў значна абаронены з мора і сушы.

Скончыўшы з Саксоніяй, Карл XII у верасні 1707 рушыў супраць маскоўскага войска. Пётр загадаў не прымаць генеральнай бітвы з непрыяцелем на тэрыторыі Рэчы Паспалітай, шкодзячы пры кожным зручным выпадку, асабліва пры пераправах праз рэкі, знішчаючы гарады і вёскі па дарозе, каб не пакідаць базы для шведаў. Маскоўскае камандаванне знаходзілася ў цяжкім становішчы, бо Карл падоўгу спыняўся і было невядома, куды ён рушыць далей. У адзін час даводзілася ўмацоўваць Маскву і Пецярбург. Пётр застаўся без саюзнікаў і спрабаваў заключыць са шведамі мір. Аднак гэтаму перашкаджала не толькі катэгарычная адмова Швецыі прызнаць за Масквой землі на ўзбярэжжы Фінскага заліва, але і пазіцыя Англіі і яе саюзнікаў. Яны асцерагаліся, што ў выпадку заканчэння Паўночнай вайны Швецыя можа ўмяшацца ў вайну за іспанскую спадчыну на баку Францыі.

Карл XII у студзені 1708 авалодаў Гроднам, а ўлетку заняў Мінск і даў бой маскоўскай арміі каля Галоўчына, пасля якога рускія адышлі пад Смаленск. Заняўшы Магілёў, куды да яго на злучэнне з-пад Рыгі ішоў 16-тысячны корпус Левенгаупта, Карл не стаў чакаць Левенгаупта і пайшоў да Мсціслава, накіроўваючыся да Масквы, праз лясы і балоты, па спустошаным рускімі края. Перадавыя часткі яго войска 10 верасня былі пабіты М. М. Галіцыным каля сяла Добрага, а 20-21 верасня — каля вёскі Раеўка. Шведы панеслі значныя страты — да 5 тыс. забітымі. Насуперак радам сваіх генералаў Карл не вярнуўся ў Магілёў для злучэння з Левенгауптам, а накіраваўся на Украіну, разлічваючы на дапамогу гетмана І. Мазепы, пра здраду якога Пётр яшчэ не ведаў, а таксама на крымскіх татараў.[25] Левенгаупт са сваім корпусам заставаўся ззаду Карла і вымушаны быў даганяць. Гэтым скарыстаўся Пётр, 28 верасня нагнаўшы Левенгаупта і разграміўшы ў бітве пры вёсцы Лясной, на рацэ Сож. Шведы страцілі 10 тыс. чалавек, усю артылерыю і галоўнае — усе запасы, якія былі вельмі важныя для Карла.[26]

На Украіне Карл не атрымаў таго аб’ёму падтрымкі, на які разлічваў: Мазепа прывёў да яго не больш 4 тыс. чалавек. Харчы, якія Мазепа абяцаў Карлу, былі знішчаны маскоўскімі драгунамі[27], бо пазнаўшы пра здраду Мазепы, Пётр I загадаў знішчыць усе запасы, якія той сабраў на Чарнігаўшчыне. Пераправіўшыся праз Дзясну, Карл XII злучыўся з астаткамі войскаў Левенгаупта і размясціў сваё войска на поўначы Палтаўскай губерні. Тымчасова, у лістападзе, маскоўскія войскі размясціліся на зімовыя кватэры непадалёк ад шведаў у мястэчку Лябедзіна. Некалькі маскоўскіх атрадаў размясцілася ў Вепрыка, Міргарада, Палтавы і Нежына.

Бліжэйшай мэтай Карла было авалоданне Белгарадам, які ў то час з’яўляўся важным дарожным вузлом на поўдні Маскоўскай дзяржавы. Аднак калі ён у снежні рушыў да Белгарада, то сустрэў моцнае супраціўленне ў Вепрыку. Гэтая крэпасць была ўзятая шведамі, але час быў страчаны і яны вярнуліся на зімовыя кватэры.[28] У канцы студзеня Карл распачаў другую спробу авалодання Белгарадам, але гэтаму перашкодзіла раптоўная адліга (хоць зіма 1709 была вельмі марознай). Частка шведскага войска з прычыны недахопу кватэр размясцілася біваком у стэпе. Да вясны 1709 становішча шведскага войска стала крытычным: баявыя запасы вычарпаліся, а надзеі на сур’ёзную падтрымку ва Украіне не апраўдаліся. Асманская імперыя і крымскія татары адмовіліся прыняць удзел у вайне на тым ці іншым баку.

Прытрымліваючыся рады Мазепы, які сцвярджаў, што ў Палтаве яны знойдуць харчаванне і вялікія запасы рыштунку, Карл рашыў аблажыць Палтаву. Да таго ж асноўны план Карла складаўся ў тым, каб прымусіць Пятра паспяшацца на ратунак палтаўскаму гарнізону і прыняць генеральную бітву. Як справядліва меркаваў шведскі кароль, выправіць становішча магла толькі перамога ў вырашальнай бітве ў хуткім часе[29]. Такую перамогу Карл спадзяваўся атрымаць у Палтавы.

30 красавіка 1709 шведскія войскі пачалі аблогу Палтавы. Яе гарнізон у складзе 4200 салдат і 2600 узброеных гараджан пад кіраўніцтвам палкоўніка А. Келіна паспяхова адбіў шэраг штурмаў. У канцы мая да Палтавы падышлі галоўныя сілы маскоўскага войска на чале з Пятром, яны размясціліся на процілеглым ад Палтавы, левым беразе, ракі Ворсклы. Пасля таго як 16 чэрвеня на ваеннай радзе Пётр рашыўся на генеральную бітву, у гэты жа дзень перадавы атрад маскоўскіх войскаў фарсіраваў Ворсклу паўночней Палтавы, у вёскі Пятроўка, забяспечыўшы магчымасць пераправы ўсяго войска.[30]

19 чэрвеня галоўныя сілы маскоўскіх войскаў здзейснілі марш да пераправы і на наступны дзень перайшлі Ворсклу. Пётр размясціў войска лагерам у вёскі Сямёнаўка, а 25 чэрвеня перадыслацыраваў яшчэ паўднёвей, заняўшы пазіцыю ў пяці кіламетрах ад Палтавы, у вёскі Якаўцы. Перад пачаткам бітвы маскоўскае войска налічвала 42 тыс. салдат і 72 гарматы. Карл XII меў 35 тыс. салдат і 32 гарматы. Зарады шведскай артылерыі былі амаль поўнасцю вычарпаныя за дні аблогі Палтавы. 26 чэрвеня рускія пачалі будаваць перадавую пазіцыю. Было збудавана дзесяць рэдутаў, якія занялі два батальёна пяхоты. Ззаду рэдутаў нахадзіліся 17 кавалерыйскіх палкоў пад камандаваннем А. Д. Меншыкава. Карл XII, пазнаўшы, што рускія чакаюць прыбыцці да 29 чэрвеня новых падмацаванняў, рашыў атакаваць войскі Пятра да гэтага часу. Паранены на рэкагнасцыроўцы 17 чэрвеня, кароль перадаў камандаванне фельдмаршалу К. Г. Рэншыльду, які атрымаў у сваё распараджэнне 20 тыс. салдат. Каля 10 тыс. чалавек, у тым ліку ўкраінскія казакі Мазепы, засталіся ў лагеры пад Палтавай.

У дзве гадзіны ночы 27 чэрвеня шведская пяхота чатырма калонамі рушыла на маскоўскія рэдуты, за ёй ішло шэсць конных калон. Пасля ўпартага двухгадзіннага бою шведам атрымалася авалодаць толькі двума перадавымі рэдутамі. Рэншыльд зрабіў перагрупоўку войскаў, імкнучыся абыйсці рэдуты злева. Пры гэтым шэсць правафланговых батальёнаў і некалькі эскадронаў генералаў Шліпенбаха і Роса адарваліся ад галоўных сіл шведаў, трапілі ў лес паўночней Палтавы, дзе былі пабіты кавалерыяй Меншыкава. Прадзёршыся праз рэдуты, асноўная частка шведаў трапіла пад моцны артылерыйскі і ружэйны агонь з маскоўскага лагера і ў бязладзіцы адышла ў Будышчанскі лес. Каля шасці гадзін раніцы Пётр вывеў войска з лагера і пашыхтаваў яго ў дзве лініі, маючы ў цэнтры пяхоту, на правым флангу кавалерыю Меншыкава, а на левым — кавалерыю генерала Р. Х. Боўра. У лагеры быў пакінуты рэзерв з дзевяці пяхотных батальёнаў.

Рэншыльд пашыхтаваў шведаў насупраць маскоўскага войска. У дзевяць гадзін пачаўся рукапашны бой, руская кавалерыя стала ахопліваць флангі праціўніка. Пад націскам праўзыходячых сіл шведы пачалі адступленне, якое пераўтварылася да 11 гадзіны ва ўцёкі. Конніца Меншыкава пераследавала ўцекачоў да Перавалочны на беразе Дняпра, дзе было палонена каля 16 тыс. шведаў. У самой бітве шведы страцілі звыш 11 тыс. салдат. Страты рускіх па афіцыйных дадзеных склалі 1345 чалавек забітымі і 3290 параненымі.

У выніку Палтаўскай бітвы шведскае сухапутнае войска перастала існаваць. Сам Карл з Мазепай схаваўся на тэрыторыі Асманскай імперыі. Ваенная магутнасць Швецыі была падарвана і ў Паўночнай вайне адбыўся пералом. Пасля нарвскай бітвы (1700) ў Заходняй Еўропе Пятра высмейвалі; зараз жа яго рэпутацыя палепшылася. Следствам Палтавы было аднаўленне саюза з Маскоўскай дзяржавай у вайне са Швецыяй з боку Даніі, Саксоніі і Рэчы Паспалітай, далучэнне да гэтага саюза Прусіі і Гановера. Хоць пазней занепакоенасць гэтых краін Маскоўскай гегемоніяй у рэгіёне прывядзе да астуджэння адносін паміж імі. Расія зрабілася гегемонам Паўночнай Еўропы.[31]

Ваенныя дзеянні зноў былі перанесены ў Прыбалтыку. У 1710 былі ўзяты Выбарг, Рыга і Рэвель. Маскоўская дзяржава цвёрда абгрунтавалася ў Прыбалтыцы. Тымчасова Карл XII дабіўся ад Асманскай імперыі пры пасрэдніцтве Францыі і Аўстрыі абвяшчэння вайны Маскоўскай дзяржаве, што і адбылося 20 лістапада 1710 года.

Маскоўскае войска на чале з Б. П. Шарамецевым са згоды малдаўскага гаспадара Канцеміра пераправілася праз Днестр і накіравалася на Ісакчу для пераправы праз Дунай, але потым звярнула на Ясы, куды 25 чэрвеня падышло войска пад камандаваннем Пятра. Асманскае войска пад камандаваннем Баталджы-пашы пераправілася праз Дунай і разам з войскам крымскага хана Даўлет-Гірэя рушыла ўверх па Пруце да Яс, а потым атачыла маскоўскае войска ў мястэчка Новыя Станілешці дзе тое размяшчалася ўмацаваным лагерам, хутка яго становішча стала цяжкім з-за праблем з харчаваннем і вадой. (Гл.падр. Пруцкі паход) Праз вялікія падарункі вялікаму візіру рускім атрымалася заключыць Пруцкі дагавор, па ўмовах якога Асманскай імперыі вяртаўся Азоў з прылеглай тэрыторыяй, а Маскоўская дзяржава абавязвалася зрыць умацаванні на Дняпры і Доне, у т.л. Таганрогскую крэпасць. Апроч гэтага, Пётр абавязваўся не ўмешвацца ў справы Рэчы Паспалітай і даваў Карлу XII пропуск у Швецыю.[32] Такім чынам, узмацняючыся на Балтыйскім моры і ў агульнаеўрапейскіх адносінах Маскоўская дзяржава губляе на поўдні бераг мора, да заваёвы і ўмацаванню якога яно так упарта імкнуўся і прыклала столькі высілкаў. У цэлым няўдача ў Пруцкім паходзе абышлася мінімумам страт. Асманская імперыя яшчэ двойчы (у канцы 1711 і ў канцы 1712) аб’яўляла вайну Маскоўскай дзяржаве, і толькі ў 1713 быў падпісаны Адрыянопальскі мір, які пацвердзіў умовы міру на Пруце.[33][34]

Ваенныя дзеянні на Балтыйскім моры, завяршэнне вайны

[правіць | правіць зыходнік]

Швецыя хоць і была разгромлена на сушы, але працягвала панаваць на Балтыйскім моры. Паўночная вайна хоць і працягвалася яшчэ 10 гадоў пасля Пруцкага паходу, але ваенныя дзеянні ішлі млява. У кан. 1712 Пётр I, на чале злучаных руска-дацка-саксонскіх сіл пры Фрыдрыхштадце разбіў 16-тысячнае войска Стэнбока, які пасля таго, быўшы аблжожаным у крэпасці Тэненген, здаўся. Паўночная вайна, распачатая на сушы, канчалася на моры. Уступіў у актыўныя ваенныя дзеянне пабудаваны Пятром рускі Балтыйскі флот, рускія войскі ваявалі ў Фінляндыі і паўночнай Германіі.

У 1712 і 1713 гг. рускія са сваімі саюзнікамі, саксонцамі і датчанамі, працягвалі выціскаць шведаў з Памераніі. У тым жа 1713, у пачатку мая, галерны флот рускі, які складаўся з 200 судоў, выйшаў з Пецярбурга ў мора пад начальствам генерал-адмірала Апраксіна, а сам цар быў на чале часткі флоту ў званні контр-адмірала. Гельсінгфорс і галоўны горад шведскай Фінляндыі Аба былі ўзяты, абаўская бібліятэка перасланая ў Пецярбург. Шведы адыходзілі ва ўнутраныя вобласці Фінляндыі, але Апраксін ішоў за імі па пятах і нанёс паражэнне пры Тамерсфорсе, заняў амаль усю Фінляндыю.

Гангутскае сражэнне. Гравюра Маўрыкія Бакуа

У 25 ліпеня 1714 рускі флот разбіў шведскі пры Гангуце, быў заняты востраў Аланд. Шведы сцягнулі ўсе войскі, якія змаглі сабраць, для абароны Стакгольма, паміж якім і Аландам толькі 15 міль. Заняццем Нейшлота кончана заваёва Фінляндыі. Маскоўская дзяржава ўсё больш і больш умацоўваўся на ўсходніх берагах Балтыйскага мора, а Карл знаходзіўся ў Стамбуле стараючыся зноў падняць Асманскую імперыю супраць Маскоўскай дзяржавы. Толькі ў лістападзе 1714 года Карл, прабраўшыся праз Венгрыю і Германію, з’яўляецца ў Штральзунду, абложаным саюзнікамі. З’яўленне караля падымае дух шведскіх войскаў, але змяніць штосьці ўжо немагчыма.

Маскоўская дзяржава, Англія, Гановер, Нідэрланды і Данія ствараюць саюз накіраваны супраць Швецыі. Але аб’яднаны флот саюза не ідзе далей ваенных дэманстрацый, бо Англія і Нідэрланды не былі зацікаўлены ў поўнай паразе Швецыі. Гэта прывяло да распаду саюза і заключэння Маскоўскай дзяржавай дагавора аб дружбе з Францыяй і да актыўных ваенных дзеянняў супраць Швецыі. У 1715 саюзнікамі быў захоплены Штральзунд, а ў наступным 1716 шведы страцілі і апошняе сваё валоданне ў Германіі — Вісмар.

Захопленыя падчас бою ля вострава Грэнгам 4 шведскія фрэгаты дастаўлены ў Пецярбург

У 1718 на Аландскіх астравах пачаліся перамовы Швецыі з Маскоўскай дзяржавай аб міры, але неўзабаве, пасля згубы ў канцы 1718 года, пры аблозе крэпасці ў Нарвегіі, Карла XII, перамовы былі перарваны (восень 1719).[35]

У 1719—1720 рускі флот атрымаў новыя перамогі над шведамі, рускія караблі дзейнічалі каля берагоў Швецыі, высаджваючы там дэсанты. Флот з 30 караблёў, 130 галер і 100 меншых судоў, быў адпраўлены да берагоў Швецыі, пасаджаныя на іх войскі высадзіліся паблізу сталіцы і знішчылі 2 гарады, 130 вёсак, 40 млыноў і некалькі жалезаробчых заводаў. 27 чэрвеня 1720 года, у 11-я ўгодкі Палтаўскай бітвы, Галіцын разбіў шведскі флот у Грэнгама. Гэта было апошняя бітва Паўночнай вайны.[36][37]

Ніштацкі мірны дагавор, вынікі вайны

[правіць | правіць зыходнік]

28 студзеня 1721 года Швецыя пагадзілася аднавіць мірныя перамовы, перарваныя восенню 1719 года, але яны пачаліся толькі 10 красавіка 1721 года, т.б. праз тры месяцы пасля згоды на іх і ішлі з пераменным поспехам, шведы не хацелі заключаць мірны дагавор і цягнулі час. Для паскарэння мірнага працэсу 28 мая 1721 года непасрэдна ў раён Стакгольма быў высаджаны рускі дэсант, але наступ рускіх войскаў быў спынены, як толькі было атрымана згода шведаў на перамовы аб заключэнні канчатковага міру ў хуткім часе.

Каб яшчэ болей паскорыць мірны працэс 10 жніўня 1721 года рускі галерны флот наблізіўся да Аландскіх астравоў з мэтай высадкі чарговага дэсанта каля Стакгольма. У выніку адбыўся з’езд маскоўскіх (Брус і Астэрман) і шведскіх дыпламатаў (Ліліенстэдт і Стрэмфельдт), недалёка ад Аба, у Ніштаце і 10 верасня 1721 года мір быў заключаны, так завяршылася дваццацігадовая вайна.

Паводле ўмоў Ніштацкага міру Маскоўская дзяржава атрымала Лівонію, Эстляндыю, Інгерманландыю і частку Карэліі, але вяртала Фінляндыю і абавязвалася выплаціць Швецыі 2 000 000 нідэрландскіх талераў за чатыры гады, такім чынам, фактычна Маскоўская дзяржава не толькі заваявала гэтыя землі ў Швецыі, але і купіла іх.[38][39]

Значэнне гэтага міру для Маскоўскай дзяржавы вызначаецца каротка — панаванне на поўначы Еўропы, уваход у лік еўрапейскіх дзяржаў, злучэнне з імі агульнымі палітычнымі інтарэсамі і атрыманне больш зручных шляхоў зносін з Заходняй Еўропай праз атрыманыя тэрыторыі. Узмацненне палітычнай магутнасці Маскоўскай дзяржавы было ўсвядомлена сучаснікамі, падчас урачыстага святкавання міру — 22 кастрычніка 1721 года, Сенат прысвоіў Пятру тытул імператара, «бацькі Айчыны» і «Вялікага», а Пётр прыняў гэтыя тытулы. Такім чынам, не звяртаючы ўвагі на абгрунтаванасць прычын, спрэчную неабходнасць, фактычнае спусташэнне гаспадаркі Маскоўскай дзяржавы падчас гэтай вайны, можна сказаць, што менавіта ў выніку ўнутраных ператварэнняў у яе ходзе Маскоўская дзяржава стала Расійскай імперыяй, што з’яўляецца вынікам якасных унутраных змен у мадэрнізаванай ужо Расіі.

  1. Асманская імперыя ўдзельнічала ў вялікай Паўночнай вайне ў 1710—1713 гадах. Гл.: Руска-турэцкая вайна, 1710—1713
  2. Крымскае ханства ўдзельнічала ў вялікай Паўночнай вайне ў 1710—1713 гадах. Гл.: Руска-турэцкая вайна, 1710—1713
  3. Белова Е. В. Православные народы Австрийской и Османской империй в Прутском походе 1711 г. // Вопросы истории, № 10, октябрь 2009. — C. 149-152
  4. Ericson, Lars, Svenska knektar (2004) Lund: Historiska media
  5. Урланис Б. Ц. Войны и народонаселение Европы. — М.: Изд-во соц.-экон. лит-ры, 1960. — С. 55.
  6. Jan Lindegren. Det danska och svenska resurssystemet i komparation (1995) Umeå : Björkås : Mitthögsk
  7. Похлёбкин 1995, с. 194—204..
  8. Похлёбкин 1995, с. 436—437..
  9. Похлёбкин 1995, с. 441—444..
  10. Похлёбкин 1995, с. 466—469..
  11. Похлёбкин 1995, с. 206—215..
  12. Похлёбкин 1995, с. 468—469, 480—481..
  13. Похлёбкин 1995, с. 476—482..
  14. Тарле 1959, с. 377..
  15. а б Похлёбкин 1995, с. 220..
  16. а б Хмыров 1865, с. 601..
  17. Похлёбкин 1995, с. 220-221..
  18. Тарле 1959, с. 411..
  19. Тарле 1959, с. 410—411..
  20. Тарле 1959, с. 420—490..
  21. Тарле 1959, с. 407—408..
  22. Всемирная история… С. 58.
  23. Широкорад А. Б. Цит.соч. С. 183—194.
  24. Сахаров А. Н., Милов Л. В., Зырянов П. Н., Боханов А. Н. Цит.соч. С. 34-35
  25. Сахаров А. Н., Милов Л. В., Зырянов П. Н., Боханов А. Н. Цит.соч. С. 36.
  26. Тарле 1959, с. 491—556..
  27. Всемирная история… С. 65.
  28. Широкорад А. Б. Цит.соч. С. 225—247.
  29. Тарле 1959, с. 560-665..
  30. Тарле 1959, с. 668—715..
  31. Тарле 1959, с. 720—767..
  32. Всемирная история… С. 72.
  33. Тарле 1959, с. 772—777..
  34. Сахаров А. Н., Милов Л. В., Зырянов П. Н., Боханов А. Н. Цит.соч. С. 86-87.
  35. Похлёбкин 1995, с. 231..
  36. Тарле 1959, с. 780—797..
  37. Всемирная история… С. 74.
  38. Тарле 1959, с. 800..
  39. Похлёбкин 1995, с. 232—236..
  • Тарле Е. В. Северная война и шведское нашествие на Россию. Сочинения. Том 10.. — М.: Издательство Академии Наук СССР, 1959.
  • Павленко Н. И. Петр Первый. М.,1976.
  • Віцько Д. Баявыя дзеянні 1701 года і пачатак супрацоўніцтва Сапегаў са Швецыяй // Arche. 2014. № 6. С. 71-107.
  • Віцько Д. Шведскае наступленне 1702 г. у Вялікім Княстве Літоўскім і спроба рэстаўрацыі Сапегаў // Arche. 2011. № 6. С. 8-62.
  • Віцько Д. Зборы паспалітага рушэння шляхты ВКЛ у 1702 г. // Вялікае Княства Літоўскае і суседзі: Права. Вайна. Дыпламатыя. Мінск, 2012. С. 255—288.
  • Віцько Д. В. Кампанія 1709 г. на Захадзе Украіны // Северная война 1700—1721 гг. и исторические судьбы Европы. Могилев, 2008. — С. 69-84.
  • Возгрин В. Е. Россия и европейские страны в годы Северной войны. Л.,1986.
  • Волкаў М., Карлюк К. Ultima ratio regum. Беларусь у Паўночных войнах сярэдзіны XVII — пачатку XVIII ст. // Беларускі гістарычны часопіс. 2017. № 5. — С. 39-42.
  • Буганов В. И. Петр Великий и его время. М., 1989.
  • Россия XVIII в. глазами иностранцев. Л., 1989.
  • Похлёбкин В. В. Внешняя политика Руси, России и СССР за 1000 лет в именах, датах, фактах: Справочник. — Вып. II, кн. 1: Войны и мирные договора.. — М.: Междунар. отношения, 1995.
  • Сахаров А. Н., Милов Л. В., Зырянов П. Н., Боханов А. Н. История России с начала XVIII до конца XIX века. М. АСТ. 1998.
  • Самусік А. Ф. Уздзеянне Паўночнай вайны на адукацыйную справу Беларусі ў першай чвэрці XVIІІ ст. // Весці Беларускага дзяржаўнага педагагічнага унiверсiтэта. Серыя 2. 2010. № 1. С. 7-11.
  • Всемирная история в 24 т., Т.15. Эпоха Просвещения. Мн.: Литература. 1998.
  • Хмыров М. Д. Артиллерия и артиллеристы на Руси в единодержавие Петра Первого (1696—1725) // Артиллерийский журнал. № 10. — 1865. — С. 601.
  • Широкорад А. Б. Северные войны России. — М.: ACT; Мн.: Харвест, 2001
  • Катлярчук А. Швэды ў гісторыі й культуры беларусаў. — Мн.: Энцыклапедыс, 2002. — 296с.