Перайсці да зместу

Наталля Аляксандраўна Руднева

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Наталля Аляксандраўна Руднева
Асноўная інфармацыя
Дата нараджэння 27 мая 1951(1951-05-27) (73 гады)
Месца нараджэння
Альма-матар
Месца працы
Музычная дзейнасць
Прафесіі спявачка
Пеўчы голас мецца-сапрана
Інструменты вакал
Узнагароды
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Наталля Аляксандраўна Руднева (нар. 27 мая 1951, г. Самара, Расія) — беларуская артыстка оперы (мецца-сапрана), педагог. Народная артыстка Беларусі (1999).

Жыццё і творчасць

[правіць | правіць зыходнік]

Закончыла Беларускую дзяржаўную кансерваторыю (1981, клас К. Драздовай).

У 1981 годзе была прынята салісткай у трупу Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь. Першымі партымі на яго сцэне сталі партыя Мадалены («Рыгалета» Дж. Вердзі) і партыя Любашы («Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава.

За трыццаць год працы ў тэатры выканала практычна ўсе вядучыя мецца-сапранавыя партыі класічнага рэпертуару. Найлепшымі ролямі артысткі лічацца: Амнерыс («Аіда Дж. Вердзі»), Любаша («Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава, Кармэн (у аднайменнай оперы Ж. Бізэ), якія спявачка выконвала на працягу звыш дваццаці гадоў, а таксама партыі Ульрыкі і прынцэсы Эбалі (адпаведна «Баль-маскарад» і «Дон Карлас» Дж. Вердзі). Стварыла шэраг адметных вобразаў у сучасных операх, перш за ўсё беларускіх кампазітараў, сярод якіх: Любка («Сівая легенда» Дз. Смольскага), Клара Цаханасян («Візіт дамы» С. Картэса) і інш.

Гастраліравала ў Аргенціне, Бельгіі, Бразіліі, Вялікабрытаніі, Германіі, Іспаніі, Нідэрландах, Партугаліі, Польшчы, Турцыі, Швейцарыі. Вядзе актыўную канцэртную дзейнасць, мае вялікія кантатна-аратарыяльны і камерны рэпертуары.

Супрацоўнічала са шматлікімі калектывамі, сярод якіх: Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Рэспублікі Беларусь, аркестры Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь і Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, Смаленскі аркестр народных інструментаў імя В. Дуброўскага, Дзяржаўны акадэмічны рускі аркестр імя В. В. Андрэева (Санкт-Пецярбург, Расія), Нацыянальным сімфанічным аркестрам Турцыі і інш. У Барселоне (Іспанія) у рамках культурнай праграмы Алімпійскіх гульняў 1992 г. Наталля Руднева выканала духоўную араторыю «Чырвоная кніга» сучаснага іспанскага кампазітара К. Бенгуэрэля. У 1996 годзе ў Швейцарыі падчас Вечара памяці Эдысана Дзянісава выканала вакальны цыкл кампазітара на вершы кітайскіх паэтаў.

Актыўна супрацоўнічала з Беларускім тэлебачаннем. Запісала шмат музычных тэлепраграм, у якіх выканала шэраг твораў камернай класікі (Р. Шумана, Р. Вагнера і інш.). Стварыла адметны ў драматычным плане вобраз Джуліі ў фільме-оперы В. Губарэнкі «Альпійская балада» (рэжысёр-пастаноўшчык Генадзь Нікалаеў).

У 2011 годзе завяршыла кар’еру спявачкі. З таго часу кіраўнік стажорскай групы Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь.

Ацэнка творчасці

[правіць | правіць зыходнік]

Паводле водгукаў крытыкі, голас Рудневай моцны, прыгожага тэмбру, сама артыстка валодае высокай музычнай і сцэнічнай культурай, вялікім драматычным талентам, выкананню ўласцівы эмацыйнасць і шчырасць.