Перайсці да зместу

Напад на цягнік каля станцыі Слаўнае

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Напад на цягнік каля станцыі Слаўнае
Асноўны канфлікт: Беларускі антысавецкі супраціў (1918—1933)
physical
Напад на цягнік
Напад на цягнік
Дата 10 кастрычніка 1923 года
Месца Слаўнае
Вынік Захоп маёмасці пасажыраў ды грузу цягніка.
Праціўнікі
Сцяг Беларускай Народнай Рэспублікі «Зялёны дуб» Сцяг РСФСР РСФСР
Камандуючыя
Сцяг Беларускай Народнай Рэспублікі Юрка Моніч

Напад на цягнік каля станцыі Слаўнае — акцыя беларускіх партызанаў на чале з атаманам Юркам Монічам з «Зялёнага дубу».

У красавіку 1921 года, адразу пасля падпісання перамір’я з Польшчай, па Маскоўска-Брэсцкай чыгунцы быў адноўлены рух цягнікоў з Масквы ў Еўропу. Міжнародны кур’ерскі цягнік «ПарыжВенаВаршава — Масква» хадзіў штодзень.

10 кастрычніка 1923 года атрад монічаўцаў прыкладна за 2 кіламетры ад станцыі Слаўнае (на перагоне КрупкіБобр) спыніў цягнік «БерлінМасква», у якім ехалі ангельскія, французскія ды італьянскія дыпламаты, а таксама савецкія чыноўнікі. Цягнік быў спынены з-за таго, што рэйкі былі разабраныя партызанамі[1].

Атаман Юрка Моніч, увайшошы ў міжнародны вагон, ветліва звярнуўшыся да прысутных, папрасіў паказаць дакументы[1]. Па правяранні дакументаў усіх пасажыраў вывелі з цягніка. Сярод іх выявілася 60 камуністаў з партыйнымі білетамі[1]. Камуністы былі адлучаныя ад астатніх пасажыраў. Моніч загадаў адлупцаваць іх па 50 разоў шомпаламі[1] на вачах дыпламатаў. Замежнікам жа было прапанавана ахвяраваць у скарб паўстанцаў[1]. Ніхто забіты не быў.

Здабыча з цягніка была багатая: золата, валюта, дарагое адзенне, замежная водка, цыгарэты. Таксама партызаны здабылі 13 слоікаў какаіну, якія атаман раздаў сваім салдатам[1]. Сваю частку Моніч аддаў на карысць «Зялёнага дубу». Гэтаксама паўстанцы захапілі два вагоны мукі, якія ішлі ў Маскву. Яны былі далучаныя да складу ў Барысаве. Усю муку раздалі тутэйшым сялянам.

У савецких дакументах гэты выпадак апісваўся наступным чынам:

Цягнік № 1/2 Парыж — Масква на 582-й вярсце каля станцыі Бобр наляцеў на рэйкавае пашкоджанне. Абыйшлося без чалавечых ахвяр. Цягнік быў абкружаны людзьмі з вінтоўкамі, рэвальверамі і гранатамі, якія пачалі рабаваць пасажыраў...

У адказ усе кіраўнікі сілавых аддзелаў Барысаўскага павета былі знятыя са сваіх пасад і аддадзеныя пад суд з фармулёўкай «не справіліся з ліквідацыяй бандытызму»[1]. З Масквы быў кінуты спецаддзел ГПУ на чале з Юрыем Мартынавым з мэтай знішчэння Моніча і ягоных паплечнікаў. Да канца года большасць паплечнікаў Моніча была арыштаваная, агулам да крымінальнай адказнасці прыцягнута 75 чалавек, 22 з якіх у лютым 1924 былі прыгавораныя да найвышэйшай меры пакарання. Сярод іх была і грамадзянская жонка Моніча Соф’я Рыбак (сапр. Хяўроння Наўроцкая).

Таксама пра гэтую акцыю шырока пісалі па-за межамі СССР. У савецкай прэсе пра гэта пісалася сціпла, а партызаны называліся белагвардзейцамі[1].

Зноскі